Гомельшчына як крыніца натхнення творчасці Івана Шамякіна

0
99
Гомельшчына як крыніца натхнення творчасці Івана Шамякіна

Гомельшчына — радзіма Івана Шамякіна. Можна сказаць больш — частка яго сэрца і душы. Усё жыццё пісьменніка звязана з найпрыгажэйшым рэгіёнам Беларусі. Нават тады, калі Іван Пятровіч перабраўся на пастаяннае месца жыхарства ў Мінск (1948 г.), ён працягваў наведваць бацькаўшчыну з рознымі мэтамі: і адпачываў, і сустракаўся з родзічамі, і выступаў у шматлікіх установах, школах, вну, і збіраў матэрыял для новых твораў, і па дэпутацкіх справах.

Нарадзіўся Іван Пятровіч Шамякін 30 студзеня 1921 г. у вялікай, на 700 двароў, гандлёвай вёсцы Карма Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Добрушскі раён Гомельскай вобласці). Адсюль жа родам яго бацькі. Бацька — Пятро Мінавіч Шамякін (1899-1966 гг.) — з беднай сям’і, сын батрака. Скончыў два класы царкоўна-прыходскай школы. У 1918 г. ажаніўся. Некаторы час займаўся сельскагаспадарчай працай — сям’я атрымала ад савецкай улады зямлю. Маці будучага пісьменніка Сынклеція Сцяпанаўна Калініна (1897-1970 гг.), наадварот, паходзіла з багатай сялянскай сям’і. Бацька яе да 1917 г. ледзь не ўсё сваё жыццё быў старастам Кармы і нязменна карыстаўся павагай аднавяскоўцаў. Як паразумеліся бедны селянін і дачка старасты — сам Іван Пятровіч адказаць не мог: яны былі розныя не толькі па сацыяльным становішчы, але і па характарах. Дзяцінства Івана Пятровіча прайшло ў Карме сярод шматлікіх родзічаў.

Карму — радзіму Івана Шамякіна — наша сям’я часта наведвала яшчэ да чарнобыльскай трагедыі. Тады тэта было квітнеючае, люднае паселішча (вядомае, дарэчы, з XVII стагоддзя, а я лічу — намнога старэйшае, пра што гаворыць архаічная назва). Калгас, створаны тут, — адзін з самых багатых у рэгіёне. Сёння Карма — нейкая застыла-санлівая, як здаецца, паміраючая вёска, нягледзячы нават на святасць мясціны: у 1991 г. тут адкрылі мошчы памерлага ў 1917 г. святога Іаана Кармянскага. Царква Іаана Кармянскага і бюст савецкага пісьменніка Шамякіна, ураджэнца вёскі, знаходзяцца побач…

З 1925 па 1959 гг. (з перапынкам у 1941-1943 гг.) бацька Івана Пятровіча рабіў лесніком у розных мясцінах Гомельшчыны: у Насовічах, пад Краўцоўкай, у Карме, у Воленцы, у Пыхані, у Добрушскім лясніцтве. Чалавек быў горды, непадкупны, бездакорна нёс службу. У час Вялікай Айчыннай вайны дапамагаў партызанам, пра што захаваліся партызанскія рапарты ў Гомельскім архіве.

Паколькі прыходзілася часта пераязджаць, то Гомельшчыну яшчэ ў дзяцінстве Шамякін вывучыў добра і палюбіў назаўсёды.

Умовы фарміравання чалавека, будучага пісьменніка, шмат што вызначаюць у яго творчых прыхільнасцях, нават у яго стылі. Дзяцінства Івана Шамякіна, з аднаго боку, праходзіла ў адасобленым, фактычна патрыярхальным свеце, — у вёсцы 1920-х гадоў, часта проста ў лесе (на так званых “стражах”), а з іншага боку, сям’і прыходзілася часта пераязджаць. Адчуванне ўтульнасці аселага жыцця час ад часу страчвалася, балюча ранячы душу эмацыянальна-ўражлівага хлопчыка. І тым не менш дынамізм сюжэтаў Івана Шамякіна можна паставіць у залежнасць менавіта ад прывычкі і заўсёднай гатоўнасці да руху, да перасоўвання ў прасторы, да пастаянных змен.

