Гомельшчына: памежжа Беларускай Народнай Рэспублікі

0
920
Гомельшчына памежжа Беларускай Народнай Рэспублікі

Галоўным фактарам гісторыі Гомеля, пісьмовы адлік якой пачынаецца з 1142 г., з’яўлялася яго размяшчэнне на раздарожжы этнічных і дзяржаўных тэрыторый, транспартных камунікацый, культурных уплываў.

Амаль усю сваю гісторыю горад не меў значнага адміністратыўнага статуса, а захоўваў значэнне памежнага абарончага пункта спачатку мясцовай групы радзімічаў, пазней Чарнігаўскага княства, Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Калісьці на стромкім беразе Сажа узнікла славянскае умацаванае пасяленне, затым драўляны, але магутны замак, які за чатыры стагоддзі ні разу не быў узяты ні крымчакамі, ні маскоўскімі войскамі, ні украінскімі казакамі.

Па першаму паздзелу Рэчы Паспалітай Гомель і акруга дасталіся Расійскай Імперыі і разам з ёй ўцягваліся ў прамысловую эпоху. Гэты працэс прынёс гораду і рэгіёну велізарныя адміністратыўныя і сацыяльна-эканамічныя здабыткі. З 1852 г. Гомель пераўтварыўся ў павятовы цэнтр. Пры яго расійскіх ўладальніках Румянцавых і Паскевічах тут з’вілася навая каменная забудова, комплексы мануфактур і фабрык, ланкастарская школа, а пазней – прагімназіі і гімназіі.

Перыядам пералому стала другая палова ХІХ ст., калі праз горад прайшлі дзве важныя чыгункі – Лібава-Роменская і адна з Палескіх.

Чыгуначныя лакаматывы «пацягнулі» ў рэгіён не толькі тавары і пасажыраў, але і імклівую урбанізацыю. За апошнюю траціну ХІХ ст. насельніцтва Гомеля вырасла ў восем разоў, тут з’явіліся новыя раёны, больш за дзесятак прадпрыемстваў, уключаючы буйнейшыя ў Паўночна-Заходнім краі Майстэрні Лібава-Роменскай дарогі. Па колькасці насельніцтва, прамыслова-транспартнаму патэнцыялу, колькасці банкаў і бізнесовай актыўнасці Гомель канкурыраваў са сваёй губернскай сталіцай Магілёвам. Гэта дало падставу мясцоваму бальшавіцкаму кіраўніцтву дамагчыся ў 1919 г. стварэння замест Магілёўскай губерні Гомельскай з цэнтрам у Гомелі.

Калі ва ўмовах Першай сусветнай вайны абудзіліся нацыянальныя рухі, Гомель таксама застаўся на раздарожжы. Каля 54% яго насельнітва складалі яўрэі і менавіта прадстаўнікі гэтага народу вялі рэй у эканамічным, культурным і грамадска-палітычным жыцці. У эканоміцы і грамадскай чыннасці з імі канкурырвалі мясцовыя стараверы. Чыноўніцкі і настаўніцкі асяродкі быў расійскім альбо моцна зрусіфікаваным. Горад быў значным асяродкам сіянісцкай, бундаўскай і эсэраўскай актыўнасці. З 1904 г. тут дзейнічаў Палескі камітэт РСДРП. Аналагічнай заставалася сітуацыя ў іншых гарадах рэгіёна – Рэчыцы, Мазыры.

Абставіны Першай сусветнай вайны спрыялі ўзмацненню ў Гомелі агульнарасійскіх левых сілаў. З восені 1915 г. горад увайшоў у тылавую зону Заходняга фронта і гэта значна змяніла ўнутрыгарадскую сацыяльна-эканамічную і палітычную сітуацыю.

Гомель і наваколіцы сталі месцам разгортвання вывезеных з Прывіслянскіх і заходне-беларускіх губерній прадпрыемстваў і устаноў разам з іх персаналам, прыкладам, Варшаўскага арсенала і Завода Варшаўскай акругі, Упраўлення Заходніх чыгунак, інш. Праз Гомель прайшлі патокі бежанцаў, частка з якіх асела тут. Сярод вылучаліся прадстаўнікі каталіцкіх і яўрэйскіх грамад з Віленшчыны.

У Гомелі з’явіўся «Яўрэйскі бежанскі камітэт».

Колькасць насельніцтва вырасла да 84 тыс. чалавек, сярод якіх вялікую долю складалі вайскоўцы. Тут быў разгорнуты буйнейшы у тыле Заходняга фронту Этапна-размеркавальны пункт (каля 9 тыс. салдат), з дзесятак ваенных шпіталяў, гаспадарчая база Заходняга фронта, не кажучы ўжо пра шматлікія вайсковыя часткі. Менавіта ваенныя ў значнай ступені вызначалі палітычную сітуацыю ў горадзе ў моманты рэвалюцыйных зрухаў: франтавікі складалі ўплывовую групу ў Гомельскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў, створаным 4 сакавіка 1917 г., атрымалі доступ у Гарадскую думу: дзе 65 месцаў з 101 належылі сацыялістам агульнарасійскіх плыняў .

