Гомель у полымі войн XVII ст.

2
613
Гомель у полымі войнаў 17 стагоддзя і гомельскі замак

У сярэдзіне XVII ст. Гомель перажыў бадай адзін з найбольш цяжкіх этапаў сваёй гісторыі, што звязана з тым, што на працягу 19 гадоў горад знаходзіўся ў эпіцэнтры баявых дзеянняў. У студзені 1648 г. у Запарожскай Сечы пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, якое вельмі хутка перарасло ў нацыянальна-вызваленчую вайну ўкраінскага народа. Перамогі Б. Хмяльніцкага над польскай арміяй пад Корсунем і Жоўтымі Водамі прывялі да набліжэння казацкіх загонаў да межаў BKЛ, што ў выніку спрыяла разгортванню на Беларусі казацка-сялянскай вайны, якая расцягнулася да 1651 г. Гарнізоны BKЛ аказаліся непадрыхтаваны да барацьбы з казакамі, таму што галоўная ўвага надавалася небяспецы верагоднай вайны з Расійскай дзяржавай. Відавочным фактам з’яўляецца і недаацэнка шляхецкім бокам пагрозы, якая зыходзіла з боку паўстаўшых казакоў. Разгром кароннай арміі, поўная негатоўнасць войска BKЛ да небяспекі з боку Украіны і актыўная падтрымка казакоў часткай беларускага насельніцтва дазволілі ім у ліпені 1648 г. амаль бесперашкодна распаўсюдзіцца ў беларускім Палессі і Падняпроўі.

Першым на Гомелыпчыне апынуўся казацкі загон Пятра Галавацкага, які значна папоўніўся за кошт жыхароў Старадубскага павету. 28 чэрвеня П. Галавацкі авалодаў Гомелем, «…без усялякіх цяжкасцей, бо самі мяшчане пусцілі іх у горад без аніводнага стрэлу. Там жа ў замку не было з кім бараніцца, мусілі выдаць ім (казакам — С. Ч.) яўрэяў» [1, с. 227; 2, с. 298]. Ахвярамі казакоў і паказачаных мясцовых сялян сталі «шляхта слугі замкавыя, яўрэі і гарадскія ўрадоўцы», таксама іх жонкі і дзеці каталіцкае і ўніяцкае духавенства. «Рэдка хто ў той крыві на той час рук сваіх не ўмачыў», — адзначае аўтар летапісу Самавідца [3, с. 52]. Такая жорсткасць была ініцыявана самім Б. Хмяльніцкім, які «і ўраднікаў, і дзяржаўцаў, і палякаў і яўрэяў загадаў пазабіваць»[1, с. 211]. 30 чэрвеня казакі расстарлялі гомельскага падстаросту і некалькіх шляхціцаў, а «пані Скакоўскую, пра якую ведалі, што ў яе шмат наяўных грошай, відавочна катавалі». Жудасную карціну падзей, якія адбываліся ў Гомелі малюе сучаснік Самуэль Марцынкевіч: «Гомель … сам дабраахвотна здаўся. Паручнік там меў прозвішча Кос, арыянін. Там была маса яўрэяў, якія ўцяклі туды з багаццямі. Усіх да аднаго вырубалі разам з жонкамі і дзецьмі, а вялікія яўрэйскія багацці былі ўзяты. Шляхецкія багацці, якія шмат сюды завезлі, забралі, урэшце і таму пану Косу, што здаў горад, адсеклі галаву. Касцёл зруйнавалі, касцёльнае начынне забралі, а калі шукалі ў касцёле скарбы, то разбівалі склепы, магілы, труны… Ксёндз босы, абадраны, у сярмяжцы ўцёк»[4]. У вьшіку свавольства казакаў і паўстанцаў у ліпені 1648 г. у Гомелі было забіта «яўрэяў чалавек з 800, з жонкамі і дзецьмі больш за 2 тысячы… і ляхаў з 600 чалавек», разам каля 2,3 тысяч [1, с. 227].