Яшчэ адна важная адметнасць стылю І. Шамякіна тычыцца псіхалагізму. у яго не ўнутраны свет чалавека падключае да сваёй работы аб’ектыўны, знешні свет, а наадварот: прыроднае акружэнне непасрэдна ўплывае на характар, прыхільнасці, псіхалагічны воблік чалавека. Гэта невыпадкова. Пачаць з таго, што бацька Шамякіна — не селянін, не вольны земляроб, дзейнасць якога гарманічна ўпісана ў прыродныя рытмы, а служачы, дзяржаўны чалавек, ляснік. Пастаянныя хатнія размовы пра службу, пра начальства, пра ўзаемаадносіны з калегамі і сялянамі, ды і неабходнасць пераездаў, выкліканых залежнасцю ад ведамаснай бюракратыі, рана, так бы мовіць, сацыялагізавалі таленавітага ад прыроды юнака. Шамякін так і ўвайшоў у літаратуру — адным з самых сацыяльных беларускіх пісьменнікаў XX стагоддзя.

З іншага боку, сям’я фактычна заставалася поўнасцю сялянская. Усю работу на полі, у агародзе, нагляд за свойскай жывёлай і хатнюю працу цягнула на сабе маці Сынклеція Сцяпанаўна, выконваючы абавязкі і за мужчыну, і за жанчыну. У Пятра Мінавіча часу на земляробства не хапала. Маленькі Іван заўсёды дапамагаў маці, асабліва летам. Адным з яго абавязкаў быў пастухоўскі — пасвіць жывёлу ў лесе, на палянах. Выдатны рускі паэт Сяргей Ясенін у празаічным трактаце “Ключы Марыі” небезпадстаўна сцвярджаў, што менавіта пастухі ў старажытнасці сталі першымі паэтамі. Сапраўды, большасці беларускіх пісьменнікаў у дзяцінстве прыйшлося пасвіць статкі. А гэта прывучала да сузірання розных з’яў, працэсаў у прыродзе і, значыць, выхоўвала тонкасць і абвостранасць успрыняцця, уменне заўважаць дробязі і нюансы прыроднага жыцця. У той жа час звыклая адзінота вымагала да рэфлексіі, паглыблення ва ўласную душу, саманазірання. Так фарміраваліся, уласна, усе мастакі. Так фарміраваўся і Шамякін. Прырода ўвайшла ў яго сэрца як Радзіма, вобразы прыроды — праекцыя Айчыны. Прычым у Шамякіна — менавіта як сацыяльнага аўтара — можна заўважыць імкненне пераносіць прыродную гармонію на чалавечае грамадства. Шамякін — ідэаліст (цяжка сказаць, у станоўчым ці адмоўным значэнні слова — з якога боку паглядзець), прычым не толькі ў творчасці, але і ў жыцці, інакш кажучы, гэта арганічная ўласцівасць. На ўсіх этапах творчасці ў яго можна прасачыць глыбока прыхаваную тугу па прыроднай прыгажосці і прагу адкрыць ці сцвердзіць яе ў соцыуме. 3 дзяцінства назірае ён прыродныя рытмы, пераконваецца ў разумнасці, мэтанакіраванасці і лагічнай арганізаванасці прыродных з’яў і падсвядома пераносіць быційную арганізаванасць і бясспрэчную Боскую разумнасць на дзяржаўны лад. Так, лад — сацыялізм, — на думку Шамякіна, самы справядлівы і па сваёй сутнасці вышэйшы з магчымых, вось толькі асобныя людзі не дараслі да такога дасканалага ладу і перашкаджаюць суцэльнаму руху наперад (хоць людзей усё ж заўсёды апраўдваў і ўмеў лёгка дараваць іх недахопы).

