Гомель у 1905 г.: грамадства і ўлада

0
1484
Гомель и его история

1905 год для Гомеля, як і для ўсёй Расійскай імперыі, стаўся часам драматычных падзеяў «першай рускай рэвалюцыі».

Ва ўмовах існавання ў Расійскай імперыі ганебнай «мяжы яўрэйскай аселасці», дзеяння безлічы зневажальных і дыскрымінацыйных законаў, накіраваных на захаванне бяспраўя і галечы масы насельніцтва, у канцы XIХ-пачатку XX ст. тут з найбольшай вастрынёй праяўляліся сацыяльныя і нацыянальныя праблемы таго часу. У гэтых умовах хутка развіваўся рабочы рух, на які абапіраліся рэвалюцыйныя партыі, што спалучалі патрабаванні сацыяльнага, нацыянальнага і, ўрэшце, палітычнага вызвалення. Гомель, дзе яўрэйскае насельніцтва складала большую палову, хутка ператварыўся ў буйны цэнтр арганізаванага рабочага руху, у якім найбольш актыўна і шырока ўдзельнічалі яўрэйскія рабочыя і рамеснікі.

Тут у пачатку XX ст. знайшлі адданых прыхільнікаў Бунд («Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі»), Сіянісцка-Сацыялістычная рабочая партыя (якіх на той час скарочана называлі «эсэсаўцамі» — па абрэвіятуры назвы партыі), арганізацыі «Паалей-Цыён» («рабочыя Сіёна», што таксама спалучалі марксісцкія тэорыі з сіянізмам), Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (з 1904 г. у Гомелі дзейнічаў Палескі камітэт РСДРП) і Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў («эсэры») [6, С. 55]. Але, безумоўна, найбольшы ўплыў належаў Бунду, які ў Беларусі на пачатку XX ст. займаў вядучыя, шмат ў чым манапольныя пазіцыі ў сацыял-дэмакратычным і рабочым руху.

Віленскі генерал-губернатар П.Дз. Святаполк-Мірскі яшчэ ў 1904 г. ў справаздачы імператару прызнаваў, што такое развіццё падзеяў у краі сталася вынікам урадавай палітыкі. Як адзначаў генерал-губернатар, дзеянні царскага ўрада ў краі былі прычынай «галечы, якая мяжуе зпоўным жабрацтвам суцэльнай масы яўрэйскага насельніцтва. На гэтай глебе развіўся і атрымаў шырокія памеры сацыял-дэмакратычны рух… якіперайшоў у надзвычай рашучыя дзеянні рэвалюцыйнага характар /…/ Цяснота, галеча і скрайняе абмежаванне правоў яўрэйскага насельніцтва стварылі у яго асяроддзі спрыяльную глебу для супраць урадавай прапаганды» [1, арк. 92-92адв., 99 адв.-100 адв.].

Супрацьстаянне ўладаў і рэвалюцыйных партый пачало набываць збройны характар. 1-2 верасня 1903 г. ў Гомелі адбыўся яўрэйскі пагром Адной з мэтаў пагромшчыкаў было напалохаць і «пакараць» яўрэйскае насельніцтва за ўдзел у рэвалюцыйным руху|2].

Пагром. а таксама судовы працэс, што адбыўся па выніках следства,атрымалі вельмі значны грамадскі розгалас як у Расійскай імперыі, гэтак ў Заходняй Еўропе і Амерыцы. Заходнія краіны, дзе надобных з’яваў не было з часоў сярэднявечча, выказвалі заклапочанасць не толькі лёсам яўрэйскага насельніцтва «рысы аселасці», але і станам бяспекі сваіх грамадзян, што знаходзіліся ў Расіі. У самой жа Расійскай імперыі найбольшае ўражанне было выклікана тым, што ў Гомелі пагромшчык ўпершыню сустрэлі арганізаваны супраціў яўрэйскай самаабароны Галоўную ролю у ёй адыграў бундаўскі атрад. Харкаўскі і тыфліскі камітэты РСДРП звярнуліся да гомельскіх бундаўцаў з урачыстымі вітаннямі: «Няма ўжо бьшога зацкаванага, палахлівага яўрэя. На сцэну жыцця высгупіў нованароджаны тып, — чалавек, які абараняе ўласную годнасць. Новая эра надыйшла. Не лямантаваць нам, але змагацца… з такім ладам жыцця. …Гомельскія яўрэйскія рабочыя не далі сябе ў крыўду» [3, с. 52]. Аўтарытэт гомельскай бундаўскай арганізацыі значна ўзрос, яе аддзяленне з’явілася у асяроддзі гомельскіх яўрэйскіх эмігрантаў нават у Ныо-Йорку.

