Гэта Беларусь, ёў! Этна-хоп спявачка Iva Sativa выступіць у Гомлі 19 жніўня

0
255
Iva Sativa in Homel

У яе песнях арганічна спалучаюцца беларуская і руская мовы, якія яна піша самастойна, папулярны і народны вакал з хіп-хопам, рэпам, фолкам ды электроншчынай. Ужо 19 жніўня Iva Sativa наведае горад над Сажом, каб сваімі яскравымі ды палымянымі трэкамі запаліць сэрцы ды выцягнуць усіх на гарачыя летнія танцы.

За апошнія гады Iva Sativa (раней вядомая як Pani Sativa) паспела выпусціць ЕР ды некалькі якасных кліпаў і нават перамагла на Jager Music Awards-2021 у намінацыі People’s Choice.

Iva Sativa (Яна Смаляга) родам з Барысава і пачала свой творчы шлях у музыцы некалькі год таму. Яна — жонка палітвязня Лявона Халатрана, які быў асуджаны па ч. 1 арт. 342 КК (групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак) і выйшаў на волю 21 траўня 2022 г.

Сёлета ў студзені Iva Sativa выпусціла кліп на песню “Коса”, а 18 жніўня адбыўся рэліз відэа на песню “Дзікунка”.

Выступ таленавітай беларускай артысткі чыё фірмовае “Гэта Беларусь, ёў!” ужо стала крылатым выразам, адбудзецца 19 жніўня 2022 г. у гомельскім андэграўнд-бары “Кватэрнік” (Білецкі спуск, 1). Уваход вольны!

Пачатак у 20:00, сам канцэрт і afterparty – а 21-й гадзіне.