Аднойчы, на пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя ў госці да маёй бабулі Домны прыехаў яе брат.
Неўзабаве ён завітаў і да маіх бацькоў. На той час я ведаў, што завуць яго Сідар і жыве ён у далекой Сібіры. Запомніў я яго таму, што ў падарунак ён прынёс цэлы мех кедравых арэхаў і быў не вельмі прыветлівы. Потым бацька мне патлумачыў, што ў дзеда Сідара было вельмі цяжкае жыццё, яму давялося шмат чаго перажыць. Так, напрыклад, у маладосці ён быў мараком, удзельнічаў у руска-японскай вайне і трапіў у палон. Гэта потым я даведаўся шмат чаго пра жыццё дзеда Сідара, асабліва, калі ў Гомелъскім абласным краязнаўчым музеі быў аформлены стэнд, прысвечаны гэтаму чалавеку. Шмат часу прайшло, але, я думаю, чытачам будзе цікава даведацца пра земляка — удзельніка Цусімскай бітвы.
Сідар Якаўлевіч Чэчыкаў нарадзіўся 15 кастрычніка 1881 года ў вёсцы Валосавічы Гомельскага павета Магілёўскай губерні. Ён паспеў закончыць некалькі класаў царкоўна-прыходскай школы, пакуль беднасць не змусіла ўпрэгчыся ў сялянскі хамут. Падросшы, валіў і сплаўляў лес па Покаці і Сажы.
Калі прыйшоў час, быў прызваны ў 1902 годзе на ваенную службу, дзе яму спачатку шанцавала. Быў накіраваны ў расійскую сталіцу – Пецярбург і назначаны ў марскі вучэбны артылерыйскі атрад, які размяшчаўся на Васільеўскім востраве, а затым быў пераведзены ў марскую крэпасць Кранштат.
Але тым часам набліжалася бяда — пачатак руска-японскай вайны 1904 года, і Сідара Чэчыкава ўцягнула ў вадаварот грандыёзнага ваенна-марскога мерапрыемства. Усе пачалося з таго, што ў чэрвені 1904 года Сідар трапіў на навейшы па тым часе браняносец «Арол» па сваей артылерыйскай спецыяльнасці: яго назначылі камандырам 75-міліметровай гарматы кармавога каземата. Карабель стаяў у Кранштацкім порце і дабудоўваўся, хоць на ваду быў спушчаны два гады таму. Вайна разгаралася і на дапамогу 1-й Ціхаакеанскай эскадры рыхтавалася 2-я, а недабудаваны «Арол» затрымліваў яе адпраўку.
I вось у канцы жніўня работы закончыліся і браняносец выйшаў у мора на выпрабаванні, дзе дасягнуў хуткасці ў 18 вузлоў. Экіпаж браняносца налічваў 900 матросаў, шмат з іх былі навічкамі. У асноуным гэта – нядаўнія сяляне.
Перад далёкім паходам адбыўся царскі агляд эскадры. У сувязі з гэтым афіцэры былі ў поўнай параднай форме пры ордэнах, а ніжнія чыны – у абмундыраванні першага тэрміну. Экіпаж «Арла» быў пастроены па левым борце для сустрэчы цара. Тут і ўбачыў Сідар Чэчыкаў ўпершыню Мікалая II, расійскага імператара. У гэты момант і ў думках у Сідара не было, што праз паўтара года, прайшоўшы неверагодныя выпрабаванні, ён будзе прымаць з рук цара Георгіеўскі Крыж. Такога гонару будуць удастоены толькі некалькі матросаў “Арла” , якія ацалелі.
Праз дзень эскадра закончыла ўсе разлікі з берагам і выступіла ў 18000-мільны паход праз тры акіяны, ад Кранштата да Цусімы, які працягваўся больш сямі месяцаў. Спачатку ўсё ішло добра, а сапраўдныя выпрабаванні пачаліся пасля таго, як прайшлі мыс Добрай Надзеі і трапілі у 10-бальны шторм у індыйскім акіяне.
