Гомель ад гарадзішча і селішча — да горада (VIII-XIII ст.)

0
287
Гомель ад гарадзішча і селішча — да горада (VIII-XIII ст.)

Тэрыторыя Гомельшчыны заселена чалавекам з даўніх часоў. Толькі ў межах сучаснага горада выяўлена больш за 15 археалагічных помнікаў розных гістарычных эпох. Пасяленні каменнага і бронзавага вякоў знаходзяцца ў ваколіцах в. Валатава, на левым беразе р. Сож каля в. Якубоўка, ва ўрочышчы Шведская гара ў мікрараёне Фестывальны, у раёне гарадскіх могілак Асаўцы і інш. Гарадзішчы і селішчы ранняга жалезнага веку вядомы ва ўрочышчы Шведская гара, на ўскраіне мікрараёна Стары аэрадром, каля в. Якубоўка, на тэрыторыі 5-га мікрараёна.

Ёсць на тэрыторыі Гомеля і пасяленні перыяду ранняга і позняга сярэднявечча, хоць большасць такіх помнікаў увайшлі ў межы горада адносна нядаўна. Гістарычным цэнтрам Гомеля, з якога пачаўся рост горада, з’яўляецца частка тэрыторыі Парку культуры і адпачынку імя Луначарскага паміж двума ярамі, якія цяпер называюцца Кіеўскі спуск і Лебядзінае возера.

Выяўленыя тут археалагічныя знаходкі адносяцца да перыяду неаліту і брон­зы (4—2-е тысячагоддзі да н.э.). Умацаванае гарадзішча ўзнікла ў перыяд ран­няга жалезнага веку (IV—III ст. да н.э.) на мысе, утвораным правым берагам р. Сож i левым берагам ручая Гамяюк (Лебядзінае возера). Менавіта гэтае гарадзішча і неўмацаванае селішча, што раскінулася вакол яго, сталі тым падмуркам, на якім узнік і пачаў развівацца ста­ражытны Гомель.

Як і ў іншых усходнеславянскіх гарадах, у аснове развіцця Гомеля ляжалі фактары, з якіх хацелася б падкрэсліць найбольш значныя:

1) Тапаграфія першапачатковага пасялення бясспрэчна мела страгэгічныя высновы. Высокая берагавая тэраса, разрэзаная глыбокімі ярамі з ручаямі, наяўнасць абарончых збудаванняў больш ранняга часу (роў і земляны вал гарадзішча) абумоўлівалі значны фартыфікацыйны патэнцыял гэтага месца.

2) Размяшчэнне на старажытнай ажыўленай транспартнай магістралі (р. Сож з’яўлялася адным з адгалінаванняў шляху «Из варяг в греки») і ў цэнтры эканамічна развітога раёна, што спрыяла развіццю рамяства і гандлю асноўных перадумоў утварэння гарадоў.

3) Можна не сумнявацца, што пасяленне, якое існавала тут яшчэ ў дагарадскі перыяд, іграла ролю эканамічнага, адміністрацыйнага і духоўнага цэнтра сельскай акругі і часткі радзіміцкіх зямель Пасожжа. Менавіта тут паступова канцэнтраваліся функцыі ўпраўлення, якія потым перайшлі да горада як элемента дзяржаўнай структуры.

Працэс ператварэння ўсходнеславянскага гарадзішча і селішча VIII-IX ст. у горад быў дастаткова складаны, доўгі і завяршыўся, верагодна, да канца X ст., кал i землі радзімічаў былі ўжо ўключаны ў арбіту эканамічнага і палітычнага жыцця старажытнарускай дзяржавы. Далейшае развіццё рамяства, расшырэнне ўнутраных і знешніх гандлёвых сувязей, паступовае ператварэнне Гомеля ў значны адміністрацыйны цэнтр, узмацненне яго ваеннага значэння абумовілі рост яго тэрыторыі і насельніцтва ў наступныя часы.

Схема развіцця тэрыторыі старажытнага Гомеля тыповая для большасці гарадоў Кіеўскай Русі. Пляцоўка ўмацаванага ровам і валам гарадзішча на мысе р. Сож і рачулкі Гамяюк была ператворана ў дзяцінец, вакол якога пачала фармавацца тэрыторыя вакольнага горада, таксама ўмацаванага валам і ровам. За яго межамі размяшчаліся неўмацаваныя пасады.

Напачатку дзяцінец займаў тэрыторыю каля 1 га. Не пазней XII ст. яго плошча павялічылася да 1,4 га. Абарончыя збудаванні дзяцінца былі значныя: ад вакольнага горада яго аддзялялі глыбокі роў шырынёй да 30 метраў i земляны вал з драўляным частаколам. У такім выглядзе дзяцінец (пад назвай «замак») захаваўся аж да пачатку XIX ст., мяняліся толькі надвальныя драўляныя канструкцыі.

