Гомель на ўскраіне Рэчы Паспалітай

0
487
Гомель на ўскраіне Рэчы Паспалітай

У апошнія дзесяцігоддзі XVII ст. Гомель паступова залечваў раны, нанесеныя вайной. Гэта рабілася за кошт працы сялян гомельскага маёнтка i мяшчан горада. Да 1699 г. эканамічнае становішча Гомеля настолькі ўмацавалася, што горад здолеў, анрача ўсяго іншага, утрымліваць заснаваную тут Аўгустам II каралеўскую паштовую службу. Аднак мірны перадых працягваўся нядоўга — разбуральная Паўночная вайна (1700-1721 гг.) зноў праглынула вынікі стваральнай працы. На гэты раз Го­мель i яго маёнткі апынуліся ў баку ад самога тэатра баявых дзеянняў, але вялікім цяжарам для іх сталі надзвычайныя ваенныя падаткі і армейскія пастоі. Так, у маі 1706 г. у Гомелі кватаравалі часці пятроўскай арміі на чале з А.Д. Меншыкавым. Расійскія войскі праходзілі праз горад і трыма гадамі пазней, пасля разгрому шведаў каля в. Лясная.

Вайна заўсёды несла народу вялізныя пакуты, ахвяры і разбурэнні. Не меншай бядой для гісторыі нашага краю XVIII ст. быў глыбокі раскол грамадства па сацыяльнай і рэлігійнай прыналежнасці, атрыманай у спадчыну ад папярэдняга стагоддзя. Яго прычынамі былі Брэсцкая царкоўная унія, узмацненне эксплуатацыі простага люду, далейшая «шляхетызацыя» і паланізацыя Вялікага княства Літоўскага, ціск польскага ўплыву і, у немалой ступені, блізарукая канфесійная палітыка правячых колаў Рэчы Паспалітай.

У другой палове XVII-XVIII ст. адбывалася пэўная інтэграцыя польскай, беларускай і літоўскай шляхты, фарміравалася адзінае феадальнае саслоўе, якое мела прыкметы этнічнай агульнасці — «польскі народ шляхецкі» з аднолькавымі правамі, прывілеямі, палітычнай ідэалогіяй, нарэшце, адной мовай (польскай) і верай (каталіцкай). Поўная паланізацыя беларускіх феадалаў вяла да таго, што мясцовым селяніну i мешчаніну Гомеля, пераважна праваслаўным па веры, ужо супрацьстаяў не толькі пан-эксплуататар, але і «лях» — прадстаўнік іншай культу­ры і, па сутнасці, чужога народу. Таму не выпадкова першая палова і сярэдзіна XVIII ст. праходзілі ў Гомелі гіад знакам напружанага канфесійнага і сацыяльнага супрацьстаяння.

Шматлікія спробы далучыць гамялян да уніі ў XVII ст. былі беспаспяховымі і, нарэшце, захлынуліся ў крыві праваслаўных, каталікоў і уніятаў у перыяд грамадзянскай вайны 1648 — 1651 гг. У першыя дзесяцігоддзі XVIII ст. гомельскія ўлады пры падтрымцы каталіцкага духавенства распачалі новы наступ на «ўпартую» праваслаўную «чэрнь». Памаганнямі апантанай каталічкі Алены Грахольскай — жонкі старо­сты — у праваслаўных была адабрана саборная царква, а мясцовы ксёндз перашкодзіў спробе будаўніцтва ў Гомелі новай мураванай царквы.

Зыходзячы з катастрафічнага становішча праваслаўнай царквы па ўсёй тэрыторыі ВКЛ, страты ёй сваіх прыбыткаў і галечы паствы, беларускія праваслаўныя іерархі звярнуліся за падтрымкай да рускага самадзержца Пятра I. Расія, занепакоеная заняпадам «грэцкай» веры ва ўладаннях Рэчы Паспалітай, якая ўжо даўно траніла пад расійскую залежнасць, наладжвае дыиламатычны націск на караля i сейм, накіроўвае рашучыя патрабаванні спыніць ганенні на праваслаўных. Для ўмацавання расійскага ўплыву на тэрыторыі ВКЛ умела выкарыстоўваюць найбольш агідныя факты ганенняў. У чэрвеньскім «мемарыяле» 1720 г. расійскага кіраўніцтва вярхам Рэчы Паспалітай гаварылася: «Обретаю­щиеся ныне в Польше и Литве гре­ческого исповедания духовного и мирского чина люди никакой воль­ности против других жителей Речи Посполитой не имеют, а именно: ду­ховным не дается свобода… для ут­верждения… соборов; такожде и епископы до заседания в Сенате, а шляхта не токмо до сенаторского чина по достоинству их, но и на сей­ме… мещане же в магистратские и другие уряды весьма не допускают­ся. Сверх того есть и иныя многия греческого исповедания монастырям, церквам и людям гонения, которых и описать не можно…»

