Гомель i яго жыхары ў XVI-XVIII стагоддзях

0
396
Гомель i яго жыхары ў XVI-XVIII стагоддзях

У XVI-XVII ст. Гомель меў цяжкі лёс памежнага горада Вялікага княства Літоўскага, быў фарпостам на шляху непрыяцельскіх армій. У XVI ст. пад яго сценамі і ў ваколіцах не аднойчы з’яўляліся крымскія татары, у канцы XVI — сярэдзіне XVII ст. горад пакутаваў ад асад казацка-сялянскіх загонаў і расійскіх войскаў. Нялёгкая доля наклала жорсткі адбітак на жыццё і побыт гамялян. Другім, пасля здабыцця хлеба надзённага, іх клопатам было ўмацаванне і гіадтрыманне абараназдольнасці крэпасці. Клопаты пра абарону паглыналі асноўныя ўнутраныя сілы Гомеля і воласці. У сувязі з гэтым аблічча Гомеля мала мянялася на працягу стагоддзяў. Нават да канца XVIII ст. горад так i не выйшаў з «сярэдневяковага стану», а заставаўся невялікім паўаграрным гарадком на ўсходняй ускраіне Рэчы Паспалітай.

Насельніцтва Гомеля значна скарачалася ў цяжкія часы ваенных ліхалеццяў, якім спадарожнічалі голад, эпідэміі і пажары (напрыклад, у 1530-я, 1580-я,. 1640-1660-я гады). Натуральны прырост жыхароў Гоме­ля быў адносна невысокі. Колькасць гараджан аднаўлялася пераважна за кошт перасяЛенцаў — сялян-уцекачоў, беларускіх шляхціцаў, што шукалі выгады ад «службы гаспадарскай», украінскага казацтва, а з канца XVII — пачатку XVIII ст. — рускіх старавераў.

Дакладныя звесткі пра колькасны склад насельніцтва Гомеля ў розныя перыяды яго гісторыі адсутнічаюць. Аднак інвентар 1681 г. дае магчымасць правесці некаторыя падлікі. Паводле гэтага дакумента, у Гомелі мелася 165 «дымоў» — двароў-гаспадарак. Калі зыходзіць з таго, што сярэднестатыстычная тагачасная сям’я складалася з 6 чалавек, то колькасць гаспадароў двароў і іх дамачадцаў будзе каля 1000 чалавек. Аднак агульная колькасць гараджан, напэўна, была большай і набліжалася да 1100 чалавек (у інвентары не ўлічаны сем’і, якія не мелі юрыдычных правоў на ўчасткі гарадской зямлі, а таксама асобы, што жылі на землях свецкіх і духоўных феадалаў). Такім чынам, Гомель канца XVII ст. быў хутчэй не горадам, а мястэчкам (шэраг даследчыкаў «ніжэйшы парог» колькасці насельніцтва для гарадоў ВКЛ вызначаюць у 1500 ча­лавек).

Разам з тым дэмаграфічная сітуацыя канца XVII ст. наўрад ці была характэрнай для XVI і пачатку XVII ст. Другая палова XVII ст. — час страшэннай разрухі і запусцення, што сталі вынікам дваццацігадовай сму­ты (1648-1667 гг.). Вядома, што ў гэты перыяд гарады Полацкага, Віцебскага і Мсціслаўскага ваяводстваў ВКЛ страцілі да палавіны, а то i больш сваіх двароў-гаспадарак i насельніцтва. Гомель жа ў той час знаходзіўся ў самым цэнтры баявых дзеянняў, i таму яго людскія страты былі асабліва вялікія. Калі яны набліжаліся да максімальных, то колькасць гарадскога насельніцтва на пачатак XVII ст. можна вызначыць лічбай у некалькі тысяч чалавек. Напэўна, столькі ж жыхароў Гомель меў і ў пераважна спрыяльныя для яго развіцця гады сярэдзіны XVI ст.

У XVIII ст. гарадское насельніцтва Гомеля павялічвалася надта ма­ру дна. I хаця Паўночная вайна непас­рэдна не закранула горад, яе наступствы адмоўна паўплывалі як на эканоміку Гомеля, так i на колькасць насельніцтва. Вялікі ўрон гораду прычыніў і пажар 1737 г. У 1765 г. у Гомелі было ўсяго 206 двороў-гаспадарак.

На час далучэння да Расійскай імперыі (а дакладней, па стану на 1773 — 1775 гг.) Гомель меў 1889 жыхароў. У гэтай лічбе і 207 пасяленцаў «непринадлежащих оному горо­ду», г.зн. тых, якія не карысталіся гарадскімі правамі. У гомельскім прадмесці Спасава Слабада, насельніцтва якой афіцыйна яшчэ не лічылася гарадскім, у той час жыло 557 чала­век. Такім чынам, у канцы XVIII ст. у межах «Вялікага Гомеля» жыло каля 2,5 тысячы чалавек. Колькасць гараджан расла за кошт выхадцаў з іншых краёў Беларусь. У дакументах нямала згадак ripa такіх людзей: Лабаноўскі — «мяшчанскі сын з Воршы», уда­ва Мацвеева са Шклова, Кулачонак з-пад Смаленска, Анацкі з «вёскі Любовін Чачэрскай парафіі» і г.д.