Тут размяшчаліся рэзідэнцыя князя альбо яго прадстаўніка, пастаянны вайсковы гарнізон, гарадское духавенства. Знаходкі фрагментаў плінфы дазваляюць меркаваць пра каменнае будаўніцтва, хутчэй за ўсё культавага прызначэння. Забудова тэрыторыі дзяцінца верагодна мела хаатычны характар.

З поўначы i з захаду да дзяцінца прымыкала тэрыторыя вакольнага горада эканамічнага цэнтра пасялення, цэнтра рамяства i гандлю. У X ст. плошча ваколь­нага горада склад ала ад 3 да 8 га, а ў XI -XIII ст. — больш за 12 га.

Прасторавае развіццё гэтай часткі Гомеля з поўдня было абмежавана ярам і ручаём Гамеюком, з поўначы — i ярам Кіеўскі спуск. На захадзе ад дзяцінца (у раёне сучасных будынкаў абласнога драматычнага тэатра і галоўпаштамта) абедзве часткі вакольнага горада злучаліся. Такім чынам была створана надзейная сістэма абароны, якая не страціла свайго значэння і ў часы сярэднявечча.

У сацыяльным плане насельніцтва вакольнага горада было неаднародным. Але пераважалі сядзібы гандляроў i paмеснікаў. У час раскопак 1986-1987 гг. выяўлены майстэрні па вырабе зброі i шкларобныя, сляды бронзаліцейнага, ювелірнага, кастарэзнага, кавальскага, ганчарнага, дрэваапрацоўчага рамёстваў. Можна меркаваць, што ў межах ваколь­нага горада знаходзілася і галоўная гандлёвая плошча пасялення.

Сядзібны тып забудовы тут спалучаўся з вулічнай планіроўкай у выглядзе некалькіх прамянёў, арыентаваных на дзяцінец. Тэрыторыя паміж гэтымі вуліцамі запаўнялася сістэмай завулкаў. Вуліца, што праходзіла па перыметры ўздоўж абарончых збудаванняў, з’яўлялася звяном, якое звязвала ўсе магістралі вакольнага горада.

Трэцяй састаўной часткай старажытнага Гомеля з’яўляліся неўмацаваныя пасады, якія паўкальцом ахоплівалі тэрыторыю вакольнага горада. Першы пасад пачаў фармаваццца не пазней XI ст. на поўдзень і паўднёвы захад ад дзяцінца на высокім правым беразе Гамеюка і на тэрасе ўздоўж ракі Сож. Першапачатковая яго плошча была каля 5 га, а ў сярэдзіне XIII ст. яна павялічылася да 15 га. Умоўнымі яго знешнімі межамі можна лічыць карэнную тэрасу правага берага Сожа ад яра Гамяюк да Ільінскага спуску (сучасную вуліцу Пралетарскую і тэрыторыі, што прылягаюць да яе, да перасячэння гэтай магістралі з ярам Гамяюк).

Археалагічныя даследаванні ў гэтым раёне сведчаць, што забудова пасада, як і вакольнага горада, мела сядзібны характар. Верагодна, што і галоўная гарадская прыстань знаходзілася менавіта ў гэтым раёне.

На паўночным усходзе вакольнага горада за ярам Кіеўскі спуск у XII ст. пачаў фармавацца другі пасад, які да сярэдзіны XIII ст. займаў плошчу ў некалькі гектараў. Умоўнымі яго межамі можна лічыць вуліцы Білецкага і Баўма­на, а таксама тэрасу Сожа ад Кіеўскага да Баярскага спускаў. Верагодна, яго планіроўка была аналагічная планіроўцы першага пасада.

На нізкай тэрасе ракі Сож, паміж яе ўрэзам і схіламі верхняй тэрасы на прасторы ад Баярскага да Ільінскага спускаў, верагодна, у XI-XIII ст. склаўся трэці пасад летапіснага Гомія. Яго планіроўка ўяўляла сабой вузкую паласу сядзіб, арыентаваных уздоўж лініі ракі і вусцяў яроў. Насельніцтва гэтага пасада, верагодна, было занята пераважна абслугоўваннем рачнога гандлю і рыбнага промыслу.

Пасады, як і вакольны горад, з’яўляліся месцам канцэнтравання рамяства і ганд­лю, але ў адрозненне ад яго выконвалі яшчэ i ролю прыгарадаў — слабод, якія забяспечвалі гараджан прадуктамі сельскай гаспадаркі і розных промыслаў.