З 1904 г. шырокую вядомасць па ўсёй Расійскай імперыі і за ж межамі атрымала «рабочая біржа», што на дзейнічала Кузнечнай (цяпер — Інтэрнацыянальная) вуліцы. Сюды зыходзіліся дзясяткі, а часам сотні людзей — рабочых-падзёншчыкаў, рамеснікаў, якія чакалі работы, дзяліліся навінамі і абмяркоўвалі свае праблемы. Таму гэтае месца натуральна атрымала назву — «біржа». На пачатку XX ст. падобныя «біржы» з’явіліся ўва многіх мястэчках і гарадах «рысы аселасді».

Прыхільнікі розных партый — эсэры, бундаўцы, «іскраўцы» (так называлі прыхільнікаў РСДРП), паалей-цыяністы, мелі тут свае пастаянныя месцы, дзе вялі агітацыю, распаўсюджвалі рэвалюцыйную літаратуру. Да лета 1905 г. на біржы вылучыліся бундаўская, эсэраўская і «эсдэкаўская» (РСДРП — В. М. ) яе часткі. Дамінавалі на біржы бундаўцы [3, с. 62]. Тут мацнела рабочая салідарнасць. Біржа з’яўлялася месцам для рабочых і партыйных сходаў, клубам, народнай трыбунай [4, с. 175]. Гэта выклікала раздражненне ўладаў, якія намагаліся прымусіць «біржу» да падпарадкавання. У траўні 1904 г. пасля чарговай антыўрадавай дэманстрацыі паліцыя нагайкамі разганяла сходы рабочых, што адбываліся па суботніх вечарах. Як паведамлялі з Гомеля, паліцэйскія збіенні выклікалі нянавісць рабочых: «… Дастаткова толькі адной кроплі, каб мера цярплівасці рабочых перапоўнілася і вылілася навонкі ў форме асабістай пометы. Адзін акт такой пометы ўжо адбыўся…На рагу Кузнечнай і Гуменнай вуліц (цяпер вул. Катуніна — В. М.) стаяў на варце гарадавы, які болыд больш за ўсіх сваіх намагаўся ў катаваннях. …I вось гэты гарадавы быў абліты кімсьці сернай кіслатой. Усе абывацелі абураныя гэтай формай пометы. Кажуць, што лепш бы яго забілі на месцы, чым падвяргаць такім пакутам. Але ж вінаватыя ў тым існуючыя ў нас умовы, пры якіх такія акты пометы стаюцца непазбежнымі» [3, с. 60] Гэтыя жахлівыя падзеі і не менш жахлівыя «спачуванні абывацеляў» відавочна паказвалі, што ўрадавыя паліцэйскія рэпрэсіі спараджалі у адказ не страх, але нянавісць і гвалт. Пачынала дзейнічаць логіка грамадзянскай іайны, першыя выбух якой мы традыцыйна называем «рэвалюцыяй 1905 году». Сігналам да яе стаўся расстрэл мірнай рабочай дэманстрацыі ў Пецярбургу 9 студзеня 1905 г. — «Кровавое воскресенье». Масавае забойства выклікала па ўсёй краіне хвалю пратэсту. Не застаўся ў баку і Гомель: «На 15-га студзеня камітэтам Бунда быў прызначаны мітынг пратэсту на «Рабочай Біржы» (Кузнечная вуліца). Мітынг гэты прыйшлося аднак адкласці дзеля таго, што паліцыя і войскі наладзілі ў гэты дзень дэманстрацыю сваіх сіл, запоўнілі ўсе вуліцы горада. Замест мітынгу наладзілі некалькі масавых сходаў … У той жа дзень у «Амерыцы» (на той час — ускраіна гораду, ад Кузнечнай да чыгункі; тут таксама жьші рамеснікі, рабочыя — В. М. ), еярод вуліцы адбыўся сход, на якім было да 2000 чал.; прамаўлялі наконт падзеяў у Пецярбурзе. Было некалькі сутыкненняў з паліцыяй, якая спрабавала разагнаць сход. Усеагульны палітычны страйк стаўся лозунгам дня. …У нядзелю, 16-га студзеня, быў абвешчаны усеагульны страйк» [4, с. 73]. На разгон страйкоўцаў былі накіраваныя вайсковыя і казацкія аддзелы, якія, аднак,сутыкнуліся з нечаканым супрацівам: «Гарадавыя з паліцмайстрам на чале спрабавалі разагнаць рабочых, якія …частакроць адказвалі стрэламі. На працягу дня …адбываліся сутычкі паміж казакамі і рабочымі… Ha Кузнечнай вуліцы занадта старанны казак кінуўся ў натоўп, але яго адразу сцягнулі з каня і безлітасна збілі…у другім месцы паспрабавалі арыштаваць некалькіх чалавек, але натоўп рабочых зараз жа адбіў таварышаў».

