Мая вёска Бывалькі знаходзіцца на правым узбярэжжы Дняпра ў самым маляўнічым кутку Гомельшчыны. Але зараз размова не аб тым, наколькі прываблівы мой родны куточак. Ужо даўно мяне цікавіць гісторыя назвы вёскі Бывалькі. У дзяцінстве тата расказваў мне казку аб тым, як у старажытныя часы малады хлопец навучыўся разумець мову птушак. І якіх толькі аповедаў аб далёкіх краінах не наслухаўся хлопец, і дзе толькі не бывалі тыя птушкі! Але заўсёды яны вярталіся назад, на радзіму. І паколькі самі птушкі «бывалыя», то і мясцовасць назвалі Бывалькамі. Прыгожая казка, але вельмі далёкая ад рэчаіснасці.
Больш верагоднай падаецца версія ўзнікнення назвы, якая звязана з першымі пасяленнямі людзей на тэрыторыі паблизу вёскі. У былыя часы на правым беразе Дняпра рос густы лес. Цудоўнае месца для таго, каб хавацца. Менавіта такое месца і патрэбна было для жыцця «бывалых» людзей. Такімі лічыліся людзі, якія мелі праблемы з законам (беглыя катаржнікі, хлопцы, што ўцякалі ад 25-гадовай службы ў царскай арміі), прыгонныя сяляне, што пайшлі шукаць лепшай долі, закаханыя пары, якім па нейкіх прычынах не дазвалялі ўступіць у шлюб. Так і ўзнікла на заліўным лузе першае пасяленне людзей. У наш час узвышша на лузе, дзе жылі мае продкі, мясцовыя людзі называюць Селішчам, што сведчыць аб праўдзівасці падання.
З году ў год Дняпро паказваў свой нораў, затапліваючы пасяленне, таму людзі перабраліся на больш высокі бераг, дзе зараз і знаходзіцца мая вёска.
Але гэта толькі адна з версій ўзнікнення назвы нашай вёскі, бо дасканала невядома, як называлі сваю вёску першыя пасяленцы. Вядома, што найбольш старажытнае пасяленне называлася Церазіно. Гэтая назва вельмі нагадвае назву сучаснага пасёлка гарадскога тыпу ва Украіне (укр. Терезино, Белацаркоўскі раён Кіеўскай вобласці). Верагодна, «бывалыя» людзі, што заснавалі пасяленне, назвалі вёску ў памяць аб сваёй малой радзіме. Такая версія пацвярджаецца яшчэ і тым, што да гэтага часу мясцовыя жыхары выкарыстоўваюць дыялекты ўкраінскай мовы.
У двух кіламетрах на поўнач ад Церазіно знаходзілася вёска Мікалаеўка. З цягам часу пасяленні разрасталіся і ў выніку зліліся ў адно пасяленне, якое і атрымала назву Бывалькі. Але такая версія ўзнікнення назвы вёскі мае адзін вялікі недахоп: чаму менавіта пасля аб’яднання вёсак Церазіно і Мікалаеўка ўзнікла неабходнасць у новай назве?
Існуе яшчэ адна версія ўзнікнення назвы вёскі. Каля 300 гадоў таму ў мясцовых лясах лютавала банда рабаўнікоў — так званыя «Малайцы». Бандыты нападалі на купцоў, рабавалі цэрквы, наводзілі жах на любога падарожніка, які апынуўся ў нашай мясцовасці. Памяць аб тых падзеях захоўвае прымаўка, якая ходзіць у народзе да нашых дзён: «Хто ў Бывальках не бываў, той і гора не відаў!» Сучасную назву вёскі Бывалькі звязваюць з дзеяннямі той банды, бо рабаўнікі часта бывалі ў нашай мясцовасці.
Назвы мясцовых урочышчаў таксама цесна звязаны з дзеяннямі бандытаў. Каля вёскі Бывалькі знаходзіцца роў, які называецца Брэйскі. Менавіта ў гэтым месцы бандыты часта нападалі на праязджаючых гандляроў і заможных сялян. Абрабаванаму нагала брылі галаву. Для бандытаў гэта быў своеасаблівы знак: калі чалавек быў безвалосы, на яго не нападалі. Ну а калі зноў паспеў абрасці валасамі, то, пэўна, і каштоўнымі рэчамі ўжо «аброс».
