Земляробства з’яўляецца адным з самых старажытных відаў дзейнасці людзей і саступае сваю першаснасць па старажытнасці хіба толькі збіральніцтву і паляванню. Апрацоўваць зямлю чалавецтва навучылася вельмі даўно. Зараз ужо здаецца, што людзі спрадвеку працавалі на зямлі, сеялі, аралі, баранавалі, вырошчвалі ўраджай, каб пракарміць сябе і выгадаваць дзяцей.
Менавіта таму ў маўлені чалавека захаваўся даволі вялікі і разгалінаваны ў лексіка-семантычных адносінах пласт слоў, у большай ці меншай ступені звязаны з земляробствам. Існуе земляробчая лексіка і ў беларускім дыялектным масіве. Дастатковая колькасць такіх лексем захоўваецца ў гаворках Гомельшчыны. Пры гэтым частка слоў гэтай лексіка-семантычнай групы ўжо занатавана ў адпаведных слоўніках [1, 2, 3, 4, 5, 6], а частка — яшчэ чакае свайго лексікаграфічнага афармлення.
Пры лексіка-семантычнай дыферэнцыяцыі земляробчай лексікі ў першую чаргу звяртаюць на сябе ўвагу разнастайнейшыя найменні як увогуле поля, так і асобных участкаў зямлі. Гэта заканамерна. Людзі працавалі і працуюць на зямлі з дня ў дзень. Пры гэтым вырошчваюцца розныя культуры, віды земляробчай працы залежаць ад пары года, і нават у розныя гады адну і тую ж зямлю апрацоўваюць па-рознаму. Адсюль — лексіка-семантычная разнастайнасць найменняў поля і зямельных участкаў. Акрамя таго, указаныя намінацыі маюць цікавае паходжанне і адметную гісторыю, бо большасць з іх захавалася ў гаворках Гомельшчыны з глыбокай старажытнасці і на працягу развіцця моўнай сістэмы перажывала пэўныя гістарычныя змяненнні.
Мэтай нашага даследавання з’яўляецца даследаванне паходжання назваў поля і яго частак, зафіксаваных у гаворках Гомельшчыны.
Сярод назваў поля ў гаворках Гомельшчыны перш за ўсё выдзяляюцца найменні, звязаныя з найменнем сельскагаспадарчай культуры, што вырошчваецца на дадзенай зямлі:
Гр’эчышча н. Грэчкавае поле. Дед самазадаволена зірнуў уніз на гр’эчышча, і.. настрой яго адразу змяніўся [6, с. 40];
Ільнішча н. поле (дзе рос лён). Лён возяць на сенажаць ці на ільнішча і рассцілаюць (Баравікі, Светл.); Ільнішча засеялі ў гэтым годзе бульбай (Запясочча, Жытк.) [1, с. 187]. З гэтым жа значэннем фіксуецца ў слоўніках варыянт ільнянішча: Ільнянішча ўсегда будзе чыстае (Бывалькі, Рэч.) [1, с. 187];
Кардапл’янішча н. Бульбянішча. Кардапл’янішча буду араць (Казярогі) [5, с. 152];
Пшанічнішча н. Поле, на якім расла пшаніца. На пшатчнішчы пасеялі кардоплі (Ручаёўка); Онь пшанічнішча, там збірайце каласкі (Чаплін) [5, с. 295]. З той самай семантыкай ужываецца і слова пшанічышча: Пшанічышча — ета зжатае поле пасля пшаніцы (Первамайск) [5, с. 295];
‘Ярышча н. Зжатае поле пасля ярыцы. На ‘ярышчы паслалі лён (Первамайск) [5, с. 431].
У такіх лексемах яскравая словаўтваральная матывацыя словам, што называе расліну, якая вырошчаецца на гэтай частцы зямлі: гр’эчышча <- грэчка, ільншча <- лён, пшанічышча <- пшаніца. У якасці словаўтваральнага сродку выкарыстоўваецца суфікс -ішч-, пры гэтым некаторыя лексемы маюць яшчэ дадатковы інфікс -ян- (ільняншча, кардапл’янішча). У працэсе дэрывацыі вытворная аснова страціла фармант -ыц-. Такая страта назіраецца ў гаворках Гомельшчыны і ў іншых аднакарэнных утварэннях: ‘ярушка ж. Яравое жыта, ярыца. ‘Ярушкі пасеялі трохі сеголета, жыта атмякла, дак мо ‘ярушкауродіць (Вулкан) [5, с. 431].
