Гомельскае гарадзішча ранняга жалезнага веку

0
224
гарадзішча ў Гомелі

У сучасны час у межах г. Гомеля вядомы комплекс розначасовых археалагічных аб’ектаў, у тым ліку рэшткі трох гарадзішчаў ранняга жалезнага веку (Гомель-цэнтр, Гомель-Любны, Гомель-Прудок) (I, С. 99-100, № 126, 134; 2, С. 178-180,186, № 266, 267, 281; 3, С. 22-41). У артыкуле гаворыцца аб адным з іх, якое размешчана ў цэнтры горада на тэрыторыі сучаснага парка культуры i адпачынку імя Луначарскага. Помнік займае мыс высокай — больш за 20 м над поплавам — правабярэжнай тэрасы р.Сож блізка ад вусця ручая Гамеюк. У канцы XVIII — пачатку XIX стст, заходняя частка паселішча была разбурана пры узвядзенні палацу Румянцавых. Тады ж былі спланаваны вонкавыя прыкметы абарончых спаруд папярэдняга часу.

Першыя археалагічныя досьледы на Гомельскім гарадзішчы правёў у 1926 г. мясцовы краязнаўца І.Х. Юшчанка. У выніку шурфоўкі паўднёва-ўсходняй часткі помніка быў выяўлены культур­ны пласт магутнасцю 2,5 м з ляпной і кругавой керамікай (4). На жаль, матэрыялы з гэтых раскопак не былі поўнасцю ўведзены ў навуковы абарот і шмат пытанняў старажытнай гісторыі Гомеля засталіся не раскрытымі. Тым не менш, менавіта дзякуючы працам І.Х. Юшчанкі ўдалося ўстанавіць месцазнаходжанне найстаражытнейшай часткі летапіснага Гомія. Гэтыя матэрыялы далі высновы і для сцверджання аб тым, што ў раннім жалезным веку тут носьбітамі т.з. мілаградскай культуры было ўзведзена ўмацаванае паселішча-гарадэішча (І, С.99). Аб умацаваным характары паселішча сведчаць самі тапаграфічныя ўмовы размяшчэння апошняга, а таксама тое, што носьбіты мілаградскай культуры Верхняга Падняпроў’я звычайна ўэводзілі гарадзішчы (5, с. 24-32).

Новыя археалагічныя досьледы пасля амаль 50-гадовага перапынку праводзіліся ў 1975 г. атрадам Інстытута гісторыі АНБ пад кіраўніцтвам М.А. Ткачова. У паўднёва-ўсходняй частцы мысавога ўчастку быў закладзены шурф (24 кв.м) і раскоп (154 кв. м). Магутнасць культурнага пласту, месцамі пашкоджанага на ўсю глыбіню, дасягала 2 м. Старажытнейшыя матэрыялы адносяцца да эпохі неаліту i бронзы. Знойдзена кераміка і іншыя знаходкі мілаградскай і зарубінецкай культуры (6, С. 427). Апошнія маюць важнае значэнне, таму што шэраг даследчыкаў выключалі Ніжняе Пасожжа з арэала зарубінецкай культуры (7, С.8, Мал. І).

У 1988 г. досьледы Гомельскага гарадзішча працягнуў А.А. Макушнікаў. Паўночней раскопа 1975 г. былі закладзены два раскопы агульнай плошчай 204 кв.м. Адным з галоўных вынікаў з’явілася адкрыццё рэшткаў абарончага рова сярэднявечнага дзяцінца летапіснага Гомія. Цалкам магчыма, што ён быў узведзены на месцы папярэдняга рова гарадзішча ранняга жалезнага веку (8, С. 161-189). Па меркаванні А.А. Макушнікава, гарадзішча займала трохкутны мысавы ўчастак плошчай да 0,7 га, абмежаваны ровам (8, С. 181). Праўда, неабходна ўлічваць, што згаданая плошча з’яўляецца мінімальнай, таму што ў Ніжнім Пасожжы вядомы мілаградскія гарадзішчы і значна большых памераў (12, С. 187-188, № 287).

Нягледзячы на тое, што раскопкі 1975 i 1988 гг. не выявілі слядоў жыллёвых і гаспадарчых аб’ектаў ранняга жалезнага веку, усё ж атрыманыя матырыялы даюць магчымасць канкрэтызаваць некаторыя пытанні гісторыі жыхароў Гомельскага гарадзішча разглядаемага перыяду.

