Вуліца Пляханава ў Гомелі знаходзіцца ў гістарычнаым раёне горада, які называецца “Спасава Слабада”. Гэты раён ўзнік у канцы 17 – пачатку 18 ст. у паўвярсце ад гомельскага замка, як месца пасялення збеглых з Расіі ад рэлігійнага прыгнёту старавераў. Гомельскія старосты далі стараверам пэўную эканамічную і тэрытарыяльную незалежнасць, ад чаго пасяленне атрымала назву “слабада”. Першапачаткова стараверы пабудавалі тут Спаскую царкву, ад імя якой гэтае паселішча і атрымала сваю канчатковую назву.
На пачатак 20 ст. раён Спасавай Слабады ўтваралі вуліцы: Фельдмаршальская (сучасная Пралетарская), Берагавая/Князя Паскевіча (сучасная Камісарава), Спасская (сучасная Пляханава), Свячная (сучасная Фрунзэ) і прылеглая частка вуліцы Ветранай (сучасная Гагарына). У 19 ст. Спасская вуліца была заходняй ускраінай Спасавай Слабады, у гонар якой яна і атрымала сваю назву.
Тэрыторыя былой Спасавай Слабады на сёння з’яўлецца адным з найбольш шчыльна захаваных раёнаў старой забудовы ў Гомелі, як афіцыйна ўключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны (каля двух дзясяткаў помнкікаў перыяду з канца 18 – 20 ст.), так і яшчэ не ўключаных цудоўных прыкладаў рэгіянальнай драўлянай і каменнай гарадской забудовы канца 19 – пачатку 20 ст. Уся гэтая тэтыторыя знаходзіцца ў археалагінай і прыбярэжнай ахоўнай зоне, і сваёй патрыярхальнай малапавярховай архітэктурай, як своеасаблівым буферам, прыкрывае ўнікальны гомельскі палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў ад уздзеяння сучаснага індустрыяльнага горада з яго шматпавярховай забудовай і транспартнымі патокамі.
Найбольш прадстаўнічымі захаванымі прыкладамі старой своеасаблівай гомельскай забудовы канца 19 – пачатку 20 ст. на вул. Пляханава з’яўляюцца дамы №№ 8, 10, 12, 13 і 46.
Дамы па адрасу: вул. Пляханава 8 – 10 – 12 знаходзяцца побач адзін з адным, стаяць на чырвонай лініі вуліцы і ўтвараюць суцэльны, не разрэджаны фрагмент гарадской забудовы канца 19 – пачатку 20 ст. Насупраць іх знаходзіцца дом № 13, а таксама яшчэ некалкі дамоў, узведзеных да 1917 г., якія ўтвараюць з гэтага квартала фрагмент суцэльнай забудовы старога, дарэвалюцыйнага Гомеля.
Вул. Пляханава 8
Паводле дадзеных архіва Гомельскага Бюро рэгістрацыі і тэхнічнай інвентарызацыі (БРТІ) дом па вул. Пляханава 8 быў пабудаваны “да 1917 г.”. Будынак з’яўляеца цудоўным прыкладам драўлянага местачковага дома Гомеля канца 19 – пачатку 20 ст. аздобленага мясцовым народным архітэктурным дэкорам.
Прамавугольны ў плане будынак памерамі 9,65 х 17,2 м стаіць уздоўж вуліцы Пляханава. Ад часу пабудовы будынак быў падзелены на дзве паловы, з боку двара да яго перпендыкулярна далучаны дзве прыбудовы, ад чаго агульны план набывае абрысы літары “П”. Будынак складзены з апрацаванага бярвення, у “чысты вугал”, неашаляваны, накрыты двусхільным дахам, стаіць на высокім цагляным падмурку, пад домам вялікія падвалы.
Галоўны, вулічны фасад будынка ўяўляе сабой выцягнуты прамавугольнік, на двух краях якога сіметрычна змешаны два высокіх (на тры прыступкі), невялікіх парадных ганка, паміж імі – шэсць вялікіх вокнаў. Дзверы ганкаў маюць зборныя філянговыя палотны, для асвятлення прасторы за імі зверху змешчана вялікае зашклёнае акно з рамай складанага прыгожага абрыса. Над абодвума ганкамі для абароны ад дажджу размешчана вялікая каваная стрэшка-брылёк складанага расліннага малюнка.
Унікальнай асаблівасцю дома па вул. Пляханава 8 з’яўляецца своеасаблівы драўляны разьбяны архітэктурны дэкор, цэнтрам распаўсюджання якога ў Беларусі з’яўляецца Гомель. Архітэктурны разьбяны дэкор на дадзеным будынку ўключае народныя раслінныя матывы, змяшчаецца на ліштвах вокнаў, на высокіх карнізах, падзорах і закрылінах даху.