У горадзе сфарміравалася новая паўстанцкая адміністрацыя. быў пастаўлены «свой аканом», а ўсяму Гомельскаму староству «далі права слабоды на 3 гады». У Гомелі пачаўся працэс фарміравання баявых падраздзяленняў казацкага тыпу. Паводле звестак палонных, у Гомелі летам 1648 г., як і ў іншых гарадах і вёсках Рэчыцкага і Мазырскага паветаў, «усе паказачыліся і паабяцалі адзіп адмаму абараняцца да апошняга» [5, с. 105]. Да канца жніўня становішча паўстанцаў у Гомелі стала настолькі трывалым, што казакі перанеслі сюды з Чарнігава сваю скарбніцу [6, с. 36]. Сучаснік падзей адначае, што казакі «… у тым Гомелі ўмацоўваюцца, сцягваюць туды правіянт, порах, гарматы і баепрыпасы, хочуць учыніць там сабе крэпасць. Адтуль яны ўсюды распускаюць загоны, … дзе б не былі загоны, да Гомеля вяртаюцца» [3].

Пасля паспяховага наступления войска BKJ1 на чале з польным гетманам Янушам Радзівілам у Палессі ў студзені-сакавіку 1649 г. украінскія казакі пакінулі Гомель, але горад застаўся пад кантролем уласнай адміністрацыі. 3 красавіка 1649 г. чатыры сотні казакаў на чале з

Грэсем, якія адносіліся дачарнігаўскага палка, увайшлі ў Гомель [7, с. 66]. Жыхары горада самі паклікалі казакоў, адмовіўшыся даваць харчаванне фуражырам войска ВКЛ [5, с. 211]. У перыяд з 4 па 11 чэрвеня да іх далучыліся яшчэ две сотні на чале з Сухоткам і Крывашапкам, у другой палове чэрвеня казацкі гарнізон Гомеля павялічыўся за кошт сотні Зенькі.

Паводле розных крыніц, колькасцьпаўстанцаў у Гомеліможнаацаніць ад некалькіх соцень да 2,5 тыс. [5, с. 211; 8, с. 38]. На допыце пасля бітвы пад Загаллем 10 ліпеня паўстанцы паведамлялі, што ў Гомелі напрыканцы чэрвеня, акрамя загона ўкраінскіх казакоў, які складаўся з 4 харугваў, «у кожнай поўная сотня», размяшчаўся таксама атрад мяшчан. Колькасць «казакоў … з мяшчанаў» не перавышала 1 тыс. чалавек, з якіх толькі каля 200 былі «гатовыя да бою». Кіраўніцтва гомельскіх паўстанцаў знаходзілася ў падпарадкаванні чарнігаўскага палкоўніка М. Нябабы, ад якога «лісты і харугвы маюць», а таксама атрымоўвала пасланні ад Б. Хмяльніцкага, якія «пісар з палкоўнікам і з двума або трыма сотнікамі адныя чытаюць, нікога да рады больш не дапускаюць» [7, с. 76]. Цікава, што паўстаўшыя гамяльчане, запусціўшы казакоў у горад, тым не менш, у замак ім уваход забаранілі [9, с. 12]. Гэта сведчыць, што ў горадзе працягвала дзейнічаць уласная адміністрацыя. Да канца ліпеня 1649 г. агульная колькасць паўстанцаў у Гомелі павялічылася да 4 тыс. чалавек, горад заставаўся буйнейшым казацкім цэнтрам на тэрыторыі Беларусь

Разам з тым, у горадзе існавала апазіцыя паўстанцкай адміністрацыі, Палонны паўстанец 10 ліпеня 1649 г. паведаміў, што «у Гомелі адны думаюць паддацца, а іншыя хочуць моцна бараніцца». Верагодна кіраўніком антыказацкай апазіцыі ў Гомелі ў чэрвені 1649 г. выступаў гомельскі войт Крыцавяж, які прапаноўваў здачу горада яго старосце Зыгмунту Адаму Слушку [9, с. 12; 7, с. 76]. Калі казакі і мясцовыя паўстанцы выйшлі з горада на поле для попісу, «нейкія мяшчане хацел тады зачыніць брамы» і не пускаць казакоў у горад. Але супраць гэтап выступіла другая частка гараджан і «казакі, пранюхаўшы пра тое вярнуліся з поля» [9, с. 12]. Такім чынам, ва ўнугранай барацьбе сярод гамяльчан перамога аказалася на баку паўстанцаў. Аб лёсе Крыцавяжа паведамляюць наступныя радкі; «войта свайго старэнькага, які наконт здачы горада пану свайму з імі [мяшчанамі — С. Ч. ]. дамаўляўся, пасадзілі ў кайданы … яго [Крыцавяжа — С. Ч. ] увесь час б’юць і трымаюць naд вартай; лічаць, што ён са сваімі сынамі здраднік»[9, с. 12].

