У нас даўней лясы былі густыя. Такія, што як пойдзе чалавек, які мясцовасць слабавата ведае, то назад яго ўжо і не дачакаешся. Калі не звяры дзікія разарвуць, то сам заблукае і памрэ. Так і гаманілі: калі каму хочаш благога пажадаць, то няхай ён у наш лес сходзіць.
Жылі тубыльцы пасярод лясоў, на невялічкіх лапінках ворнай зямлі, а ўсё роўна добра не ведалі лясных сцяжынак. Былі, праўда, асобныя вяскоўцы, якія хадзілі па пушчы, як у сябе па падворку, але іх было зусім мала — лічаныя адзінкі. Пераважалі сярод такіх сялян панскія палясоўшчыкі. Іх і сялянамі нельга было назваць, бо яны на зямлі не працавалі, а зараблялі з таго, што сачылі за неабсяжнымі ляснымі прасторамі, наладжвалі сваім гаспадарам пышныя паляванні.
Быў сярод мясцовых памешчыкаў адзін дужа багаты. Мала таго, што багацця ўсялякага меў процьму, дык вылучаўся яшчэ і бязлітаснасцю ды сквапнасцю. Як убачыць што-небудзь, то ажно закіпіць:
— Маё!
Яму даводзяць, што ў гэтага прадмета ці надзела ёсць ужо гаспадар, а ён на сваім стаіць:
— Маё!
Калі хто гэтага злыдня не ведаў, то думаў, што мае справу з вар’ятам, і, усміхнуўшыся, адказваў:
— Тваё, тваё.
Мясцовыя памешчыкі ведалі, што ён такім чынам сабе ўсялякае дабро-багацце ў палац гроб. Не надта хацелі знацца з такім сквапным чалавекам, ды што ты зробіш, калі ён, напрыклад, запрашае ў госці. Праўда, пры гэтым пасланы слуга абавязкова папярэджваў будучых гасцей:
— Прыязджайце вечарам.
— А на колькі гадзін?
— Не ведаю. Сказана — вечарам.
— А яшчэ што?
— Пан загадаў перадаць, каб вы са сваёй гарэлкай і закускай прыязджалі.
— А ты нічога не пераблытаў?
— Ды не, так загадана.
— Што ж гэта за госці, калі са сваёй гарэлкай і закускай ехаць?
— Не магу ведаць.
— От, ёлупень.
— Як вам будзе даспадобы, але мне так загадана перадаць.
— Які сам, такіх і слуг дурных ды ўпартых падабраў.
Слуга стаяў, вылупіўшы вочы, і нічога не адказваў. А панам што рабіць заставалася? Паспрабуй не паехаць, то загадае сілай прывезці. Вядома ж, хто багацейшы, то той і парадкі ўстанаўлівае. Таму ехалі да памешчыка з усіх бакоў. А ён сваіх гайдукоў папярэджваў:
— Вы, хлопы, без працы не сядзіце. Глядзіце за ўсім.
— Будзе зроблена.
— I вось яшчэ што. Сачыце за тым, колькі чаго кожны з гасцей прывязе. Уважліва глядзіце.
— Зразумела.
— Я потым буду разбірацца. Хто самы сквапны ды хітрэйшы, той ад мяне падарунак атрымае. На ўсё жыццё запамятае. Самі ж ведаеце які!
— Так точна, ведаем! — гыркалі гайдукі ў адзін голас.
Госці з’язджаліся, але за стол іх адразу не запрашалі.
Запасы, якія яны з сабой прывезлі, забіралі слугі і некуды адносілі, а там, відаць, перабіралі: лепшае забіралі гаспадару, а горшае на стол ставілі.
Потым вяльможны памешчык зычным голасам гукаў:
— То прашу, панове, за сталы дубовыя. Сядайце, пачнём піць-весяліцца. Прашу вас, налівайце, не шкадуйце.
Не надта вясёлыя ад такой сустрэчы госці мармыталі:
— Ага, не шкадуйце, бо не тваё.
— Нашу гарэлку ды віно твае слугі вадой разбавілі.
— А прадукты на сталах нейкія смярдзючыя, хоць ты нос заторквай.
— Заторквай, не заторквай, пане мой, а есці ўсё роўна давядзецца.
— Куды ж тут дзенешся.
— Ён не любіць, калі хто яму з першага слова не падпарадкоўваецца.
— Яшчэ як не любіць. Зараз гарлаць пачне ды слугам загады аддаваць, каб кагосьці .сілком накармілі, а потым да бяспамяцтва напаілі.
— Каб жа толькі накармілі ды напаілі гэтымі смярдзючымі стравамі…
— А то што яшчэ? — звычайна задавалі пытанне тыя, хто ўпершыню апынуўся на такім незвычайным застоллі.
— Загадае слугам, каб завалаклі на стайню ды адлупцавалі непакорлівага ці непаваротлівага.
— Вось як?.. Але ж тут адны паны…
— То і што з гэтага?
— Ды панскі ж гонар не дазваляе.
— Эх, шаноўны, хто тут на той гонар зважае?
— Ага, заломяць рукі, зацягнуць на стайню ды як дадуць, то вішчэць не сваім голасам будзеш і на гонар той забудзешся.
— Але ж…
— Мінулы раз аднаго госця не пацягнулі на стайню, а прама тут, пасярод залы, пачалі плюндраваць. То так ссеклі, што ён прытомнасць страціў. Думалі, не адыдзе, ажно неяк ажыў.
— Такое дзікунства ?
— Цішэй, бо ці сам пан пачуе, ці слугі данясуць.
— Цішэй, панове, ды пайшлі садзіцца, бо нешта ў наш бок паглядваюць…
Доўга сядзелі за сталамі. Пілі гарэлку-віно, гарлалі песні, бо прапівалі ж сваё. Потым гаспадар усхапіўся:
— А зараз, панове, на паляванне!
— На паляванне?
— А што, нехта баіцца ці не можа на нагах трымацца?
— Як такое можа дапусціць паважаючы сябе пан?
— Тады паехалі! На паляванне!
Госці выпаўзалі з-за сталоў, сядалі ў вазкі ды экіпажы і кіравалі да бліжэйшага лесу. Сам гаспадар ехаў верхам, поруч з ім бліжэйшыя сябрукі і самыя адданыя слугі, сярод іх вылучаўся адзін, які ўмеў падрабляць галасы птушак. Памешчык на гэты раз вырашыў менавіта гэтага чалавека і ягоныя здольнасці прадэманстраваць гасцям.
— Закукуй, братка.
Па лесе панеслася магічнае — ку-ку. Усе пераглянуліся, здавалася, што і на самай справе кукуе невялічкая шэрая птушачка, а не чалавек. Паехалі далей.
— Заспявай салаўём, — загадаў пан.
Такі пошчак панёсся, што госці ажно раты паразяўлялі і пачалі круціць галовамі ва ўсе бакі.
Пад’ехалі да высокага дуба:
— Залезь, братка, наверх і заспявай, як глушэц.
Слуга борздзенька кінуўся да дуба. Неўзабаве зверху панёсся спеў глушца. I тут зусім нечакана знізу грымнуў стрэл. Слуга каменем гопнуўся долу.
Задаволены памешчык пацёр рукі:
— Вось вам і глушэц.
Адкуль і назва нашага паселішча, ад таго забітага слугі.
Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 200-203. Ст. 12-13. Ст. 248-251.