Аконныя ліштвы вялікіх памераў (памерамі аконны праём блізкі да 190х80 см) зробены з апрацаваных разьбою дошак, маюць па дзве аканіцы і вылучаюцца сваёй стыльнасцю. Над прамым высокім прафіляваным карнізам надаконніка, аб’ёмна размешчаным адносна лабавой дошкі ліштвы, замацавана разьбяная карона ў выглядзе невялікага вертыкальнага растка ў цэнтры і шэрага меншых абапал – матыва, вядомага ў беларускім мастацтве з 16 ст. (у кафлі і інш.). У цэнтры лабавой дошкі над акном змешчана складаная выява ромба-стралы – старажытнага магічнага салярна-пяруновага сімвала, прызначанага для засцярогі будынка.
Адной з адментнасцяў будынка з’яўляюцца разьбяныя аздабленні карніза, а таксама лініі падстрэшын і закрылін. Гэтыя разьбяныя звісаючыя падзоры маюць розныя памеры і крыху адрозную тэхніку выканання, у залежнасці ад месца размяшчэння, але выяўляюць выразныя складаных абрысаў прарастаючыя ўніз раслінныя выявы. Знізу карніза і на нахіленых закрылінах франтонаў яны выпіленыя з адной дошкі і звісаюць на 10-15 см, у той час як на ніжнім краі страхі – падстрэшынах, яны выкананы з асобных вертыкальных апрацаваных дошак, якія складзеныя разам уяўляюць сабой выразны рытміны шэраг, вялікіх памераў (каля 25-30 см), што прыгожа апаясвае верх будынка.
“Чысты вугал” будынка ад прамярзання абшыты вертыкальнымі накладнымі пілястрамі, з выдзяленнем ніжняй часткі.
Вул. Пляханава 10
Дом па вул. Пляханава 10 паводле дадзеных архіва Гомельскага БРТІ быў пабудаваны “да 1917 г.”. Першапачаткова будынак быў узведзены з дрэва, але яшчэ ў першай палове 20 ст. быў абкладзены яркай чырвонай цэглай. Ад блізкастаячага дома № 8 ён аддзелены цагляным брандмаўэрам – высокай каменнай супрацьпажарнай сцяной, аднным з нешматлікіх захаваных да нашых дзён у Гомелі.
Дом уяўляе сабой будынак, памерамі 16 х 9,5 м, размешчаны ўздоўж вуліцы і накрыты двухсхільным дахам. З боку двара перпендыкулярна да будынка далучаны дзве невялікія прыбудовы. Вулічны фасад выяўляе прамавугольнік, на левым краі якога змешчаны вялікія двайныя філянговыя парадныя дзверы з драўлянай двухсхільнай стрэшкай-брыльком каркаснай канструкцыі, астатнюю прастору сцяны займаюць сем вялікіх вокнаў. Вокны аздоблены густоўнымі разьбянымі ліштвамі. Такія ліштвы былі аднымі з самых распаўсюджаных у перыяд да 1917 г. у Гомелі, Рэчыцы, Васілевічах, сустракаюцца таксама і ў Добрушы. Выява такіх ліштваў зафіксавана на паштоўцы з відам Успенскай вуліцы г.Рэчыцы, выдадзенай да 1908 г.
Даследчык разьбянога архітэктурнага дэкора Гомельшчыны гісторык, кандыдат мастацтзнаўства Я.Р. Малікаў ахарактарызаваў такі тып ліштваў як «франтонныя прапільныя ліштвы». У яго аснове ляжаць надаконнікі з ламанай, пад трохвугольны франтон, лініяй карніза, з якога звісаюць шырокія прапільныя карункі над плоскасцю лабавой дошкі. Ліштвы гэтага тыпу вызначаюцца звісаючым з лініі карніза шырокім (да рамы акна) карункавым падзорам, які займае ўвесь надаконнік і замяняе лабавую дошку. Ён складзены з пяці ці сямі сіметрычных прапільных дошак, у сярэдзіне якіх выява шасці-васьміпрамянёвага сонца-кола паміж чатырма вуглавымі парасткамі. Пад карнізам надаконніка – накладны рад маленькіх фестонаў. Утвораная ў цэнтры надаконніка салярная кампазіцыя адлюстроўвае міфалагічныя і магічныя ўяўленны старажытнасці.
Верхняя частка цаглянай сцяны аформлена шэрагам парэбрыка, які ўтварае вялікі цагляны карніз. З ім арганічна перагукваецца і кампазіцыйна дапаўняе вялікі састаўны разьбяны падзор у выглядзе звісаючых складаных расткоў, змешчаны па ніжнім краі страхі.
