Калі падрахаваць усіх людзей, якія былі ў гэтай гомельскай будыне па вул. Савецкай ад адкрыцця ў 30-я гады мінулага стагоддзя і па сённяшні дзень, атрымаецца чарга ад Зямлі да Месяца як мінімум. А то яшчэ і ад Месяца да Зямлі можна пашнураваць..
Лазня № 1 працавала яшчэ “здавайны”. Хадзілі туды ўсе: працоўнае сялянства, прагрэсіўная інтэлігенцыя, пралетары, саўслужачыя, ваенспецы, супрацоўнікі органаў і, нават падазраю, ворагі народа.
У лазні ўсе аголеныя, то бок, усе роўныя. У лазні немажліва вызначыць пасаду, званне, адукацыю, паходжанне і ўсё астатняе. Што цалкам адпавядае і прынцыпу Кастуся Каліноўскага “У нас нет дворян, у нас все равны!», і лозунгу Вялікай Французскай Рэвалюцыі “Liberte, Egalite, Fratemite”, і нават гопніцкаму “а хуль ты тут выпендриваешься своим лепенем перед нормальными пацанами?!”
Ведаю пра гэтую лазню да халеры розных гісторый – цнатлівых, драматычных, трагікамічных і нават зусім распусных.
Зіма 1939 год, мой дзед Аўхім і бацька, якому тады было сем гадоў, у тае лазні. Парылка: сур’ёзныя мужчыны з венікамі. Размовы пра індустрыялізацыю, рыбалку, газету “Праўда” і піва. Знянацку ў аблоках пары матэрыялізуецца трое: шынэлі, фуражкі, партупеі, рэвальверы.
— Враг народа NN, вы арестованы!
Аголены вораг народа паслухмяна падымаецца і ідзе.
Праз колькі хвілінаў уся “памывачная” – пустая. Народ, па-хуткаму пазмываўшы мыльны шум, проста зваліў…
Калі першая гісторыя – трагедыя, то другая – фарс.
1983 год, тая ж гомельская лазня № 1. А 1983 год, як хто не ведае, “развіты сацыялізм”. То бок: улетку ва ўсім Гомлі рамантуюць трубы, каб узімку была гарачая вада, але ўзімку адрамантаваныя трубы замярзаюць, і вада даходзіць максімум да трэцяга паверха. У выніку, ва ўсе гомельскія лазні – шалёныя чэргі.
І вось, адстаяўшы чаргу, мы з бацькам нарэшце трапляем у тую ж самую “памывачную”, дзе тата бачыў арышт у 1939 г. нейкага ворага народа. Намыльваемся. Стаім у чарзе да душа. І тут дзверы адчыняюцца…
Карацей, тое ж самае: шынэлі, фуражкі, партупеі. Праўда, не “дзяржбяспека”, а звычайныя мянты.
І геніяльны загад:
— Граждане, всем приготовить документы, удостоверяющие личность!
1983 год, як хто забыўся – гэта “андропаўшчына”. Час, калі мянтоўскія патрулі швэндаліся па вуліцах, кінатэатрах, крамах і нават цырульнях і нахабна чапляліся да людзей – чаму, маўляў, не на працы?
Уявіце: каля сотні аголеных і намыленых мужчынаў з тазікамі. Азіраюцца. Лыпаюць. Не разумеюць сэнсу пытання. Дзе ў аголенага ў лазні могуць быць дакументы? (“паручнік Ржэўскі, маўчаць!..”)
І тут адзін аголены мужык пачынае рагатаць. Па хуткім часе – другі, трэці і пяты… Паводле законаў масавых псіхозаў, неўзабаве рагоча ўся зала, і нават мянты. І тут старшы мент паблажліва прабачаецца:
— Мужики, я все понимаю, но нам так приказали…
…Не, усё ж добра, што нас усіх не заарыштавалі за тое, што дакументаў з сабою не было!..
P.S. Усё адно гэтую гомельскую будыну вельмі і вельмі люблю!
Аўтар: Уладзіслаў Ахроменка