Раніцай 18 студзеня 1905 г. паліцыя і рота салдат заблакіравалі сход рабочых. Калі ўдзельнікі сходу паспрабавалі ўцячы італіцыя і салдаты пачалі страляць. Адна маладая работніца была забіта адразу, яшчэ адна дзяўчына і два рабочых былі параненыя, адзін з іх смяротна. Пахаванні ахвяр расстрэлу ператварыліся ў шматтысячныя маніфестацыі пратэсту [4, с. 74].

Новы ўздым рэвалюцыйных выступленняў адбыўся ўвесну 1905 г. Сацыял-дэмакратычныя арганізацыі горада — бундаўцы і ГІалескі камітэт РСДРП, — пагадзіліся аб сумесных дзеяннях па арганізацыі акцый рабочай салідарнасці. Па ўсяму раёну дзейнасці Палескага камітэта РСДРП, у тым ліку і ў Гомелі, распаўсюджвалі пракламацыю «1 мая» з заклікамі да змагання супраць царскай ўлады. Зварот да рабочых набываў сапраўды апакаліптычнае гучанне апошняй бітвы паміж святлом і цемрай: «Сонца, якое ўзыйдзе з усходу над зямлёй 1-га мая 1905 года, у дзень пралетарскага свята, убачыць страшную карціну смерці, разбурэння і безлітаснага змагання» [4, с. 103].

Але такога развіцця ўдалося пазбегнуць. Вось як убачыў падзеі першамайскага свята 1905 г. у Гомелі карэспандэнт бундаўскай газеты: «А 10-й гадзіне раніцы Кузнечная вуліца (біржа) была запруджана народам — святочна апранутымі рабочымі і работніцамі з чырвонымі стужкамі ў пятлічках… На кожным доме былі наклееныя 3-4 улёткі…На paгу Кузнечнай стаялі казакі і салдацкія натрулі, але не наважваліся ўвайсці ў нашу «Швейцарыю», як жартавалі рабочыя. Салдат віншавалі са святам… Увесь дзень вуліца жылаўласным жыццём» [4, с. 106].