Беларускага слова ў палітычным разнагалоссі Гомеля чутна амаль не было. Наадварот, горад ледзь не пераўтварыўся ў асяродак супрацьстаяння нацыянальнаму самавызначэнню. 23 красавіка 1917 г. у памяшканні упраўлення Палескіх чыгунак сабраліся каля 200 чалавек, у асноўным эвакуіраваных з Вільні дзеячоў асветы і чыноўнікаў, якія назвалі сябе беларусамі. Нягледзячы на гэта, прысутныя аднак выказалі пратэст на стварэнне ў Мінску Беларускага нацыянальнага камітэта пад кіраўніцтвам Рамана Скірмунта і прадэмастравалі імкненне перахапіць яго ініцыятыву.

Створаны на сходзе «Часовы беларускі дэмакратычны камітэт» 18 чэрвеня рэарганізаваўся ў «Саюз Беларускай Дэмакратыі». На чале суполкі апынулася даволі вядомая асоба, адзін з лідэраў наступальнага заходне-русізма, рэдактар віленскіх газет кансерватыўна-ахоўніцкага кірунку «Северо-Западная жізнь», паслядоўнік Лукі Саланевіча Павал Каранкевіч.

Адпачатку СБД абвясціў аб сваім намеры «усяляк супрацьдзейнічаць імкненню некаторых беларусаў да аўтаноміі» і да выкарыстання беларускай мовы ў школьніцтве. Прапанова прадстаўніка БНК К. Станкевіча, які прыехаў для перамоў, «стаяць за аўтаномію Беларусі» на сходзе СБД была катэгарычна адхілена, а мерапрыемствы БНК па правядзенні «дзён свабоднай Беларусі» 24–25 чэрвеня кіраўніцтва П. Каранкевіч і яго паплечнікі заклікалі байкатаваць. У той жа час праграма “гомельскіх беларусаў” прадугледжвала шырокае самакіраванне Беларусі на дэмакратычных пачатках ў складзе Расіі, тэрытарыяльную цэласнасць краю “з горадам Вільняй як галоўным культурным цэнтрам” . Не вядома, якім кірункам пайшла б эвалюцыя гэтага асяродка заходне-русізма, але дзейнасць саюза пасля 1917 г. была спынена, а падзеі раскідалі яго удзельнікаў.

Аднак такая праява «беларускасці» не стала ні апошняй, ні вызначальнай. На выбарах ва Ўсерасійскі Устаноўчы сход у лістападзе Гомель здолеў ужо сфарміраваць свой спіс «Беларускіх арганізацый», які, хоць і заняў апошняе месца з усіх нацыянальных, здабыўшы 337 прыхільнікаў, але абыйшоў блок землеўласнікаў больш чым на 150 галасоў .

На снежаньскі Ўсебеларускі з’езд гамельчукі адправілі годную дэлегацыю, узачаленую вядомым гарадскім дэмакратам і сацыялістам, старшынёй гарадской думы Іосіфам Бабарыкіным.

Пытанне этнічнага самавызначэння насельніцтва Гомельшчыны абвастрылася пасля акупацыі яе кайзераўскімі войскамі ў сакавіку 1918 г., калі, адпаведна дамове Украінскай Цэнтральнай рады з прадстаўнікамі германскага блоку, беларуская частка Палесся была перададзена ў склад Украінскай Народнай Рэспублікі. Грамадскія настроі ў рэгіёне падзяліліся. Пры тым, што большасць традыцыйна звязвала сябе з «агульнарасійскай культурай і будучыняй», праявіліся таксама яскравыя беларусацэнтрычныя арыентацыі.

Так, прадстаўнікі Мазырскага, Рэчыцкага і Гомельскага паветаў наведалі Народны Сакратарыят БНР з пытаннем аб і перспектывах беларуска-украінскіх перамоў і просьбай аказаць падтрымку ў адкрыцці беларускіх школ .

Пад час працы Дэлегацыі Народнага Сакратарыяту БНР па перамовах з Украінай (якая дарэчы дабіралася да Кіева праз гомельскі Лібава-Роменскі вакзал які сёння страціў старую назву і цалкам перабудаваны, але застаўся на тым жа месцы) на яе адрас паступілі некалькі пратэстаў супраць адрыву часткі беларускіх тэрыторый.

Пасля іх разгляду ў далучаныя паветы быў прызначаны камісар БНР.

Ім стаў служачы праўлення Лібава-Роменскай чыгункі, а з лета 1917 г. – старшыня гомельскай суполкі Беларускай Сацыялістычнай Грамады, Язэп Няцецкі.

Паўнамоцтвы камісара былі зацверджаны спецыяльным пасведчаннемі распаўсюджваліся на ўсе далучаныя да Украіны беларусія абшары: «Народны Сакратарыят, згодна з пастановай сваёй за 4 чэрвеня г. р., мае гонар паведаміць Вам, што Вы назначаны Намесьнікам Народнага Сакратарыята БНР на ўсю Гомельшчыну і Палесьсе (паветы Менскай губерні: Пінскі, Мазырскі, Рэчыцкі; Магілёўскай губерні: Гомельскі; Чарнігаўскай: Навазыбкаўскі, Ноўгарад-Северскі, Суражскі, Мглінскі і Арлоўскай губерні: Бранскі).