Насельніцтва Гомеля было неаднародным па сваім маёмасным і сацыяльным складзе і паходжанні. Верх сацыяльнай лесвіцы ў XVI-XVIII ст. займала вузкая праслойка багацейшых гараджан — буйных купцоў, ліхвяроў, членаў гарадскога самакіравання. За імі ішла вялікая група «сярэдніх» людзей ці «паспольства», якую складалі гандляры, рамеснікі, прамыславікі і іншыя. Унізе знаходзіўся гарадскі плебс, бедната — батракі, збяднелыя рамеснікі, дэкласаваныя элементы. У даку­ментах канца XVIII ст. згадваюцца дамы гомельскіх беднякоў — «хаты бяздворныя і беззямельныя». Гэта — батракі Хокаў і Кісель, работнікі мясцовых яўрэяў — Васілеўскі, Тутуш, Над’ячнік, Ляскоўскі, Пілчук. У першай палове 1770-х гадоў у Гомелі было 25 жабракоў.

Расслаенне гараджан у больш ранні перыяд (канец XVII ст.) мож­на прасачыць па колькасці зямлі (агародаў, «валок» і «маргоў), якой карысталіся жыхары Гомеля. Так, самыя вялікія зямельныя ўчасткі ў 1681 г. мелі мяшчане Васіль Свірыд, Іван Казелка, Павел і Іван Лысыя, Нічыпар Дубіна, Яско Гаўрычонак, Фёдар Вітала, Лявон Янчонак, Багдан Саркалет, Кір’ян Балбос, Іван Міхаловіч, Ярох Рак і інш.

Найбольш значную па колькасці гарадскую абшчыну — карпарацыю складалі мяшчане. Такая арганізацыя абараняла іх правы, стварала спрыяльныя ўмовы для заняткаў рамяством, гандлем, промысламі, садзейнічала развіццю традыцый мяшчанскага самакіравання.

Вялікія князі ВКЛ, зацікаўленыя ў стабільных паступленнях сродкаў у казну, давалі гарадам даравальныя граматы на магдэбургскае права. Па­водле гэтага права на самакіраванне мяшчане вызваляліся ад шэрагу феадальных павіннасцяў, атрымлівалі юрыдычна аформленыя правы займацца рамяством i гандлем, наладжваць кірмашы, выбіраць магістраты — органы гарадскога самакіравання. Магістрат выконваў ролю адміністрацыйнай улады, хоць яго ўлада не пашыралася на валашчан, духоўных і свецкіх феадалаў, яўрэйскія абшчыны і некаторыя іншыя катэгорыі насельніцтва. Магістрацкія ўлады выконвалі таксама судова-паліцэйскія функцыі, сачылі за гандлем, збіралі падаткі. У велікакняжацкіх гарадах на чале магістрата быў войт, які прызначаўся вялікім князем з найбольш знакамітых гараджан. Значна радзей сустракаліся войты выбарныя.

Канкрэтныя, дакументальна пацверджаныя формы і характар органаў гарадскога самакіравання Гоме­ля невядомы, але ў тым, што яны існавалі, няма сумнення. 21 сакавіка 1560 г. кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст падараваў мяшчанам гарадскую пячатку з выявай крыжа і надпісам на лацінскай мове «Герб горада Гомеля». Пячатка дазваляла гараджанам без пасрэднікаў (мясцовай велікакняжацкай адміністрацыі i шляхціцаў, якія карысталіся ўласнымі пячаткамі) уступаць у маёмасныя і іншыя адносіны паміж сабой, з вярхоўнай і мясцовай уладамі, жыхарамі іншых гарадоў і мястэчак княства. Як мяркуе гісторык М.Ф. Спірыдонаў, які адшукаў у архіве тэкст гэтага каралеўскага прывілея на дараванне пячаткі, гамяляне карысталіся ёй да перадачы Гомеля імператрыцай Кацярынай II графу П.А. Румянцаву-Задунайскаму (1776 г.). Пячатка з гербам з’яўлялася важным пацвярджэннем прызнання вярхоўнай уладай вызначаных нравоў гамялян на самакіраванне.

Выява старэйшага гомельскага герба таксама не знойдзена. Гісторык А.К. Цітоў прапанаваў яе рэканструкцыю. Паводле яго меркавання, адлюстраванне крыжа сведчыць пра тое, што ўладальнікі герба — носьбіты хрысціянсісіх каштоўнасцей, гатовыя на самаахвяраванне ў барацьбе за іх. Каляровыя характарыстыкі гомель­скага герба, як мяркуецца, наступныя: крыж — колеру белага, што адпавядае колеру крыжа святога Георгія, поле — чырвонага. Менавіта гэтыя колеры найбольш часта выкарыстоўваліся ў беларускай геральдыцы XVI ст.

Існаванне ў Гомелі ў канцы XVII ст. органа мяшчанскага самакіравання пацвярджаецца згадкай у інвентары 1681 г. «мескага войта». Дарэчы, у 1773-1775 гг. гомельскія гараджане вызначаліся расійскімі ўладамі як «мяшчане-земляробы, якія не карыстаюцца правам магдэбургскім». Але гэта не выключае наяўнасці ў іх такога права ў больш ранні час.

Пэўную частку насельніцтва Гоме­ля складалі «служылыя людзі», якія ўтваралі асобую саслоўную групу. У яе ўваходзіла прыслуга старосцінскай адміністрацыі, замкавыя пушкары, жаўнеры, казакі гомельскага гарнізона і інш.

Прывілеяваную частку насельніцтва Гомеля ўтваралі прадстаўнікі феадальнага саслоўя — шляхта і духавенства, якія валодалі большымі і лепшымі ўчасткамі гарадской зямлі, багатымі дамамі і чэляддзю. Шляхціцы карысталіся шырокімі правамі ва ўсіх галінах грамадскага жыцця, не падпарадкоўваліся гарадскому суду і ў адрозненне ад мяшчан не плацілі пазямельных падаткаў. Правы феадалаў ахоўваліся заканадаўствам і велікакняжацкімі прывілеямі. Го­мельская шляхта, як і ўся беларуская шляхта, несла службу вялікаму кня­зю, што лічылася i ганаровым абавязкам і прывілеяй.

