Гомельскае патрыятычнае падполле ў Вялікую Айчынную вайну

0
1640
Гомельскае патрыятычнае падполле

Гомельскае патрыятычнае падполле ў Вялікую Айчынную вайну дзейнічала з 20.8.1941 да 26.11.1943 у Гомелі і наваколлі. Вясной 1943 аб’ядноўвала больш за 40 падпольных груп, каля 400 чалавек.

Пакінутыя ЦК КП(б)Б у тыле ворага для падпольнай работы Ц.С. Барадзін і Р.І. Цімафеенка наладзілі кантакты з патрыётамі чыгуначнага вузла, паравозавагонарамонтнага, падшыпнікавага заводаў, лесакамбіната, іншых прадпрыемстваў. У жніўні-верасні 1941 барацьбу супраць акупантаў вялі каля 20 груп.  Група Барадзіна аб’ядноўвала 30 чалавек, у т.л. Цімафеенка (намеснік кіраўніка групы), I.Б. Шылаў, Л.I. Шулькін, В.Т. і Т.М. Мядзведзевы, А.С., Л.С. і М.А. Барадзіны, А.Л.  Левін, Н.Л. Раманчыкава, Н.Я. Карпенка, В.С. Кіслова, Н.С. Жалезнякоў, К.С. Пупынін. Уладкаваўшыся на працу ў друкарню, Барадзін наладзіў там друкаванне антыфашысцкіх  лістовак, бланкаў для дакументаў, вырабіў некалькі пячатак Яго маці і сестры дастаўлялі лістоўкі Цімафеенку і Шылаву, якія распаўсюджвалі іх у горадзе. Чальцы групы наладзілі  сувязь з савецкімі ваеннапалоннымі ў лагеры (дулаг-121), перадавалі ім адзенне, прадукты, газеты, лістоўкі, арганізоўвалі ўцёкі. У верасні 1941 у час падрыхтоўкі дыверсіі  на элеватары быў арыштаваны і расстраляны Шулькін. У кастрычніку 1941 Барадзін,  Цімафеенка, Шылаў і Жалезнякоў падарвалі майстэрню па рамонце варожых танкаў у Лібаўскім гарадку, разам з партызанамі падпалілі склад паліва ў Навабеліцы. 4.11.1941 Шылаў падклаў у рэстаране міну, выбухам якой былі знішчаны дзясяткі фашысцкіх  афіцэраў.

У сярэдзіне лістапада 1941 у сувязі з карнымі дзеяннямі акупантаў Гомельскі падпольны  гаркам КП(б)Б разам з партызанскім атрадам “Бальшавік” перабазаваўся з Гомельскага раёна ў Чачэрскія лясы. Для забеспячэння кіраўніцтвам Гомельскім патрыятычным падполлем і Гомельскім камсамольска-маладзёжным падполлем, каардынацыі дзейнасці груп быў створаны падпольны аператыўны цэнтр, у склад якога ўвайшлі Барадзін  (кіраўнік), Цімафеенка, Шылаў.

Аператыўны цэнтр усталяваў сувязь з падпольнымі  групамі на падшыпнікавым заводзе (кіраўнік В.I. Сухаў), лесакамбінаце (Ц.В. Блінкоў, Р.М. Каралёў), чыгуначным вузле (А.Ц. Брыкс, М.Д. Жызнеўскі), тлушчакамбінаце (Е.I. Каленікаў), паравозавагонарамонтным заводзе (М.В. Півавараў), у пашпартным стале (Н.Я. Заўгародні). Цэнтр накіроўваў дзейнасць падпольшчыкаў. Сувязь паміж падпольнымі партыйнымі органамі і аператыўным цэнтрам ажыццяўлялі В.I. Блескіна, М.Я. Сударыкаў, Ц.Ф. Болсун і інш.

У снежні 1941 Гомельскі падпольны гаркам КП(б)Б даручыў аператыўнаму дэнтру падарваць адноўленую акупантамі электрастанцыю. Да вясны 1942 па ініцыятыве Шылава на электрастанцыі была створана падпольная група, у якую ўвайшлі В.А. Андрэенка, П.I. Чысцякова, Р.П. Гапееў і інш. 8.5.1942 падпольшчыкі, у т.л. Шылаў і Барадзін, якія сабраліся на явачнай кватэры для ўдакладнення плана дыверсіі, па даносе здраднікаў былі арыштаваны. 20.6.1942 Барадзін, Шылаў і іншыя пасля жорсткіх катаванняў расстраляны. Але барацьба працягвалася. Гомельскі падпольны гаркам КП(б)Б з дапамогай сакратара падпольнага гаркама ЛКСМБ А.Л.  Ісачанкі, Г.Л. Кірыкавай, Ф.П. Котчанкі, С.П. Купцова, В.К. Цяселкіна аднавіў сувязі з многімі патрыётамі. Актыўна дзейнічалі падпольшчыкі Гомельскага чыгуначнага вузла Ф.С. Варонін прыцягнуў да барацьбы з акупантамі жонку М.А. Вароніну, сына Пятра, I.Е.  Шапіру (у падполлі I.П. Пісарэнка). У дом Вароніных дастаўлялі антыфашысцкую літаратуру, зброю, выбухоўку. Чальцы групы распаўсюдзілі каля 3 тыс. экзэмпляраў  лістовак, летам 1942 падарвалі некалькі цыстэрнаў з бензінам. У паравозным дэпо групу стварыў А.Ц. Брыкс. У яе ўвайшлі М.Ц. Брыкс, Я.А. Емяльянаў, Я.I. Хоміч і інш. Яны выводзілі са строю паравозы, зрывалі графікі іх рамонту.