Кампазіцыйна ажурны прапільны дэкор дома выразна кантрастна вылучаецца на фоне плоскай цаглянай сцяны, ствараючы своеасаблівы светаценявы і каляровы эфект.
Вул. Пляханава 12
Дом па вул. Пляханава 12 пабудаваны з чырвонай цэглы і паводле дадзеных архіва Гомельскага Бюро рэгістрацыі і тэхнічнай інвентарызацыі (БРТІ) быў узведзены “да 1917 г.”.
План будынка ўяўляе сабой прамавугольнік памерамі 8,9 х 9,5 м, у цэлым блізкі да квадрата. Будынак накрыты чатырохсхільнай формы дахам, традыцыйным з глыбокай старажытнасці для гэтай часткі Беларусі. Цэнтрычнасці ўспрыяццю будынка надае і выступаючы над дахам цагляны комін.
Вулічны фасад утвораны чатырма вокнамі, аздобленымі драўлянымі разьбянымі ліштвамі. Вуглы каменнага будынка аформлены ў выглядзе цаглянага руста, карніз – у выглядзе зубчатага карніза, які сваёй формай у цэлым сугучны з вялікімі разьбянымі падзорамі суседніх дамоў (№ 8 і № 10).
Аконныя ліштвы ўяўляюць сабой складаныя кампазіцыі – ніжняя частка аформлена ў выглядзе трох хвісаючых расткоў (аднога ў цэнтры і двух сіметрычна па краях), паміж якімі змешчаны S-падобныя расіныя завіткі. Аб’ёмная верхняя частка ліштвы уключае шырокую лабавую дошку з накладным знакам ромба-стралы і змешчаную над ёй разьбяную карону ў выглядзе шэрага невялікіх вертыкальных расткоў. Абапал ліштваў змешчаны традыцыйныя для гэтай часткі Беларусі двайныя двухфілянговыя аканіцы, дадаткова вылучаныя колерам.
Вул. Пляханава 13 (дом Шчакудавых)
Дом па вул. Пляханава 13 паводле дадзеных архіва Гомельскага БРТІ быў узведзены “да 1917 г.”. Будынак размешчаны насупраць дамоў № 8, 10 і 12, і з’яўляецца добрым прыкладам аднога з апошніх захаваных у Гомелі дамоў з мезанінам канца 19 – пачатку 20 ст.
Будынак мае складаны план, які сваёй канфігурацыяй нагадвае літару “Т”. На вуліцу выходзіць яго кароткая частка, астатняя змешчана перпендыкулярна, у глыбіню ўчастка. Дом крыты дахам складанай канструкцыі і плана, у аснове якога ляжыць чатырохсхільная форма. Будынак пабудаваны з бярвення, з вуглавым мацаваннем “з астаткам”. Вулічны фасад утвараюць тры разьбяныя ліштвы ў цэнтры асноўнага зруба, сіметрычна абапал яшчэ па адной ліштве на бакавых прыбудовах, і змешчаным над домам аб’ёмам мезаніна пад двухсхільным дахам.
Ліштвы вокнаў мезаніна ўяўляюць простую рамачную аблямоўку вялікага акна. Значна больш складанай формы класіцыстычныя ліштвы першага паверха, якія маюць вялікі шырокі прафіляваны карніз над лабавой дошкай, на краях раскрэпаваны двума выразнымі выступамі. На лабавой дошцы змешчана выява знака ромба-стралы з накладным гранёным радыяльным сонечным дыскам-“ззяннем” у цэнтры.
Першапачаткова дом не быў ашаляваны, што з’яўляецца традыцыйным прыёмам у народным дойлідстве Ўсходняй Беларусі (у адрознненн ад Заходняй Беларусі). Тры акны ў цэнтры фасада па перыметру аблямаваны выступаючымі канцамі бярвенняў у вуглах “з астаткам” і ліній дашчатага карніза. Існуючая зараз абшыўка дома больш позняга паходжання.
Разьбяных падзораў на будынку няма, за выключэннем невялікіх разьбяных дошак прыбітых па лініям нахіленых закрылін на даху мезаніна. Значную цікаўнасць уяўляюць змешчаныя ў ніжняй частцы закрылін вялікія разьбяныя выявы, у выглядзе прарастаючых да нізу расткоў на якіх змешчаны круглыя гранёныя дыскі-“ззянні”. Гэта адзіны зафіксаваны у Гомелі такі спосаб аздаблення ніжняй часткі закрылін франтона дома, а змешчаныя на ім салярныя выявы паводле спосаба тлумачэння, прапанаванага Б.А. Рыбаковым (“Язычество Древней Руси”, Масква, 1988 г., с. 460-517) азначаюць ўзыходзячае і заходзячае сонца, якое павінна было абараняць дом і жыхароў ад небяспекі.