Значныя ўчасткі зямлі ў Гомелі i побач з ім у канцы XVII ст. мелі паны Міхаіл Кіцлажэўскі, Красоўскі, Ян Фашч, Руцкі, Самуэл Усціновіч, Левановічы, а таксама гомельскія цэрквы. Сем’і Левановічаў (Леановічаў), Усціновічаў і Фашчаў (Хвашчаў, Фаштаў) — старэйшыя шляхецкія сем’і Гомеля, нашчадкі мясцовых баяр XV-XVI ст. Яны захавалі свае ўладанні ў Гомелі і яго ваколіцах да пачатку XX ст.

Левановічы вялі радаслоўную ад баярына Лявона Рыгоравіча Волка, які ў 1560 г. «трымаў за лістом гаспадарскім да волі і ласкі гаспадарскай» ворныя землі і сенажаці пры сяле Азарычы і, на тых жа ўмовах, зямлю «пры месцы Гомельскім». Згодна прывілею Жыгімонта Аўгуста ад 9 жніўня 1560 г., Левановічы мелі правы на валоданне двума дварамі ў самім Гомелі. Да канца XVIII ст. Левановічы мелі зямельныя ўладанні ў сёлах Высокае, Слабада Паташава Рагачоўскага павета, Азарычы, Кажанаўка, Сяроўка, Плутоўка Беліцкага павета.

Радаслоўная Фашчаў не менш старадаўняя. Баярын Ян Фашч у 1560 г. «трымаў» ворную зямлю, сенажаці, дані мядовыя пры сёлах Насовічы і Юркавічы пад Гомелем. Новыя дараванні яму былі зроблены ў Гомелі і ваколіцах горада ў 1562 г. Правы на валоданне двума дамамі ў Гомелі паводле прывілея караля Аўгуста III ад 5 лістапада 1762 г. атрымаў Аляксандр Фашч. Да канца XVIII ст. зямельныя ўладанні Фашчаў значна пашырыліся і меліся ў Дуравічах, Папоўцы, Пышноўцы Рагачоўскага павета, Галавінцах, Лукоўі, Губіне-Харапуцці, Насовічах, Грабаўцы, Макаўі Беліцкага павета.

Баяры Усціновічы мелі 3 двары ў Гомелі паводле прывілея вялікага князя ВКЛ Жыгімонта Аўгуста ад 9 сакавіка 1555 г. і караля Яна II Казіміра ад 6 лютага 1664 г. У канцы XVIII ст. гэтыя шляхціцы ўжо валодалі землямі ў вёсках Кірыятаўка, Ухава, Шылавічы Рагачоўскага паве­та, Чонах, Сеўруках, Любны Беліцкага павета.

Беларусы складалі большасць жыхароў Гомеля. Амаль усе прозвішчы гараджан 1681 г. маюць «беларускае» гучанне»: Кутчанок, Філонавіч, Шпак, Янчанок, Гаўрычонак, Леванянок, Ціт, Жураўлёнак, Сідаронак, Барысянок (Барысёнак), Дайнека, Вераценнік, Гапанянок (Гапанёнак). Мясцовае паходжанне гэтых прозвішчаў пацвярджаюць і прозвішчы жыхароў тагачасных гомельскіх сёл і вёсак: Клімовіч, Апанасянок (Апанасёнак), Леванянок (Леванёнак), Гапанянок (Гапанёнак), Мірановіч, Маланча, Краўчанок (Краўчонак), Семянянок (Семянёнак) і інш. Цікава, што сярод прозвішчаў гамялян канца XVII ст. (як, дарэчы, і XVIII ст.) няма прозвішчаў з корнем «гом» (нібы, як сцвярджаецца ў не­каторых краязнаўчых працах, «характэрных» карэнным гамяльчанам). Самымі распаўсюджанымі прозвішчамі 300 гадоў назад былі: Крычавец, Жыхар, Свірыдзянок (Свірыдзёнак), Дубіна. Гамяляне аддавалі перавагу такім імёнам, як Іван, Фёдар, Андрэй, Лявон. Даволі пашыранымі былі імёны Яська, Аўрам, Васіль, Грышка, Яхім (Яўхім), Кузьма, Максім, Нічыпар, Павел, Сямён, Цімох, Янка (Ян). За стагоддзе да гэтага (у 1560 г.) найбольш ходкімі імёнамі гомельскіх валашчан былі Іван, Фё­дар (Федзька), Васіль (Васько), Міхаіл (Мішко), Якаў, Сцяфан (Сцяпан). Жаночыя імёны менш вядомыя: у інвентары 1681 г. знаходзім Гасю і Рэгіну.

У канцы XVIII ст. беларускія прозвішчы сярод гомельскіх мяшчан таксама пераважаюць. На старонках дакументаў 1770-х гадоў знаходзім прозвішчы Жыхара, Крычаўца, Дубіну, Кудзіновіча, Аксаміта, Саркалета, Шалабаса, Мурашку, Зязюлю, Магіляўца, Кісяля, Алфяровіча, Гра­бара, Горбача, Мамановіча і інш.