Усё часцей да Кузнечнай вуліцы і «рабочай біржы» дадавалі гэту ганарыстую назву — «Гомельская Швейцарыя». Цяпер антыўрадавая прапаганда і агітацыя у асяроддзі рабочых праводзіліся тут непрыхавана. Свабода слова і сходаў, нібыта ў далёкай дэмакратычнай Швейцарыі, сталіся тут рэчаіснасцю. Гэтую свабоду, аднак, прыходзілася адстойваць у супрацьстаянні з паліцыяй і войскамі. 12 мая 1905 г. у адказ на ўзмацненне паліцэйскіх рэпрэсій былі здейснены замахі на жьшцё гомельскага палімайстра Дружылоўскага і паліцэйскага прыстава Гашкевіча. Пасля гэтага на «біржу» былі ўведзены конныя казацкія патрулі. Спробы выцесніць людзей з вуліцы скончьшіся тым, што ў казакаў паляцелі камяні. Стрэлы разагналі натоўп, але 17-гадовы Я. Агранаў не наспеў схавацца і застаўся перад уваходам на чыгуналіцейны завод Фруміна (зараз — станкабудаўнічы завод “СтанкаГомель»). Казакі застрэлілі юнака. На наступны дзень пахаванне хлопца сабрало шматтысячную дэманстрацыю, і Кузнечная вуліца зноў адыйшла да рабочых: «Пасля падзей 12-13 мая горад набыў звычайны выгляд. Войскі з вуліц прыбралі, толькі у рабочым квартале, на Кузнечнай, яшчэ адчуваецца ажыўленне. Працягваюцца мітынгі, тая ж свабода сходаў, як і раней…Вуліца жыве. Вось у адным месцы суполка рабочых спрачаецца з паалей-цыяністамі; у другім — таварыш распавядае труне рускіх рабочых сутнасць праграмы Бунда; яшчэ далей натоўгі атачыў нейкую старую, якая прыйшла да «дэмакратаў» скардіцца на нейкую крыўду: яна верыць, што тут знойдзе абарону…Люд да вечара павялічваецца, кажуць, што зараз будзе мітынг, і кожны імкнецца не прапусціць пачатак. Змяркаецца. Мора людзей імкнецца да месца, дзе на ўзвышшы ўжо стаіць прамоўца. …на Кузнечнай сабралася шмат абывацелей, якія з’явіліся паглядзець на «дэмакратаў» і пачуць новае слова… Частка вуліцы літаральна запруджана народам, цяжка ахапіць позіркам яго масу: па самаму сціпламу падліку больш за 4000 чалавек. Аратар гучна пачынае сваю прамову пра гібель эскадры Ражэственскага (ў марской бітве пры Цусіме падчас руска-японскай вайны — В. М.) … Кожнае слова было чутно нават на другім канцы вуліцы, дзе засяродзіліся казакі… Мітынг працягваўся паўгадзіны, і калі прамоўца закончыў, натоўп неахвотна разыйшоўся. За аратарам памкнуліся людзі: той паціскае яму руку, іншы задае пытанні…Салдат на Кузнечную вуліцу ўжо не пасылаюць: іх паспелі загітаваць прамовамі і пракламацыямі» [5, с. 181-182]. Да лета 1905 г. улады фактычна згубілі кантроль над становішчам.

Спробы паліцыі знішчыць біржу сутыкаліся са збройным сунрацівам. 3 гэтага часу ў Гомелі актыўна дзейнічаюць «баявыя групы» рэвалюцыйных партый — Бунда, партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, сіяністаў- сацыялістаў, Палескага камітэта РСДРП. Цяпер яны мелі сваёй задачай не толькі абарону ад паліцэйскіх рэпрэсій, але і рыхтаваліся да ўзброенага паўстання [4, с. 150-152].

Вось вытрымка з перлюстраванага паліцыяй прыватнага ліста, датаванага ліпенем 1905 г.: «У Гомелі суцэльная палітычная свабода. На Кузнечнай вуліны, ад 7-й гадзіны вечара збіраецца ўся гомельская моладзь, якая амаль цалкам арганізаваная. Тут гуляюць каля 1000 хлонцаў і дзяўчын з тоўстымі палкамі і свабодна і ажыўлена разважаюць пра надзённыя пытанні. «Масоўкі» тут адбываюцца кожны дзень пад наглядам войскаў, што знаходзяцца тут жа і ўважліва слухаюць аратараў. …у адносінах свабоды сходаў будучая палітычная свабода ў Расіі (у якой мы ўпэўнены) Гомелю нічога новага не дадасць…» [6, арк. 132].

У сярэдзіне ліпеня 1905 г. у Гомелі адбылася дэманстрацыя з нагоды адзначэння паловы года ад падзеяў «Кровавого воскресенья». Падчас дэманстрацыі быў застрэлены памочнік паліцэйскага прыстава Славашэвіч, які спрабаваў яе спыніць [7, арк. 114-115]. Адбыліся замахі на жыццё жандарскага ротмістра Шэбекі. Паліцэйскія ўлады абвясцілі «біржы» вайну. На працягу 22-24 ліпеня 1905 г. адбываліся збройныя разгоны рабочых сходаў, былі чутны стрэлы і выбухі. У прызначанага ў Гомель новага паліцмайстара Хлебнікава за гэтыя дні двойчы кідалі бомбы, але яму шанцавала, — абодва разы выбуховыя прыстасаванні не спрацавалі. Раз’юшаны паліцмайстар распаўсюдзіў па гораду пагрозлівае папярэджванне: «За маё 4-х дзённае існаванне было ўжо два замахі на маё жыццё…Нягоднікі, якія кідалі бомбы — яўрэі. Папярэджваю, што кожнага яўрэя … на маёй дарозе па гораду будуць расстрэльваць на адлегласці 50- ці крокаў ад майго экіпажу …казакі, аб чым і аддадзены загад» [4, с. 178].|