Заняпад сацыяльнага ладу і разбурэнне СССР супалі ў пісьменніка з асабістай трагедыяй — стратай сына (у верасні 1991 года), а таксама адчуваннем вьшадзення з агульнага рытму, з прадчуваннем ідэйна-маральнай катастрофы грамадства. У апошняе дзесяцігоддзе свайго жыцця — 90-я гады — пачатак 2000-х — ён напісаў шмат, і ёсць рэчы значныя, ва ўсялякім разе, не пазбаўленыя ранейшага майстэрства, але гэта інерцыя прафесіяналізму, а ў цэлым працуюць зусім іншыя архетыпы, чым у папярэдняй творчасці. Негатыўныя архетыпы. Я ж успамінаю той час, калі бацька працаваў натхнёна, радасна, а таму асабліва плённа. Аптымістычны і адначасова рамантычна-ўзвышаны пафас яго творчасці абумоўлены як асабістымі рысамі характару, у цэлым жыццярадаснага, так і пэўнымі ўмовамі фарміравання — пастаянным знаходжаннем на ўлонні прыроды, прычым у розных мясцінах багатай на ландшафты Гомельшчыны.

Генетычныя карані Шамякіна, як ужо адзначалася, — у вёсцы Карма. Адсюль паходзяць яго бацькі, дзяды, усе продкі. Карма — гэта маленства, знаходжанне ў родавай суполцы, першыя вясковыя ўражанні. Творчае ж сваё развіццё пісьменнік пачынае з вёскі Пракопаўка Гомельскага раёна, куды прыехаў у 1946 г. пасля дэмабілізацыі да жонкі, якая працавала тут фельдшарам-акушэркай, і да пяцігадовай дачкі Ліны. Уражанні ад Пракопаўкі выліліся ў пятай аповесці “Мост” з пенталогіі “Трывожнае шчасце”, часткова ў раманах “У добры час” і “Крыніцы”. У старэйшай дачкі Івана Пятровіча Ліны засталося ўражанне аб тым часе як вельмі шчаслівым: жылі страшна бедна, але з надзеяй на лепшае. Бацькі маладыя, энергічныя, працавітыя, любімыя ў народзе; да Шамякіна прыйшла першая літаратурная слава.

Згаданыя вышэй раманы, хоць і навеяныя Пракопаўкай, Шамякін пісаў ужо ў вёсцы Церуха Гомельскага раёна. Некалі ён пражыў тут адзін год, калі вучыўся ў пятым класе. Выключна прыгожая прырода ваколіц Церухі асабліва кранула сэрца хлопца (і, значыць, заклалася глыбока ў падсвядомасці), але галоўнае — тут ён сустрэў сваё каханне на ўсё жыццё, сваю будучую жонку — карэнную церушанку Марыю Філатаўну Кротаву.

Вялікая, хоць і трохі меншая за Карму, вёска Церуха названа па рэчцы — прытоку Сожа. У назве, якая на першы погляд выглядае неславянскай, гучыць, аднак, выразны корань «рух». Сёння ваколіцы вёскі — папулярная зона адпачынку мясцовага падпарадкавання на тэрыторыі Гомельскай вобласці. Пасля ўзрыву на ЧАЭС значэнне курортнай зоны ў Церусе асабліва ўзрасло, паколькі з-за ружы вятроў сюды не заносіліся радыеактыўныя воблакі і не выпадалі на зямлю атрутныя нукліды. Незвычайнасць гэтай мясцовасці я заўважыла даўно. Хутчэй за ўсё, сюды не заходзіў апошні ледавік, што спаўзаў «языкамі», паміж якімі заставаліся свабодныя зоны, дзе, дзякуючы добрай інсаляцыі, можна сказаць, квітнелі паселішчы барэалаў — абарыгенаў Еўропы. 3 таго часу рэгіён так і застаўся ў многім незвычайным. Дастаткова сказаць, што вёска ляжыць на суцэльных пясках. Пясок бялюткі, кварцавы, асабліва прыгожы на берагах ракі. Ён, безумоўна, здаўна выкарыстоўваўся ў рамеснай вытворчасці, бо недалёка ад вёскі размяшчаецца некалькі паселішчаў з назвамі Гута — Сцюдзёная Гута, Новая Гута. Апошняя сёння — мытня, пераезд на суседнюю Украіну, мяжа з якою — у 8 км ад Церухі.