У гаворках Гомельшчыны сустракаюцца назвы поля, матываваныя найменнем сельскагаспадарчай культурай, што на ім вырошчваецца, утвораныя па іншай словаўтваральнай мадэлі:
Арж‘онне н. Іржышча. Ляціць, як арол, ён ляціць на арж‘оннем [6, с. 16]. Вонкавае аблічча гэтага наймення сведчыць пра дастатковыя гістарычныя змены, што адбываліся ў працэсе яго ўтварэння. Відавочна паходжанне слова ад старажытнарускага ръжь (‘хлебная каласавая расліна Secale cereale, з сям’і злакаў’ [7, IV, с. 101]), ад якога спачатку ўзнік прыметнік ръжанъ. У выніку страты слабага рэдукаванага [ъ] перад цяжкім для вымаўлення спалучэннем санорнага і шумнага зычных ва ўсходнеславянскіх гаворках узнікалі прыстаўныя галосныя [і] або [а]. М.Фасмер адзначыў існаванне народных прыметнікавых варыянтаў аржаной, оржаной [8, III, с. 494]. У. Даль зафіксаваў аднакарэнныя словы з прыстаўным [а]: аржаткъ ‘расліна Plantago lanceolata’ [7, IV, с. 101]. Пасля ад прыметніка аржаной пры дапамозе старажытнарускага суфікса -j- утварыўся зборны назоўнік, гукавы склад якога перажыў асіміляцыю зычных да -j-, узнікненне падаўжэння зычных і змену месца націску.
Суфікс -j- удзельнічаў і ва ўтварэнні сінанімічнага вышэйназванаму наймення жніўё н. Іржышча. Ад камбайна, выкіроўваючы на дарогу, проста па жніўю ехала параконная бястарка, даверху насыпаная збожжам [6, с. 52]. Слова таксама мае старажытнае паходжанне. Утварылася яно ад старажытнарускага жниво ‘ніва, з якой нядаўна хлеб зняты’ [7, I, с. 528]. У слоўніку У.Даля знаходзім з гэтай самай семантыкай словы жн’ивье, жн’ище, жн’ивище [7, I, с. 528]. Збіральнік усходнеславянскіх гаворак зафіксаваў тутсама і найменне жн’ивникъ ‘зрэзаныя сцябліны, якія засталіся на карані’ [7, I, с. 528]. Фанетычна зменены, з беларускай агаласоўкай, варыянт захаваўся ў гаворках Гомельшчыны: жніўнік м. Іржышча. Жніўнік-сцёран (Первамайск). Жніўнік — зжатае жыта (Чаплін) [5, с. 116]. Адзначым, што ва ўказаных найменнях на працягу гістарычнага развіцця мовы адбылася і семантычныя транфармацыя: назіраецца метанімія — спачатку слова называла расліны, што ёсць на зямлі, пасля назва перайшла на гэтую зямлю. Усе ўзгаданыя лексемы ўзыходзяць да жати, жьну, якія, на думку М.Фасмера, не трэба аддзяляць ва ўзнікненні і ўтварэнні ад гънати [8, I, с. 419].
Шэраг назваў ужываецца ў гаворках Гомельшчыны для абазначэння пустога поля, зямлі, якая “адпачывае” ці на якой ужо ўбралі ўраджай. Сярод гэтых лексем выдзяляюцца найменні поля, “якое адпачывае”:
За’ялавіна ж. папар. Сёлета я астаўлю адну палоску пад за’ялавіну (Пагоннае, Хойн.) [1, с. 175];
Пагул’яўшая дзеепрым. Зямля, якая была нейкі час пад парам. Хлеба палучылі сеголета поболей: земля пагул’яўшая, луччайураділа (Казярогі) [5, с. 230];
Прып’ар м. Папар. Прып’ар на зяб ілі на пар воруць: на зіму воруць — на зяб, а у Петроўку воруць на жыта — пад пар (Бывалькі) [5, с. 288];
Тал’ака ж. Поле пад папарам. Тал’ака — некалькі год пустуе поле, талакуе (Пярэдзелка) [1, с. 353].
Для зямлі, адкуль ураджай ужо сабралі, ужываецца назва сцёран м. Агульная назва зжатага поля. Скот ідзе на сцёран (Ручаёўка) Он сажалі пшэніцу, да целяты ходяць па сцёрану (Чаплін) [5, с. 348].