Асноўным матэрыялам ранняга жалезнага веку з раскопак Го­мельскага гарадзішча з’яўляецца грубаляпная кераміка. Больш за палову керамічнага комплексу гэтага перыяду складзюць фраг­менты лялных гаршкоў мілаградскай культуры. Частка венчыкаў дазволіла зрабіць рэканструкцыю верхніх частак пасудзін. Гэта, як правіла, акруглабокія гаршкі разнастайных форм, арнаментаваныя па шыйцы ямкавымі ўціскамі. Адзін венчык меў арнамент і па тулаве пасудзіны (Мал.1:4). Дыяметр пасудзін звычайна вагаецца ў межах 10-25 см. Гліна змяшчае ў сябе дамешкі жорствы і значна радзей — пяску і шамота. Профілі венчыкаў можна аб’яднаць у некалькі тыпаў.

Кераміка мілаградскай культуры Гомельскага гарадзішча.
Мал. 1. Кераміка мілаградскай культуры Гомельскага гарадзішча. 1-6, 10 — з раскопак 1975 г., 7-9, 11-12 — з раскопак 1988 г.

Тып 1. Параўнальна часта (звыш 20%) на Гомельскім гарадзішчы сустракаюцца пасудзіны з загнутым унутр краем, т.зв «яйкападобнай» формы (Мал. 1:1, 12). Нярэдка гаршкі гэтага тыпу маюць дыяметр ад 25 і больш см. Магчыма, што яны часта служылі для захоўвання прадуктаў. Разнавіднасцю гзтага тыпу з яўляюцца гаршкі з ледзь памечаным венчыкам (Мал. 1:3).

Тып 2. У гэты тып аб’ядноўваюцца пасудзіны блізкія папярэднім, аднак яны маюць загнуты унутр венчык (Мал.1:5, 10).

Тып 3. Пасудзіны гэтага тыпу найбольш распаўсюджаны сярод мілаградскай керамікі Гомельскага гарадзішча (звыш 40%). Яны маюць слаба выяўленую прафіліроўку (Мал. 1:6-9). Максімальнае пашырэнне тулава прыпадае на сярэдзіну альбо верхнюю частку агульнай вышыні пасудзін. Невысокі венчык слаба адхілены вонку. Разнавіднасцю гэтага тыпу з’яўляюцца гаршкі з высокім, але слаба адхіленым вонку венчыкам (Мал. І:ІІ).

Тып 4. Найбольш рэдкім тыпам з’яўпяюцца гаршкі з прамым венчыкам, які часта мае нязначнае адхіленне (Мал. 1:4).

Тып 5. Пасудзіны гэтага тыпу займаюць трэцяе месца (звыш 17%) у керамічным комплексе мілаградскай культуры Гомельскага гарадзішча. Яны маюць добра выяўленую прафіліроўку. Максімальнае пашырэнне тулава, як правіла, прыпадае на верхнюю частку агульнай вышыні пасудзіны. Параўнальна высокі венчык плаўна адхілены вонку. Арнаментацыя пасудзін гэтага тыпу часта складаецца з пальцавых уціскаў (Мал. 1:2).

У цэлым мілаградская кераміка Гомельскага гарадзішча прадстаўлена як раннімі, так і познімі ўзорамі. Адзін з венчыкаў мае т.зв. «жэмчужны» арнамент (Мал.1:8), які тыповы для ранняга этапу існавання мілаградскай культуры ў Верхнім Падняпроўі (5, С.104). Гэта дазваляе гаварыць аб магчымым узвядзенні Гомельскага гарадзішча ужо у VII-V стст. да н.э.

На мяжы ІІІ-ІІ стст, да н.э. у Ніжнім Пасожжы рассяліліся плямёны зарубінецкай культуры. Зарубінецкая кераміка прыкметна адрозніваецца ад мілаградскай, таму што адсутнічаюць многія фор­мы і прыёмы арнаментацыі, характэрныя для апошняй. Па характары апрацоўкі паверхні зарубінецкі посуд дзеліцца на дзве вялікія групы: грубаляпную і глянцавую. У адрозненне ад мілаградскіх, зарубінецкія глубаляпныя гаршкі арнаментаваліся па краі на­сечкамі, пальцавымі ўціскамі і зашчыпамі (Мал. 2: 1-9). Часам арнамент наносіўся па шыйцы і тулаве пасудзін (Мал. 2:9). На жаль, ніводзін посуд зарубінецкай культуры з Гомеля не ўдалося рэканструяваць поўнасцю. Адзінкавыя на Гомельскім гарадзішчы і фраг­менты керамікі са штрыхавой паверхняй, што прыкметна вылучае яго сярод адначасовых старажытнасцей чачорскай групы верхнядняпроўскага варыянту зарубінецкай культуры (9, С. 80-89).