На пясках павырасталі магутныя сасновыя бары, у якіх поўна вадзілася звяроў і птушак, выспявалі ягады і грыбы яшчэ нават у 1950-60-я гады, а тым больш у часы дзяцінства Шамякіна. Вось чаму, хоць глеба рэгіёну і неўрадлівая, тут здаўна сяліліся людзі, што карміліся з лесу, з выключна рыбнай рэчкі, а таксама з рамяства, карыстаючыся блізкасцю да вялікага і старажытнага — у эпоху Сярэднявечча — горада Чарнігава, а з XIX стагоддзя і беларускага Гомеля.

Прыгажосць ваколіц Церухі на ўсё жыццё ўвайшла ў сэрца будучага пісьменніка. У 1951 г. на грошы Сталінскай прэміі за раман ‘Тлыбокая плынь”, у якім пазнаецца згаданая мясцовасць, Шамякін будуе ў Церусе звычайную вясковую хату, куды пастаянна прыязджае з сям’ёю на лета прыкладна да сярэдзіны 60-х гадоў (а потым ездзіла ўжо я ці брат). Гэта надзвычай плённы перыяд у яго творчым жыцці. Тут, менавіта ў Церусе, напісаны раманы “У добры час”, “Крыніцы”, “Трывожнае шчасце”, “Сэрца на далоні”. Сюды пастаянна прыязджалі госці — калегі-пісьменнікі: рускія, якія ехалі з Ленінграда адпачываць у Адэсу і Крым, і ўкраінскія — тыя рухаліся на Балтыку, у Ленінград і Маскву. Асабліва часта наведваліся менавіта ўкраінскія пісьменнікі — заўсёды шумныя, гаманкія, дасціпныя. Мне добра запомніўся Сцяпан Алейнік — паэт-сатырык і вялікі гумарыст у жыцці, аўтар сцэнарыя надзвычай папулярнай першай кінастужкі Леаніда Гайдая «Сабака Барбос і незвычайны крос». Заўсёды вясёлы Алейнік, падобны да Тараса Бульбы, асабліва любіў нашу сям’ю, часта прыязджаў у Церуху з жонкай і прыёмнай дачкой Алесяй. Мы, у сваю чаргу, наведваючы Кіеў, заўсёды спыняліся дома ў Алейнікаў.

У Церусе разам з гасцямі наладжваліся рыбалкі на Сож і яго старыцы, паходы ў лес па ягады і грыбы. Асабліва Шамякіны любілі “частаваць” экзотыкай: вазілі на адно з азёраў, дзе рос таксама, думаю, даледавіковы рэлікт — вадзяны арэх чылім: плады ў яго чорныя, калючыя, а вараныя, на смак падобныя да харчовых каштанаў.

У творах, напісаных Шамякіным у 1950-60-я гады, праз мастацкі тэкст свеціцца радасць жыцця, прага творчасці, шчасце як гармонія, якую магчыма — тады ён шчыра верыў у гэта — ажыццявіць і ў чалавечым грамадстве.

Сам церускі дом надзвычай сціплы — нават па вясковых мерках. Агульны метраж не перавышаў 40 квадратных метраў. Інтэр’ер таксама надзвычай просты, прама скажу — бедны. Цікава, што пісьменнікаў ён ніколькі не здзіўляў — па іх меркаваннях, так і патрэбна жыць, а вось іншая публіка — чыноўнікі, урачы — проста не маглі паверыць, што такое простае лецішча ў знакамітага пісьменніка Шамякіна.