У чэрвені-лілені 1649 г. паказачаныя гамяльчане актыўна рыхтаваліся да баявых дзеянняў. «У Гомелі рыхтуюцца да [прыходу — С. Ч. ] ляхаў» -паведамляў казак Аляксей з-пад Фастава, «паркан скрозь адрамантавалі запасаюцца порахам». Паўстанцы запасаліся правіянтам, хлебам іпорахам, вырабляючы яго самастойна з сялітры. Была прыведзена ў гатоўнасць гомельская артылерыя, у складзе якой было 12 гармат – 7 гомельскіх і 5 гомельскага старосты 3.А. Слушкі, а таксама каля 80гакаўніц. Цікава адзначыць, што пушкарамі з’яўляліся самі гамяльчане «але з Украіны аніводнага» [9, с. 12].

Паўстанцы былі настроены вельмі рашуча, казак Пятро Шчэпа адзначыў: «пра гомельцаў кажа, што калі да іх ляхі прыйдуць, будуй бараніцца да смерці, а калі моцнай патугі вытрымаць не здолеюць, тад: ўсе пастанавілі ўцякаць на Украіну» [9, с. 12]. Паказачаныя гамяльчане разам украінскімі казакамі нават планавалі прыняць адкрыты бой у полі, адступіўшы ў горад толькі ў выніку няўдачы [7, с. 76].

У чэрвені 1649 г. правалілася новая спроба казацкага наступления на Беларусь. 17 чэрвеня вялікі казацкі атрад пад кіраўніцтвам Іллі Галоты пацярпеў цяжкае паражэнне каля мястэчка Загалле (зараз Хойніцкі раён). 31 ліпеня пад Лоевам адбылася самая грандыёзная бітва казацка- сялянскай вайны. Вынікам гэтай бітвы стаў разгром 30-тыс. казацкай арміі наказнога гетмана Міхаіла Крычэўскага 6-ці тысячнай арміяй ВКЛ пад камандаваннем польнага гетмана Януша Радзівіла. Паражэнне казакоў было проста катастрафічным, планы прасоўвання казакоў у Беларусь былі сарваны. Частка казакоў адыйшла на Украіну, іншая частка накіравалася ў Гомель, дзе размяшчаўся загон М. Нябабы. Да сярэдзіны жніўня ў Гомелі сканцэнтравалася каля 2 тыс. баяздольных казакаў і наўстанцаў. Але 18 жніўня 1649 г. быў заключаны Збораўскі мір, які прадугледжваў вывядзенне казацкіх атрадаў з тэрыторыі ВКЛ. Да Гомеля быў накіраваны атрад ротмістра Смольскага, які без боя авалодаў горадам «з усёй артылерыяй». Такім чынам, да канца верасняГомель зноў апынуўся пад кантролем дзяржаўнай адміністрацыі.

У 1651 г. на Украіне пачынаецца новая хваля барацьбы, што напрамкі паўплывала на абвастрэнне сітуацыі на Гомелыпчыне. Стратэгічнае становішча Гомеля на шляху ў Верхняе Падняпроўевымушала казацкіх лідэраў шукаць сродкі вяртання горада пад свой кантроль. 21 мая шляхціц Крупскі пісаў пра падрыхтоўку новага паходу М. Нябабы на Гомель.

Гомельскі падстароста Хлявінскі таксама адзначаў, што казакі рыхтуюць для находа на Гомель 15 тыс. чалавек. У гэтых умовах Я. Радзівіл 4 чэрненя выдаў універсал аб умацаванні гомельскага гарнізона. 5 чэрвеня з Чачэрска на дапамогу Гомелю выйшаў атрад арміі ВКЛ.

Гомель аказаўся сур’ёзнай перашкодай для казакоў. Гарнізон Гомеля на чале з капітанам Мантгомеры, узмоцнены лёгкай кавалерыяй 3.А. Слушкі і гарадской міліцыяй падрыхтаваўся да еупраціўлення. На гэты раз улада ў горадзе аказалася у руках тых гамяльчан, якія палічылі, што лепей цярпець пракаталіцкую палітыку дзяржаўнай улады, чым адчуваць на сабе казацкае сваволле.