У XVI-XVIII ст. насельніцтва Гомеля расло і за кошт выхадцаў з рускіх зямель. Аднак доля велікаросаў была параўнальна сціплай і далёка не аднолькавай у розныя перыяды гісторыі горада. Найбольш прыдатнымі для перасяленцаў з Расіі былі першыя дзесяцігоддзі XVI ст., калі горад знаходзіўся ў складзе ўладанняў Масквы. Тут маглі асядаць гандляры, рамеснікі, беглыя сяляне, стральцы-пішчальнікі, што заводзілі сем’і па месцы служ­бы. Лёс закідваў рускіх людзей у Гомель і на працягу XVII ст. Але ў інвентары 1681 г. зусім рэдка трапляюцца прозвішчы з «рускім гучаннем» (Жыхараў і інш). Значна больш такіх прозвішчаў сустракалася сярод жыхароў навакольных сёл i вёсак: Іван Дзедаў (вёска Пакалюбічы), Сямён Агееў i Павел Максімаў (вёска Карма), Аляксей Герасімаў (вёска Дабруша, цяпер — горад Добруш), Іван Макараў (вёс­ка Раманавічы), Андрэй Іваноў, Іван Абакумаў (вёска Прыбыткавічы), Сава Карпаў (веска Азарчыцы) і г.д. Руская частка насельніцтва Гомеля значна папоўнілася ў XVIII ст. за кошт уцекачоў-старавераў, выхадцаў з Арлоўскай, Цвярской, Ніжагародскай, Калужскай і іншых расійскіх губерняў, яны пасяляліся пераважна ў Спасавай Слабадзе. Так, сярод жыхароў гэтай Слабады ў 1770-я гады згадваюцца: Хатунцоў — «радзімай з Калугі купецкі сын», Грыдзінаў — «радзімай з горада Курска сяла Мерча гасударавай дварцовай воласці», работніца Іванова з Цвяры, Рушанінаў са Ржэва, Афанасьеў — купецкі сын з Калугі, манахі з Ноўгарада, Малаяраслаўца, Каломны і іншых, а сярод мяшчан — Пацкой — ураджэнец сяла Белы Калодзеж пад Курскам, Тутуш — «з горада Мяшч.эўска вёскі Вярбінава памешчыка Лупухіна».

Якія-небудзь колькасныя падлікі суадносін беларускага і рускага насельніцтва Гомеля (пры несумненна рэзкай перавазе беларусаў) па прычыне адсутнасці адпаведных гістарычных дакументаў немагчымы. Гэта ж можна сказаць і ў дачыненні выхадцаў з Украіны («Маларосіі»). Безумоўна, яны жылі тут і ў XVI, і ў XVII ст. Аднак выявіць прозвішчы ўкраінцаў на падставе пісьмовых крыніц таксама немагчыма, бо ў беларусаў і ўкраінцаў прозвішчы надта блізкія. Больш пэўна пра ўкраінскую «суполку» Гомеля можна казаць пад час канца XVIII ст. Так, «Пагалоўны спіс» 1773-1775 гг. называв гамялян-перасяленцаў з Седнева з-пад Чарнігава, з Кіева, Белай Царквы i інш.

Перасяленцы з Полынчы актыўна асядалі ў Гомелі з канца XVI ст., але асабліва заўважным іх прыток становіцца ў наступным стагоддзі. Дарэчы, у 1681 г. агульная колькасць палякаў і апалячаных беларусаў у Гомелі складала менш як 1 %. Да іх пераважна належалі асобы шляхецкага саслоўя — Кіцлажэўскія, Красоўскія, Плескія, Руцкія і г.д. У першай палове 1770-х гадоў асобам «каталіцкага закону» належалі 18 дамоў, у якіх жыло 67 шляхціцаў і каталіцкіх святароў, або каля 3,5% ад агульнай колькасці насельніцтва горада (Сяліцкія, Карповічы, Паплаўскія, Страчэўскія, Шалдзікоўскія, Ролніцкія, Язерскія, Завацкія, Раманаўскія і інш.).

Асобую этнаканфесіянальную гру­пу гомельскага насельніцтва складалі яўрэі. Першыя пісьмовыя згадкі пра іх адносяцца да сярэдзіны XVII ст. Пасля яўрэйскай разні, якая была ўчынена ў Гомелі казакамі Мартына Нябабы (1649г.), тыя нешматлікія яўрэі, якім пашчасціла ўратавацца, былі змушаны шукаць прытулку ў больш спакойных мясцінах. Так, са 165 двароў-гаспадарак, якія меліся ў Гомелі ў 1681 г., яўрэям належалі толькі 2 (Кальмана і Юды Кальмановіча).

Да 1770-х гадоў яўрэйская абшчына прыкметна вырасла — ёй належалі каля 70 двароў-гаспадарак (паводле іншых звестак — 60 двароў і 56 «бяздворных» хат), а колькасць членаў складала 596 чалавек. Гэта каля 32 % насельніцтва горада, ці каля 24 % насельніцтва «Вялікага Гомеля». У дакументах той пары згадваюцца: Цалка Залманавіч — «паехаў у Полыпчу для торгу», удава Моўшава з Лоева, Наўсевіч, Лейбавіч, Абрамовіч і г.д. Сярод гомельскіх яўрэяў былі як буйныя (трымалі наёмных работнікаў), так і дробныя гандляры, рамеснікі, маламаёмныя, служкі рэлігійнага культу.

У адпаведнасці з заканадаўствам ВКЛ яўрэі, якія жылі ў беларускіх гарадах, утваралі не толькі асобную саслоўна-канфесіянальную, але адначасова і падатковую групу насельніцтва, правы якой ахоўваў і прадстаўляў кагал (кегіла). Кагал — гэта абшчына, адзінка сацыяльнай арганізацыі яўрэйства, у рамках якой развівалася нацыянальная культура, з мовай ідыш у якасці сродку зносін і іўрытам як мовай адукацыі, справаводства, іудзейскай рэлігіі. Кагал займаўся зборам падаткаў, вырашаў грамадскія і рэлігійныя справы яўрэяў. У 1770-я гады духоўным кіраўніком гомельскага кагала быў рабін (рабі) Давідовіч — вышэйшы служка рэлігійнага культу, суддзя па пытаннях веры і сямейнага жыцця яўрэяў.

