Гомель, шасцідзесятыя, “Парк Культуры”

0
1231
Гомель і парк культуры

Знакаміты візіт М. Хрушчова ў ЗША ў 1959 годзе, акрамя кукурузы і “дагонім і перагонім” даў яшчэ адно прыкрае наступства. Мікіта Сяргеевіч настолькі ўразіўся дубінкамі амерыканская паліцыі, што загадаў узброіць падобнымі дубінкамі і савецкіх мянтоў.

Напачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя мянты з драўлянымі дубінкамі з’явіліся ў Гомелі. Больш за ўсё іх чамусці было ў Парку Культуры і адпачынка, каля так званай танцавальнай “клеткі” (гамяльчане разумець, пра што я). Ясна справа, па хуткім часе тыя дубінкі ўжо выпрабоўваліся на заўсёдніках “клеткі”. І па справе, і, часцей за ўсё – “проста так”.

Доўжылася, праўда, гэта не надта доўга. Неяк зраніцы нарад міліцыі знайшоў у хмызах за “клеткай” труп свайго калегі. Як і мае быць, рукі нябожчыка былі складзеныя на грудзях, і змярцвелыя кулакі трымалі прафесійную прыладу на манер свечкі.

Гісторыю гэтую ведаю ад таты.

— І што характэрна, сынок, — гаварыў мне бацька. – Усе заўсёднікі “клеткі” ведалі, хто таго мянта замачыў: адзін з музыкаў, бо мент ягоную дзяўчыну пабіў. І ніхто ж яго так і не здаў…


Аўтар:
Уладзіслаў Ахроменка