Гомель у 1918 годзе: успаміны нямецкага жаўнера

0
1119
Палац у Гомелі ля ракі Сож. Гомель цудоўны
Палац у Гомелі ля ракі Сож у красавіку 1918 г.

У сакавіку 1918 года ў выніку наступлення нямецкай арміі ёй быў заняты Гомель. Немцы, якім належала поўная ўлада над горадам (хоць намінальна горад “адыйшоў” да ўзніклай украінскай дзяржавы) пратрымаліся ў горадзе да сканчэння вайны ў лістападзе. Некаторыя нямецкія жаўнеры па вяртанні на радзіму надрукавалі свае ўражанні ад убачанага на вайне. Менавіта такія ўспаміны аб нашым родным горадзе ў 1918 годзе ўпершыню і публікуе Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны.

Гомельскі палац на беразе Сожа

У Магілёўскай губерні на даволі шырокай і судаходнай рэчцы Сож знаходзіцца павятовы горад Гомель. Ён маляўніча размясціўся на правым крутым беразе ракі. Унутраная частка горада не ўяўляе з сябе нічога цікавага. Гомель — рускі горад, як і многія іншыя. Шырокія брудныя вуліцы перасякаюць яго наскрозь. Глыбокія адтуліны ў іх робяць кіраванне не надта прыемным. Да масіўных каменных будынкаў туляцца напалову спарахнелыя драўляныя дамкі. На шматлікіх высокіх дрэвах паабапал дарог гняздуюцца зграі крукоў, якія ў хаўрусе са шматлікімі сабакамі, відаць, замяняюць тутэйшыя службы догляду за парадкам, прынамсі частка адкідаў, што масава ляжыць навокал асядае ў іхных страўніках. Але ў горадзе ўсё ж ёсць адна пэрліна: палац княжацкай сям’і Паскевічаў.

Калі перайсці з Навабеліцы па доўгім мосце праз Сож, то вока з радасцю адпачне на свежай зеляніне парка што спускаецца з палацавага парка наўпрост да берага ракі. З зеляніны будзе масіўна ўзвышацца аграмадная палацавая вежа. І скрозь лісце будуць мігацець белыя сцены выцягнутага палаца.

Палац ужо бачыў свае бліскучыя часы. Ён мае раскошныя інтэр’еры. Яго залі і пакоі амаль перапоўненыя каштоўнымі творамі мастацтва і карцінамі, якія выцягнуліся ў доўгія шэрагі адзін за адным. Менавіта тут князь Іван Фёдаравіч Паскевіч, рускі фельдмаршал і былы намеснік у Польшчы, даваў свае бліскучыя балы, на якія збіраўся ўвесь вышэйшы свет Расіі. Князь адыграў істотную ролю ў рускай гісторыі. З вялікай пашанай і гонарам яго пахавалі ў 1856 г. Аб ягоным імені не забываюць і дагэтуль. Таму ў 1869 годзе на знак падзякі яму быў пастаўлены помнік у Варшаве — месцы яго губернатарства.

Незадоўга перад тым, як мы занялі палац, яго пакінулі бальшавікі. Іх заклікі і звароты яшчэ знаходзіліся на сценах і дзверах пакояў. Але, як ні дзіўна, нічога не было разбурана. Звычайна гэта вельмі нехарактэрна для бальшавікоў. Аканом патлумачыў нам жэстамі, што справа была ў грашах. Таму нават спадароў бальшавікоў можна купіць.

Ландшафт ля Сожа ў Гомелі
Ландшафт ля Сожа ў Гомелі

Вельмі шыкоўны і прыгожы від на шырокія ваколіцы адкрываўся з высокай вежы замка. Мы шмат разоў стаялі там, або на шырокай тэрасе і ўглядаліся ўдалячынь за шырокую раку, у чыіх хвалях адлюстроўвалася заходзячае сонца, на зялёныя калідоры, за лес, што шамацеў ад ветра. Але пры ўсім гэтым у сэрцы гучала:

„Прыемна, канешне, ў далёкай краіне, але Радзімай ёй не стаць”.

 (Ist’s auch schön im fernen Lande. Doch zur Heimat wird es nie)

Вулічная замалёўка з Гомеля

11 сакавіка 1918 года ў 9 гадзін вечара наш цягнік прыбыў на гомельскі вакзал. Як мы былі рады, што пасля таго, як доўгі час пражыўшы толькі ў закінутых расійскіх вёсках, зноўку маглі ўбачыць горад і нават пажыць у ім. Ноч мы ўсё яшчэ правялі ў нашым вагоне чацвёртага класа. Але як толькі нас узбадзёрыла ранішняя кава мы пайшлі шукаць шлях да палаца князя Паскевіча, у якім размясціўся штаб.

