Глушкавічы. Назва паводле легендаў і паданняў

0
138
Глушкавічы

У нас некалі дзядзька адзін жыў. Працавіты быў, але любіў надта пагаварыць. Дзе ні сядзе, то рот у яго не закрываецца. Здавалася б, пра што яму, даросламу чалавеку, можна гаманіць з дзецьмі? Аж не, як з імі сядзе, то ўсё роўна ляпоча, і тыя рагочуць узаляжку. Звалі таго дзядзьку Глушко. Не ад таго, што быў слабы на вушы, а ад таго, што калі да яго звярталіся і перабівалі на нейкім цікавым моманце, дык ён рабіў выгляд, быццам недачувае таго крыку. Так і мянушку дзіўную атрымаў. Пра яго вяскоўцы звычайна казалі:

Каб спаць не трэба было, то гаварыў бы, відаць, суткі запар.
— Болей пацягнуў бы, мала вы яму далі.
— I пра што можна распавядаць столькі часу?
— У яго ж неяк знаходзіцца.
— Галоўнае, і гаспадар не благі.
— Спраўны, заможны, усюды паспявае.

Вось такім чалавекам быў той дзядзька. А аднаго разу ён так праславіўся, што да гэтага часу тое здарэнне людзі памятаюць. Атрымалася так. Пайшоў касіць Глушко. Далекавата ад хаты забраўся, вёрст за дзесяць. Пакуль туды затэпаў, то і прытаміўся. Але ўзяўся махаць касой, шчыраваць, бо трэба ж было нешта і зрабіць управіцца. А па тым лузе паўсюдна кустоўе густое расло, і траву даводзілася касіць не на роўным месцы, а выбіраць паміж лазняку ды асінніку маладога. Калі потная сарочка стала да цела прыліпаць, то вырашыў адпачыць і пасядзець крыху ў цяньку. Сеў, прыплюшчыў вочы і, ведама ж, гаварыць пачаў: «Пакуль я, стомлены, назад зацягнуся, то лепей тут на ноч застануся. Цёпла, дажджу сёння не будзе, адно што камароў мора. Дык я цяпельца ўзгадую, гнілякоў накідаю, і ўсё ў парадку, дымам гэтую брыдоту крыху паразганяе. А ночы тае — і пару гадзін не будзе. Вось толькі прыпасці ды дух перавесці. Потым дома адасплюся. Пакасіць трэба, бо іншыя могуць выкасіць ці надвор’е дрэннае ўваб’ецца. Тады шкада будзе, што такую магчымасць упусціў».

Слушна разважаў Глушко, бо нездарма ж пра яго казалі, што ён, апрача ўсяго, і добры гаспадар. Справу сялянскую выдатна ведаў і адпаведна вёў яе.

Накасіўся ўволю вясковец. Гэтулькі наварочаў, што задаволена прамаўляў:

Калі і заўтра столькі ж паспею, то на карову сена будзе.

Узгадаваў цяпельца, дастаў з торбы акраец хлеба, які спецыяльна пакінуў з полудня, разламаў яго на дзве палавіны (і пра заўтрашні дзень думаў) і стаў жаваць. Паеў, падкінуў гнілых карчоў у вогнішча і, расцягнуўшыся на свежай траве, накрыўшыся світкай, каб не так даймалі камары, соладка заснуў. Спіць, і сніцца яму незвычайны сон, быццам бы яго за ногі нехта спрабуе ў вогнішча ўцягнуць. Прахапіўся, але не торгнуўся, не расплюшчыў вочы, а стаў услухоўвацца. I сапраўды — нехта поруч папіскваў. Тады ціхенька адплюшчыў адно вока і бачыць — сядзіць за нейкі крок ад яго… нячысцік. Мала таго, што сядзіць, дык яшчэ гнілякі ў агонь падкідвае. Ад старэйшых Глушко ведаў, што чарцей, асабліва калі іх нямнога, няма чаго баяцца. Таму пацягнуўся і рыўком сеў. Нячысцік хацеў ужо ўцякаць, але чалавек спыніў яго:

— Не бойся, не стану я цябе крыўдзіць. Сядзі, то і мне весялей будзе. А то сумна аднаму на лузе ноччу…
— Яшчэ б, — азваўся чорт. — Так хочацца часам з кім пагаманіць, што хоць воўкам вый.

Як пачалі яны тут гаварыць, то гаворка тая ў іх пацякла, што вада з рэшата. I не заўважылі, як добрую гадзіну пралапаталі. I тут неяк зачапіліся за адно пытанне — хто з іх разумнейшы ды хітрэйшы. Доўга спрачаліся. Нячысцік ніяк не мог пераспрачаць Глушка. Надакучыла яму гэта страшэнна, і ён заявіў:

— Добра, пераспорыў ты мяне. Калі ўжо так, то давай праверым, чыя ўзяла?
— Як?
— Кожны прывядзе свайго сведку.
— Дык што той сведка стане сведчыць?
— Самае галоўнае — хто з нас спрэчку выйграў. Але дамова — бяром толькі па адным сведку.
— Згода.
— То сустрэнемся наступнай ноччу на тутэйшых могілках.
— Добра. А на што ж спрачацца будзем?
— Значыцца, так. Я прапаную мяшок золата. Калі дакажаш, што ты разумнейшы, то і атрымаеш яго, а не, дык не крыўдуй, дастанецца табе толькі дуля, ды і тая без маку.
— Што ўжо зробіш, калі такая справа. Дамовіліся.
— Тады да сустрэчы?
— Ага, да спаткання. Ідзі сабе, хавайся, а мне касіць час прыспеў.

Цяжкавата Глушку давялося. Амаль не паспаў, але працаваў, тым не меней, зацята. Махаў касой, абліваўся потам, а з галавы думка не выходзіла — як нячысціка перахітрыць. Мяшок золата — гэта ж вам не жартачкі. Потым усміхнуўся і прамовіў:

— Ну, здаецца, ты ў мяне даскачашся.

Прайшоў яшчэ з паўпакоса і зноў сказаў:

— Такога твая нячыстая душа і не чакае.

Пакуль дайшоў дахаты, то ўжо вечар апускаўся. Жонка ўсе вочы прагледзела ды перадумала рознае, а ён толькі на падворак усунуўся і адразу загадаў:

— Жоначка, давай з седала нашага пеўня і пакладзі яго ў мех. А я зараз трыху перакушу і пасплю. Пабудзіш мяне пасля таго, як пеўні другі раз праспяваюць. Глядзі, не заспі.

Так і зрабілі. Пеўні другі раз прагарлалі, а Глушко толькі з хаціны выбраўся, ды яшчэ і пасмейваўся:

Нічога, пачакаеш.

Ішоў паволі, спыняўся, нібы некага чакаў. Ля старога збуцвелага крыжа сустрэліся. Чорт, ужо раззлаваны, запытаўся:

Чаго цябе так доўга не было?
— Позна з луга прысунуўся.
— Ну, дык хто разумнейшы?
— Я, — спакойна адказаў Глушко.
— Ты?
— Ага.
— Чаму?
— Зараз даведаешся.

Толькі сказаў, як залопаў у мяшку крыламі певень і запяяў. А пасля трэцяга яго спеву ўсе нячысцікі знікаюць. Чорта як рукой змяло, застаўся толькі мех з золатам. Забраў яго чалавек, ледзьве дамоў зацягнуў. Так і зажыў, яшчэ лепей, чым да гэтага, бо золата таго і нашчадкам хапіла. Ад Глушка і Глушкавічы нашы пайшлі.

Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 220-223.