Дакументальныя крыніцы дазваляюць нам уявіць у агульных рысах знешняе аблічча Гомеля і характар яго забудовы ў XVI-XVIII ст. Гарадская тэрыторыя таго часу ахоплівала толькі нязначную частку цэн­тра сучаснага Гомеля і ўключала тэрыторыю паміж ярамі Кіеўскі спуск і Гамяюк (зараз на яго дне знаходзіцца Лебядзінае возера, зробленае ў XX ст. па загадзе князя І.Ф. Паскевіча). З іншых бакоў горад абмяжоўваўся рэчышчам Сажа і мясцовасцю, дзе цяпер праходзіць вуліца ІІрацоўная. З поўдня, захаду і поўначы да ўласна горада падыходзілі прадмесці.

«Сэрцам» Гомеля быў добра ўмацаваны драўляны замак, перадгісторыя якога да XVI ст. ужо налічвала некалькі стагоддзяў. Яго далёкім «папярэднікам» быў старажытны радзіміцкі град, на месцы якога пазней знаходзіўся замак Гомій эпохі Кіеўскай Русі. Як і першапачатковыя гарадзішчанскія ўмацаванні, крэпасць размяшчалася на мысе, утвораным карэннымі берагамі Сажа і Гамеюка (цяпер на гэтым месцы будынак абласнога краязнаўчага музея). Гэтыя абрывы, багата палітыя крывёй рат­ных і мірных людзей, «памятаюць» штурм горада войскамі Радзівіла ў 1535 г., асаду маскоўскіх стральцоў 1581 г., аблогі казацка-сялянскіх атрадаў ў сярэдзіне XVII ст. …

Замкавыя ўмацаванні XVI-XVIII ст. у выглядзе землянога вала ахоўвалі невялікую цытадэль плошчай каля паўтара гектара. Вакол вала падковай ішоў шырокі роў шматметровай глыбіні. Зверху вала ў XVI ст. (як сведчыць выява на тагачаснай карце) знаходзіліся высокія драўляныя сцены з зубчастымі байніцамі для гарматнага бою. Яны мелі дах.

Мяркуючы па аналогіях з іншымі беларускімі гарадамі, аснову сцен мог складаць частакол або больш удасканаленая канструкцыя — прыстаўленыя адна да адной дубовыя зрубныя клеці ў 2 ярусы, якія мелі баявую галерэю для воінаў — «бланкаванне». Найбольш слабыя, а таксама вуглавыя ўчасткі крапасной сцяны завяршаліся вежамі рознай вышыні. Самай адказнай у абароне замка была вежа-брама з пад’ёмным мостам-«узводам». Абарончыя сцены і вежы былі ўкрыты слоем гліны. Гэта рабілася для засцярогі іх ад гніення, пажару i каб крэпасць мела выгляд каменнай ці цаглянай фартэцыі. Замак меў патаемны падземны ход, які вёў да ракі Сож і выкарыстоўваўся ў час аблогі для папаўнення запасаў вады, нечаканых вылазак.

Гомельскі замак неаднаразова гарэў і неаднойчы быў перабудаваны. У канцы XVIII ст. яго абарончыя збудаванні складалі драўляныя сце­ны — палі (палісада). Гэта былі ўкапаныя двума паралельнымі радамі тоўстыя бярвёны, паміж якімі быў шчыльна набіты грунт. У сцены былi ўключаны 11 двух’ярусных зрубаў-«ізбіц». У час варожай аблогі ніжні паверх гэтых збудаванняў займала насельніцтва горада са сваёй маёмасцю, на верхнім паверсе знаходзіліся абаронцы замка.

Пляцоўка ўнутры ўмацаванняў была забудавана драўлянымі памяшканнямі адміністрацыйнага, жыллёвага, гаспадарчага і культавага прызначэння. Што яны ўяўлялі сабой у канцы XVII ст., відаць з пісьмовых дакументаў. У цэнтры крэпасці знаходзілася «барагае» — збудаванне ў выглядзе хорама. Яно мела мноства пакояў, кафляныя печы і галерэі. Гэты і другі новапабудаваны дом прызначаліся як рэзідэнцыі для старостаў іншых высокіх чыноўнікаў мясцовай адміністрацыі. У замку меліся «каморы» — памяшканні для захоўвання рознай маёмасці, «хаты» слуг, скляпы, у тым ліку вінны («піўніца»), лядоўня, кухні, хлявы, свірны, стайні, вінакурня-піваварня (бровар), лазня і іншыя будыніны, неабходныя для абслугоўвання гаспадароў замка і патрэб вайсковага гарнізона. Некаторыя будынкі былі двухпавярховыя.

У гомельскі замак можна было ўвайсці толькі праз уязную браму, вароты якой мелі моцныя і надзейныя запоры. Побач з брамай знаходзіўся астрог — турма. Найбольш грандыёзным збудаваннем замка была драўляная Мікалаеўская саборная царква.

Нягледзячы на значныя перабудовы і рэканструкцыі, асноўны комп­лекс замкавых будынкаў і элементаў умацаванняў захаваўся амаль да канца XVIII ст. — часу будаўніцтва каменнага палаца П.А. Румянцава-Задунайскага. Пра гэта сведчыць вопіс замка, складзены ў Гомелі ў сакавіку 1776 г. магілёўскім губернскім сакратаром Львом Новінай-Гулевічам. Апошняе драўлянае будаўніцтва вялося ў замку ў 1737 г. па даручэнні старосты Міхаіла Фрэдэрыка Чартарыйскага. Тады была закладзена но­вая крэпасць з вежамі, сценамі, байніцамі, былі паглыблены равы і падпраўлены пад’ёмны мост.

