Георгій Ніскі. У шляху

0
439
Георгій Ніскі / Георгий Нисский — В пути (1964)
Георгій Ніскі — У шляху (1964 г.)

Для беларусаў чыгунка заўсёды была чымсьці большым, чым проста транспарт. Пры чыгуначнай гаспадарцы выгадавалася разначынная нацыянальная інтэлігенцыя, у розных установах якое працавалі ў свой час Янка Лучына, Максім Багдановіч, Альберт Паўловіч ды багата хто яшчэ. Вобраз Міколкі-паравоза стаў не проста яркім персанажам нацыянальнай літаратуры, але і збіральным вобразам цэлага пакалення, якое ўзгадавалася на ростанях, між усіх шляхоў. Для беларусаў чыгунка стала тым, чым для іншых народаў ёсць мора — дарогаю за далягляд, крыніцаю мараў пра нейкі большы, далёкі i лепшы свет. Хоць зазвычай, як і ў тых, хто жыве пры моры, гэты вялікі свет апынаецца проста шляхам дахаты.

Я заўсёды працую над тым, што мяне расчуліла, што я люблю. Хачу напісаць пра гэта ясна, выразна, проста. Працую і літаральна ўлюбляюся ў карціну, не адыходжу ад яе да таго часу, пакуль не скончана.

Г. Ніскі

Георгій Ніскі нарадзіўся акурат пры чыгунцы, дзе ёсць станцыя Навабеліца, зусім недалёка ад Гомеля, адкуль чыгуначныя рэйкі разлятаюцца ўжо на ўсе бакі свету. Там, у зялёным утульным мястэчку, спавітай парамі i дымам з катлоў паравозаў, пад грукат колаў, што імчалі людзей з канца ў канец кантыненту, прайшло яго дзяцінства. Пэўна, што старая царква ў Беліцы, што цудам ацалела, мусіць яго памятаць. Пра тое, якім быў той ягоны родны кут, Ніскі сам жывапісна распавёў у многіх сваіх эцюдах і шкіцах. Тут, у ціхамірным гомельскім прадмесці, куды не даходзілі лініі франтоў і арміі інтэрвентаў, ён мог спакойна марыць пра вялікі свет і пра вялікае сваё прызначэнне. Мясцовы жывапісец Зорын, які ўбачыў юначыя малюнкі Ніскага, параіў яму працягнуць заняткі выяўленчым мастацтвам. А калі схлынула бурапена рэвалюцыйнай калатнечы, у 1919 г. у Гомелі была ўтворана студыя выяўленчага мастацтва імя Міхаіла Урубеля. У ёй Ніскі разам з іншымі маладымі мастакамі займаўся два гады. Нястачу і нішчыміцу раскіданай рэвалюцыяй краіны тады забывалі і лёгка пераадольвалі тым новым, зіхоткім і вірлівым часам. Навучэнцы гомельскай студыі былі змушаныя тады браць чынны ўдзел у афармленні горада. Іхні юначы імпэт, іхняя творчасць выяўляліся на вуліцах у плакатах, пано, транспа­рантах… А ў 1921 г. адораным і ахвочым студыйцам было прапанавана накіравана працягнуць вучобу ў мастацкіх майстэрнях у Маскве [1, с. 413-418].

Здольнасці Ніскага заўважылі таксама і накіравалі ў Маскву на падрыхтоўчыя курсы пры Вышэйшых мастацка-тэхнічных май­стэрнях. У 1923 г. Ніскі перайшоў на жывапіснае аддзяленне, дзе яго настаўнікамі былі Дрэвін і Фальк, з якімі ў свой час зблізіліся Філіповіч і Семашкевіч. Вучань Фалька, мастака незвычайнага і чалавека адметнага, Ніскі быў сам асобай выдатнай. Неяк ён сам казаў, што ў майстэрні настаўніка ён зразумеў, што “акрамя нутра ёсць вочы, розум і метад”. Ніскі быў чалавек дужы, смелы і адкрыты. I гэта адчуваецца ў ягоных палотнах. Ён пісаў па-новаму, па-іншаму. Па заканчэнні Вхутемаса працаваў у мастацкім афармленні кніг. Ніскі насамрэч быў выдатным ілюстратарам, перадусім, ён стварыў выдатныя ілюстрацыі да твораў пісьменнікаў- марыністаў Новікава-Прыбоя, Собалева, Станюковіча [2, с. 10-38].