Дзеля гэтага Вы павінны ўвайсці ў адносіны як з найвышэйшай акупацыйнай Уладай, так і з Гарадамі, і Земствамі і іншымі грамадскімі арганізацыямі, каб там на месцах арганізаваць беларускую ўладу, на каторую бы маглі апірацца ўсе тамашнія жыхары – беларусы і грамадзяне Беларусі, а ў першы чарод – уцекачы, каторыя варочаюцца на сваю бацькаўшчыну. Са сваей стараны Народны Сакратарыят прыме ўсе неабходныя меры, каб праца Ваша на такім атветным становішчы прынесла рэальныя скуткі для дабра Беларусі». Захаваліся таксама звесткі аб заснаванні ў Гомелі пад кіраўніцтвам Я. Няцецкага беларускай бежанцкай камісіі. На жаль, сведчанняў аб яе дзейнасці не захавалася. Сам Я. Няцецкі за арганізацыю забастоўкі гомельскіх чыгуначнікаў неўзабаве быў арыштаваны нямецкай камендатурай і высланы за дэмаркацыйную лінію. Больш у Гомель ён не вярнуўся, хаця пэўны час працаваў у дзяржаўных структурах БССР у Мінску.

Пры тым, што беларускі рух не стаў грамадскай з’явай у гомельскім рэгіёне, менавіта Гомельшчына дала нацыянальнай справе шэраг знакавых асоб.

У кагорту тых, хто самаахвярна змагаўся за правы беларускага народа яркімі літарамі ўпісана імя гамяльчанкі Палуты (Пелагеі) Бадуновай.

У сённяшнім Навабеліцкім раёне (тагачасным прадмесці) Гомеля захавалася вуліца – былая Пакроўская, затым К. Маркса, а ў нашы дні – Г. Дзімітрава, дзе ў сям’і мешчаніна Аляксандра Бадунова ў 1885 г. нарадзілася будучая беларуская дзеячка. Бацька арандаваў невялічкі маёнтак і меў сярэднія прыбытки, але імкнуўся адукаваць і далучыць дзяцей да грамадскай актыўнасці. Брат Пелагеі, Аляксандр Бадуноў, з’яўляўся вядомым гарадскім дзеячом, галосным Гомельскай гарадской думы і камісарам Гомельскай Дэмакратычнай дырэкторыі (1918 г.). Сястра Марыя – прадстаўніца першага выпуска Белдзяржуніверсітэта, актыўна дзейнічала ў партыі беларускіх эсэраў.

Пелагея Бадунова скончыла двухкласнае вучылішча ў Буйнічах пад Магілёвам, каля 10 год выкладала ў вясковых школах Гомельскага павета. Напярэдадні Першай сусветнай вайны накіравалася ў Петраград на знакамітыя Вышэйшыя гісторыка-літаратурныя курсы. Тут пачалося яе імклівае ўваходжанне ў палітыку. Яе абіраюць дэпутатам рэвалюцыйнага урадавага органа – Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Прымаючы ўдзел у справе пераўтварэння вялізарнай краіны, яна усвядоміла, што часткай гэтых перамен з’яўляецца самавызначэнне народаў, у тым ліку і беларускага. У Петраградзе П. Бадунова далучаецца да беларускага руху, уваходзіць у ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады, вядзе актыўную рэвалюцыйна-прапагандысцкую работу сярод салдат-франтавікоў і бежанцаў, настаўнікаў. Для гэтай справы летам 1917 г. яна прыязджае і ў родны Гомель, намагаецца закласць мясцовую філію БСГ.

П. Бадунова ўваходзіла ў склад Цэнтральнай і Вялікай беларускіх рад, беларускіх франтавых камітэтаў. Была яна адным з арганізатараў Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 г., рыхтавала даклад аб бежанцкай справе і стратах Беларусі ў вайне, аб вымогах іх міжнароднай кампенсацыі.

П. Бадунова стала адзінай жанчынай, якая ўвайшла ў Народны Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі у якасці міністра апекі, займалася арганізацыяй школ і дзіцячых прытулкаў. Разам з паплечнікамі па левым крыле БСГ стварыла і ўзначаліла Партыю беларускіх эсэраў (БПСР), якой кіравала да самароспуску партыі ў 1924 г. У сваёй праграме і тактыцы партыя ішла насустрач беларускаму сялянству і мела шырокую яго падтрымку.

БПСР першай заўважыла экспансіянісцкія планы Польшчы адносна заходняй часткі Беларусі і маштабы рэпрэсій супраць беларускіх дзеячоў. У гэтых умовах савецкая Расія падалася больш блізкім ідэалагічным і ваенным саюзнікам, таму ў снежні 1919 г. ў Смаленску П. Бадуновай быў падпісаны дагавор з ЦК Кампартыі Літвы і Беларусі аб сумесных з Заходнім фронтам Чырвонай арміі дзеяннях супраць польскай акупацыі Беларусі. Застаючыся на падпольскай тэрыторыі, Бадунова наладжвала партызанскі супраціў, была арыштавана акупацыйнымі ўладамі. У сакавіку 1920 г. па дамоўленасці са старшынёй урада БССР А. Чарвяковым накіравалася ў Маскву, дзе вяла перамовы ў ЦК РКП (б) і з наркамам нацыянальнасцяў І. Сталіным па пытанню стварэння беларускай рэспублікі.