Вось тады Сідару, як кажуцъ, неба паказалася з аўчынку: вецер не даваў дыхаць, а рукі інстынктыўна хапаліся за што-небудзь і вельмі цяжка было адарваць іх ад гэтага чаго-небудзь. Першы раз Чэчыкаў ступіў на цвёрдую зямлю вострава Нусібе ля Мадагаскара толькі праз чатыры месяцы пасля пачатку плавання. Шмат незвычайнага ўбачыў ён на гэтым востраве, упершыню еў бананы і ананасы, але ўспамінаў рэпу і марыў пра бульбу і баршчы. Стаянка ля вострава зацягнулася: прыйшлі звесткі пра здачу Порт-Артура, пра паразу рускай арміі над Мукдэнам на Манчжурскім фронце. З’явілася надзея на хуткае заканчэнне вайны, але эскадра прадоўжыла свой шлях і 14 мая 1905 года ўвайшла ў Цусімскі праліў.
«Арол» ішоў чацвёртым у кільватарнай калоне браняносцаў, якую ўзначальваў «Сувораў». Бой пачаўся ў 11 гадзін 15 хвілін стрэлам з 6-дзюймовай гарматы «Арла». Перастрэлка працягвалася каля 10 хвілін, але асноўныя падзеі пачаліся праз дзве гадзіны. Хуткім і жорсткім быў бой, у якім выявілася пераўзыходжанне японцаў у хуткасці, манеўранасці, трапнасці стральбы і якасці боепрыпасаў.
Пасля выхаду са строю браняносцаў «Сувораў», «Аляксандр III» і «Барадзіно», «Арол» прыняў на сябе удары японскай эскадры і атрымаў больш за 100 снарадаў розных калібраў. 40 чалавек было забіта, 42 члены экіпажа атрымалі цяжкія раненні. Смяротнае раненне атрымаў камандзір – капітан I рангу Юнг, з 18 страявых афіцэраў толькі трое засталіся жывымі і чацвёра кантужанымі.
Сідар Чэчыкаў у першыя гадзіны бою быў паранены, але перавязаўшы рану, застаўся на пасту да канца дня. Пасля другога ранення страціў прытомнасць і разам з усім экіпажам браняносца трапіў у палон.
17 мая «Арол» зайшоў у бухту японскага ваеннага порта Майдзуру, а Сідар Чэчыкаў у ліку параненых арлоўцау трапіў у ваенны шпіталь. Пасля выздараўлення быў накіраваны ў лагер для ваеннапалонных у горад Кумамота на востраве Кіу-Сіу, дзе былі размешчаны ўсе каманды, узятыя ў палон у Цусімскім баі і выратаваныя з загінулых караблёў.
Вялізны, абгароджаны высокім плотам лагер на 10 тысяч ніжніх чыноў складаўся з некалькіх дзесяткаў баракаў, разлічаных не менш чым на 500 чалавек кожны. Каго тут толькі не было: салдаты, портартурцы, цусімцы, але флоцкія імкнуліся трымацца экіпажамі. Больш чым паўгода палонныя пражылі без вестак з Расіі. За гэты час (у жніуні 1905 года) ужо і вайна скончылася. I толькі ў канцы студзеня 1906 года, пасля васьмімесячнага палону, яны былі перавезены па чыгунцы ў партовы горад Нагасакі, дзе іх чакаў параход «Уладзімір». 5 лютага «Уладзімір» выйшаў ва Уладзівасток. Наперадзе яшчэ быў цяжкі шасцітыднёвы шлях у запоўненых да адказу цяплушках па ахопленай хваляваннямі Расіі. Толькі ў сакавіку дабраўся Сідар да Петраграда, атрымаў поўны грашовы разлік і быў дэмабілізаваны.
