Гомельскае староства ў пачатку XVIII ст.

0
1932
стараства

Гомель быў центрам аднаго з буйнейшых старостваў на гэрыторыі Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Паводле люстрацыі 1765 г. староства ўключала 59 вёсак, у якіх налічвалася 2265 сялянскіх двароў1. Сярод гомельскіх старост былі вядомыя дзяржаўныя дзеячы ВКЛ Міхал Казімір Радзівіл, падканцлер і гетман польны літоўокі (у 70-х гг. XVII ст.), Міхал Фрыдэрык Чартарыйскі,канцлер ВКЛ (у сярэдзіне і другой палове XVIII ст.). Што тычыцца пачатку XVIII ст., дык вядома, што ў гэты час старостваналежала Красінскім, стольнікам цеханавецкім. Аднак, новыя дакументы, якія ўдалося знайсці ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, дазваляюць значна ўдакладніць гэты перыяд у гісторыі Гомельскага староства.

Пачатак XVIII ст. быў складаным і супярэчлівым часам у гісторыі як Вялікага княства Літоўскага, так і Рэчы Паспалітай уцэлым. Па волі магутных суседзяў (Расіі і Саксоніі) Рэч Паспалітая аказалася ўцягнутай у вайну супраць Швецыі (1700-1721). Яе тэрыторыя, а галоўным чынам беларуская зямля, на многія гады стала асноўным театрам баявых дзеянняў. Руйнаваліся гарады і вёскі, вынішчалася насельніцтва. Пануючы клас краіны падзяліўся на два варожыя лагеры. Частка шляхты, якаяаб’ядналася вакол Варшаўскай канфедэрацыі, выступіла супраць караля АўгустаІІ і пры падтрымцы шведау у 1704 г. новымкаралём Рэчы Паспалітай абрала познанскага ваяводу Станіслава Ляшчынскага. Прыхільнікі Аўгуста II абвясцілі стварэнне Сандамірскай канфедэрацыі і пайшлі на саюз з Расіяй. Краіна фактычна апынулася перад пагрозай грамадзянскай вайны. Зводзячы рахункі паміж сабою, узброеныя атрады шляхты рабавалі і палілі маёнткі сваіх палітычных праціўнікаў. У часваеннага ліхалецця Беларусь страціла амаль трэць свайго насельніцтва.

Значна ўзмацніліся пазіцыі Ст. Ляшчынскага ў 1706 г., калі шведам удалося прымусіць Аўгуста II адмовіцца ад кароны. Нанекалькі год Ст. Ляшчынскі стаў адзіным каралём Рэчы Паспалітай Прыхільнікі новага караля атрымалі багатыя зямельныя ўладанні. 8 мая 1708 г. Ст. Ляшчынскі выдаў прывілей на перадачу Гомельскага староства Міхалу Вішнявецкаму, кашталяну віленскаму і гетману польнаму літоўскаму, за “знакамітыя заслугі перад дзяржавай”2. Згодна каралеўскага прывілея староствапераходзіла ад Красінскіх М.Вішнявецкаму ў “пажыццёвае валоданне”. Ён атрымаў права распараджацца ўсімі багаццямістароства (“вёскамі, фальваркамі, будынкамі, палямі, сенажацямі, барамі, лясамі, гаямі, ставамі, азёрамі, млынамі, карчмамі”) і яго падданымі, а таксама карыстацца даходамі староства. Толькі чацвёртня частка агульнага дахода староства (так званая “кварта”) павінна была паступаць у скарб ВКЛ на ўтрыманне войска. Па даных на пачатак 1709 г. Гомельскае старостваналічвала 144 дамы3.