Летам 1942 праз П.Ф. Вароніна група ўсталявала сувязь з падпольным гаркамам КП(б)Б, пачала атрымлівадь выбухоўку і міны. Падпольшчыкі падарвалі 4 паравозы, дзясяткі цыстэрнаў з бензінам, вагон з авіяцыйнымі маторамі, вывелі са строю трансфарматарную будку, падпалілі склад з палівам. На чыгуначным вузле ў студзені 1942 пачала дзейнічаць група Піваварава, М.З. Бетанаў, Г.Л. Дзятлаў, С.В. Кандрацьеў, Я.К. Слепянкоў, У.Ф. Ясінскі і інш. Да траўня 1942 яна налічвала 15 чалавек, да студзеня 1943 вырасла ў арганізацыю (40 чалавек). Падпольшчыкі прымалі і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро (радыёпрымачы  знаходзіліся на кватэрах у Кандрацьева, братоў А.У. і Р.У. Ярыгіных), сыпалі ў буксы пясок і металічную стружку, псавалі паравозныя катлы, знішчалі і хавалі каштоўныя дэталі і каляровыя металы.

Вясной 1942 яны сапсавалі паравы молат у кавальскім цэху, Півавараў вывеў са строю станок-цялежку ў паравозазборачным цэху, Дзятлаў, Слепянкоў і іншыя падарвалі варожы эшалон на станцыі Гомель-Пасажырскі.

Летам 1942 Бетанаў і Кандрацьеў разбілі карусельны станок, увосень Я.Р. Мярзоў і А.У. Ярыгін разбурылі зварачны агрэгат і ацяпляльную сістэму ў зборачным цэху. У гонар перамогі савецкіх войск пад Сталінградам у пачатку лютага 1943 падпольшчыкі вывесілі над будынкам завода чырвоны сцяг з надлісам “Няхай жыве Чырвоная Армія!”.

7.2.1943 гітлераўцы арыштавалі кіруючае ядро падпольнай арганізацыі, а потым яшчэ каля 200 падпольшчыкаў і рабочых завода. 22.2.1943 пасля катаванняў патрыётаў вывезлі ў Назараўскі лес (за 3 км ад Гомеля) і расстралялі. У складзе Гомельскага патрыятычнага падполля дзейнічалі 10 груп, створаных патрыётамі Навабеліцы. На тлушчакамбінаце падпольшчыкі на чале з Каленікавым вывелі са строю некалькі танкаў, якія тут рамантаваліся, знішчылі 40 т. мясапрадуктаў. На лесакамбінаце на чале з Каралёвым знішчалі драўніну, прызначаную для будаўніцтва перапраў цераз р. Сож і інш. Актыўна дзейнічалі групы А.В. Мацвеенкі, Ф.С. Кусціна, В.Ц. Папова і інш.

13.8.1943 партызаны Добрушскай брыгады імя Сталіна з дапамогай падпольшчыкаў падарвалі ў Гомелі турбіну электрастанцыі, у верасні — тэлефонную станцыю, казарму, знішчылі склады з боепрыпасамі і рыштункам. Данясенні падпольшчыкаў праз сувязных паступалі ў штаб партызанскіх брыгад “Бальшавік”, “Наперад” і інш. Заданні спецыяльных армейскіх і чэкісцкіх груп выконвалі падпольшчыкі С.С. Бекарэвіч, Блескіна, К.М. Бондарава, Ф.С. Варонін, М.А. Губанаў, І.А. Дудараў, К.К. Жылінскі, Н.Я. Каешка, З.В. Макарэвіч, Б.М. Нікіфараў, В.Я. Новікава, Н.Ф. Рудзянкова, Н.К. Сувалаў, I.Дз. ІІярэшкін, В.I. Шышко і інш. Выкарыстоўваючы звесткі падпольшчыкаў, савецкія лётчыкі бамбілі варожыя аб’екты ў горадзе, нанеслі ўдар па штабе нямецкага дывізіёна (чэрвень 1943), знішчылі артылерыйскія склады ў Навабеліцы.

У кастрычніку 1943 падпольшчыкі арганізавалі уцёкі з лагера ваеннапалонных вялікай групы камандзіраў Чырвонай Арміі. Пры адступленні гітлераўцаў у лістападзе 1943 падпольшчыкі сачылі за мінаваннем прадпрыемстваў і будынкаў у горадзе. З іх дапамогай савецкія воіны размінавалі і папярэдзілі знішчэнне многіх аб’ектаў. У барацьбе з нямецка-фашысцкімі  захопнікамі загінуў кожны трэці падпольшчык Гомеля. Барадзіну, камандзіру і начальнікам штаба Гомельскага партызанскага злучэння I.П. Кожару і Е.I. Барыкіну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Імёнамі герояў падполля названы вуліцы, школы, цеплаходы. У Гомелі ў гонар падпольшчыкаў на дамах, дзе былі явачныя кватэры, і на будынку «Гомельцепласетак» усталяваны мемарыяльныя дошкі, на магілах падпольшчыкаў — помнікі, на плошчы Працы за палены Вечны агонь.

Літаратура

  • Кожар И П , Рудак А.Д., Ро­мановский В.Ф. Сильные духом // Герои подполья 2 изд., М., 1970, Вып. 2;
  • Сувалов М.К. Комсомольско-молодёжное подполье Гомеля в годы Великой Отече­ственной войны / / Партии помощник бое­вой Мн., 1968. Михайлашев Н.А. Не­видимый фронт / / Нёман 1968 № 2.


Аўтар:
Людміла Аржаева
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 66-67.