У выніку археалагічных даследаванняў на тэрыторыі другога пасада акрамя гаспадарчых і жылых збудаванняў XII-XIII ст. выяўлена некалькі пахаванняў перыяду сярэднявечча без дакладнага іх датавання.

Жалезныя наканечнікі стрэл X-XIV ст. з Гомія.
Жалезныя наканечнікі стрэл X-XIV ст. з Гомія.

Надзвычай цікавым адкрыццём з’яўляецца тое, што на схілах карэннай тэра­сы Сожа, якая прымыкае да вусця Баяр­скага спуску, некалі размяшчаўся пячорны манастыр. Па выяўленых яго рэштках можна меркаваць, што ў жыцці горада ён адыгрываў пэўную духоўную функцыю.

Важным і складаным з’яўляецца пы­танне пра колькасць насельніцтва Гоме­ля ў гэты перыяд. Зыходзячы з методыкі, пранануемай некаторымі даследчыкамі, у межах горада шчыльнасць насельніцтва магла дасягнуць 200 чалавек на 1 га, а на яго ўскраінах 100-200 чалавек на 1 га. Такім чынам, у часы найвышэйшага росквіту старажытнага ўсходнеславянскага горада — у пачатку XIII ст. — у ім пражывала 5,5-6,5 тыс. чалавек.

Адначасова з горадам у яго блізкім наваколлі існавала нямала сельскіх пасяленняў. Пра гэта сведчаць і археалагічныя помнікі — селішчы, курганныя групы, даследаваныя вакол Гомеля. Яны і складалі тую воласць каля горада, пра якую згадваюць пісьмовыя крыніцы, і былі звязаны з цэнтрам адміністрацыйнымі і эканамічнымі адносінамі.

Пры археалагічным вывучэнні абарончых збудаванняў дзяцінца і культурнага слоя вакольнага горада выяўлены сляды моцнага пажару і значных разбурэнняў, якія адносяцца да першай паловы XIII ст. Нягледзячы на адсутнасць летапісных паведамленняў можна лічыць, што гэтыя падзеі звязаны з ваенным нападам на горад мангола-татар, якія ўварваліся на Чарнігаўшчыну ў 1239 г.

У выніку гэтага нападу, разрыву гандлёвых сувязей з іншымі рэгіёнамі былой Кіеўскай Русі, упадку рамяства і сельскай гаспадаркі, скарачэння насельніцтва рэзка спынілася паступальнае развіццё тэрытарыяльных i сацыяльных структур старажытнага Гомеля, што абумовіла спецыфіку яго існавання ў насгупныя стагоддзі.

Аналіз матэрыялаў па старажытнай гісторыі Гомеля дазваляе зрабіць некаторыя папярэднія высновы:

— пачатак фармавання горада мож­на аднесці да канца І тысячагоддзя н.э.;

— кампазіцыйным ядром старажытнага горада Гомеля стала ўмацаванае гарадзішча VIII-IX ст. на мысе, які ўтвараў правы бераг р. Сож i левы бераг ручая Гамяюк; вакол гэтага ядра, якое паступова пераўтварылася ў адміністрацыйны цэнтр старажытнага Гомеля — дзяцінец, паступова фармаваліся структурныя элементы пасялення — умацаваны вакольны горад і неўмацаваныя пасады, якім характэрна своеасаблівая планіроўка;

— фармаванне планіровачнай структуры горада ў гэты перыяд абумоўлівалася многімі фактарамі, найважнейшымі з якіх былі прыродны рэльеф мясцовасці, рака як асноўны сродак зносін, наяўнасць і развіццё абарончых збудаванняў;

— з канца X і амаль да сярэдзіны XIII ст. назіраецца інтэнсіўны рост тэрыторыі і насельніцтва Гомеля, які ператвараецца ў значны адміністрапыйны, ваенны, эканамічны і культурны цэнтр;

— найбольш інтэнсіўна тэрыторыя горада расла ўздоўж ракі — галоўнай гандлёвай і транспартнай артэрыі горада і яго наваколля; працягласць горада ўздоўж р. Сож складала ад 2 да 2,5 км, а перпендыкулярна яму — не болей 0,5 км, што ў нейкай ступені можа тлумачыцца меншай роляй сухапутных дарог у сістэме шляхоў зносін;

— асноўныя моманты планіровачнай структуры і прасторавай арганізацыі го­рада, якія склаліся ў старажытны перы­яд, заклалі падмурак, які і пазней вызначаў тэндэнцыі яго развіцця.

Аўтар: У.А. Літвінаў
Крыніца: Памяць. Гомель: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі: у 2-х кнігах / [уклад.: П. П. Рабянок]. — Мiнск: Белта, 1999. С. 37-40.