Раніцай 3 чэрвеня 1651 г. першыя казацкія атрады з’явіліся пад Гомелем і, размясціўшыся ў гомельскім прадмесці Спасава слабада,узялі горад у аблогу. 5 чэрвеня казакі зрабілі першую спробу авалодання горадам, але былі стрыманы мяшчанскай вартай і выбіты з-пад гарадскіх сцен пяхотай пад камандаваннем Паца і гомельскімі мяшчанамі, якія «бердышамі моцна дапамаглі і, хаця і самі не абыйшліся без стратаў, забілі многіх непрыяцеляў» [10, с. 379]. Разам з тым, частка жыхароў горада шчыра спачувала казакам. Адзін мешчанін, перайшоўшы на бок казакоў, паказаў ім слабае месца ў абароне Гомеля. Казакі адразу пайшлі ў атаку, але гарнізон адбіў і гэты прыступ. Пасля штурма яшчэ сем жыхароў горада патаемна пералезлі праз паркан і перабеглі да казакоў. Я. Радзівіл у сваім лісце да караля паведамляе, што за гэта «нашы ўсіх мяшчан павыразалі», але ён відавочна перабольшыў [5, с. 456-457]. Для здабыцця Гомеля казакі папрасілі ў чарнігаўскага палкоўніка М. Нябабы артылерыю і пачалі новую, грунтоўную падрыхтоўку да штурма. Да казакоў бесперарыўна далучаліся мясцовыя сяляне, якія «па некалькі соцень… штодня… да ніх (казакоў — С. Ч. ) прыходзяць» [5, с. 456-457]. 6 чэрвеня 1651 г. пачаўся штурм Гомеля ўсімі сіламі казацкага войска, але гарнізон здолеў адбіць гэты і яшчэ наступныя 15 штурмаў [10, с. 380 аб. ].

9 чэрвеня 1651 г. Нябаба аддаў загад зняць аблогу з горада і спешна «ўдзень і ўначы» вяртацца назад, у лагер асноўных сіл казакоў пад Рэпкамі. Пасля атрымання гэтага паведамлення, казакі, па звестках аўтара рэляцыі «кінуліся да пераправы… як конныя, так і пешыя гшаўцом. Ад гэтага на пераправе паднялася такая вялікая хваля, што перакуліла паром з людзьмі, і шмат іх патанула» [10, с. 381]. Адступаўшыя пакінулі харчаванне, вяндліну, бітую скаціну, муку у такой колькасці, што гарнізон Гомеля быў забяспечаны харчаваннем на тры тыдні. Тыя казацкія групы, якія раз’ехаліся па навакольных вёсках нават не ведалі аб адступленні войска, і траплялі ў палон да ваяроў гомельскага гарнізона. Гэтя адступленне было звязана з тым, што Я. Радзівіл паслаў з Рэчыцы да Гомеля некалькі тысяч шляхціцаў пад кіраўніцтвам Г. Падбярэзскага [11, с. 153]. Няўдача каля Гомеля спыніла прасоўванне казадкіх загонаў у Пасожжа з поўдня, што аб’ектыўна перашкаджала разгортванню новага сялянскага паўстання ў гэтым рэгіёне.

6 ліпеня 1651 г. каля мястэчка Рэпкі войска BKJI нанесла сур’ёзнае паражэнне казацкай арміі М. Нябабы, пасля чаго баявыя дзеянні былі перанесены на тэрыторыю Украіны. Паспяховае наступление літоўскай арміі на Кіеў, разам з няўдачамі Б. Хмяльніцкага ў барацьбе з каронным войскам вымусілі казацкае кіраўніцтва заключыць Белацаркоўскі дагавор, які завяршыў казацка-сялянскую вайну на Беларусі.

Вынікі ўдзелу гамяльчан ў вайне аказаліся несуцяшальнымі. У Гомелі, адным з першых беларускіх гарадоў, дзе замацаваліся казакізначнаскарацілася насельніцтва, былі разбураны прадмесці, пацярпеў ісам горад. Размяшчэнне ў Рэчыцкім павеце войска BKЛ у 1652-1653 гг. узначнай меры забяспечыла спакой на памежжы. Нягледзячы наразгортванне новай хвалі нацыянальна-вызваленчай вайны на Украіне сітуацыя на Беларусі заставалася болып-менш сгабільнай.

