ГМКГА “Талака” віншуе ўсіх з Новым годам – годам беларускага цмока!

0
1170
Гомель, Талака, новы год, год цмока

ГМКГА “Талака” шчыра віншуе ўсіх з Новым годам і гарантуе, што ў 2012-м ніякага апакаліпсісу ня будзе!

А як усім вядома наступны год будзе годам цмока па кітайскім календары і ў сувязі з гэтым “Талака” прапаноўвае лічыць яго ГОДАМ БЕЛАРУСКАГА ЦМОКА!

Хопіць падпарадкоўвацца кітайскаму дыктату, нашыя цмокі нічым ня горш!

😉

Яўген Меркіс, старшыня ГМКГА “Талака”:

“Шанаванне традыцыйнага кітайскага календара досыць распаўсюджана ў нашай краіне, але нам не варта забывацца на сваю гісторыю і свае адметнасці. Шырока вядома, што ўзгадкі пра цмокаў у Беларусі сустракаюцца ў гістарычных хроніках, аднымі з самых славутых лічацца цмокі Лепельшчыны, а паводле адной з версіяў нават вядомы нам усім з дзяцінства па рускіх казках Змей-Гарыныч паходзіць з Гомельшчыны – з раёна вакол рэчкі Гарынь!

Таму лічу абсалютова рацыйным прыўнясенне ў запазычаную з Усходу практыку сваіх матываў, бо і нам ёсць чым ганарыцца!”.

Гомель, Талака, новы год, год цмокаТыповы беларускі цмок

Аўтар: Зміцер Кірэенка

Ларыса Шчыракова, журналістка:

“Цмок канешне незаслужана забыты персанаж беларускай культурнай традыцыі. Таму цмачыная тэма павінна загучаць з новай сілай у новым 2012 годзе ў Беларусі ўвогуле і на Гомельшчыне ў прыватнсці.
Прапаноўваю прымеркаваць да цмачынага года шэраг культурніцка-асветніцкіх мерапрыемстваў: конкурсы малюнкаў, экскурсіі па цмачыных месцах, заснаванне курса цмоказнаўства ва ўсіх навучальных установах.

Ура, таварышы, няхай жыве беларускі Цмок: дужы і лагодны, мужны і пяшчатны.
З Новым годам!!!”

Наталля Меркіс, настаўніца гісторыі, адмін суполкі Вконтакте “Цмокі і драконы ёсць! “:

“Ад імя ўсіх аматараў цмокаў усімі нашымі “лапамі” мы падтрымліваем гэтую файную ідэю! Насамрэч у нашых народных казках, паданнях і нават летапісах шырока прадстаўлена гэтая прыгожая, годная, разумная, іншым разам і зладзейская, але безумоўна магутная і вартая істота.

Мяркую што разам з традыцыйнымі і ўсімі нам вядомымі сімваламі нашай краіны, як то буслы, васількі, рушнікі, трактары і зубры мы можам і нават павінны залічыць у гэты спіс ганаровым сябрам і беларускіх цмокаў”.

Гомельскі цмок ня толькі віншуе ўсіх з годам беларускага цмока, але і змагаецца за вяртанне Гомелю яго гістарычнага герба

Гомель, Талака, новы год, год цмокаАўтар: Марыся Тульжанкова

ГМКГА “Талака” яшчэ раз віншуе ўсіх з Новым годам і гарантуе, што ў новым годзе, годзе беларускага цмака яна працягне займацца цікавай дзейнасцю да якой можа далучыцца кожны ахвотны. А Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыне будзе і надалей інфармаваць усіх зацікаўленых у культурніцкіх (і ня толькі) падзеях нашага краю!

Будзьма! 

З Новым годам – годам беларускага цмока! 

Гомель, Талака, новы год, год цмокаАўтар: Зміцер Кірэенка