верасня 1737 г. Гомель напаткала вялікая бяда. Мяшчанка Сямёнава, якая жыла на Траецкай вуліцы, была неасцярожнай з агнём. Ноччу ў яе доме ўспыхнуў пажар, які перакінуўся на суседнія будынкі. Літаральна ў лічаныя хвіліны полымя знішчыла большую частку горада. Абяздоленыя жыхары не маглі пасля гэтай падзеі плаціць дзяржаўныя падаткі і пачалі сем’ямі перасяляцца ў межы Расійскай дзяржавы. Пажар знішчыў і ўсе гомельскія цэрквы. Ацалеў толькі Мікольскі сабор. Узводзіць новыя цэрквы было забаронена. Больш таго, амаль усе храмы ў ваколіцах Гоме­ля былі перададзены уніятам (Шарсцінскі, Радужскі, Барталамееўскі і Навасёлкаўскі — у адзін дзень, на свята Пятра і Паўла ў 1737 г., Хальчанскі — у 1738 г. Кузьмініцкі — у 1749 г. i г.д.). Пры такім становішчы стварыць у Гомелі які-небудзь значны уніяцкі прыход уладам таксама не ўдалося. Толькі ў 1756 г. пад націскам незадаволенага несельніцтва і расійскага боку гамялянам было дазволена пабудаваць у горадзе тры праваслаўныя царквы — Прачысценскую, Троіцкую і Праабражэнскую.

Адметную своеасаблівасць гісторыі Гомеля і маёнтка прынесла перасяленне ў ваколіцы Гомеля ўцекачоў

з             Расіі — старавераў, якія на радзіме атрымалі кляймо «раскольнікаў». Працэс нерасялення пачаўся яшчэ ў канцы XVII ст.

Кім жа былі гэтыя людзі, уплыў якіх на жыццё Гомеля і ўсяго староства цяжка пераацаніць?

Першыя дзесяцігоддзі XVII ст. у Расіі — час вялікай «смуты», сацыяльнага, гаспадарчага і палітычнага крызісу, а таксама разладу ў людскіх душах. Стараючыся пераадолець цяжкую спадчыну мінулага і замацаваць уласную бязмежную ўладу, цар Аляксей Міхайлавіч здзейсніў шэраг рэформаў. Адной з важнейшых была рэформа праваслаўнай царквы. Абсалютнаму манаху была патрэбна толькі добра арганізаваная і паслухмяная царква. На стварэнне такой і былі скіраваны царкоўныя пераўтварэнні, здзяйсненне якіх цар аддаў у рукі патрыярха Нікана. Рускае богаслужэнне і абраднасць выконваліся на грэчаскі ўзор.

На царкоўным саборы 1654 г. было афіцыйна абвешчана пра рэарганізацыю праваслаўнай царквы. Старажытнае рускае двухперставае зна­менне замянялася грэчаскім трохперставым. Замест традыцыйнага васьміканцовага крыжа ўводзіўся чатырохканцовы. Малітоўныя зямныя накло­ны замяняліся паяснымі, з цэркваў выносіліся абразы «старога пісьма» і г.д.

Але значная частка народа і духавенства царкоўную рэформу сустрэла варожа. Задача кансалідацыі грамадства, на што разлічваў цар, не дасягнула мэты. Наадварот, адбыўся нябачны дагэтуль раскол насельніцтва. Супраць новага праваслаўя падняліся і рэлігійныя фанатыкі, і прасталюдзіны, і багатыя купцы, і нават баяры. На чале «раскольнікаў» стаў таленавіты прапаведнік пратапоп Авакум, які абвінаваціў Нікана ў разбурэнні нацыянальна-рэлігійных асноў рускага народа. Але глыбінныя прычыны расколу былі не ў чыста рэлігійнай сферы. Людзі, што заста­вал іся пры старой веры, лічылі яе зброяй супраць жорсткага прыгоннага прыгнёту, сродкам абароны сваёй уласнай годнасці. Супрацьстаянне вылівалася ў стралецкія бунты, хваляванні і народныя паўстанні. Прыхільнікаў «древнего благочес­тия» пераследавалі, катавалі і высыла­ла Сучаснікі тых падзей сцвярджалі: «Везде цепя брячаху, везде вериги звеняху, везде тряски и хомуты Никонову учению служаху, везде бичи и железие в крови исповеднической повседневно омочахуся».