Беларускія эсэры і асабіста П. Бадунова падтрымалі Беларускую Савецкую Сацыялістычную рэспубліку, аднак катэгарычна апратэставалі падпісанне Рыжскага міру, які аддаў Польшчы Заходнюю Беларусь. Для ізаляцыі БПСР былі праведзены татальныя арышты яе дзеячоў у Мінску, а П. Бадунова заключана ў маскоўскую Навінскую турму. За тры месяцы зняволення яна правяла некалькі галадовак. На абарону П. Бадуновай выступіў Міжнародны Чырвоны Крыж, грамадскасць і дзяржаўна-партыйнае кіраўніцтва Беларусі.

А. Чарвякоў пісаў у Маскву, что «Бадунова мае шмат заслуг перад рабочымі і сялянамі Беларусі».

У 1923 г. П. Бадунова накіравалася ў эміграцыю. Цераз Польшчу выехала ў Прагу, вучылася ў Карлавым універсітэце, арганізоўвала беларускія сілы ў эміграцыі. Аднак падарванае здароўе і напружанне сіл прывялі да цяжкага нервовага захворвання. П. Бадунова вяртаецца ў Беларусь на апеку сястры Марыі і брата Аляксандра. Да 1930 г. жыла ў Мінску. Пасля вяртання ў 1926 г. Гомельскай губерні ў склад БССР наведала Гомель, склала запіску для Інбелкульта аб неабходнасці адкрыцця ў горадзе вышэйшай навучальнай установы і выкарыстання для гэтых мэтаў унікальнай бібліятэкі палаца Румянцавых-Паскевічаў .

Да 1937 г. яна жыла з братам на вуліцы К. Маркса ў доме № 115.

Тут была арыштавана i два з паловай месяцы знаходзілася ў мясцовай турме НКУС. У выніку першага і апошняга допыту 22 лістапада асуджана да 10 гадоў ГУЛАГу. Але ў лагеры яна не трапіла, а была адпраўлена ў мінскую турму, дзе ў 1938 г. была асуджана паўторна сумесна з групай беларускіх партыйна-савецкіх дзеячаў, на гэты раз – да растрэлу.

Адной са значных і даволі супярэчлівых фігур беларускага руху з’яўляецца ўраджэнец Лоеўскай зямлі Яўсей Канчар. «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» характарызуе яго як палітычнага дзеяча, гісторыка, публіцыста, вучонага ў галіне эканамічнай геаграфіі .

Нарадзіўся Я. Канчар ў 1882 г. у вёсцы Сяўкі Дзеражыцкай воласці тагачаснага Рэчыцкага павета ў заможнай сялянскай сям’і. Да нядаўняга часу ў Сяўках захоўваўся дом Канчараў, дзе ў паслярэвалюцыйныя часы доўгія гады размяшчалася вясковая школа.

Сам Яўсей спачатку вучыўся ў роднай вёсцы ў царкоўна-прыходскай школе, а затым насуперак волі бацькі збег ў народнае вучылішча ў Дзеражычы. У 16-гадовым узросце ён рушыў у свет: працаваў у фотамайстэрні ў Кіеве, быў паслушнікам у адным з кіеўскіх манастыроў, настаўнікам царкоўна-прыходскай школы, затым пайшоў вучыцца ў Мар’інагорскую земляробчую школу.

Але ў вучэльні яго больш прывабілі не аграрныя навукі, а ідэі народніцтва і вопыт кааператыўнага руху, ды настолькі, што ў 1902 г. ён пешшу накіраваўся пад Адэсу для вывучэння гаспадарак чэшскіх і нямецкіх каланістаў. Тут за агітацыйную дзейнасць Яўсей быў арыштаваны і высланы ў Тыфліс. Пасля вызвалення у 1910 г. Я.

Канчар пакідае Каўказ і кіруецца на Вышэйшыя сельскагаспадарчыя курсы ў Пецярбург.

Бурныя рэвалюцыйныя падзеі не маглі не закрануць такую дзейную і неўрыслівую асобу. Палітычныя сімпатыі, здаецца, павінны былі прывесці Я. Канчара да эсэраў. Аднак у Пецярбургу ён знаёміцца з беларускім асяродкам і пачынае актыўна ўзаемадзейнічаць з нацыянальнымі арганізацыямі. У сакавіку 1917 г. ён увайшоў ў Беларускі Нацыянальны Камітэт, створаны беларускімі дзечамі ў Мінску, але праз месяц пакідае яго з-за нязгоды з пазіцыяй па пытаннях мовы і культуры. Трэба думаць, што тут ім кіравалі альбо традыцыі «заходне-русізм», альбо, наадварот, ідэі “рэвалюцыйнага інтэрнацыяналізма”, для якіх яскравыя чыннікі нацыянальнай самаідэнтыфікацыі – мова і культура – аднолькава здаваліся неістотнымі. Магчыма, не знайшоў Я. Канчар і «ідэйнага паразумення» са старшынёй БНК Раманам Скірмунтам.

Рэвалюцыйна-народніцкі досвед хіліў Я. Канчара да збліжэння з левым, прабальшавіцкім, крылом беларускага руху.

