За савецкім часам, а тым больш, за сталінскім, стаць у БССР “законным” міліянерам было амаль нерэальна. А тым больш — вясковаму беларусу з вёскі Баршчоўка Гомельскай вобласці Рэчыцкага раёна.
Я таксама так думаў, пакуль напрыканцы сямідзесятых мая бабуля Марыя Сазонтаўна не паказала мне на Прудкоўскіх могілках Гомеля адну магілу.
— Сыначка, гэты чалавек быў багацейшым за найгалоўнага нашага міністра і нават мог бы яго купіць з усімі вантробамі!
За часамі НЭПу ў БССР пачалася эпоха зманлівай эканамічнай “волі”. Да так званага “ўгару НЭПу” у 1927 годзе кожны прадпрамальны чалавек пры наяўнсці стартавага капіталу мог зарганізаваць рэстарацыю, майстэрню, цэх… дый што заўгодна, куды меў права ўзяць на працу меньш прадпрымальных і зарабляць там грошы.
Мікола Дзьмітрыевіч Вітаўтаў пад час “дазволу эканамічнае волі” было пад пяцьдзесят. Вясковае жыццё прывучыла яго ніколі і нікому не даваць веры, а маскоўскае ўладзе – і пагатоў.
Але ж на НЭП ён купіўся. Як праўдзівы селянін з-пад Рэчыцы ён вельмі доўга думаў, які бізнэс варта зарганізаваць. Урэшце рэшт прыняў ну вельмі нетрадыцыйнае рашэнне: вытворчасць трунаў і арганізацыя пахаванняў ва ўсім Гомлі.
Мікола Дзьмітрывіч рабіў труны для ўсіх: для чыгуначных начальнікаў і непісьменных сялянаў, для “чырвоных дырэктароў” са знакамітага гомельскага Дома Камуны і для іх каханак-пакаёвак, для ОГПУшнікаў і для дзяцей з рэпрэсаваных ОГПУшнікамі сем’яў. Пры належным фінансаванні ён бы зрабіў труну нават і для таварыша Сталіна, не кажучы ўжо пра таварышаў Цанаву і Панамарэнку (упэўнены, што і задарма). Прытым, як пісьменны менэджэр, якасна пашыраў спектр паслугаў для “мэтавай аўдыторыі”: акрамя асартыменту трунаў розных памераў, якасці і коштаў, зарганізоўваў нават зямлю на ўсіх гомельскіх могілках, і дастаўку целаў з мораў, і нават аркестр. Апафеозам дзейнасці Міколы Дзьмітрыевіча стала пахаванне нейкага ўплывовага гомельскага чакіста, якому жонка замовіла на хаўтурах цэлы сімфанічны аркестр. Мікола Вітаўтаў абсалютна прафесійна зарганізаваў той сімфанічны аркестр на Навікоўскіх могілках, якія калісь былі побач з цяперашнім гомельскім Касцёлам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Чакісты плакалі і, падазраю, прасілі зарганізаваць такія ж хаўтуры і ім, калі хто не дажыве да Перамогі Сусветнае Рэвалюцыі…
Калі Саветы пачалі згортваць НЭП і саджаць “нэпманаў”, у Гомелі пасадзілі, саслалі і расстралялі практычна ўсіх. Акрамя Міколы Дзьмітрыевіча Вітаўтава. Бо нават ОГПУшнікі, іх жонкі, каханкі і дзеці рэгулярна паміралі, страляліся, труціліся, выкідаліся з вокнаў, і кожнага з іх трэ’ было прафесійна пахаваць. За адпаведнае ўзанароджанне “кааператыву па рытуальных паслугах М. Вітаўтава”.
Падчас нямецкай акупцыі Мікола Дзьмітрыевіч з тым жа імпэтам хаваў немцаў. За адпаведнае ўзнагароджанне, у розных гатунках, памерах і якасцяў трунаў. Калі на месца немцаў прыйшлі Саветы, Вітаўтава, натуральна, заарыштавалі. Адбрахаўся ад чакістаў ён абсалютна геніяльна:
— Значыцца, вы хочаце мяне расстраляць за тое, што я хаваў нямецкіх акупантаў?..
…З кожнага пахавання Мікола Дзьмітрыевіч Вітаўтаў 10 % плаціў “наверх” (пахаванні нават самага дробрага гомельскага начальства былі задарма), 10 % даваў сваім дзецям, на 50 % купляў золата, а на астатняе жыў. Прытым вельмі сціпла: Машыны не меў. На таксоўкаў не ездзіў. Нават пахавалі яго ў даваенным паліто. Магіла ў яго, як бачыце, вельмі сціплая.
P.S. Мікола Дзьмітрыевіч Вітаўтаў, 1875 г. н. – дваюрадны брат маёй прабабкі Вольгі Мінаўны Лаўрэнавай (1879-1952). Якая і распавяла гісторыю ягонага жыцця сваёй дачцэ, маёй бабулі, а тая напрыканцы сямідзесятых гадоў мінулага стагоддзя – мне. Спадзяюся, мне ад таго Міколы Дзьмітрыевіча Вітаўтава таксама нешта перайшло ў спадчыну, прынамсі, што тычыцца сістэмнага менеджыменту.
Так што калі пачуеце, што “беларусы, маўляў, нястусныя да бізнэсу” – плюнце такому ў вочы!
Яшчэ як стусныя.
Аўтар: Уладзіслаў Ахроменка