Гомельскае староства было адным з тых зямельных уладанняў, якія М.В.Вішнявецкі атрымаў ад караля Ст.Ляшчынскага ў якасці падзякі за переход на яго бок. Справа ў тым, што напярэдадні і ў першыя гады Паўночнай вайны М.Вішнявецкі быўадным з самых актыўных у ВКЛ прыхільнікаў Аўгуста II. У лістападзе 1700 г. ён узначальваў 20 тыс. паспалітае рушэнне шляхты ВКЛ у бітве пад Алькенікамі, дзе былі разбіты войскі Сапег, галоўных праціўнікаў Аўгуста II у Вялікім княстве Літоўскім. У 1703 г. М. Вішнявецкі атрымаў ад Аўгуста II булаву найвышэйшага гетмана ВКЛ, а ў 1706 г. быў прызначаны яшчэ і на пасаду віленскага ваяводы. Але ў хуткім часе палітычныя сімпатыі М.Вішнявецкага змяніліся. Упачатку 1707 г. ён з часткайвойска ВКЛ перайшоў на бок Ст. Ляшчынскага і адрокся ад пасады найвышэйшага гетмана і віленскага ваяводы. У сваю чаргуСт. Ляшчынскі прызначыў М. Вішнявецкага віленскім кашталянам і польным гетманам, а таксама перадаў яму ў карыстанне значныя зямельныя ўладанні. Што тычыцца Красінскіх, дык яны, напэўна, не выказалі сваёй прыхільнасці да новага караля Ст. Ляшчынскага; таму і страцілі правы на Гомельскае староства.

Аднак ужо праз год наступіў пералом у вайне. Паражэнні шведаў у бітвах пры Лясной (28 верасня 1708 г.) і асабліва пад Палтавай (27 чэрвеня 1709 г.) абумовілі вынік Паўночнай вайны на карысць Расіі. 3 рэшткамі шведскіх войск Ст.Ляшчынсківымушаны быў пакінуць краіну. У Варшаву вярнуўся Аўгуст II. На Вальнай Радзе ў лачатку 1710 г. ён зноў быў зацверджаны каралём Рзчы Паслалітай. Міхал Вішнявецкі ў канцы 1709 г. быў арыштаваны расійцамі недалёка ад Пінска і вывезены ў Глухаў. У хуткім часе яму ўдалося ўцячы з расійскага палону, але вярнуцца на радзіму змог толькі ў 1716 г. Гомельскае староства для М.Вішнявецкага было страчаным. Прывілей Аўгуста II ад 24 сакавіка 1710 г. пацвярджаў усе правы Томаша Красінскага на “пажыццёвае валоданне” Гомельскім староствам і распаўсюджваў іх на яго жонку – Алёну з роду Грахольскіх4. Як звычайна, умовы валодання староствам абмяжоўваліся выплатаю кварты на карысць дзяржавы.

У пачатку 1717 г. Томаш Красінскі “дабравольным цэсійным лістом” (цэсія — пераўступка праў на ўладанне іншай асобе) перадаў Гомельскае староства ў пажыццёвае валоданне наваградскаму гродскаму суддзе і харунжаму наваградскага ваяводства Станіславу Юрыю Корсаку. Паводле гэтага дакумента, дарэчы, складзены ён быў у Гомелі, на парушальніка умоў пагаднення накладаўся штраф у памеры 10 тыс. талераў бітых5. Кароль Аўгусг II у тым жа годзе санкцыяніраваў гэтую пераўступку6.

Літаратура

1. Мелешко В.И. Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии (вторая половина XVI–XVIII в.). Мн., 1975. С.226.

2. НА РБ. Ф. 1733. Вол. 1. Спр. 19. Арк.766-767.

3. Там жа. Арк. 815 адв.

4. Там жа. Ф. 1730, вол. 1. Спр.5. Арк. 463.

5. Арк. 463 ад.

6. Там жа. Арк. 429-430.

 

Аўтар: Пашкевіч У.I. (Мінск, AH Беларусі)

Крыніца: Зборнік матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі “Гомельшчына – старонкі мінулага” (15-16 лютага 1996 г.), Гомель, 1996, ГДУ.