Гомель у складзе Кіеўскай Русі

0
461
Гомель складзе Кіеўскай Русі

Канец незалежнасці радзімічаў пакладзены ў 984 г., калі ваявода вялікага кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча Воўчы Хвост разбіў дружыну радзімічаў у бітве на рацэ Пяшчань. Трэба меркаваць, што менавіта ў 980—990-х гадах Гомій атрымлівае статус велікакняжацкага горада з уласцівай яму дзяржаўнай адміністрацыяй, вайсковай арганізацыяй, апаратам суда і збору падаткаў.

Далучэнне зямлі радзімічаў да Кіеўскай Русі, верагодна, дало штуршок для эканамічнага развіцця Гомія. Летапісы, якія дайшлі да нашых дзён, не згадваюць пра горад пры асвятленні гістарычных падзей XI ст. Аднак раскопкі 1986-1992 гг. даюць важкія аргументы для высновы, што ў XI ст. Гомій быў буйнейшым і найбольш развітым паселішчам гарадскога тыпу ў Ніжнім Пасожжы.

«Маўчанне» летапісаў не дае нам магчымасці даведацца пра імёны далёкіх продкаў, «пачуць» іхнія галасы, «бачыць» іхнія гіамкненні і намеры. У руках вучоных толькі «нямыя» сведкі старажытных гаміян, якія адшуканы ў культурных пластах у розных частках гомельскага парку i зоны сучаснай забудовы па вул. Пралетарскай i Гагарына. Гэта — калекцыя вырабаў з гліны, чорнага i каляровых металаў, каменя, шкла, косці, рэшткі прадметаў побыту, узбраення, упрыгожанняў, прылад працы людзей, якія жылі на гэтай зямлі каля 9 стагоддзяў таму.

Каля будынка абласнога музея археалагічная экспедыцыя адкрыла роў гарадской цытадэлі, якая надзейна абараняла гарадзішча плошчай каля 0,7 га над вусцем ручая Гамяюк. Тут білася «сэрца» горада. А навокал, на тэрыторыі не менш за 15 га, раскінуліся пасады, забудаваныя сядзібамі гараджан.

Сядзіба сярэдневяковага гараджаніна ўяўляла групу драўляных пабудоў рознага прызначэння, у склад якой уваходзілі зрубны жылы дом у 1—2 паверхі, пуні, вазоўні, павеці, іншыя будынкі, часта — рамесныя майстэрні. Плошча сядзібы звычайна займала не больш за 300-450 м2. Яе межамі былі драўляныя агароджы ў выглядзе платоў ці парканаў. Сядзібы групаваліся кварталамі, якія, у сваю чаргу, падзяляліся вуліцамі шырынёй 2,5-5 м. «Вузлавымі» пунктамі гарадской вулічна-сядзібнай планіровачнай сеткі, якая ў значнай ступені падпарадкоўвалася рэльефу, напрамку вадацёкаў і яроў, былі крэпасць, буйныя пабудовы грамадскага прызначэння, брамы гарадскіх умацаванняў.

Гаміяне XI ст. займаліся ганчарнай справай, апрацоўкай чорнага металу, ювелірна-ліцейнымі работамі, разьбой па косці і іншымі рамёствамі. Ра­зам з тым яны не забываліся i пра сельскую гаспадарку. На ўскраіне гарадскога пасада вучоныя знайшлі выразныя сляды, пакінутыя старажытнымі глебаапрацоўчымі прыладамі, а на сядзібах — рэшткі металічных наканечнікаў рал i сох, сярпы i косы, каменныя жорны для ручнога памолу зерня і інш.

Гомій XI ст. быў адміністрацыйна-палітычным, эканамічным і ваенным цэнтрам вялікай акругі-воласці, населенай нашчадкамі радзімічаў. Да го­рада падступалі малыя вёскі і шматлюдныя сёлы, раскіданыя па берагах Сожа, Іпуці, Узы, Церухі, Вуці. Найбольш буйныя паселішчы былі каля сучасных вёсак Шарсцін, Хальч, Маркавічы, Глыбоцкае, Целяшы, Ста­рая Беліца, Дзям’янкі, Гардуны, Уваравічы. Тут жылі сяляне, якія кармілі не толькі сябе і сваіх гаспадароў, але і пэўную частку насельніцтва Гомія. Насельніцтва вёсак займалася земляробствам, ляснымі промысламі, паляваннем, прадзеннем і ткацтвам, здабычай балотнай руды. «Лішнія» людзі вёсак папаўнялі гарадское насельніцтва.