Аднак сядзіба вакол дома якраз даволі вялікая — тады зямлі не шкадавалі — сотак сорак. Цесць Шамякіна Філат Азаравіч пасадзіў тут цудоўны сад, развёў кветнік. Садаводства — у традыцыях сям’і: у майго прадзеда па маці Азара да 1917 г. быў самы вялікі ў акрузе і самы багаты на гатункі пладовых дрэў сад.

У Церусе на той час не было ніякіх звычайных цывілізацыйных выгод. Але, нягледзячы на адсутнасць звыклага ў горадзе камфорту, Шамякін любіў Церуху, як толькі і любяць “родны кут”, малую радзіму, як любяць месца, што дае магутны стымул творчасці і ў той жа час дорыць сапраўдны адпачынак — не бяздумны, а таксама, так бы мовіць, “творчы”. Ужо ў канцы жыцця Шамякін гаварыў, што нідзе яму так добра не працавалася і не адпачывалася, як у Церусе.

Гады паездак у Церуху — літаральна кожным летам — былі гадамі поўнага, абсалютнага шчасця, якое толькі можа быць у жыцці чалавека. Адчуванне шчасця вынікала і з назіранняў за зменамі ў краіне, і ад уласных творчых сіл, славы, уключанасці ў эліту грамадства, і ад сямейных радасцей. Але ў немалой ступені яно звязвалася з яшчэ непарушнай пупавінай яднання з вёскай. Вёску ён найбольш любіў.

Але і ў гарады на Гомельшчыне Шамякін наведваўся рэгулярна. У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны (тады педінстытуце) I. Шамякін вучыўся завочна два гады, калі вярнуўся з Германіі (з 1946 г. па 1948 г.). Ужо знакамітым пісьменнікам выступаў тут неаднаразова, шчыра сябраваў з першым рэктарам універсітэта — Уладзімірам Аляксеевічам Белым, выдатным чалавекам і вучоным. Ва ўніверсітэце шануюць памяць пра народнага пісьменніка. I ў іншых вну, на прадпрыемствах Гомеля ў Шамякіна — безліч выступленняў на працягу дзесяцігоддзяў. Ніколі не адмаўляўся. У абласной бібліятэцы Гомеля ёсць пакой, яму прысвечаны. Выключна цесныя кантакты былі ў яго і з прадпрыемствамі Добруша. У краязнаўчым музеі гэтага горада таксама ёсць куток, куды наша сям’я перадала шматлікія рэчы, што належалі бацьку.

Асабліва часта наведваў Шамякін Гомельшчыну ў 1980-я гады, калі стаў дэпутатам Вярхоўнага савета БССР па выбарчай акрузе, што ўключала Хойніцкі, Брагінскі і Калінкавіцкі раёны. Дэпутацкіх спраў тут стала асабліва шмат пасля Чарнобыля. Іван Пятровіч ездзіў у сваю акругу ледзь не штомесячна, надзвычай балюча перажываў драмы тутэйшых людзей. Добрае веданне сітуацыі на Гомельшчыне дало яму магчымасць стварыць па сутнасці адзіны ў беларускай літаратуры вялікі і шматгранны твор пра трагедыю Беларусі — раман «Злая зорка». У ім Гомельшчына добра пазнаецца.

У Мазыры быў неаднаразова. Але наўрад уяўляў, што яго імя будзе прысвоена Мазырскаму ўніверсітэту. Ва ўсялякім разе, ганарыўся б.

Аўтар: Т.І. Шамякіна
Крыніца: Міжнародныя Шамякінскія чытанні “Пісьменнік — Асоба — Час”: матэрыялы VI Міжнар. навук.-практ. канф., Мазыр, 27 верас. 2019 г. / УАМДПУ імя I. П. Шамякіна; рэдкал.: А. У. Сузько (адк. рэд.) [і інш.]. — Мазыр: МДПУ імя I. П. Шамякіна. 2019. — С. 20-24.