З матэрыялаў архіўнай справы на дом па вул. Пляханава 13 у Гомелі, што захоўваецца ў архіве Гомельскага БРТІ вядома, што дадзены будынак у першай палове 20 ст. дастаўся ў спадчыну ад бацькі Шчакудаву Анісіму Фамічу і Шчакудаву Віктару Фамічу. З гісторыі Гомеля вядома, што Шчакудаў Анісмі Фаміч – картограф, стваральнік першага шырока даступнага грамадскага плана г.Гомеля, які быў выдадзены ў 1910 г. Верагодна гэтай акалічнасцю тлумачыцца наяўнасць у доме Шчакудавых вялікага акна ў прыбудове-мезаніне на другім паверсе – менавіта такое зашклёнае акно, звернутае на ўсход, дазваляла картографу Анісіму Шчакудаву выкарыстоўваць максімальную працягласць сонечнага дня для выканання сваёй вельмі карпатлівай ручной працы. Менавіта ў гэтым доме і быў створаны той эпахальны для гісторыі Гомеля план горада 1910 г.
Вул. Пляханава 46 (дом падпольшчыка Ц. Барадзіна)
Дом па вул. Пляханава 46 пабудаваны з дрэва і паводле дадзеных архіва Гомельскага БРТІ быў узведзены ў 1895 г.
Дом уяўляе сабой будынак, памерамі 12,5 х 9,6 м размешчаны ўздоўж вуліцы, стаіць на высокім цагляным падмурку і накрыты двухсхільным дахам. Пад домам змешчаны вялікія падвалы. Ад часу пабудовы будынак падзелены на дзве часткі для двух сем’яў. З боку двара да будынка далучаны некалькі невялікіх прыбудоў. Будынак узведзены з апрацаванага бярвення у “чысты вугал” і першапачаткова не быў ашаляваны (за выключэннем карніза, пілястр на вуглах і прасценку).
Вулічны фасад уяўляе сабой прамавугольнік, на якім змешчана шэсць вокнаў згрупіраваных па тры. На тарцавым баку дома змешчаны па два акны. Вокны дома аздоблены вялікімі прапільнымі ліштвамі з двухстворкавымі аканіцамі і разьбяной каронай у выглядзе прараслага да верху растка і шэрага меншых абапал яго. Ніз ліштвы аформлены двума звісаючымі расліннымі матывамі. Ліштвы на тарцавых баках дома больш сціплыя, у выглядзе больш архаічнага класіцыстычнага франтончыка, аднак змяшчаюць накладныя аб’ёмныя геаметрычныя і самярныя матывы ў выглядзе ромба-стралы і кругоў.
Закрыліны даху на тарцах дома аздоблены дошкай з прапільной нескладанай разьбой. Значна больш складанай і большай па памерах разьбой аздоблены звісаючыя разьбяныя падзоры на краю навісі страхі. Разам з прапільной разьбой на карнізе дома разьбяныя падзоры ўтвараюць складаную ажурную і па-мастацку зробленую кампазіцыю.
Пілястры на вуглах дома і прасценку аздоблены вертыкальным шэрагам з ромбікаў і авалаў, а таксама расліннымі выявамі ромбаў-стрэл, у тэхніцы накладной прапільной разьбы.
У цэлым, характарызуючы дэкаратыўнае адзабленне дома па вул. Пляханава 46 трэба адзначыць, што яго можна адднесці да найбольш яркіх захаваных прыкладаў гомельскага архітэктурнага разьбянога дэкора канца 19 ст.
З гісторыі будынка вядома, што ён належыў М.А. Барадзіной – маці Цімафея Сцяпанавіча Барадзіна, кіраўніка гомельскага антыфашысцкоага падполля ў 1941-1942 гг. Тут, акрамя Цімафея Барадзіна і яго маці, жылі таксама і яго сёстры Антаніна і Лідзія – таксама падпольшчыцы, у гэтым доме была явачная кватэра падпольшчыкаў группы Ц.Барадзіна. І, мяркуючы па ўсім, менавіта ў гэтым доме ў 1942 г. у час падрыхтоўкі да падрыву Гомельскай электрастанцыі (размешчана ў ста метрах побач, цяпер гэта ЦЭЦ-2), Ц.Барадзін і быў арыштаваны фашыстамі, а пазней, посля катаванняў, растраляны. У памяць гэтых падзей у 1962 г. на дадзеным доме была ўсталявана мемарыяльная шыльда і ён быў уключаны ў кнігу “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць” (Мінск, 1985 г., с. 78). Аднак ў сучасны Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, будынак, нажаль, уключаны не быў.
Аўтар: Яўген Малікаў