Прыхільнікі старых абрадаў масамі ратаваліся ад праследаванняў на ўскраінах Расійскай імперыі, а такса­ма за яе межамі. Частка гэтых людзей знайшла прытулак на ўсходняй тэрыторыі Рэчы Паспалітай, а менавіта ў ваколіцах Гомеля. У малаасвоеных лясах Гомельскага Пасожжа шукалі «зямлі запаветнай» беглыя сяляне, стральцы, гандлёва-рамесны люд і святары, якія прагнулі зацвердзіцца ў «истинном благочес­тии и иноческом чине». Сюды беглі людзі з Ніжагародскай, Калужскай i іншых губерняў, з Кубані і Дона.

Каля 1685 г. на востраве, выкупленым у ваяводы пана Халецкага, насупраць старадаўняга маёнтка Хальч быў заснаваны пазней буйнейшы на Гомельшчыне цэнтр старавераў — Ветка. Яе і навакольныя мясцовасці асвоілі паслядоўнікі адной з «рас­кольницкіх» плыняў — папоўшчыны. Сяліліся яны кампактна і ізалявана ад мясцовага беларускага насельніцтва. У Ветцы была пабудавана царква, вакол мястэчка з’явілася да 14 слабод, у якіх у другой чвэрці XVIII ст. было да 30 — 40 тысяч жыхароў. У межах Гомельскага староства прышэльцы заснавалі слабоды Касецкую, Дубовы Лог, Папсуеўку, Мар’іна, Буду, Крупец, Гародню, Ніўкі, Грабаўку i Тарасаўку, а непасрэдна каля самога Гомеля — Мільчу, Красную, Касцюкоўку і Спасаўку (Спасаву).

Асабліва магутны прыток уцекачоў быў у час праўлення Пятра I, які да старавераў ставіўся надзвычай жорстка: бязлітасна «галіў ім бароды», здаваў у рэкруты і абкладаў двайнымі падаткамі. Прыхільнікі ста­рой веры ў сваю чаргу ненавідзелі пятроўскія новаўвядзенні, усяляк зневажалі іх. Сам жа цар атрымаў такую характарыстыку — «древний змий, сатана, прелестник, лжехрис­тос».

Hi паны, ні дзяржаўная ўлада Рэчы Паспалітай, якую прадстаўлялі гомельскія старосты Красінскія, не толькі не перашкаджалі перасяленню старавераў, але і ўсяляк заахвочвалі іх.

Большасць з пасяленцаў валодала якім-небудзь рамяством, умела весці справы купецкія. Гэта падабалася панам Халецкім, якія аддавалі стараверам зямлю на вельмі выгадных для сябе ўмовах.

Перасяленцы былі плацежаздольнымі. Гэта забяспечвала ім заступніцтва з боку буйных гомельскіх землеўладальнікаў і чыноўнікаў. Веткаўцы і слабодзічы прасілі толькі аднаго: не ўмешвацца ў іх унутрыабшчынныя і асабліва царкоўныя спра­вы. Гэта ім было гарантавана. Таму неўзабаве гомельскія слабоды ператварыліся ў невялікія гандлёва-рамесныя цэнтры. Што да Веткі, то яна жыла не горш за старосцінскі Го­мель.

Вярхоўныя ўлады Рэчы Паспалітай, якія з цікавасцю сачылі за ўнутранымі справамі магутнага ўсходняга суседа, надзвычай хутка адрэагавалі на з’яўленне ў сваіх памежных раёнах рускіх перасяленцаў. У 1690 г. была створана спецыяльная дзяржаўная камісія для азнаямлення з «новай верай». Кіруючыся фіскальнымі і палітычнымі меркаваннямі, камісія прызнала, што перасяленцы не належаць да небяспечных для дзяржавы і царквы сектантаў. Больш таго, кароль Ян III Сабескі выдаў указ аб вольным жыхарстве старавераў на землях Рэчы Паспалітай пры поўнай незалежнасці іх ад каталіцкага духавенства ў вызнанні веры і выкананні абрадаў. Гэта надта не спадабалася рускаму ўраду, затое гомельскія стараверы адчулі сябе не ўцекачамі, якія змушаны хавацца па лясах, а паўнапраўнымі падданымі Рэчы Паспалітай.