Канчаткова гомельскія замкавыя ўмацаванні разабраны і знішчаны паміж 1780 г. і 1785 г.

У Гомельскім замку захоўваўся і пры неабходнасці папаўняўся арсе­нал («муніцыя»), У XVI ст. на ўзбраенні войска ВКЛ былі розныя віды агнястрэльнай і халоднай зброі. Найбольш простай агнястрэльнай зброяй быў жалезны «кій» — труб­ка з адтулінай у казённай частцы для падпальвання пораху. У сярэдзіне XVI ст. «кій» змянілі больш дасканалыя ружжы — гакаўніцы, ручніцы i аркебузы. Гакаўніца («пішчаль зацінная») мела буйны калібр, даўжыню да 1,8 метра і вагу да 25 кілаграмаў. Пры выстрале яна дава­ла модную аддачу, таму яе крапасныя разнавіднасці мацаваліся на ўпорах пры дапамозе спецыяльнага крука. Для падпальвання парахавога зараду выкарыстоўваўся замок. Гакаўніцы стралялі жалезнымі i свінцовымі кулямі дыямеграм ад 2 да 3,3 сантыметра. Падобнай была i ручніца — больш лёгкая і зручная стрэльба меншага калібру («йішчаль ручная»). Аркебузы — іспанскія па паходжанні ружжы мелі калібры 12,5 i 18,5 міліметра. Далёкасць палёту кулі каля 50 метраў. Яны часта забяспечваліся больш дасканалымі «калясцовымі» і ўдарна-крамянёвымі механізмамі.

Важнейшым сродкам абароны замка былі артылерыйскія гарматы («дзела», «арматы»). Пасля 1540 г. Гомель атрымліваў іх з Віленскай людвісарні. Большасць гармат XVI ст. зараджаліся з боку дула. Ядры былі каменныя, бронзавыя, жалезныя, у тым ліку разрыўныя, запальныя, шрапнельныя, карцечныя, гранатныя. Гарматы XVI ст. былі даўгаствольныя (фельдшланга, фалькона, квартшланга, фальканет, серпанціна), сярэднествольныя (шарфмета, картавуна, салавей) і для стральбы камен­нымі кулямі. Вага ствала самых буй­ных гармат дасягала 111 цэнтнераў, а вага ядраў — 124 фунтаў. Самымі лёгкімі былі серпанціны. Яны мелі 2,5-цэнтнеравы ствол і паўфунтавыя жалезныя ядры. Ад хуткай стральбы ствол такой гарматы моцна награваўся i мог трэснуць, таму, калі ён разаграваўся да блакітнага свячэння, стральбу спынялі. Серпанціны маглі рабіць да 80 стрэлаў за дзень, а самыя буйныя гарматы — толькі 20.

У спакойным для Гомеля 1681 г. у арсенале яго замка было ўсяго 5 гармат — 3 «дзела» бронзавых, 1 жалезнае «добрае» i 1 «дзельца» жалезнае сапсаванае. Да гармат звычайна прызначаліся 23 жалезныя ядры. Апрача таго, ва ўзбраенне замка ўваходзілі 6 гакаўніц, i 1 мушкетаў, 3 гусарскія шлемы-гусакі.

Асобую разнавіднасць агнястрэльнай зброі ўяўлялі 11 арганкоў, або арганаў. Гэта — шматствольная зброя, ствалы якой размяшчаліся гарызантальна ў некалькі ярусаў на спецыяльным станку. Гомельскія арганкі былі складзены з мушкетных ствалоў.

Да ручной агнястрэльнай зброі ў арсенале замка захоўваліся 3394 свінцовыя кулі. Было таксама шмат пораху i 5 вялікіх кавалкаў свінцу.

Гэтай зброі гомельскага замка было дастаткова для таго, каб адбіць напад зграі разбойнікаў. Пад час жа вядзення баявых дзеянняў ва ўмовах вайны замкавы арсенал быў куды больш унушальным.

У крапасных свірнах захоўваліся і ўвесь час папаўняліся запасы ячме­ню, аўса, жыта, пшаніцы, грэчкі. Ствараліся яны за кошт каралеўскіх падаткаплацелылчыкаў і эксплуа­тацыі замкавых зямель. У 1681 г. гомельскі замак меў некалькі ворных палёў, сенажацяў, азёр i сажалак — Русалну, Сатан (сучасная яе назва Сецін, знаходзіцца каля вёскі Пакалюбічы), Броню, Аўлукова, Бяседку, Чорнае (сучасная яе назва Любенскае), Вузкае (каля сучаснай Навабеліцы), Глушэц (каля вёскі Старыя Дзятлавічы), Козары (пры вусці Церухі), Дзяднова (Дзядно, каля рачнога порта) і інш.

Замкавай гаспадарцы належала таксама 6 млыноў: на рэчцы Мільча, у сёлах Волкавічы і Прыбыткавічы, на рэчцы Уза паблізу вёскі Бабовічы i два каля сяла Юркавічы (цяпер Старыя Юркавічы на Браншчыне). Адным са старэйшых быў млын каля в. Бабовічы. Ен згадваецца ў рэестры 1560 г. Гомельскія млыны былі вадзянымі і выкарыстоўваліся, як можна здагадвацца, не толькі для размолу збожжа, але і соладу, распілоўкі драўніны i г.д. Млыны былі даволі складаным механізмам: мелі рухавік, перадатачны механізм і ра­бочую машыну. Для работы кола ўзводзілася плаціна, вада з якой і падавалася на кола па спецыяльных драўляных латаках.