Новы ўздым рэвалюцыйнай актыўнасці, які ажывіў біржу, адбыўся ў кастрычніку-снежні 1905 г., калі палітычны крызіс імперыі дасягнуў свайго апагею. 12 кастрычніка 1905 г. гомельскія чыгуначнікі далучыліся да агульнарасійскага чыгуначнага страйка. Pyx па Лібава-Роменскай і Палескай чыгунцы спыніўся. Спынілася дзейнасць тэлеграфнай і тэлефоннай сувязі. 13 кастрычніка быў абвешчаны ўсеагульны гарадскі страйк. 14 кастрычніка 1905 г. у горадзе адбылася масавая дэманстрацыя На працягу дня сутыкненні з паліцыяй набылі збройны характар. У паліцэйскага прыстава была кінута бомба, якая, аднак, не спрацавала. У кубанскіх казакаў, якія неслі ў горадзе паліцэйскую службу і вызначаліся сваёй жорсткасцю, таксама была кінута бомба. Выбухам быў забіты конь і паранены некалькі чалавек, у тым ліку і наліцмайстар Чашко. Казакі пачалі страляць, у выніку чаго 2 чалавекі былі забіты і 5 моцна паранены [7, арк. 121].

17 кастрычніка 1905 г. Мікалай 11 выдаў маніфест, якім абвяшчаліся дэмакратычныя свабоды і ўтваралася заканадаўчая Дзяржаўная Дума. 19 кастрычніка 1905 г. у залі гарадской думы, дзе сабраўся вялікі натоўп, гарадскі галава Н. Раманаў зачытаў тэкст маніфеста. У той час, як мясцовая ліберальная інтэлігенцыя вітала маніфсст, рэвалюцыйныя партыі заклікалі да змагання за ўсталяванне дэмакратычнага рэспубліканскага ладу. Рэвалюцыйныя выступлепні па ўсёй краіне ўзмацняліся. У лістападзе 1905 г. чыгуначнікі ўтварылі Камітэт чыгуначнага саюза Гомельскага раёна, у якім удзельнічалі прадстаўнікі асноўных рэвалюцыйных партый і гарадской ліберальнай інтэлігенцыі. Старшынёй Камітэта быў абраны ўрач станцыі Гомель-Палескі Н.В. Шабалдаеў, яго нгамеснікам — начальнік станцыі Паборчый. Ад імя чыгуначнікаў Гомеля Камітэт выказаўся за неадкладпыя выбары ва Ўстаноўчы сход [4, с. 217, 228]. У лістападзе-снежні 1905 г., ва ўмовах агульнарасійскага гіаштова- тэлеграфнага і чыгуначнага страйкаў, камітэт фактычна стаўся органам улады у Гомелі.