Асобныя назвы захоўваюцца ў гаворках Гомельшчыны для той зямлі, на якой нічога не расце, і яна лічыцца неўрадлівай або яшчэ не апрацавана і з’яўляецца цаліной:
Залеж м. аблога. На етай залежы нічога не вырасце (Бывалькі, Рэч.); У нас цяпер німа заліжу, усё пашуць (Ліцвінавічы, Чач.) [1, с. 161];
Калення зборн. цаліна. Лі Валосаўскага лесу тады было адно калення Дык мы тоя калення распахалі і пасеялі проса (Палессе, Чач.) [1, с. 197];
Некась ж. Сенажаць дрэннай якасці. Касіў некась сеголета (Пярэдзелка) [5, с. 216];
Пераполае Поле, якое ніколі не апрацоўвалася. У етым годзе і пераполае пойде у лад (Пярэдзелка) [5, с. 264];
Пусташ ж. Пустка, незасеянае поле. Трохі далі землі, а трохі де захвацілі на пусташы (Дзяражычы) [5, с. 293];
Пуст’ыня ж. Неўрадлівае поле. На пуст’ыні нічогенька не расце, хоць убіся (Ручаёўка) [5, с. 294].
З’яўленне гэтых лексічных адзінак таксама мае свае асаблівасці. Яскрава выяўляецца паходжанне слова пагул яўшая. Метафарызаваны дзеепрыметнік утварыўся ад дзеяслова пагуляць. Выкарыстанню слова ў адносінах да зямлі, на якой часова нічога не вырошчваецца, паспрыяла сема ‘адпачываць’, якая захоўваецца ў семантычным напаўненні дзеяслова. Сучасны стан мовы дазваляе лёгка выявіць “роднасныя” сувязі і ў словах некась (ад не касіць, ‘там, дзе не трэба, не мэтазгодна касіць’), пусташ (ад пусты), пуст’ыня (тут адбыўся метафарычны перанос: пустыня ‘тып ландшафту ў абласцях з пастаянным сухім і спякотным кліматам, які перашкаджае развіццю расліннасці’ [9, с. 1080] ^ перанос па падабенству ^ ‘вялікая прастора, на якой нічога не расце’).
Для тлумачэння этымалогіі іншых назваў “пустой” зямлі неабходны дыяхранічны аналіз.
Адметны генезіс мае найменне за ялавіна. Утварылася яно ад старажытнарускага дзеяслова за’яловлть ‘застацца ялавой’ [7, I, с. 670], ‘яловый скотъ ‘гаварыцца аб самках, без прыплоду [7, IV, с. 677]. Ад гэтага кораня бярэ пачатак беларускае ‘ялавічына ‘мяса каровы, што ўжываецца ў ежу, гавядзіна’. Адзначыў яго з гэтай семантыкай і У.Даль: ‘яловичина [7,
с. 677]. Далейшыя тлумачэнні лінгвіста “праліваюць святло” на нашу назву поля. У.Даль зафіксаваў ужыванне прыметніка ‘яловый у адносінах да дрэў і кустоў, а таксама да зямлі. З паметай зап. (заходняе, кажучы словамі самога даследчыка “отъ Бл>лой Руси, идущей полосою по ляшскимъ предлламъ, до столкновенія съ Малою Русью” [7, I, с. XXIX], гэта якраз сучасная тэрыторыя Беларусі, і асабліва Гомельшчыны) адзначае вучоны і слова ‘яловина ‘запушчаная, дрэнная зямля’ [7, IV, с. 677]. У гаворках Гомельшчыны, такім чынам, захавалася прыставачнае ўтварэнне старажытнага ўсходнеславянскага наймення.
Слова прып’ар неабходна разглядаць, дарэчы, разам з лексемай пап’ар (поп’аръ м. зап. паръ, паровое поле [7, III, с. 297]) як прэфіксальныя дэрываты ад старажытнарускага паръ. Пры дапамозе прыстаўкі ўзнікла і намінацыя пераполае. Відавочна паходжанне гэтага субстантываванага прыметніка ад прыметніка полый ‘пусты ўнутры’.
Указаныя словы з’яўляюцца агульнаўсходнеславянскай спадчынай у лексіцы гаворак Гомельшчыны. Частку з гэтых назваў узгадваў У.Даль, фіксуючы іх як сінонімы да слова паръ: «Паръ, парен’ина, паровое поле, перелогъ, тутемь, толока, залогъ, залежь» [7, III, с. 20].
Расійскі даследчык даў цікавыя тлумачэнні гэтых лексічных адзінак, што дапамагае высветліць паходжанне слоў. Так, для слова залеж вучоны выявіў словаўтваральную базу ў дзеяслове залегать: “Залежь ‘што залегла, заглохла, поле, пакінутае ў выніку спусташэння глебы’” [7, I, с. 597]. Адметна, што У. Даль заўважаў, што аруць залеж зноў праз 8-10 гадоў [7, I, с. 597].