Пакончылі з дзеяннямі бандытаў царскія салдаты. Але перад гэтым атаман банды ў лесе каля вёскі Шчытцы ўбачыў ікону велікамучаніцы Параскевы (зараз на месцы, дзе явілася ікона, пабудавана капліца). У святым вобразе атаман пазнаў жанчыну, якую некалькі дзён назад яны намагаліся абрабаваць. Атаман зразумеў гэта як святы знак, таму пакінуў свой атрад і пешшу выправіўся у Кіева-Пячэрскую лаўру, каб замаліць свае грахі. З атаманам рушылі некалькі чалавек. А праз некаторы час астатнюю частку банды арыштавалі царскія салдаты. Прагналі іх праз Бывалькі ў напрамку Брагіна. На полі, па якім гналі бандытаў, у пачатку 20-га стагоддзя пачала будавацца вуліца, якую па старой памяці называюць Пагон (вуліца Баяна Даўлетава).
Старыя назвы вуліц жывуць да нашага часу: былую вёску Церазіно мясцовыя жыхары называюць Старое Сяло, вуліцу імя Кузьмы Грыба называюць Мікалаеўкай. Вуліца імя Ермакова мае дзве назвы: усходняя частка вуліцы называецца Ветракі (у былыя часы тут знаходзіліся ветраныя млыны), заходняя частка — Царквой (там некалі была драўляная царква).
З дзейнасцю банды звязана не толькі гісторыя назвы вёскі Бывалькі. Старыя жыхары вёскі расказвалі легенды аб шматлікіх скарбах, якія засталіся пасля бандытаў. Час ад часу людзі спрабавалі адшукаць скарбы, але легенды так і засталіся легендамі, бо матэрыяльнага пацвярджэння не атрымалі. Магчыма, увесь скарб бандытаў быў арыштаваны царскімі салдатамі, а магчыма, гэта былі толькі жарты нашых продкаў. Менавіта я схіляюся да апошняга, бо жартоўныя гісторыі ў нашым краі любілі заўсёды. Некаторыя з іх жывуць і да нашых дзён. Чаго толькі каштуе гісторыя аб тым, як жыхары вёскі спрабавалі зваліць сухую елку. Дарэчы, мясцовыя жыхары расказваюць, што сухая елка сапраўды расла на беразе мясцовага возера. Чаму яе хацелі зваліць — невядома, але вырашылі зрабіць гэта з дапамогай кабылы. Вершаліну елкі прывязалі да жывёлы і пагналі яе на круты ўзгорак у бок вёскі. Дрэва моцна нахілілася, але кабыла паслізнулася на гліне. Хвоя хутка выпрасталася, і кабылу адкінула ў бок Дняпра, дзе лавілі рыбу жыхары вёскі Радуль (Рэпкінскі раён, Украіна). Тая ўпала амаль побач з лодкай. Смешная легенда. Магчыма, у адпаведнасці з ёй і сталі бывалькаўцы называць жыхароў Радуля «кабыльнікамі».
У вёсцы Бывалькі да нашых дзён жыве яшчэ адна традыцыя: кожны чалавек мае сваю мянушку. Часта трапная мянушка замяняе яму афіцыйныя пашпартныя дадзеныя і пераходзіць з пакалення ў пакаленне. Нават старыя не ведаюць, хто такі, напрыклад, Іваноў Іван Іванавіч, а запытайся ў іх, дзе жыве Пулька — адразу раскажуць. Мае продкі насілі і носяць мянушку Калугавы. Хто быў той першы Калуга, я не ведаю, але спадзяюся, што ён быў добрым чалавекам. Па-іншаму і быць не можа, бо ў нашай вёсцы заўсёды жылі добрыя, працавітыя і шчырыя людзі.
Аўтар: А.В. Жук
Крыніца: Днепровский паром. 2017 г. Международных историко-краеведческих чтений «Днепровский паром» (8-9 августа 2017 г., г. Лоев). Ст. 51-53.