Амбіцый і актыўнасці Я. Канчара хапіла на тое, каб паспрабаваць пераняць ініцыятыву «нацыяналістаў». У лістападзе 1917 г. ён становіцца адным з ініцыятараў стварэння і старшынёй Беларускага Абласнога камітэта пры Усерасійскім савеце сялянскіх дэпутатаў. У БАК увайшло каля 70 дэлегатаў ад беларускіх губерняў і франтавікоў. Планы арганізацыі былі досыць маштабнымі: неадкладна была распрацавана дэкларацыя аб беларускай аўтаноміі ў складзе РСФСР і заяўлены патрабаванні аб прысутнасці беларускай дэлегацыі на мірных перамовах у Брэсце.

Са свайго боку БАК актыўна далучыўся да падрыхтоўкі Усебеларускага з’езда, падтрымаўшы ініцыятыву Вялікай беларускай рады. Менавіта БАК, дзякуючы выдатным арганізатарскім здольнасцям Я. Канчара, змог пераканаць вышэйшае бальшавіцкае кіраўніцтва ў неабходнасці з’езда і забяспечыць яго фінансаванне за кошт СНК РСФСР. Свае мэты камітэт выклаў наступным чынам: «Дзяржаўны лад Беларусі павінен насіць рэспубліканскі характар і заставацца ў федэрацыі з Расійскай рэспублікай»; уладным органам Беларускай рэспублікі будзе Усебеларускі Савет рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў, які аб’яднаўшыся з Аблвыканкамзахам, утворыць Часовы Цэнтральны Выканаўчы Камітэт Саветаў Беларусі .

Я. Канчар вёў вострую палеміку з дзеячамі Вялікай Беларускай Рады, але аднолькава з ёю ацаніў разгон з’езда Аблвыканкамзахам. «Кіруючае ядро» БАК прыйшло да высновы, што дзеянні начальніка Мінскага гарнізона М. Крывашэіна парушаюць дамоўленасць з СНК РСФСР. Было вырашана, што Я. Канчар разам са старшынёй эсэраўскай фракцыі БАК магілёўцам Васілём Селіванавым павінны неадкладна адправіцца ў Петраград для інфармавання асабіста Уладзіміра Леніна і Іосіфа Сталіна аб тым, што адбылося, і з хадайніцтвам аб вызваленні арыштаванага прэзідыума з’езда.

Пасля ўмацавання савецкай улады і савецкай мадэлі дзяржаўнасці Я. Канчар не расчараваўся ў беларускай справе. З лютага 1918 г. ён працаваў ў Беларускім нацыянальным камісарыяце (Белнацкаме) пры Народным Камісарыяце РСФСР па справах нацыянальнасцей.

Пасля адкрыцця Беларускага дзяржаўнага універсітэта кароткі перыяд 1922–1923 гг. Канчар чытаў лекцыі для яго студэнтаў. Пакінуць Ленінград ён так і не наважыўся, хаця сувязі з Беларуссю не перарываў.

За час выкладання ў Мінску напісаў падручнік па эканамічнай геаграфіі Беларусі, які, праўда, так і не быў надрукаваны. Ён жа з’яўляецца аўтарам шэрагу прац па аграрных пытаннях і сельскагаспадарчай кааперацыі, гісторыі земстваў і грамадскіх рухаў Беларусі. У 1920-я гг. спрабаваў заснаваць у Пецярбургзе Беларускае Вольнае эканамічнае таварыства, падтрымліваў Асацыяцыю беларускіх студэнтаў ленінградскіх ВНУ і Беларускае студэнцкае зямляцтва.

Да апошніх сваіх гадоў Я. Канчар наведваў родныя Сяўкі. Да канца жыцця, нават у самыя застойна-інтэрнацыяналістскія часы, ён заставаўся беларускім патрыётам і дзяржаўнікам. У асабістым архіве дзеяча захоўваюцца копіі паштовак, якія на вялікія савецкія святы ён дасылаў кіраўнікам БССР, вітаючы іх як прадстаўнікоў беларускай дзяржавы.

Родныя Яўсея Сцяпанавіча згадваюць, што ён з задавальненнем адзначаў дасягненні Савецкай Беларусі і ўзровень жыцця беларусаў у параўнанні з некаторымі рэспублікамі і раёнамі СССР, а аднойчы заўважыў: «Ну, а калі б аддзяліліся, як Фінляндыя, дык жылі б яшчэ лепей».

Земляком Я. Канчара і актывістам беларускага руху на пэўным яго этапе стаў Васіль Муха (1989–1965). Ён нарадзіўся ў вёсцы Андрэеўка Рэчыцкага павета, таксама ў сялянскай сям’і. Скончыў народнае вучылішча ў суседняй Маладушы і быў закліканы на вайсковую службу. Здольнага беларускага хлапца адправілі ў прэстыжную кранштадскую школу радыётэлеграфістаў, а затым – на Балтыйскі флот, дзе да пачатку рэвалюцыйных падзей 1917 ён правёў аж сем год. Пасля лютаўскіх палітычных ўзрушэнняў В. Муха патрапіў у сябры Абласнога камітэта арміі, флоту і рабочых Фінляндыі. Але раздзіма не была забытай. Калі да балтыйцаў дайшлі чуткі пра абуджэнне былых ускраін Расійскай імперыі і стварэнне франтах нацыянальных груповак, В.

