Гомельскае камсамольска-маладзёжнае падполле ў Вялікую Айчынную вайну

0
1216
Гомельскае камсамольска-маладзёжнае падполле

Гомельскае камсамольска-маладзёжнае падполле ў Вялікую Айчынную вайну дзейнічала з 20.08.1941 да 26.11.1943 у Гомелі. Аб’ядноўвала 16 арганізацый і груп, больш за 140 чалавек.

Пакінутыя ў тыле ворага сакратар гаркома ЛКСМБ А.Л. Ісачанка, чальцы бюро С.П. Купцоў і Ф.П. Котчанка з першых дзён акупацыі Гомеля пачалі ствараць падпольныя  групы моладзі. У ліку першых у Гомелі пачала дзейнічаць група І.I. Жалезнякова (35 чал.). Яе ядро склалі навучэнцы чыгуначнай школы № 6 Іван Жалезнякоў, яго сёстры Алена, Вольга, Марыя, П. Сцепанцоў, К. Давыдовіч, М. Мартынаў, Л. Радзевіч. Падпольшчыкі запісвалі і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, у канцы 1941 падарвалі паравоз на ст. Гомель-Гаспадарчы. У чэрвені 1942 наладзілі сувязь з Гомельскім падпольным гаркомам ЛКСМБ і партызанскім атрадам імя Шчорса, выконвалі іх заданні. Працуючы на чыгунцы, Жалезнякоў, Сцепанцоў, Мартынаў, Радзевіч, М. Табанькоў збіралі звесткі аб воінскіх эшалонах, графіках руху цягнікоў. Сёстры Жалезняковы і іншыя падпольшчыцы пад выглядам абмену рэчаў на прадукты вялі разведку размяшчэння вайсковых частак.

Летам 1943 група на чале з Жалезняковым падарвала тэлефонна-тэлеграфны трансфарматар, Радзевіч, Мартынаў, Табанькоў вывелі са строю 3 станкі ў механічным цэху паравознага дэпо. У верасні 1943 Сцепанцоў з іншымі чальцамі групы падарвалі эшалон, пашкодзілі паравоз і знішчылі 11 вагонаў з аўтамашынамі. 9.9.1943 фашысты арыштавалі і пасля катаванняў расстралялі З.П. Баравікову, I.I. Жалезнякова, В.Ф. Семяноўскага, П.П. Сцепанцова.

З канца жніўня 1941 у Гомелі дзейнічалі групы У.П. Кавалёва і Л.А. Кавалёвай. У верасні-лістападзе 1941 створаны падпольныя арганізацыі і групы на чале з Г.Л. Кірыкавай, М.I. Панчанкам, В.Л. Радзьковай, Л.В. Семяноўскай і іншымі. Падпольшчыкі Н.Р. Акуліч, К.М. Бондарава, С.А. Зелянкоў, В.С. Кіслова, З.В. Макарэвіч, В.Т. Мядзведзева, М.Ф.  Талкачоў, I.Б. Шылаў, В.I. Шышко і іншыя змагаліся з акупантамі, выконвалі заданні партыйных органаў, партызанскіх брыгад «Бальшавік», Добрушскай імя Сталіна, спецгруп «Наперад», «Радзіма». Яны распаўсюджвалі антыфашысцкія лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, боепрыпасы, медыкаменты, ратавалі і выводзілі з горада ў партызанскія атрады савецкіх ваеннапалонных, удзельнічалі ў дыверсіях.

Летам і ўвосень 1943 група І.І. Грыцава ўчыніла дыверсіі ў раёне былога саўгаса «Брылева» і ў в. Прудок, дзе размяшчаліся варожыя склады. Сувязная гаркома Р. Караткевіч прымала ўдзел у дыверсіях на чыгунцы, займалася выведкай. Грыцаў, Б. Кесельман, А. Мамайка, I. Беткін, М. Колчын адчынялі пастаўленыя на разгрузку вагоны, выносілі боепрыпасы, рыштунак, харчы. У верасні 1943 яны падарвалі бензасклад, потым мост каля клінкернага завода. У лютым 1942 чальцы групы Кавалёва падпалілі дрэваапрацоўчы цэх, дзе рамантавалася ваенная тэхніка ворага. З лета 1943 група Кавалёва атрымлівала міны і выбухоўку з партызанскага атрада «Бальшавік». Падпольшчыкі ўзарвалі чыгуначны мост на абводным шляху, аўтамашыну з гітлераўскімі афіцэрамі, эшалон з жывой сілай і тэхнікай праціўніка, падпалілі фабрыку па вырабе паліва для генератарных машын, знішчалі гітлераўцаў і іх памагатых. Дыверсіі ў горадзе рабілі групы Г.I. Бярковіч і Радзьковай.

З 1.8.1943 Е.В. Гарадкова на станцыі Гомель замініравала варожы эшалон, пры падрыве якога згарэла 25 цыстэрнаў з бензінам. А.Л. Ісачанку і Ф.П. Котчанку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У Гомелі імёнамі падпольшчыкаў названы вуліцы, школы, ў памяць пра іх усталяваны помнікі і мемарыяльныя дошкі.


Аўтар:
Людміла Аржаева
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 65.