Гомельскае староства — дзяржаўнае ўладанне ў складзе ВКЛ у XIV-XVIII ст. Цэнтр – мястэчка Гомель. Уваходзіла ў склад гаспадарскіх Падняпроўскіх валасцей.
З 1565 у Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства. У XVIII ст ўключала Засожскую, Лакуцкую і Прадсожскую воласці. Знаходзілася ў трыманні старостаў (дзяржаўцаў). У “Рэестры рэвізіі гаспадарскай Гомельскай воласці 1560” зафіксавана 50 населеных пунктаў, Гомель і 32 вёскі знаходзіліся пад непасрэдным кіраваннем дзяржаўцы. Вёскі Волатава і Валазковічы былі вотчынамі, а Вага, Кузьмічы, Рылавічы, Сеўрукі і Слабада – “да волі гаспадарскай” у мясцовых баяр Засоўе, Кальскевічы, Чабатовічы, Чорныя і Хальча былі выслужаны панамі Халецкімі, Дубровічы былі ленам паручніка гомельскай роты Я. Фашча, Прысна і Шэрсцін – ленам гомельскага ротмістра К. Ленскага, Пляса належала гомельскай Троіцкай царкве, Слепня была падаравана віленскаму касцёлу св. Станіслава і ўвайшла ў склад яго маёнтка Стрэшын. Эканамічнае развіццё Гомельскага староства ўскладнялася яго памежным становішчам.
У выніку ўзброеных канфліктаў многія населеныя пункты цярпелі разарэнне. У сярэдзіне XVII ст. тэрыторыя староства апынулася ў эпіцэнтры шматгадовых войнаў.
У інвентары Гомельскага староства 1681 згадана 20 вёсак. У інвентары Гомельскага староства 1738 названы 37 сельскіх паселішчаў (з іх 18 слабод), у люстрацыі 1765 іх 58. Пасля анексіі Рэчы Паспалітай тэрыторыя Гомельскага староства ўвайшла ў склад Гомельскага павета.
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 67.