Сітуацыя рэзка змянілася пасля пачатку агрэсіі Расійскай дзяржавы супраць Рэчы Паспапітай. У сярэдзіне чэрвеня 1654 г. на Беларусі ўварвалася 30-тысячнае казацкае войска на чале з вельмі дасведчаным ваеннаначальнікам Іванам Залатарэнкам, які меў статус наказногагетмана. 30 чэрвеня казакі падыйшлі да Гомеля і паспрабавалі штурмам авалодаць горадам, але мясцовая шляхта і гарнізон на чале з Жыжэмскім і Бабраўніцкім, пры падтрымцы мяшчан аказалі ўпартае супраціўленне. Спробы наказнога гетмана схіліць абаронцаў горада да капітуляцыі аказаліся марнымі, таму I. Залатарэнка, пакінушы каля Гомеля асноўную частку свайго войска, пачаў захоп Рэчыцы, Рагачова, Горваля. Тым часам, жыхары Гомеля ўпарга абараняліся, стаўшы нават сімвалам мужнасці. 25 ліпеня 1654 г., праз месяц пасля пачатку аблогі Гомеля Залатарэнка пісаў расійскаму цару: «когда ихъ (абаронцаў Гомеля — С. Ч.) тутъ оставимъ не добывши, всей Литве и войскамъ ихъ сердца и смелости дадуть» [12, с. [37]. Жыхары Гомеля пакутавалі ад голада, у горадзе не засталося ні кошак, ні сабак. Горад абстрэльвалі раскалённымі ядрамі, з-за чаго пачаўся вялізны пажар, але Гомель трымаўся. Толькі пасля таго, як казакі знайшлі і ўзарвалі патаемны ход да вады, горад аказаўся ў бязвыхадным становішчы. 23 жніўня гомельскія мяшчане адкрылі брамы горада, але частка гарнізона здолелаўратавацца і прабіцца ў Стары Быхаў. Пасля здачы горада I. Залатарэнка многіх жыхароў горада «зняволіў і зрабіў вязьнямі і адвёз да [расійскага — С. Ч. ] гасудара ў Смаленск»[8, с. 103].

Гомель на доўгі час аказаўся пад уладай казацкай адміністрацыі.

Да восені 1655 г. практычна ўся Беларусь была захоплена расійскімі войскамі і украінскімі казакамі. Расійскі цар прыняў тьггул вялікага князя літоўскага, пачаўшы такім чынам інкарпарацыю ВКЛ у склад Расійскай дзяржавы. Але расійскі рэжым не задоволіў не толькі каталіцкую шляхту, ўніяцкае мяшчанства і сялянства. Сваволле царскай адміністрацыі выклікала пратэсг і той часткі праваслаўнага насельніцтва Беларусі, якая раней разглядала Расію як абаронцу ад пракаталіцкай палітыкі кіраўніцтва Рэчы Паспалітай. Абвастрыліся ўзаемаадносіна і паміж ранейшымі саюзнікамі — расійскай адміністрацыяй і ўкраінскімі казакамі. Пасля смерці Хмяльніцкага новы гетман Іван Выгоўскі ў 1658 г. перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і пачаў баявыя дзеянні супраць Расіі. Казакі падзяліліся — частка засталася на баку расійскага цара, іншая частка падтрымала ўкраінскага гетмана, сярод іх і войскі Івана Нячая — лідэра казакаў на Беларусі. Гомель аказаўся пад кантролем прарасійскі настроеных казакаў на чале з Васілём Залатарэнкам, якому 31 сакавіка 1661 г. цар Аляксей Міхайлавіч перадаў Г’омельскае сгароства на правах вотчыны.

Летам 1661 г. Гомелем авалодалі войскі Андрэя Мурашкі — аднаго з казацкіх палкоўнікаў, які змагаўся на баку Рэчы Паспалітай.

Карыстаючыся практычна поўнай адсутнасцю кантроля з боку дзяржаўнай адміністрацыі у сувязі з вайной, Андрэй Мурашка пераўтварыўся ў сапраўднага гаспадара горада. Адсюль ён пачынае нападзенні на падканторольныя Расіі тэрыторыі. У 1663 г. атрад Мурашкі дайшоў да Ноўгарад-Северскага, а ў 1665 — да Старадуба.