У тыя свае маладыя гады Георгій Ніскі браў удзел у дзейнасці знанага Таварыства станкавістаў, лідэрам якога быў славуты мастак Аляксандр Дэйнэка. Лішне казаць, што за аснову свайго жывапісу яны бралі станковую форму выканання. А вось сваёй задачай ма­стак! з гэтага Таварыства ставілі “рэвалюцыйную сучаснасць і яснасць у выбары сюжэту”. Яго прадстаўнікі прапагандавалі новыя формы жывапісу, з дапамогай якіх можна было б стварыць абагульнены вобраз індустрыяльнага грамадства будучага. Мастакі-станкавісты аказалі вялікі ўплыў на фармаванне стылю Ніскага, гэта ад іх ён пераняў лаканічнасць і дынаміку кампазіцый. I неўзабаве ягоны стыль стаў вельмі пазнавальным. Ён вылучаецца гранічным аскетызмам колеравай гамы палотнаў, наяўнасцю на іх прамых ліній чыгуначных шляхоў, шосаў, ліній, што лучаць элементы пей­зажа, але сыходзяць за небакрай, і ўсюдыісным адчуваннем руху. Калі ў 1934 г. слынны французскі мастак Альбер Маркэ знаёміўся з творчасцю маладых маскоўскіх мастакоў, падчас свайго падарожжа ў Маскву, то з безлічы палотнаў ён звярнуў увагу менавіта на карціны Ніскага. Зрэшты, і творчасць самога Маркэ моцна паўплывала на Ніскага сваім найвялікшым пранікненнем у простую сутнасць простага пейзажа [1, с. 418-427].

Ніскі шмат працаваў у кніжнай графіцы, у плакаце, у манумен- тальным мастацтве, пісаў, асабліва ў ваенны час, батальныя сцэны. Але, перадусім, славу яму прынеслі ягоныя пейзажы, віды родных беларускіх, а таксама шматлікіх падмаскоўных краявідаў… Найбольшай дасканаласці пейзажы Ніскага набываюць пасля вайны, калі ён дарэшты аддаецца мастацтву. А ў Ніскага ўсё звычайна дыхала свежасцю, маладосцю, бадзёрасцю. Такое мастацтва было моцна запатрабаваным у пасляваенныя гады. Нізкія пункты гле­джання, шмат неба, прасторы, свабоды, палёту, імкнення ў новы шлях. Ягоны “Беларускі пейзаж” 1947 г. стаў адразу класікай, шматкроць тыражаваўся, публікаваўся.

Энергічна, хутка рухаецца цягнік. Імкліва бягуць рэйкі. Родная зямля, у якую ўпісалася стварэнне чалавечых рук. “Да гэтага часу нязгаснай любоўю дзяцінства люблю свой родны пейзаж-семафор, разбег рэек, адыходзячы за паварот лесу шумлівы бор з мачтавымі соснамі і бязмежжа беларускіх палёў з завеямі. Рос на волі, усё было маім: гарачы раскал рэек на пераплёту шляхоў, доўгія таварныя саставы, вадацяжкі і пакгаузы, манеўравыя паравозы, зарослыя вербалозам балоты, залатыя лясныя ручаі, вясновыя разлівы, насцілы плытоў на люстэрку возера, віск пілаў таратакоў, залатыя кубы распілаванага лесу, пах пілавіння, сквар распаленага ліпеня ў лясной цішы і задуменныя пералескі пад абрусам студзеньскага снегу — усё гэта незабыўнае і да гэтага часу сціскае сэрца слодыч тых уражанняў”, — пісаў Георгій Ніскі. I ягоны “Беларускі краявід” стаў сімвалам аднаўлення пасляваеннай Беларусі. Маўляў, калі цэлая ўжо беларуская чыгунка, то жыццё наладжваецца…

Абавязкова ў пейзажах Г. Ніскага ёсць прамое ці ўскоснае ўказанне на знакі найноўшага часу: індустрыяльную дынаміку XX ст., сталовы пафас будаўніцтва і энтузіязм тагачаснага грамадства [3, с. 5-48]. Такія былі ўжо ягоныя вядомыя карціны: “Восень. Се­мафоры” (1932 г.) з лятучым, не інакш, як у камуну, паравозам; у “Падмаскоўі. Люты” (1957 г.) з аўтадарогай, што раптам вырасла па-над лесам. Існуе нейкая меладычная повязь, што лучыць гэтыя складаныя па настроі палотны і пейзажы Ніскага пяцідзясятых гадоў. Асаблівая ўдумлівасць і шматзначнасць. Ніскі падарожнік, вечна вандроўны па дарогах свайго часу, вечна шукаў новае. Творчасць Ніскага атрымала шырокую вядомасць і афіцыйнае прызнанне. Ён атрымаў і Сталінскую прэмію. Але больш істотна тое, што ён стаў адным з пачынальнікаў “суровага стылю”.