Муха заснаваў у чэрвені 1917 г. Арганізацыю маракоў-беларусаў Балтыйскага флоту. Ён наладжвае кантакты з беларускімі дзеячамі ў Петраградзе, у тым ліку сваёй зямлячкай П. Бадуновай. Магчыма, пад уплывам апошняй уступае ў Беларускую Сацыялістычную грамаду, едзе на яе трэці з’езд у Мінск, дзе абіраецца ў ЦК партыі. Актыўна далучаецца да арганізацыі з’езда франтавікоў-беларусаў Заходняга фронту, становіцца яго сустаршынёй, уваходзіць у склад Вялікай Беларускай рады. Неўзабаве адбываецца цікавы паварот яго палітычнай біяграфіі – у лістападзе 1917 г. ён аказваецца амаль адзіным беларусам у складзе Аблвыканкамзаху, дзе дастае пасаду камісара апекі Заходняй вобласці і фронту. Ён паўнавартасны удзельнік Ўсебеларускага з’ездза, а пасля яго разгону ў знак пратэсту пакідае Аблвыканкамзах.

Але вір падзей не пакідаў выбару. З восені 1918 г. В. Муха апынуўся ў Чырвонай арміі, ваяваў на польска-савецкім фронце.

Уступленне ў РКП(б) забяспечыла далейшую паспяховую кар’еру. З 1920 і аж да 1954 г. заставаўся на савецкіх пасадах, у т. л. загадваў Сакратарыятам ЦВК БССР. Адзін з нямногіх, каму пачшасціла выжыць у сталінскіх рэпрэсія, хаця ў 1938 г. і быў арыштаваны «за шпіёнска-дыверсійную дзейнасць». У фондах Рэчыцкага краязнаўчага музея захоўваюцца пакінутыя В. Мухай успаміны.

Яшчэ адной велічнай персонай, якая імкнулася аддаць новастворанай беларускай дзержаве – БНР свой інтэлект, досвед вучонага, высокі прафесіяналізм і талент арганізатара быў Мітрафан Доўнар-Запольскі (1867–1934).

Ён нарадзіўся ў павятовай Рэчыцы, у сям’і, якая прыналежыла да старажытнага, але абсалютна збяднелага шляхецкага роду. Будучы вучоны правёў у Рэчыцы ранняе дзяцінства, але быў вымушаны яе пакінуць з-за пастаянных пераездаў па месцах працы бацькі і родных.

Сёння ніводны адрас Рэчыцы, звязаны з пабыццём тут М. Доўнар-Запольскага не захаваўся. Аднак у 1997 г. землякі ўшанавалі яго заслугі перад навукай і Бацькаўшчынай устаноўкай помніка, які ўпрыгожвае галоўную вуліцу горада.

Нягледзячы на нядоўгае сваё жыццё на Палессі, М. Доўнар-Запольскі ніколі не забываў родных мясцін. Ужо ў шаснадцацігадовым узросце ён пачынае апісваць іх у невялікіх занатоўках, якія друкуюцца ў папулярных агульнарасійскіх выданнях.

Студэнтам Кіеўскага універсітэта ён вернецца сюды для вывучэння моўных і этнаграфічных асаблівасцей Мазырска-Рэчыцкага Палесся.

Тут, у Мікулічах, што пад Брагінам, ён сустрэне сваё першае каханне – жонку Надзею, дачку мясцовага святара. З яе смерцю праз кароткі час сувязь з малой радзімай перарвецца надоўга.

М. Доўнар-Запольскага напаткае шчаслівы лёс. Ён зробіць выдатную кар’еру, набудзе міжнарожную вядомасць як даследчык, рэалізуе талент педагога на пасадзе прафесара Кіеўскага універсітэта св.

Уладзіміра, увасобіць здольнасці арганізатара адукацыі ў стварэнні і кіраўніцве Кіеўскім камерцыйным інстытутам. Яго чакалі грамадская вядомасць, рэспектабельнасць, заможнасць і дзяржаўныя ўзнагароды.

Аднак у вельмі крытычны, як для Радзімы, так і для ўласнага жыцця момант вясны 1918 г. з многіх альтэрнатыў М. Доўнар-Запольскі выбраў падтрымку справы маладой беларускай дзяржаўнасці.

Самым актыўным чынам Мітрафан Віктаравіч уключаецца ў арганізацыю беларускіх сілаў у Кіеве. Ва універсітэце наладжваюцца беларускія грамадска-культурныя сходы, ствараюцца курсы беларусазнаўства. У канцы сакавіка 1918 г. ўзнікае «Беларуская арганізацыя на Украіне», якую М. Доўнар-Запольскі ўзначаліў непасрэдна. У красавіку яго ўключаюць у дэлегацыю Народнага Сакратарыяту БНР па перамовах з Украінай – спачатку як кансультанта, затым і як паўнапраўнага прадстаўніка. У першым дыпламатычым кантакце нованароджанай дзяржавы Доўнар-Запольскі ўзяў на сябе абгрунтаванне дзяржаўных межаў, геапалітычнага становішча і знешнепалітычных арыенціраў Беларусі, яе эканамічных перспектыў. Перамовы прадэманстравалі здольнасці вучонага як дыпламата і палітыка .