Матэрыялы зарубінецкай культуры Гомельскага гарадзішча
Мал. 2. Матэрыялы зарубінецкай культуры Гомельскага гарадзішча. 4-7, 9, 15 — з раскопак 1975 г., 1-3,8,10-14,16-19 — з раскопак 1988 г.

Глянцавая кераміка заўважана значна радзей чым грубаляпная. Яна даволі значна вар’іруе як па якасці, так і па колеры глянцу. Гэта, галоўным чынам, фрагменты ад чорна- i карычнева-глянцавых місак рабрыстых форм (Мал. 2: 11-18). У зарубінецкай культуры рабрыстыя формы глянцавага посуду атрымліваюць пашырэнне ў познелатэнскі перыяд (10, С. 159-160). Глянцавы посуд, поруч з іншымі элементамі, разглядаецца як вынік латэнскага ўплыву на зарубінецкія плямёны (II, С. 33-34). У гэтым плане цікавай знаходкай з’яўляецца фрагмент графіцыраванага кельцкага гаршка, упрыгожанага з вонкавага боку вертыкальнай штрыхоўкай (Мал. 2:10). Графіцыраваная кераміка з’яўляецца неад’емнай рысай латэнскай культуры Сярэдняй Еўропы. На тэрыторыі «зарубінцаў» падобныя знаходкі адзінкавыя і лічацца кельцкім імпартам (II, С. 33-34). Найбліжэйшыя да Беларусі латэнскія помнікі размешчаны у Верхняй Сілезіі, Усходняй Славаччыне і Закарпацці. Графіцыраваная кераміка з вертыкальнай штрыхоўкай разчосамі атрымала шырокае распаўсюджанне у латэнскай культуры са ступені С2 і існавала у ДІ, г.зн. адносіцца да ІІ-І стст, да н.э. (II, С. 80, Мал. 3,4). Імпартаваным прадметам з’яўляецца i фрагмент вялікай антычнай пацеркі з сіняга шкла. Яна акруглай формы з вонкавым дыяметрам капя 3 см. Пацерка ўпрыгожана «вочкамі» блакітнага і жоўтага колеру, ніжэй якога размешчана вузкая блакітная паласа (Мал. 2:19), Падобныя па тыпу антычныя пацеркі ў Паўночным Прычарнамор’і датуюцца ІІІ-ІІ стст. да н.э. (12, С. 54, Мал. 14).

У I ст.н.э. «зарубінцы» спыняюць выкарыстанне гарадзішч і пераносяць уласныя месцы пражывання да неўмацаваных паселішчаў —  селішчаў (13). Магчыма, што ў гэты час насельніцтва пакінула i Гомельскае гарадзішча, жыццё на якім аднавілася толькі ў раннім сярэднявеччы.

Літаратура

  1. Штыхов Г.В. Археологическая карта Белоруссии. Вып. Мн., 1971.
  2. Поболь Л.Д Славянские древности Белоруссии. Мн., 1974.
  3. Лашанкоў М.І., Сычоў В.І. Раскопкі гарадзішча Любны // Гістарычна-археалагічны зборнік. Ч.І. Мн., С.22-41.
  4. Археологические раскопки в парке им. Луначарского // Полесская правда. 1926. 7 сентября.
  5. Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967.
  6. Ткачев М.А. Работы в Белорусском Посожье // Археологические открытия 1975 года. М., 1976. С.427-428.
  7. Кухаренко Ю.В. Зарубинецкая культура // Свод археологичес­ких источников. Вып. ДІ-12. М., 1964.
  8. Макушников О.А. Стратиграфия раскопа 1988 г. на Гомель­ском детинце и некоторые вопросы истории летописного Гомия // Гістарычна-археалагічны зборнік. №3. Мн., 1994. С. 161-189.
  9. Дробушевский А.И. Памятники нижнего Посожья на рубеже н.э. // Археалогія і старажытная гісторыя Магілёўшчыны i сумежных тэрыторый. Магілёў, 1994. С. 80-89.
  10. Кухаренко Ю.В. Чаплинский могильник // Памятники зарубинецкой культуры. МИА, №70. М.-Л., 1959. С. 154-179.
  11. Славяне и их соседи в конце I тысячелетия до н.э. — первой половины I тысячелетия н.э. М., 1993.
  12. Алексеева Е.М. Античные бусы Северного Причерноморья // Свод археологических источников. Вып.ГІ-12. М., 1978.
  13. Обломский А.М., Терпиловский Р.В., Петрускас О.В. Распад зарубинецкой культуры и его социально-экономические и идеоогические причины. К., 1990.


Аўтар:
А.І. Драбушэўскі
Крыніца: Гомельшчына: старонкі мінулага. Нарысы. 2-гі выпуск. — Гомель 1996.