У адказ на рэйды атрада Мурашкі, запарожскі гетман Іван Брухавецкі вырашыў захапіць Гомель. Увесну 1666 г. вялікі казацкі загон у чарговы раз падыйшоў да Гомеля і ўзяў горад у аблогу. Мяшчанамузноў прыйшлося перажыць жах актыўных баявых дзеяннў. Горад быў выратаваны падпісаннем паміж Рэччу Паспалітай і Расійскай дзяржавай перамір’я. Украінскія казакі аднак не спынілі баявых дзеянняў і працягвалі штурмаваць горад. Спатрэбілася некалькі загадаў з Масквы, каб казакі ўрэшце адышлі на Украіну. У 1667 г. паміж Масквой і Варшавай было ладпісана Андрусаўскае пагадненне, паводле якога вайна, якая працягвалася 13 гадоў, урэшце скончылася.

Вынікам войнаў XVII ст. стала страшнае гаспадарчае разбурэнне і дэмаграфічны заняпад. Гомель і навакольная вёскі ляжалі ў руінах, сялянскія палеткі былі незасеяны, рамеснікі і гандляры пакінулі гарады. У Палессі, асабліва ў яго ўсходняй частцы, якая кантралявалася казакамі, зніюта больш за 32 тыс. гаспадарак: у Рэчыцкім павеце, куды ўваходзіла і Гомельскае староства, колькасць дымоў скарацілася на 58,2% [13, таб. 22]. Дэмаграфічныя страты таксама ўражваюць — насельніцтва палескіх паветаў скарацілася амаль 250 тыс. чалавек [14, с. 140]. Гэтыя катастрафічныя страты істотна паўплывалі на далейшае развіццё Гомельшчыны, адкінуўшы рэгіён на некалькі дзесяцігоддзяў у мінулае.

Спіс літаратуры

  1. Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные археографическою комиссиею (АЮЗР). — Спб. : в тип, П. А. Кулиша, 1861. Т. 3.-604 с.
  2. Parnietniki Albrychta Stanislawa X. Radziwilla kanclerza W. Litowskiego, Wydane z r^kopismu przez Edwarda Raczynskiego. — Poznan: U braci Scn’crkow, 1889.-T. 11.-490 s.
  3. Літопис Самовидця. — Кшв:11аукова думка, 1971. — 207 с.
  4. Бібліятэка Чартарыйских (Кракаў). — Аддзел рукапісаў. — № 2580. -Ч. 2 . — С. 71-72.
  5. Документы об Освободительной войне украинского народа 1648-1654 гг. — К. : Наукова думка, 1965. — 825 с.
  6. Чернигову 1300 лет: Сб. документов и материалов. — Киев, Наукова думка, 1990.
  7. Мыцык Ю. Палкоўнік Ілля Галота і Загальская бітва1649г. у святле новых дакумснтаў // Спадчына, 2002. № 5-6. С. 64-75.
  8. Белоруссия в эпоху феодализма. Сб. Документов. В 3 т. Т. 2. — Мн. : изд-во Академии наук БССР, 1960. — 560 с.
  9. Мицик, Ю. А. Національно-вйзвольна війна украі’нського народу 1648-1651 рр. на Сіверщині очима полонених повстанців / Ю. А. Мицик // Сіверянськйй літопис. — 2000.-№3.-С. 3-26.
  10. Львоўская навуковая бібліятэка Нацыянальнай Акадэміі навук Украіны імя Стэфаніка (ЛНБ). — Ф. Асапінскіх- Спр. 225/11. — Арк. 379-381. Рэляцыя аблогі замка і горада Гомеля.
  11. Zieba, A. A. Sluszka Zygmunt Adam// Polski slownik biograficzny. — Wroclaw, Warszawa, Krakow: Wyd-wo PAN, 1999 -. T. XXXIX/1. Zeszyt 160. — S. 153-156.
  12. Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссией (АЮЗР). — СПб. : тип. Ф. Елеонского, 1889. — Т. 14.-896, 39с.
  13. Morzy,J. Kryzisdemograficzny па Litwie i Bialorusi w 2 polowie XVII wieku / J. Morzy. — Poznan, 1965. — 405 s.
  14. Сагановіч, Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя / Г. Саганович. — Мінск: «Энцыклапедыкс», 2001.-412 с.

Аўтар: С.А. Чаропка
Крыніца: Гомель: старонкі гісторыі (да 870-годдзя першай згадкі ў летапісе) [Тэкст] : зб. навук. арт. / рэдкал.: В. А. Міхедзька (адказны рэд.) [і інш.], М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2012. — 188 с. Ст. 24-31.