Гомель-1947. Пасляваенныя норавы

0
1525
Гомель 1947. Пасляваенныя норавы

З эвакуацыі бабка (1909 г. н.), бацька (1933 г. н.) і дзядзька Віктар (1937 г. н.) павярнуліся ў Гомель у снежні 1944 годзе. Натуральна, у родную гомельскую хату, збудаваную, страшна сказаць, у 1888 годзе (яна й гэтуль стаіць!) на малапрыкметнай гомельскай вуліцы Сазонава, што акурат паміж цяперашнімі Рагачоўскай і пр. Перамогі. Хата была практычна цэлая і неразрабаваная: жылі тамака аўстрыйцы з Вермахту, а яны лічыліся значна культурнейшымі за немцаў, якіх, між іншым, тыя аўстрыйцы люта ненавідзелі разам з іх Гітлерам…

Што такое пасляваеннае дзяцінства ў Гомлі – лепш не расказваць: няшчымніца, “хачу есці”, дэзэртыры-чырвонаармейцы з праваленымі сіфілітычнымі носамі, карткі на хлеб, крымінальны “таўчок” на Сялянскай вуліцы і проста фантастычная злачыннасці. “Па цёмнаму” ў пасляваенным Гомлі не хадзілі нават мянты: баяліся. Прытым ці не большасць гомельскіх бандаў складаліся не татуіраваных блатных, а з тых самых былых чырвонаармейцаў і асабліва партызанаў.

У бацькавым пасляваенным жыцці, з ягоных словаў, было тры аддушыны.

Па-першае, Парк Культуры і адпачынку (палацавы парк Румянцава-Паскевіча). Ужо працавала танцпляцоўка, ужо духавы аркестр граў хіт трыццатых гадоў “В парке Чаир распукаются розы…», ужо дзікія афіцэрскія цёлкі танчылі тамака ў непрыстойных пен’юарах, якія іх лайдакі-каханкі са СМЕРШу ці штабаў “отжали” у антысавецкіх элементаў, і якія тыя цёлкі ўважалі “роскошными вечерними платьями».

Па-другое, “Гарэлае балота” — вялізная пляцоўка, блізка цяперашняга аўтобуснага вакзалу, куды звозілі падбітую тэхніку. Бацька праводзіў тамака ці не ўвесь вольны час. У падбітым танку “Пантэра” можна было знайсці кавалак хлеба (ці абгарэлую нагу танкіста), у КВ-2 – бляшанку амерыканскай тушонкі ці спраўны ППШ, у грузавіку “Рэно” – раскошны “люгер” ці залаты медальён.

Ну, а па-трэцяе – рыбалка на Сожы ці Іпуці: з тых жа падбітых “Тыграў” ці Т-34 акуратна вымаліся боекамплекты, з іх выплаўляўся тол, а толам з капсулямі і дэтанатарамі глушылася рыба. Рыбу можна было памяняць на хлеб, амерыканскую тушонку “другі фронт” ці трафейнае нямецкае мыла і прынесці маці ў падарунак (асабліва, калі бацька быў на фронце – такое лічылася найвышэйшым пілатажам!)… Ну, і схадзіць у Парк Культуры і адпачынку на танцпляцоўку, паглядзець на “вышэйшы свет” у пен’юарах і золатапагоннікаў з “штабу”.

А вось школа “паслявайны” не кацірвалася. Доўга не мог зразумець – “чаму?”, пакуль тата не стлумачыў: “а нас тамака нямецкую мову прымушалі вучыць! А мне было брыдка!” Разумею: калі татаў бацька, мой дзед Аўхім сын Тадэвуша, быў цяжка паранены пры абароне ст. Уза пад Гомлем у 1941 г., амаль здыханым выбіраўся з занятай немцамі тэрыторыі і, хаваючыся ў балоце, чуў тры дні запар выключна нямецкую мову — і тут ягонага сына прымушаюць тую мову вучыць!

Прысуд для выкладчыц нямецкай у пасляваеннай гомельскай школе гучаў так: “Іх біна, Ду біна, Палена Браўно! — Што немка-скаціна, мы знаем даўно!” 

Пра што тата аднойчы на ўроку нямецкай і нагадаў настаўніцы. Тату неверагодна абразілі – але гэта было б яшчэ прымальна, — але тая “немка” абразіла і татаву бацьку, то бок майго дзеда: маўляў, а чаму ў балоце не падох, можа, здацца фашыстам хацеў?!..”

Бацька ў свае 14 гадоў доўга выношваў план помсты. І прыдумаўю. Пайшоў на “Гарэлае балота”, скруціў з сябрамі акумулятар з нейкага падбітага танка, прыцягнуў у клас, схаваў у шатні і дратамі падрубіў да металёвых часткаў фатэлю, дзе сядзела на ўроках “немка”. Пасля “Ахроменка! Зноў не вывучыў?! Кол!!!” – немка плюхнулася ў фатэль…

Як потым помсліва казаў мне тата – “спадзяюся, так і памерла з абгарэлай дупай! А не хрэн пра майго тату пагана казаць!..”

А ты, сынку, ніколі не дазваляй прыніжаць ані сябе, ані сваіх бацькоў!

Гэтаму запавету я запомніў на ўсё жыццё.

…Вось такія, дзеці, цяжкія часы былі “паслявайны”.

Баюся, што наперадзе нас чакаюць цяжэйшыя. Сучасныя рускія анічым не лепшыя за тагачасных немцаў.

Аўтар: Уладзіслаў Ахроменка