“У шляху” скарыстаныя нібы тыя ж мастакоўскія прыёмы. Нізкая кропка гледжання, шмат неба, меркаваная далячынь. Туды, у тую неабсяжную далячынь, як у будучыню, абавязкова лепшую, вось-вось кранецца гэты паравоз, што ўжо стаіць пад парамі. Гэты паравоз са мноствам сваіх вагонаў, пэўна ж, моцна пыхкае, вуркоча, падрыхтаваўшыся да рыўка за далягляд… I людзі, якія застаюцца на станцыі, проста аморфная маса. Таму што Ніскі пейзаж заўжды адлюстроўваў без людзей. Яны былі яму непатрэбныя. Ён быў самотны і хацеў такім бачыць цэлы свет, у якім мусілі быць толькі ён, бясконцасць дарогі і маўклівая нерухомасць самоты.

Аднак смутны, супярэчлівы стан душы выказаў Ніскі, выбраўшы менавіта гэты стан прыроды. Hi ветрыка. Мароз. Сядае барвовае кола сонца ў пустым вялізным небе. А самая яркая кропка на карціне зусім не сонца, а пунсовы верх фуражкі дзяжурнай па станцыі… Ярка-чырвоны.

Яшчэ там ёсць дзіўны нюанс у карціне — прамень паравознага пражэктара, які рэзка свеціць уверх. I прамень гэты вельмі хутка згасае, так нічога i не выявіўшы. I гэта ж сведчанне i таго, што незвычайна цёмна — пры яшчэ не ўзняўшымся сонцы. Сведчанне таго, што паветра напоўненае чымсьці непразрыстым, калі пражэктар губляе сваё святло ўверсе. Страх перад шляхам? Боязь нязведанага ці немінучага трывожнага заўтра. Гэта, бадай, адна з нямногіх прац мастака, дзе адчуваецца нечаканы мінор… Рамантыка ад трывогі неаддзельная. I рамантыка Ніскага цалкам магла быць зародкам ягонай трывогі, той, што “У дарозе”…

Творчасць Ніскага — яскравая старонка ў гісторыі пейзажнага жывапісу [4, с. 127]. Паралельна вялікім рэчам пастаянна пісаў маленькія гуашы, рамантычныя, часцяком блізкія да ўтапічнай фантастыкі. Галоўнай душэўнай прыхільнасцю Ніскага, адзінай ягонай рэчаіснасцю, мрояй і радасцю былі дарогі. Суплёт чыгуначных шляхоў, імклівыя аўтастрады, вясковыя беларускія дарогі… Гэты востры неспакой душы Георгій Ніскі заклаў у сваіх лепшых палотнах: “Беларускі пейзаж”, “Прыдарожная бяроза”, “Над снягамі”, “Ваколіца”, “Светлафоры”, і, вядома ж, у трывожным палатне “У шляху”… Такім ён, адзін з папярэднікаў “суровага стылю”, і застаўся ў мастацтве. Мастак-утапіст, аптыміст, які шчыра верыў у светлую далеч будучыні, пясняр нязведаных шляхоў…

***

Георгій Ніскі (1903, м. Навабеліца, пад Гомелем — 1987, Масква) — графік і жывапісец-пейзажыст, жанрыст, аўтар нацюрмортаў і манументальных пано. Народны мастак РСФСР (1965), правадзейны сябар Акадэміі мастацтваў СССР (1958), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, многімі медалямі. Вучыўся ў Гомельскай мастацкай студыі ім. М.А. Врубеля (1919-1921) у А.Я. Быхаўскага, у Маскоўскім ВХУТЕМАСе (1923-1930) у А.Д. Дрэвіна i P.P. Фалька. Удзельнік мастацкіх выставак з 1930. Работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у музеі палацава-паркавага ансамбля Гомеля, у маскоўскай Траццякоўскай галерэі, у дзясятках іншых музеяў Расіі, Украіны, Каўказа.

Крыніцы

  1. Долгополов, И. Мастера и шедевры / И. Долгополов. — Москва: Изобразительное искусство, 1988. — Т. 3.
  2. Киселёв, М. Г. Нисский / М. Киселёв. — Москва: Изобразите­льное искусство, 1972.
  3. Мурина, Е. Георгий Нисский. Альбом / Е. Мурина. — Москва, 1952.
  4. Гісторыя беларускага мастацтва. — Мінск: Навука і тэхніка, 1992. — Т. 5.

Аўтар: Сяргей Харэўскі
Крыніца: Харэўскі С. Сто твораў XX стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу / аўт.-укл. С. В. Харэўскі, Рэд. Баразна М. — Вільня: ЕГУ, 2011. Ст. 219-223.