З зайздрасцю пазіралі стараверы гомельскай Спасавай слабады на суседзяў-веткаўцаў, якія ў 1733 г. займелі свайго епіскапа Епіфанія. Спасаўцы лічылі, што і яны дастаткова багатыя для таго, каб мець у сябе епіскапскую кафедру. Падбухтораныя папамі Іакімам i Мацвеем, яны 31 сакавіка 1735 г. натоўпамі рушылі да Веткі «здабываць» галоўнага духоўніка. Цяжка сказаць, чым бы скончылася гэта акцыя, каб не грубае ўмяшанне ў жыццё старавераў маскоўскіх уладароў.

Імператрыца Ганна Іванаўна была надта незадаволена тым, што ўчорашнія яе падданыя, якіх яна па-ранейшаму лічыла сваімі, прымнажаюць не царскую казну, а багацце Польшчы і Літвы. Сярод уцекачоў было i шмат небяспечных для самадзяржаўя бунтаўшчыкоў. Палкоўнік Сыцін атрымаў загад разбурыць памежныя пасяленні і скіты рускіх старавераў, а саміх іх вывесці на радзіму. 1 красавіка 1735 г. расійская армія, парушыўшы межы Рэчы Паспалітай, пачала акружаць Ветку. Царскія салдаты лавілі старавераў па лясных кутках, палілі скіты і слабоды. У выніку гэтай акцыі («першае выгнанне») 13 тысяч жыхароў гомельскіх слабод былі гвалтам вернуты на месца іх ранейшага пражывання ў Расіі. Частка спасаўцаў, не чакаючы, пакуль Сыцін схопіць іх як злачынцаў, разабралі царкву Праабражэння Гасподняга і на чале з Варлаамам Казанскім перасяліліся ў межы Расіі, у Клінцы.

Нягледзячы на актыўнае супрацьдзеянне царскіх улад, прыток новых уцекачоў у Гомельскае староства не стаў слабейшым. Такіх людзей было вельмі шмат і настроены яны былі даволі рашуча. Гэта прывяло да хуткага адраджэння і Веткі, і гомельскіх слабод. У 1764 г. цяпер ужо імператрыца Кацярына II здзейсніла «дру­гое выгнанне», у ходзе якога Ветка была разбурана палкамі генерала Маслава так моцна, што страціла ролю арганізацыйнага цэнтра папоўшчыны і саступіла пальму першынства Старадубу. Але гомельская Спасава Слабада без значных страт перажыла неспакойны час i на працягу XVIII ст. заставалася буйнейшым і багацейшым гомельскім прадмесцем, якое валодала статусам самастойнага пасялення.

Да праблем, што стаялi перад Рэччу Паспалітай, з канца XVII ст. дадалася яшчэ адна — лютая барацьба за ўладу паміж буйнейшымі магнацкімі групоўкамі — Сапегамі, Пацамі, Радзівіламі, Вішнявецкімі, Агінскімі * і іншымі. Іх унутрыпалітычныя канфлікты часам суправаджаліся ўзброенымі сутычкамі, у якія была ўцягнута значная частка кіруючага саслоўя Вялікага княства Літоўскага. Шляхта, якая мела шырокія маёмасныя прывілеі і амаль што бязмежныя палітычныя свабоды, усё больш настойліва дыктавала сваю волю амаль намінальнай каралеўскай уладзе. Уплыў апошняй змяншаўся з кож­ным годам. Манарх «двух народаў» паступова ператвараўся ў марыянетку магнацкіх кланаў і замежных «лабістаў». Спробы каралеўскай арміі ўціхамірыць свавольных паноў не выправілі становішча. Навядзеннем парадку ўсё часцей і часцей пачалі займацца замежныя войскі. Пытанні выбрання чарговага караля сталі вырашацца не столькі ў сваёй краіне, колькі ў Пецярбургу, Вене і іншых еўрапейскіх сталіцах. Знясіленая эканамічным разладам, сацыяльна-рэлігійнымі канфліктамі і магнацкімі ўсобіцамі, дзяржава няўмольна рухалася да занянаду.

