У фондах гісторыка-этнаграфічнага музея Грабаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы захоўваецца фотаздымак пачатку 1980-х гг. На ім – выява сядзібнага дома ў вёсцы Грабаўка.
Будаўніцтва сядзібнага дома, а з ім і фарміраванне прысядзібнага парку ў Грабаўцы звязана з тагачаснымі ўладальнікамі вёскі – прадстаўнікамі роду Фашчаў.
Род Фашчаў гербу Прус ІІ, які паходзіў з тэрыторыі Падляшша, вядомы з XV ст., а на тэрыторыі сучаснай Гомельшчыны (Рэчыцкі павет) род вядомы з XVІ ст. Паводле прывілея караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІІ у 1762 г. Аляксандр Фашч, сын Дамініка, атрымаў 2 дамы ў Гомелі, у тым ліку Грабаўку. У канцы XVІІІ ст. зямельныя ўладанні Фашчаў складаліся з Дуравіч, Папоўцаў, Пышноўцаў Рагачоўскага павета, Галавінцаў, Грабаўкі, Губінс-Харапуцці, Макоўі, Лукоўі, Насовічаў Беліцкага павета і г.д.
У другой палове ХІХ ст. у Грабаўскім маёнтку Фашчаў былі ўладкаваны парк і яблыневы сад, пабудаваны дом, у заходняй частцы парку быў насыпаны курган.
Грабаўскі парк закладваўся ў маляўнічым месцы з ляснымі ландшафтамі, на высокім усходнім беразе ручая. Фарміраванню парка садзейнічала і маляўнічая мясцовасць. Элементы прыроднага і штучнага тут лёгка аб’ядналіся ў цэльную кампазіцыю.
Вал на левым беразе ручая, сядзібны дом з панарамай на возера, асноўны прагулачны маршрут – ліпавая алея шырынёй 4 метры, якая пачынаецца з боку ўезду ў сядзібу…
Асноўнай часткай парка з’яўляўся яблыневы сад. Мелася доўгая ліпавая алея, якая падзяліла парк на дзве паловы – заходнюю і ўсходнюю. Заходняя частка парка таксама падзелена ліпавымі алеямі на прамавугольныя ўчасткі. На адным з іх знаходзілася сядзіба, вакол якой размяшчалася група маляўнічых палянак, абсаджаных дрэвамі.
У пачатку ХХ ст. грабаўскі маёнтак Фашчаў налічваў 5 468 дзесяцін зямлі (1 000 дзес. пашы, 853 дзес. лугоў, 3 406 дзес. лесу). Аднымі з апошніх гаспадароў Грабаўкі былі Караль, Фелікс, Аттон і Людвік Фашчы. Як распавядалі старажылы вёскі, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. Людвік пакончыў жыццё самагубствам, а некаторыя прадстаўнікі з’ехалі ў Кіеў.
У савецкі час у сядзібным доме знаходзіліся ўстановы сацыякультурнай сферы. Аднак гісторыя сядзібы, а разам з ёй і таямніцы прадстаўнікоў роду Фашчаў, скончылася 17 мая 1982 года. Менавіта ў гэты дзень сядзібны дом згарэў…
Аўтар: Уладзімір Александронец
Фота прадастаўлена Грабаўкім дзііцячым садам – СШ.