Гомель — даволі вялікі горад, прыкладна як наш Цвікаў. У мірны час ён мае каля 80 000 жыхароў. Цяпер жа горад перапоўнены, паколькі ў ім знаходзяцца ўцекачы — нам казалі, што іх прыкладна 40 000. Сярод іх і каля 10 000 расійскіх салдат ды 800 афіцэраў. Вядома, сярод іх хапала і бальшавікоў ды чырвонагвардзейцаў. Але пры ўсёй няпэўнасці тое, што адбывалася ў горадзе было надзвычай цікава. Было так, нібыта цябе перанеслі ў зусім новы свет. Можна нават сказаць, што там панавала амаль азіяцкае жыццё. Якая сумесь народаў ды рас! Але ж габрэі складалі сярод іх большасць. Акрамя таго былі кіргізы, калмыкі, карэйцы ды розныя народы ды плямёны Расіі. Праз некалькі гадзін пасля абеда гэта натоўп, нічога не робячы акром як палення цыгарэт, запаўняў галоўныя вуліцы, пакідаючы па сабе паўсюдна недапалкі. Тое, што вуліцы былі неапісальна бруднымі ім не замінала. Праўда працягвалася гэта не надта доўга. Нямецкая адміністрацыя хутка дамаглася зменаў.

Від вуліцы ў Гомелі
Від вуліцы ў Гомелі (сучасная плошча Леніна; будынкі касцёла і пажарнай каланчы не захаваліся)

У горадзе хапае раскошных будынкаў, ужо не кажучы пра сапраўды прыгожы палац. Магутныя цэрквы узвышаюцца над гарадскім ландшафтам сваімі пазалочанымі купаламі. Яны пышна ўпрыгожаны і ўнутры. Але непасрэдна побач з гэтымі выдатнымі будынкамі знаходзяцца мізэрныя драўляныя хаткі, абвальвання каторых можна чакаць у любы момант. Прыкладна такая ж карціна назіраецца і з насельніцтвам. Поруч з дамамі, апранутымі вельмі элегантна і па апошняй модзе туліцца збяднелая галота, апранутая ў маркотныя лахманы. Скрозь гэты натоўп пралятае безліч брычак, па якіх і не ведаеш што больш бруднае — ускалмачаны ды ніколі не чышчаны конь, маленькая ды крохкая павозачка або барадаты фурман, які трымае свой колішні блакітны сурдут з дапамогай абітага жоўтымі запанкамі паяса. Вось такую каляровую ды рухомую карціну паказвае наша вулічная замалёўка.

Высокая вежа па правы бок дагляднай вежы — гэта пажарная каланча. І дзень і ноч вартавы абыходзіць ды патрулюе яе ды ўглядаецца ў ваколіцы, каб заўважыць дзесьці падазроны дымок. Гэтыя добрасумленныя назіранні неабходныя, бо калі ўспыхне пажар, то цэлыя часткі горада могуць быць незваротна згублены.

Агульны від прыгарада

Надыходзіць вечаровы змрок. Падае ціхі дождж. З усіх галінак крапае. З тэлеграфных правадоў хутка саслізваюць кроплі дажджу пакуль яны не звальваюцца на зямлю. Дарога паступова пераўтвараецца ў глыбокае балота. Вялікія калюжыны робяць яе амаль непераадольнай. Я часта абураўся ў мірныя часы, калі ў адлігу ці ад працяглых дажджоў вуліцы нашай вёскі станавіліся вельмі бруднымі. З тых часоў, калі я ўбачыў рускія вуліцы, я забіраю свае словы назад.

Від гарадской ускраіны ў Гомелі
Від гарадской ускраіны ў Гомелі

На крывым слупе узвышаецца магутны ліхтар. Толькі што ліхтаршчык запаліў у ім маленькую лампу і цяпер яна кідае бляклае святло на бліжэйшыя ваколіцы. І насамрэч добра, што ён так слаба гарыць, бо тое, што трапляецца на вочы не ўяўляе вясёлай карціны. Вельмі заняпалыя хаціны размесціліся ля дарогі. Нейкае дзіва, што яны яшчэ не абрынуліся. Скрозь разарваны саламяны дах унутр бесперашкодна трапляюць дождж ды мароз. У большасці дамоў адсутнічаюць шыбы, а калі ёсць, то вельмі непразрыстыя. У дварах, у якія мы можам зазірнуць дзякуючы паваленым драўляным платам, пануе поўнае бязладдзе. Бруд пануе ў хаце ды навокал яе. Усе памыі наўпрост выкідваюцца на вуліцу. І я нідзе не бачыў такія гурты крумкачоў, як у Гомелі. Яны тысячамі сядзяць на дрэвах па баках вуліц. Пры гэтым я лічу крумкачоў самымі агіднымі птушкамі. Але ў прыгарадах Гомеля я зразумеў іх каштоўнасць. Яны ў пэўным сэнсе выконваюць ролю службаў догляду за парадкам. Прынамсі яны — адзіныя жывыя істоты, якія, дзякуючы іх ненаеднасці, прыбіраюць сярод пануючага гармідару хоць нешта. Але яшчэ багата чаго застаецца. Улетку гэтыя адкіды з’яўляюцца рассаднікам мільёнаў мух і ніхто аб гэтым не клапоціцца. Я сам назіраў неяк, як у гэтым гадзюшніку хворы чалавек не мог ад іх пазбавіцца. Нават на бляшанай лыжцы, з якой ён еў свой суп, шчыльна сядзелі яны, пакуль ён не падносіў яе да свайго роту. А цяпер пярэйдзем да жыхароў гэтых халупін! Калі мы былі раскватэраваныя ў Гомелі ў горадзе віравала незлічоная колькасць рознай набрыдзі. Мы дакладна ведалі, што вялікая частка бальшавікоў засталася ў горадзе. Яны хаваліся ў прыгарадах. Хапала і розных бандаў злодзеяў ды ўкрывальнікаў скрадзенага. Магчыма ў мірны час усё было інакш, але пры нас па розных меркаваннях у горадзе знаходзілася каля 40 тысяч бежанцаў. Яны пражывалі пераважна на ўскраінах горада. Часта па некалькі сем’яў у адным пакоі. Як гэта ўсё потым выглядала можна сабе лёгка ўявіць. Ноччу было лепш не выходзіць па-асобку на вуліцу, а каму даводзілася гэта рабіць заўжды трымаў напагатове свой рэвальвер.