Часткай замкавай гаспадаркі лічыліся і 2 механічныя сукнавальні, якія размяшчаліся на рацэ Вуць каля сяла Прыбыткавічы і на рэчцы Уза. Важная роля ў эканоміцы Гомеля належала жалезаплавільным заводам-рудням каля вёскі Юркавічы (Старыя) і Вёскі Маркавічы. Там знаходзіліся багатыя паклады балотнай руды. Рудні XVI-XVIII ст. складаліся з 2 вытворчых памяшканняў. У першым размяшчаліся 2 плавільныя печы для разагрэву руды і варкі крычнага жалеза. Да печаў падводзіліся мяхі, якія прыводзіліся ў рух вадзянымі коламі. Атрыманы метал апрацоўваўся вялікімі і малымі молатамі. Яшчэ адно памяшканне — сама кузня, дзе вырабляліся неабходныя рэчы.

Такім чынам, замкавая гаспадарка была надта аб’ёмістай і выходзіла далёка за межы ўласна гарадскіх сцен.

Калі замак быў «сэрцам» і «галавою» Гомеля, то яго «целам» i «рукамі» з’яўляўся ўласна горад («месца»). Месца прымыкала да зам­ка і, нібы кляшчамі, ахоплівалася двума ярамі натуральнага паходжання — Кіеўскім спускам і Гамеюком. Працай ваенных будаўнікоў гэтыя яры былі прыстасаваны ў якасці абарончых умацаванняў. Іх вяршыні яшчэ ў XII-XIII ст. былі злучаны штучным ярам (прыкладна па трасе цяперашняй вуліцы Працоўнай). Апрача таго, па перыметры горада ішоў насыпны вал з драўлянымі крапаснымі збудаваннямі. Плошча месца (у межах гарадскіх сцен) у XVI-XVIII ст. складала каля 10 гектараў.

Дакументальныя звесткі пра гарадскія ўмацаванні вядомы з 1561 г. У той час Гомель быў абнесены ва­лам, на якім стаял і драўляныя зрубныя сцены. Уезд i выезд ажыццяўляўся праз вежы Чачэрскую, Магілёўскую, Рэчыцкую. Вежа Вод­ная выводзіла на гарадскую прыстань. Праз яр каля вежаў былі перакінуты пад’ёмныя масты.

Апісанні гарадскіх умацаванняў канца XVII ст. сведчаць: каля месца ішоў «яр копаны», меліся 3 драўляныя брамы (названы Чачэрская i Рэчыцкая) з «варотамі, прабоямі, крукамі і замкамі вісячымі». Увесь горад быў «наўкруг палямі абстаўлены дубовымі» і двух’яруснымі зрубамі — «ізбіцамі». Сваё стратэгічнае значэнне абарончыя збудаванні горада пачалі губляць у пачатку XVIII ст. Да канца стагоддзя іх ужо не было. Рэшткі яра канчаткова засы­паны ў пачатку XIX ст.

У XVI-XVIII ст. Гомель меў выразную радыяльна-паўкальцавую планіроўку і сядзібна-вулічную забудову. Голоўныя вуліцы-«стрэлы» (промні, а іх было 5) веерам разыходзіліся ад замка да напольнага абарончага пояса, дзё завяршаліся праязнымі і «глухімі» вежамі. Такі характар планіроўкі склаўся ўжо ў самыя раннія часы існавання горада.

Найважнейшым участкам Гомеля была яго гандлёвая плошча. Яна размяшчался на поўнач ад замка, адразу за крапасным «узводам» (цяпер тут, паміж сядзібамі абласнога краязнаўчага музея, Петрапаўлаўскага сабора і капліцай шумяць векавыя дрэвы парку). Рынак займаў плошчу больш за 5 тысяч квадратных метраў. На ім размяшчаліся гандлёвыя рады і склады для тавару — драўляныя «каморы». У 1681 г. іх было 16. За права карыстання каморамі гараджане плацілі ў гаспадарскі скарб 4 зло­тых. На рынку знаходзілася спецыяльнае памяшканне, дзе захоўваліся і гіры — вагавыя эталоны. Адна ripa была «перацягнута жалезным пру­там» і змяшчала ў сабе «асьмушку старую гомельскую, што мела ў сабе гарцаў дваццаць дзевяць». Другая ripa была вагой «паўмеры» ад першай. Гандлёвую плошчу «ахоўвалі» 2 храмы: праваслаўны Божай Маці i каталіцкі, што стаяў каля стромы да ракі Сож.

Адной са старэйшых гомельскіх вуліц была Чачэрская. Каб патрапіць на яе, трэба было выйсці з замкавай брамы і прайсці праз рынак. Вуліца Чачэрская пачыналася прыблізна каля цяперашняй сядзібы Петрапаўлаўскага сабора і заканчвалася крыху больш чым праз 100 метраў Чачэрскай жа брамай у сістэме гарадскіх умацаванняў (каля таго месца, дзе цяпер пачынаецца вуліца Савецкая). Па-за горадам вуліца пераходзіла ў шлях, які вёў у бок каралеўскай Чачэрскай воласці. У 1681 г. на Чачэрскай вуліцы месцілася ўсяго 15 двароў-гаспадарак. Былі тут таксама карчма і бальніца. Але да прывілеяваных раёнаў Гомеля вуліца Чачэрская не належала.

Калі «вярнуцца» да замка i «прайсці» метраў 30 паўз крапасныя сцены, то можна «патрапіць» на вуліцу Траецкую. Яна ішла амаль паралельна Чачэрскай і ўпіралася ў сістэму гарадскіх умацаванняў у тым месцы, дзе цяпер сквер каля памяшкання абласнога драматычнага тэатра. У канцы XVII ст. на вуліцы Траецкай было больш за паўтара дзесятка сядзіб i стаяла Троіцкая царква. Менавіта яна i дала назву вуліцы. Царква знаходзілася амаль каля сцяны замка.

