Іван Васільевіч Мядзведзеў (1913-1998 гг.) — вядомы мастак, які паспеў на сваіх карцінах адлюстраваць выгляд шматлікіх гарадоў былога СССР. Сярод іх быў і чароўны горад над Сожам, які творца намаляваў у 1958 г.
Іван Мядзведзеў быў удзельнікам Ленінградскай блакады, а ў 1946 г. скончыў аддзяленне архітэктуры Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе. Пасля гэтага працаваў галоўным мастаком у тэатры оперы і балета ў Вільні, выкладаў у Віленскім мастацкім інстытуце. Мядзведзеў з’яўляўся сябрам Саюза мастакоў і Саюза архітэктараў СССР ды нават быў галоўным мастаком г. Мінска пры Мінгарвыканкаме ў 1959-1967 гг. Ён быў запрошаны урадам БССР у Мінск для працы па рэканструкцыі горада і распрацоўцы малых архітэктурных формаў.

Рознабаковая мастацкая практыка майстра ўключае работы ў галіне архітэктурнага праектавання, графікі, плаката, тэатральнай дэкарацыі, афарміцельнага мастацтва. Значнае месца ў творчай спадчыне І. Мядзведзева займаюць серыі акварэльных і пастэльных гарадскіх пейзажаў: «Ленінград», «Самарканд», «Вільнюс», «Рыга», «Паланга», «Дзінтары», «Вечары на моры», «Крым», «Гурзуф», «Сочы», «Гагра», «Львоў», «Мінск», «Гомель», «Гродна», «Брэст», «Белавежская пушча», «Брэсцкая крэпасць” і інш. Акварельныя пейзажныя работы мастака адрозніваюцца мяккасцю і лірычнасцю, архітэктурныя матывы носяць гістарычны характар.


Працы І. Мядзведзева знаходзяцца ў зборах Музея гісторыі г. Вільнюса, музея г. Самарканда, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея гісторыі музычнай і тэатральнай культуры Беларусі, у фондах Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза архітэктараў, у дзяржаўных архівах навукова-тэхнічнай дакументацыі і літаратуры і мастацтва і г.д.








Падрыхтаваў Яўген Меркіс.