Тут і пашанцавала цусімцу: выдалі яму ў ліку нямногіх новую флоцкую форму і ён у другі раз пабачыў Яго імператарскую Вялікасць. Цар уласнаручна ўшанаваў Сідара пяццю залатымі рублямі, Георгіеўскім Крыжам і медалём з надпісам на адваротным баку «Да Вознесётъ Васъ Господь въ своё время». Дарэчы, гісторыя гэтага надпісу вельмі цікавая, але пра гэта іншым разам.
З такой нагоды сфатаграфаўся Сідар, і вось праз 100 гадоў глядзіць на нас сур’ёзны, як і падабае георгіеўскаму кавалеру, матрос у бесказырцы з надпісам «ЭСКАДРА ТИХАГО ОКЕАНА». Такім бравым прыгажуном з чорнымі вусамі, у форме і пры ўзнагародах з’явіўся матрос у родныя Валосавічы. Нядоўга халасцякаваў Сідар, неўзабаве згулялі вяселле. Сталі жыць не горш за іншых, а там і дзеці пайшлі. Сідар быў працалюбівы гаспадар, карыстаўся павагай сярод аднавяскоўцаў, бо быў адукаваны, не піў, і да таго ж – герой.
Зусім мала расказваў дзед Сідар пра падзеі ў гады рэвалюцыі, грамадзянскай вайны і далей да калектывізацыі. Але вядома, што асаблівай актыўнасці ў гэтых падзеях не праяўляў, бо больш прыцягвала яго зямля-карміцелька і асабістая гаспадарка. Ад выбарных пасад ветліва, але рашуча адмаўляўся. Сідар Якаўлевіч быў самастойны і ўпарты мужчына, аднаасобнік, і ні за што не хацеў развітвацца са сваей гаспадаркай, не хацеў уступаць у калгас. Трымаўся да апошняга, плаціў непасільныя падаткі.
Але ўсяму ёсць мяжа: за няўплату падаткаў спачатку забралі карову, а на наступны год апісалі хату і маёмасць. I ў гэты час да Валосавіч данесліся весткі пра арганізацыю ў далёкай Сібіры саўгасаў. Доўга думаў Сідар і вырашыў падацца ў вольныя сібірскія краі. Знайшоўся і напарнік-аднавясковец. З цяжкасцямі атрымаў у сельсавеце даведку (замест пашпарта) і разам з старэйшым сынам Васілём адправіўся на выведку ў Цяжынскі раён цяпер Кемераўскай вобласці. Спыніліся ў вёсцы Васільеўка, крыху абжыліся і на наступны год Сідар паехаў за жонкай і дзецьмі. Пабудавалі хату, стала пакрыху наладжвацца жыццё. Але толькі і тут не далі жыцця аднаасобніку, хутка зноў забралі хату. Давялося пераехаць у Цісульскі раён, дзе на 53 годзе жыцця стаў Сідар Якаўлевіч працаваць чорнарабочым на ферме Байла Цісульскага малочнога завода. Праз тры гады быў назначаны аб’ездчыкам, дзе і працаваў 25 гадоў да выхаду на пенсію па старасці у 1960 годзе. Добра працаваў Сідар, раз паспеў прыбавіць да царскай узнагароды яшчэ два медалі за працу: «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» і «За асваенне цалінных зямель».
Памёр Сідар Якаўлевіч Чэчыкаў 29 кастрычніка 1969 года ва ўзросце 88 гадоў і пахаваны ў сяле Байлы Цісульскага раёна Кемераўскай вобласці. Ён быў апошнім, хто пайшоў з жыцця з экіпажа браняносца «Арол», і адным з апошніх 12000 удзельнікаў цусімскай трагедыі.
У 1999 годзе ў горадзе Абакане выдавецтвам Хакаскага дзяржаўнага ўніверсітэта была выдадзена кніга Уладзіміра Бабіча «З морам звязаныя лесы», дзе адзін з артыкулаў прысвечаны С.Я. Чэчыкаву. Ёсць матэрыялы пра нашага земляка і ў інтэрнэце.
Аўтар: Аляксандр Ганчароў