Кватэраванне ў Навабеліцы

Горад Гомель, павятовы горад расійскай Магілёўскай губерні, размешчаны на левым, даволі стромкім беразе Сожа. Наўпрост праз увесь горад праходзіць вялікая паштовая вуліца з Магілёва ў Чарнігаў. Паблізу з горадам яна сягае праз велічную рэку дзякуючы доўгаму драўлянаму масту. Побач з ёй над плынню гайдаюцца выгібы жалезнага моста чыгункі Мінск-Харкаў.

У Гомлі быў кірмашвы дзень і мы йдзем праз мост з сялянамі, якія выгадна прадалі свой тавар. Злева ад нас з вышыні глядзяць два будынка шпіталя, што чакаюць сканчэння будаўніцтва. А са шчыльнага шэрагу дрэваў парка ўзвышаецца вежа палаца князя Паскевіча. Але па правы бок нас ужо зноў віталі зялёныя купалы некалькіх цэркваў месца Навабеліца.

Паміж ёй і Гомелем пануе досыць ажыўлены рух. Мае таварышы будуць з весялосцю прыгадваць дапатопныя амнібусы, якія цягнулі ад 3 да 5 шчыльнаўпрэжаных коней і забяспечвалі злучэнне між мясцовасцямі. Мы часта здзіўляліся, як гэтыя транспартныя сродкі яшчэ наогул трымаліся. На доўгім возе па кірунку руху знаходзіліся дзве лавы. Пасажыры такім чынам сядзелі спінамі адзін да аднаго і глядзелі па бакох. На чатырох прымацаваных па вуглах слупах трымаўся дах, які вечна хістаўся, а на лаўках ціснуліся пасажыры. Побач з рускім папом з ягонымі доўгімі валасамі тут сядзеў тоўсты габрэй, побач з файна апранутай гараджаначкай месцілася шчыльна загорнутая ў авечае футра ўкраінская сялянка. Таму, хто даверыў сябе такім спадарожнікам нельга было адмовіць у пэўнай мужнасці.

У гэтай Навабеліцы нашыя войскі размесціліся надоўга. Жыллё было цалкам прымальным, прынамсі мелася вялікая колькасць добра абсталяваных баракаў, адзін з якіх мы нават выкарыстоўвалі для набажэнстваў. Тут рускія стварылі і буйныя шпіталі, якія былі сапраўды цудоўна ўладкаваны. Да будынка ваеннага шпіталя параненых дастаўлялі з дапамогай чыгункі, чые каляіны сканчаліся ля пандусаў установы.

Від Навабеліцы побач з нашым кватэраваннем
Від Навабеліцы побач з нашым кватэраваннем у сакавіку 1918 г.

У светлых ды чыстых памяшканнях прымалі параненых, балазе для гэтага мелася дастаткова персанала. Тут паспела пабываць вялікая колькасць параненых і хворых жаўнераў. Аб гэтым сведчылі і буйныя могілкі ў бліжэйшым лесе, на якіх спачывалі сотні тых, каму ўсе высілкі лекараў так і не змаглі дапамагчы.

Таварышы, якія паспелі паляжаць у Навабеліцы будуць з прыемнасцю прыгадваць гэтыя часы. Але калі б мы іх спыталі, якая галоўная славутасць месціцца ў Навабеліцы, то я пэўны, што яны ўсе адказалі б «Навабеліцкі амнібус!».

Аўтары: малюнкі Вальтэра Цайзінга, суправаджальны тэкст Вальтэра Вайхельта; пераклаў з нямецкай Яўген Меркіс (падзяка Аляксандру Ярашу за прадастаўленую крыніцу).
Крыніца: Mit sächsischer Landwehr im Osten: in Stellung am Serwetsch, gegen die Bolschewicki, im Norden der Ukraine, Nov. 1917 bis August 1918 / von Kriegsmaler Walter Zeising. Begleitende Worte von Walther Weichelt, Leipzig, 1919.