У той час, як па краіне і у тым ліку ў Беларусі у кастрычніку- лістападзе 1905 г. прайшлі крывавыя антыяўрэйскія пагромы, у Гомелі ўдалося захаваць адносны спакой. Побач з «баявымі групамі» рэвалюцыйных арганізацый мясцовая інтэлегенцыя ў канцы кастрычніка 1905г. прапанавала стварыць «Саюз для аховы бяспекі насельніцтва горада Гомеля» — непартыйную гарадскую міліцыю. У яе арганізацыйны камітэт увайшлі доктар В. Барабошкін, доктар А.Я. Брук, С.Л. Выгодскій (бацька вядомага вучонага), доктар Н.С. Шабалдаеў, натарыюс Н. Плахаў і іншыя [4, с. 208; 7, арк. 179]. Штопраўда, нягледзячы на рашучыя дэкларацыі, асаблівых магчымасцей для супрацьдзеяння гвалту у іх не было… Пры актыўным удзеле гомельскага жандарскага ротмістра М.А. Падгарычані-Петравіча гуртаваліся сілы, што выступалі супраць пераменаў. З асяроддзя чыгуначных службоўцаў, дробных чыноўнікаў і напаўкрымінальных элементаў з ліку гомельскіх мяшчан, што адзначыліся яшчэ падчас пагрома 1903 г., стварыўся нелегальны «Саюза рускіх патрыётаў». Зусім хутка, у студзені 1906 г., яны ўчыняць у Гомелі новы пагром…[8; 9]. Але ў канцы 1905 г. «патрыёты» яшчэ збіралі сілы і чакалі зручнага часу. Краіна была паралізавана ўсеагульным палігычным страйкам. У снежні 1905 г. ў Маскве выбухнула ўзброенае паўстанне, адбываліся барыкадныя баі. Падобнае становішча было і ў Гомелі. Да яўрэйскіх рабочых і рамеснікаў далучыліся і рабочыя-чыгуначнікі, службоўцы устаноў. Фактычна, гарадская супольнасць самасгойна кіравала горадам. Да канца 1905 г. у дзяржавы не было ваенна-паліцэйскіх магчымасцей, каб аднавіць кантроль над горадам. I толькі ў снсжні ўлады накіравалі сюды бранецягнік з карным атрадам генерала Арлова з загадам “выкарыстоўваць зброю без усялякай літасці» [7, арк. 27]. 3 яго дапамогай былі праведзены арышты, грамадскі рух пайшоў на спад. У студзені 1906 г. у Гомелі адбыўся новы пагром, падчас якога учынены чарнасоценцамі пажар знішчыў значную частку цэнтра горада. Як насля зазначыў гарадскі галава Раманаў, — «учынілі пажар, а войскі і паліцыя… дапамагалі хуліганам» [7, арк203]. Гіагром завяршыў бурлівы 1905 год у нашым горадзе. Дачыненні грамадства Гомеля і ўлады уваходзілі ў новы, “думскі», перыяд…

Спіс літаратуры

  1. Отчет виленского генерал-губернатора П. Д. Святополка-Мирского от 20 мая 1904 года // Российский государственный исторический архив (С.-Петербург). — Фонд 1284. — Оп. 194.-Д. 136.
  2. Михедько, В. Гомельский погром 1903 г.: этнический конфликт или гражданская война? / В. Михедько // Евреи Беларуси: история и культура: сб. научных трудов. — Мн.: ПКП «Арти-Фекс», 1998. — Вып.3/4. — С. 35-48
  3. Бухбиндер, Н. Еврейское рабочее движение в Гомеле (1890-1905гг.) / Н. Бухбиндер //1905 год в Гомеле и Полесском районе: Материалы по истории социал-демократического и рабочего движения в 1893 — 1906 гг. -Гомель: Западное обл. изд-во «Гом. рабочий»,1925. — С. 3 -64.
  4. Драпкин, Я. 1905 год в районе Полесского комітета РСДРП / Я. Драпкин // 1905 год в Гомеле и Полесском районе: Материалы по истории социал- демократического и рабочего движения в 1893 — 1906 гг. — Гомель: Западное обл. изд-во «Гом. рабочий», 1925.С. 65-245.
  5. Бунд в Беларуси. 1897-1921: Документы и материалы / Сост. Э. М. Савицкий. — Мн.: БелНИИДАД, 1997.
  6. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Фонд 60. — Воп.З. — Спр.6.
  7. Дзяржаўны архіў Расійскай федэрацыі. — Фонд 102. — Bon. 233. — Спр.1350. ч. 17A.
  8. Міхедзька, В. А. Гомельскі пагром 1906 года / В. А. Міхедзька // Гомельшчына: старонкі мінулага: Нарысы. — Гомель, 1996. — Ч. II. -II С. 70-78.
  9. Михедько, В. А. Круговая порука. Как «спасали Россию» в Беларуси / В. А. Михедько // Родина. Российский исторический журнал, — 2009. — №10.-С. 116-119.


Аўтар:
В.А. Міхедзька
Крыніца: Гомель: старонкі гісторыі (да 870-годдзя першай згадкі ў летапісе) [Тэкст] : зб. навук. арт. / рэдкал.: В. А. Міхедзька (адказны рэд.) [і інш.], М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2012. — 188 с. Ст. 37-44.