Гомель-1946, невядомы тэракт. З аповядаў майго бацькі

0
659
Гомель тэракт

Недзе праз год ці два пасля вайны ўваход у гомельскі Парк Культуры і Адпачынку вырашылі зрабіць платным. Няйнач, як у гонар перамогі над фашызмам. Каля цантральнага ўвахода паставілі турнікет і білетную касу, парк па перыметры абнеслі масіўным парканам, большая частка каторага, між іншым, дагэтуль захавалася з боку плошчы Леніна. Навершы парканаў навязалі калючым дротам, а там, дзе гэта было немажліва, густа намазалі салідолам – а каб савецкія людзі не лазілі і не адпачывалі на халяву!

Ясна справа, гамяльчане ад такой навіны проста ахранелі. “Парк” для Гомеля – месца сакральнае, тут традыцыйна спаткаліся закаханыя, пілі піва пралетарыі, гралі ў шахматы пенсіянеры і нават прызначалі месца для разборак крутыя гомельскія гопы з “Амерыкі” і “Манастырка”.

Нават немцы падчас акупацыі – і тое не даўмеліся браць грошы за ўваход у Парк!

Кіёск з квіткамі ў гомельскі Парк самотна прастаяў гэта амаль месяц. У Парк не хадзіў амаль ніхто – не таму, што не хацелі, а проста “з прынцыпу”.

І вось аднойчы ўначы з боку “Палесдруку” пралунаў жахлівы выбух. Парканная секцыя проста разляцелся ў друз. Нараніцу тамака былі ці не ўсе гомельскія мянты, эм-гэ-бэшнікі з цантральнага офісу на Бялецкага і зляканыя партыйцы. Відавочна, выбухнула штось вельмі магутнае і сур’ёзнае…

— Ведаеш, сынок, — расказваў мне бацька недзе ў 1990 годзе, — мы, пацаны “з вакзалу”, так былі абураныя, што з нас у наш Парк грошы бяруць, што вырашылі гэтым гадам адпомсціць. Наплавілі толу са снарадаў, а іх у гомельскіх лясах пасля вайны як гразі было, зладзілі дэтанатар і вогнеправодны кнот. Ну, і…
Бацька, дык гэта ж за Сталіным было! – не даў веры я. – І што – ніхто не застучаў? А чаму?
Таму што збаяліся, — стлумачыў бацька. – Бо тол, капсулі і кнот яшчэ засталіся. А калі такому стукачу пад хату?

Як бы то ні было, але адразу пасля гэтага ўваход у гомельскі Парк зрабілі бескаштоўным. 

P.S. Мой бацька Ахроменка Ігар Яўхімавіч, якому тады было 14 гадоў, удзел у тэракце не браў. Але “старэйшых вакзальных пацаноў”, якія спрычыніліся да выбуха, ведаў выдатна.

Аўтар: Уладзіслаў Ахроменка