Артыкулы М. Доўнар-Запольскага ў кіеўскіх выданнях «Белорусское слове» і «Белорусское эхо» былі рэакцыяй на акупацыю Беларусі нямецкімі войскамі і падпісанне Брэсцкай умовы, якая адмаўляла перспектыву дзяржаўнасці Беларусі і дзяліла яе тэрытарыяльна. Вучоны заклікаў суайчыннікаў засвоіць гістарычны ўрок і скансалідавацца дзеля барацьбы за абарону нацыянальных інтарэсаў.

На старонках «Белорусского эхо» М. Доўнар-Запольскі упершыню друкуе твор «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», які быў пазней надрукаваны асобным выданнем, перакладзены на некалькі еўрапейскіх моў і скарыстаны для міжнароднай прэзентацыі беларускай дзяржаўна-палітычнай праграмы. Гэты, па сутнасці, зварот да сусветнай грамадскасці меў прагматычна-прапагандысцкае прызначэнне, але яго адрасатам былі не толькі міжнародна-палітычныя колы, але і масы суайчыннікаў М. Доўнар-Запольскага, свядомасць якіх ён імкнуўся ўзрушыць. Доўнар-Запольскі робіць рацыянальнае дапушчэнне, якое не страціла актуальнасці і сёння: стварэнне дзяржавы можа апярэдзіць нацыятворчыя працэсы, а завяршальны этап фарміравання і структуравання беларускай нацыі стане вынікам дзяржаўна-палітычнай волі.

Створаная і ўзначаленая ім Беларуская гандлевая палата ў Кіеве сваім камерцыйным поспехам забяспечыла матэрыяльную падтрымку многіх захадаў ураду БНР.

М. Доўнар-Запольскі бярэцца таксама за перспектыўныя пытанні, здольныя забяспечыць інтэлектуальны суверэнітэт Беларусі: у красавіку 1918 г. ён узначаліў камісію ў справе адкрыцця беларускага ўніверсітэта. Досвед арганізатара навукі дазваляў не толькі абгрунтаваць структуру і эканамічную мадэль беларускага універсітэта, але зрабіць практычныя крокі па ўвасабленню плана ў жыццё: было прапанавана запрасіць у Мінск акадэміка Яўхіма Карскага і даручыць яму арганізацыю ўніверсітэта, таксама складзены спіс 36 прафесароў розных універсітэтаў, якія пагадзіліся працаваць у Беларусі .

Тым часам надзеі на ўмацаванне Беларускай дзяржаўнасці і пераезд у Мінск не спраўдзіліся.

Вір падзей закідвае М. Доўнар-Запольскага спачатку ў Крым, затым у Харкаў і Баку. У 1925 г. лёс дае новы шанец прымяніць ўсе назапашаныя М. Доўнар-Запольскім сілы і досвед на карысць Беларусі. Па запрашэнню кіраўніцтва БССР вучоны пераязджае ў Баку ў Мінск і пачынае працаваць у Інбелкульце і Белдзяржуніверсітэце.

На фоне беларусізацыі прыезд М. Доўнар-Запольскага быў чаканай і значнай падзеяй для беларускага інтелектуальна-культурнага жыцця. Плён зробленага М. Доўнар-Запольскім ў Мінску за кароткі, фактычна паўгадовы, час яго працы тут ўражвае.

На пасадзе старшыні гісторыка-археаграфічнай камісіі Інбелкульта ён рыхтуе том «Беларускага архіва», праграму выдання «Метрыкі Літоўскай» і крыніц па гісторыі Беларусі для студэнтаў; распрацоўвае план рэстытуцыі беларускіх архіваў. Да гэтага дадаваліся лекцыі на педагагічным факультэце БДУ, наведванне археалагічных экспедыцый, праца ў Дзяржплане БССР, заканчэнне «Истории Белоруссии». Многія ініцыятывы вучонага здзейсніліся толькі праз дзесяцігоддзі.

Нажаль паразумення вучонага з партыйна-дзяржаўным кіраўніцтвам БССР не адбылося і яно дамагаецца выдалення М. Доўнар-Запольскага з Беларусі. Следам распачынаецца згортванне беларусізацыі. Вучоны памё у Маскве, пацвердзіўшы сумную ісціну, што выдатныя сыны Беларусі не застаюцца ў яе землі і нават памаць пра іх вяртаецца праз дзесяцігоддзі і з вялікай цяжкасцю.

Напаўзабытым застаецца і Васіль Селіванаў – вядомы эсэраўскі дзеяч, які ў адказный момант беларускага самавызначэння – пры падрыхтоўцы Усебеларускага з’езда – адыграў важную ролю.

В. Селіванаў не быў уражэнцам Гомельшчыны, ён нарадзіўся ў 1889 ў Клімавіцкім павеце Магілёўскай губерніі, аднак, важныя перыяды яго дзейнасці былі звязаны якраз з Гомелем. Паходзіў ён з сялянскай і не беднай сям’і, якая здолела даць сыну гімназічную адукацыю. Аднак не давучыўшыся да канца, юнак адпраўляецца туды, дзе многія суайчыннікі шукалі лепшай долі – у Кіеў. Тут ён пачынае пралетарскую біяграфію працай на буйным цукровым заводзе, назірае падзеі 1905 г., пад уплывам якіх уступае ў мясцовую арганізацыю партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Ужо першы ўдзел у палітычнай акцыі – арганізацыя ў 1907 г. забастоўкі на заводзе заканчваецца арыштам і высылкай з Кіева.