Наканечнік стралы XII-XIII ст. з пячаткай дынастыі Рурыкавічаў.
Наканечнік стралы XII-XIII ст. з пячаткай дынастыі Рурыкавічаў.

У XI ст. тут разгарнулася ўпартая барацьба за душы людзей паміж прадстаўнікамі старой язычніцкай веры — вяшчунамі і хрысціянскімі місіянерамі, якіх актыўна падтрымлівала велікакняжацкая ўлада. Ужо тады ў горадзе было шмат хрысціян ці людзей, якія знаходзіліся пад уплывам хрысціянскага веравучэння, бо сярод знаходак археолагаў сустракаюцца і нацельныя крыжыкі.

Гомійскія сёлы, відаць, прымалі но­вую веру без вялікай ахвоты, бо язычніцкія традыцыі ў светапоглядзе сялян панавалі да XII ст. Падставы для такой высновы даюць матэрыялы пахавальных помнікаў XI ст. курганоў.

Бронзавы крыж XII ст.
Бронзавы крыж XII ст.

Яшчэ і сёння курганныя могільнікі можна сустрэць у Гомельскім, Доб­ру шскім, Буда-Кашалёўскім і Веткаўскім раёнах. Пад курганнымі насы­пам! вучоныя знаходзяць пахаванні старажытных жыхароў гомійскіх сёл, здзейсненыя паводле канона язычніцкага пахавальнага рытуалу. Звычаі мясцовага насельніцтва даволі рэзка адрозніваліся ад хрысціянскіх. Ужо само ўзвядзенне кургана ішло ў разрэз з патрабаваннямі царквы. Калі хто-небудзь паміраў, яго сваякі і супляменнікі выбіралі на абшчынным могільніку месца для пахавання. Пляцоўку старанна выпальвалі, каб адагнаць варожых чалавеку духаў. На гэтае месца клалі нябожчыка, а разам з ім — рэчы, якія служылі яму пры жыцці і маглі спатрэбіцца «на тым свеце» ў загробным жыцці: мужчынам — нож, крэсіва з крэменем, гліняную пасудзіну для ежы, калі-нікалі клалі касу ці іншыя прылады працы; жанчынам — верацёны і прасліцы, каралі з шкляных, камен­ных пацерак ці металічныя прывескі, скроневыя кольцы, шыйныя грыўні і іншыя прыналежнасці адзення і ўпрыгожанні. Нябожчыка засыпалі зямлёй з раўчукоў, якія рабілі вакол месца пахавання, а пасля таго, як насып дасягаў пэўнай вышыні, разводзілі на ім, у раўках, рытуальныя вогнішчы, рабілі хаўтуры, памінальную трызну.

Некалькі курганных могільнікаў размяшчалася ў непасрэдным наваколлі Гомія, на месцах гірыгарадных вёсак XI ст. Шмат курганоў было на беразе Любенскага возера (сучасны 5-ы мікрараён), а таксама па старой палявой дарозе на Давыдаўку і ў іншых месцах. На жаль, гэтыя каштоўныя для гісторыі помнікі знішчаны ў выніку гаспадарчай дзейнасці.

У першай палове XI ст., у сувязі з распадам Кіеўскай Русі, землі Ніжняга Пасожжа разам з Гоміем і Чычэрскам (сучасны Чачэрск) адышлі да Чарнігаўскага княства, а з канца стагоддзя замацоўваюцца ў якасці вотчыннага валодання чарнігаўскага князя Давыда Святаславіча і яго нашчадкаў. Па ініцыятыве новых валадароў у горадзе адбываецца значная перабудова. Найперш пачалося расшырэнне старой крэпасці, якая ўжо не магла змяшчаць ні харомы княжацкай адміністрацыі, ні дружынны гарнізон. Больш таго, фартыфікацыі ўжо не адпавядалі новым патрабаванням абароны горада.

Так выглядаюць замкі, спружына ад замка i накладка на дзверы XI-XIII ст.
Так выглядаюць замкі, спружына ад замка i накладка на дзверы XI-XIII ст.

Недзе ў пачатку XII ст. дзядзінец становіцца ў 2 разы большым па плошчы. Ён быў абнесены новым шырокім ровам, высокім валам са зрубнымі сценамі і брамамі. Новую планіроўку набывалі і гарадскія пасады.

«Рэканструкцыя» найважнейшых для гісторыі падзей стала магчымай дзякуючы археалагічным раскопкам апошніх гадоў.

Аўтар: А.А. Макушнікаў
Крыніца: Памяць. Гомель: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі: у 2-х кнігах / [уклад.: П. П. Рабянок]. — Мiнск: Белта, 1999. С. 28-31.