Наступная вуліца — Спаская. Яе назва таксама ад старэйшай гомельскай царквы, якая знаходзілася ў пачатку вуліцы. Спаская вуліца ішла ад замка да месца сучаснай сядзібы абласнога драматычнага тэатра. У 1681 г. на ёй было каля двух дзесяткаў двароў і каталіцкі касцёл. Значнымі ўчасткамі зямлі тут валодаў пан Красоўскі.

Калі “ісці” далей супраць гадзіннікавай стрэлкі ўкруг замка, то мож­на «ўбачыць» вуліцу Карнілаўскую. Яна ішла ад цяперашняга Палаца піянераў да памяшкання вузла сувязі. У канцы XVII ст. Карнілаўская была параўнаўча вялікай вуліцай. На ёй знаходзіліся 28 сядзіб, у тым ліку двары паноў Левановічаў, Міхянкевічаў, Плескіх, Руцкіх. У дакументах канца XVIII ст. вуліца Карнілаўская ўжо не згадваецца. Замест яе называецца вуліца Дзеканоўская.

Самая шматлюдная вуліца Гомеля XVI-XVIII ст. — Рэчыцкая. У 1681 г. на ёй было 40 двароў-гаспадарак. Доўгай стралой цягнулася яна ўздоўж Гамеюка. Менавіта гэту вуліцу ў пэўнай ступені можна лічыць гістарычнай папярэдніцай былой вуліцы Замкавай (праспект Леніна). За межамі горада вуліца ішла ў бок павятовага горада Рэчыцы.

Да ўласна гарадской тэрыторыі з поўдня, захаду і поўначы прымыкалі прадмесці, якія не мелі ўласных паясоў абароны. Першапачаткова прадмесці засяляліся маламаёмнымі грамадзянамі, беглымі сялянамі і іншымі прышэльцамі, якія не мелі магчымасці набыць участкі гарадской зямлі, абароненыя крапаснымі сценамі.

Да канца XVIII ст. прадмесці разрасліся і ўжо ахоплівалі раёны сучасных вуліц Білецкага, Баўмана, Ланге, Сялянскай, Арцёма, Валатоўскай, Пушкіна, часткова — Савецкай, Кірава, праспекта Леніна, Інтэрнацыянальнай, Пралетарскай.

У другой палове XVIII ст. па-за ме­жамі старых умацаванняў Гомеля знаходзіліся вуліцы Застрожжа, Забрамская, Рэчыцкае Падвалле і інш. Усяго на плане горада 1799 г. ужо пазначана каля 16 вуліц i да дзесятка завулкаў.

Важнай часткай гарадской тапаграфічнай структуры была рачная прыстань. Яна знаходзілася каля падножжа замка. Тут жа была i паро­мная пераправа, якая згадваецца ў дакументах сярэдзіны XVII ст.

Гісторыя склалася так, што ў сувязі з пачаткам рэгулярнай забудовы Гомеля ў першай палове XIX ст. гістарычны цэнтр горада змяніўся непазнавальна. Карэнным чынам былi парушаны абрысы вулічнай сеткі, пачало ажыццяўляцца грандыёзнае мураванае будаўніцтва. 3 разбіўкай цудоўнага гомельскага парку назаўсёды зніклі вуліцы Траецкая, Спаская, Карнілаўская. Цяпер над іх старажытнымі трасамі шуміць парк і ляжыць асфальт цэнтральнай плошчы. Лёс жа вуліцы Чачэрскай наступны: яе асноўны адрэзак знік, а яе працяг пазней атрымаў назвы Румянцаўскай i Савецкай. Ад трасы вуліцы Рэчыцкай, напэўна, таксама застаўся невялікі, некалі загарадны ўчастак, які і ў нашы дні мае тую ж назву — вуліца Рэчыцкая.

Галоўным элементам забудовы Гомеля былі сядзібы. Мяшчанская сядзіба звычайна займала вызначаны ўчастак гарадской тэрыторыі («пляц»), складалася са зрубнага дома і гаспадарчых пабудоў. Меліся таксама хлявы, у асобных мяшчан — лазні, майстэрні, «шпіхлеры» (складскія памяшканні), вінакурні і інш. Дамы багатых гараджан і шляхты вызначаліся «элегантнай» архітэктурай, некалькімі паверхамі. Яны ме.’ і цагляныя печы з комінамі, зашклёныя вокны.

Важнейшую ролю ў жыцці горада адыгрывала тое, чым займалася насельніцтва. У XVI-XVIII ст. у Гомелі былі развіты розныя кірункі кавальскага, слясарнага, збройнага, гарбарнага, ювелірнага рамёстваў, ганчарнай вытворчасці, будаўніцтва, ткацтва, перапрацоўкі прадуктаў харчавання і г.д. У старадаўніх крыніцах ёсць звесткі аб развіцці мясцовага вінакурэння, згадваюцца млынары, рыбакі, гарматчыкі, іканапісцы, пісары, перавозчыкі, плытагоны і інш. Ды і прозвішчы гараджан дазваляюць здагадвацца пра іх асноўныя заняткі: Швец, Кушнер, Рэзнік, Цесла, Коваль, Катляр, Пушкар і г.д.

Аўтар: А.А. Макушнікаў
Крыніца: Памяць. Гомель: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі: у 2-х кнігах / [уклад.: П. П. Рабянок]. — Мiнск: Белта, 1999. С. 83-93.