Пасля вызвалення В. Селіванаў пэўны час працуе ў Польшчы і Нямеччыне, затым вяртаецца ў Кіеў. У 1915 г. ён быў змабілізаваны на Заходні фронт, у 1916 г. удзельнічаў у буйнейшай аперацыі рускай арміі пад Баранавічамі, якая скончылася неўдачай і канчаткова здэмаралізавала і рэвалюцыянізавала салдатаў. З лютага 1917 В. Селіванаў – сябра франтавога салдацкага камітэта і з гэтага моманту не пакідае палітычнай дзейнасці. Неўзабаве ён трапляе ў кіруючыя структуры Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, далучаецца да яе левага крыла.

У дні Першага ўсерасійскага з’езда сялянскіх дэпутатаў адбываецца сустрэча, якая вызначыла пэўны паварот у свядомасці і дзейнасці палітыка – знаёмства са старшынёй Беларускага абласнога камітэта на з’ездзе Яўсеям Канчарам. В. Селіванаў самым актыўным чынам уключаецца ў працу БАК па «арганізацыі палітычнага ўладкавання Беларусі». Калі камітэт дамогся стварэння пры Наркамаце нацыянальнасцяў РСР беларускага аддзела, у яго ўвайшлі толькі 2 челавекі: блізкі да к М. Фрунзе Філіп Караткевіч і Васіль Селіванаў.

Менавіта апошні стаў бліжэйшым паплечнікам Я. Канчара ў справах удзелу БАК у падрыхтоўцы Ўсебеларускага з’езда, узначаліў на ім эсэраўскую секцыю. Поўнасцю падзяляў В. Селіванаў абурэнне разгонам з’езда і разам з Канчарам накіраваўся ў Маскву, спрабаваць распавесці ў праўду пра падзеі ў Мінску. Удзел у БАК і Усебеларускім з’ездзе, магчыма, былі для В. Селіванава момантам найбольшага раскрыцця яго здольнасцей палітыка. Я. Канчар, распавядаючы у Наркамнацы РСР пра патэнцыял БАК вызначыў В. Селіванава як «замечательного самородка» .

Надалей, відавочна, у светапоглядзе палітыка класава-сацыялістычныя каштоўнасці перамаглі над нацыянальнымі. Ён заставаўся на леваэсэраўскіх пазіцыях, крытыкаваў міжнародную і аграрную палітыку бальшавікоў, за што неаднаразова арыштоўваўся імі, але ўрэшце-рэшт сам перайшоў у камуністычную партыю.

Бальшавікам спатрэбіўся патэнцыял гэтага чалавека. За сваю кар’еру яму неаднойчы давялося пабыць на адказных пасадах ў крытычныя моманты савецкай улады. Ён быў абраны старшынёй Магілёўскага губвыканкама напачатку 1918 г., але пакінуў пасаду ў знак пратэсту супраць Брэсцкага міру і ўвядзення камітэтаў беднаты на вёсцы. З прыходам нямецкай акупацыі В. Селіванаў на эвакуіраваўся, як астатнія кіраўнікі губерні, а застаўся на падпольнай рабоце, з кастрычніка 1918 узначаліў гомельскі рэўкам, рыхтаваў вяртанне савецкай улады, якая адразу даручыла яму самую цяжкую пасаду – старшыні прадкама. З пачаткам савецка-польскай вайны В. Селіванаў сфарміраваў і ўзначаліў «Першы Гомельскі камуністычны пралетарскі батальён», пабываў з ім на фронце і ў польскім палоне, пасля кароткі час займаў пасаду старшыні Гомельскага гомельскага губвыканкама. У 1930-я гг. апынуўся ў Маскве. У лютым 1941 г. быў арыштаваны, асуджаны «за антысовецкую агітацыю і тэрарыстычныя намеры» на 8 год папраўча-працоўных лагераў. Адтуль ён ужо не вярнуўся. Месца высылкі, як і месца, а таксама дата смерці гэтага здольнага дзеяча з пакручастым лёсам застаюцца невядомымі.

Гомельшчына 1918 г. аказалася фармальна аддзеленай ад Беларускай Народнай Рэспублікі. За гэты стратэгічны кавалак беларускай тэрыторый ў той год змагаліся больш моцныя суседзі – Украіна і Расія. Украіна здолела пакарыстацца рэгіёнам амаль год, РСФСР – з 1919 г. і да 1924–1926 гг.. Але ўнёсак Гомельшчыны ў беларускую справу на этапе яе станаўлення сведчыў, што працэс беларускага дзяржаўнага самавызначэння няўхільны.

Спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры

  1. Лебедзева, В. Пуцявінамі змагання і пакутаў: Палута Бадунова. Мінск: Тэхналогія, 2004.
  2. Даследчык гісторыі трох народаў: М. В. Доўнар-Запольскі: зб. навук. арт. і дак. па матэрыялах Першых і Другіх Доўнар. чытанняў / Гом. дзярж. ун-т; пад рэд. В. М. Лебедзевай. – Гомель: Рэчыца, 2000.

Аўтар: В.М. Лебедзева
Крыніца: Дзяржаўнасць Беларусі ў ХХ стагоддзі: да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі: зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал.: В. А. Міхедзька (гал. рэд.) [і інш.]; Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2019. – С. 75-88.