Адной з найбольш яркіх фігур Рэчы Паспалітай гэтага перыяду быў апошні гомельскі староста князь Міхаіл Фрэдэрык Чартарыйскі (жыў у 1696 1775 гг.). Ён паходзіў са старажытнага беларускага магнацкага роду. У 1722 г. Міхаіл Фрэдэрык заняў пасаду віленскага кашталяна. Гэта была другая пасля ваяводы, вышэйшая адміністрацыйная асоба ў акрузе. Далейшая яго кар’ера была па-сапраўднаму імклівай: у 1724 г. ён стаў падканцлерам, у 1752 г. — кан­цлерам Вялікага княства Літоўскага. Князь належаў да найбагацейшых землеўладальнікаў краіны. Значную частку свайго вялізнага скарбу ён траціў на патрэбы палітычнай дзейнасці. У пачатку XVII ст. сям’я Чаргарыйскіх ў саюзе з Радзівіламі і Рэвускімі змагалася з «партыяй» ІІатоцкіх і Браніцкіх. Як прафесійны палітык Міхаіл Фрэдэрык неўзабаве ўзначаліў магнацкую групоўку «Фамілія», прыхільнікі якой займалі вядучыя пазіцыі ў грамадска-палітычным жыцці краіны і меркавалі, што дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай можна ўмацаваць пры садзейнічанні Расійскай імперыі. У гэтым яны карэнным чынам разыходзіліся з аб’яднаннем кансерватыўнай і патрыятычна настроенай шляхты, лідэрам якой з 1750-1760-х гадоў выступаў магнат Кароль Станіслаў Радзівіл, празваны Пане Каханку. «Фамілія» была больш моцнай, бо апіралася на падтрымку расійскай імператрыцы Кацярыны II i прускага караля Фрыдрыха ІІ.

У 1764 г. прыхільнікі Чартарыйскага ва ўмовах жорсткай барацьбы супраць Патоцкіх і Радзівілаў (іх «партыя» арыентавалася на Фрыд­рыха Крысціяна — сына папярэдняга караля Рэчы Паспалітай Аўгуста III Саксонскага) пры падтрымцы Расіі ўзвялі на трон апошняга караля Рэчы ІІаспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага (кіраваў дзяржавай да 1795 г.). Па просьбе Чартарыйскага Кацярына II накіравала ў межы Рэчы Паспалітай свае войскі, якія, злучыўшыся з яго атрадамі, захапілі радзівілаўскія крэпасці Нясвіж і Слуцк. Лідэр апазіцыі К.С.Радзівіл уцёк за мяжу, а выступленні яго прыхільнікаў былі задушаны.

У сярэдзіне 1760-х гадоў кароль з апорай на сейм спрабаваў правесці шэраг мерапрыемстваў па ўмацаванні дзяржаўнага ладу каралеўства. Пас­ля гэтага ён разам з Чартарыйскім пачаў прымаць захады, каб вызваліцца ад расійскай залежнасці, шукаў згоды з Аўстрыяй і Францыяй. Спробы караля замірыцца з Патоцкімі выклікалі разлад з Чартарыйскім.

Супраць урада падняліся прыхільнікі антырасійскай «партыі», якія ў 1768 г. аб’ядналіся ў Барскую канфедэрацыю — узброены магнацка-шляхецкі саюз. У рэформах караля канфедэраты бачылі пагрозу незалежнасці краіны. Успыхнула грамадзянская вайна. Яе зыход вырашыла ўмяшанне расійскай арміі, якая ў 1771 г. разбіла атрады канфедэрацыі. Абяскроўленая Рэч Паспалітая была аддадзена на волю магутных суседзяў. У 1772 г. адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай, у выніку якога ўсходняя частка Беларусі разам з Гомелем перайшла пад скіпетр расійскай імператрыцы Кацярыны II.

Скончылася і праўленне апошняга гомельскага старосты М.Ф. Чартарыйскага, які займаў гэтую пасаду з 1730 г. Архіўныя крыніцы сведчаць, што «гомельскі перыяд» Чартарыйскага для горада і староства быў спрыяльным. Напрыклад, калі ў 1738 г. у Гомельскай воласці было 37 каралеўскіх вёсак i сёл, 900 сялянскіх гаспадарак, то ў 1765 г. такіх вёсак i сёл стала 58, сялянскіх гаспадарак — 2230. З падуладных князю гомельскіх уладанняў у дзяржаўную казну паступілі 20 752 злотыя, але на зімовае ўтрыманне войска былі расходаваны 3832 злотыя.

Крыніца: Памяць. Гомель: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі: у 2-х кнігах / [уклад.: П. П. Рабянок]. — Мiнск: Белта, 1999. С. 76-81.