Разгледзіў У.Даль і слова талака, вызначыўшы яго паходжанне ад старажытнарускага дзеяслова толоч’ити, тол’очити ‘таптаць, забіваць’, ‘утаптваць зямлю’, ‘выпускаць скот, даць яму вытаптаць поле’ [7, IV, с. 413]. На захаванне гаворкамі Гомельшчыны слова талака з глыбокай старажытнасці ўказвае наяўнасць тоесных лексем з падобнай семантыкай у розных усходнеславянскіх гаворках (курскіх, пензенскіх, сімбірскіх) слоў толокъ і толока ‘пар, на якім скот пасецца, выган’ [7, IV, с. 413]. Адметна, што акцэнталагічны варыянт лексемы талак’а ўжываецца ў беларускіх гаворках таксама ў значэнні ‘збор насельніцтва для дапамогі аднаму гаспадару’. Такое выкарыстанне слова, па звестках У. Даля, назіраецца і ў іншых усходнеславянскіх гаворках [7, IV, с. 413].
Назва сцёран з’яўляецца фанетычна-марфалагічным варыянтам старажытнарускага стернь, стерн’я ж. ‘жніво, жніўе, зжатае поле’ [7, IV, c. 323]. Першапачаткова слова ўжывалася ў значэнні ‘рэшткі саломы на корані’ [7, IV, с. 323]. Пазней адбыліся такія самыя семантычныя змены, якія перажылі і сінанімічныя назвы жн’еўнік, жніўе. Слова стернь, ці стерн’я, верагодна, паходзіць ад стирати, ці стерети ‘ачышчаць, выціраць’ [7, IV, с. 324].
Цікавую гісторыю можна прасачыць і ў назвы цаліны калення. Хутчэй за ўсё вытокі слова ў старажытнарускім колльти або калльти ‘дубець, чарсцвець ад гарачыні, холаду, надвор’я, паміраць, здыхаць’ [7, II, с. 145]. Прыгадаем таксама колленье ‘паміранне, здыханне’ [7, II, с. 145]. Тады атрымліваецца, што калення ‘памерлая зямля, зямля, дзе нічога не расце’.
Даль выказаў меркаванне, што старажытнае колоти паходзіць ад фінскага kuoli ‘смерць’ [7, II, с. 145]. Але М.Фасмер аспрэчвае гэта і лічыць, што слова паходзіць ад колъ м ‘кароткі шост, жэрдка, завостраная з аднаго канца’ [7, II, с. 143]: колеть ‘рабіцца цвёрдым, як кол’ [8, II, с. 290]. Магчыма, назва, зафіксаваная ў гаворках Гомельшчыны, мае этымалагічную сувязь са старажытнарускім калити ‘моцна распальваць у агні’ [7, II, с. 78]. Між тым, старажытнарускія дзеясловы калити і калл>ти з’яўляюцца роднаснымі, на што ўказвае размяшчэнне іх у адным слоўнікавым артыкуле [7, II, с. 78-79].
У гаворках Гомельшчыны адзначаюцца і найменні, што абазначаюць пэўны невялікі ўчастак зямлі, надзел ці паласу:
Аторак м. Палоска, якая застаецца ад загона пры ворыве. На аторку пасеелі гарбузы (Ручаёўка) [5, с. 39];
Балац’янка ж. Невялікі ўчастак сенакосу. Две балац’янкі вукасіў і прывёз (Дзяражычы) [5, с. 44];
Баразна — абгонка ж. Баразна абагнаная. Бульбоўнік — чэзлы, чорны, заглушаны высокім бадыллем пустазелля, і каб не было баразн’ы-абгонкі, адгадаць было б цяжка, што на гэтым полірасце [6, с. 19];
Гоні мн. Кавалак поля. Падажджы, я етые гоні ўзару (Казярогі) [5, с. 88];
Заварат м. заварот. От калі разварочваецца араты с плугом у канцы загона — ета заварат (Бабовічы, Гом.) [1, с. 150]. У іншых раёнах гэта месца завецца заварацце: даедзь да заварацця і стой, покуль мы бульбу пакідаем (Неглюбка, Ветк.) [1, с. 150]. Неабходна адзначыць і той факт, што ўказаная лексема ў асобных раёнах Гомельшчыны ўжываецца з трохі адрознай семантыкай. Так, на Лоеўшчыне заварат (м.) або завараць (ж.) — 1. Градкі бульбы ў канцы нівы, размешчаныя ўпоперак. На заварату кортоплі параслі дабрэнные (Ручаёўка); 2. Паварот (ракі). Куміна вада — абратнае цячэнне, заварат вады (Дзяражычы) [5, с. 120];
Загонка ж. Загон (паласа, участак ворнай зямлі, поля). У мінулым годзе Юрка ўпершыню самастойна сеў за штурвал камбайна, прагнаў першую загонку і адчуў усю сілу цудоўнай жняі [6, с. 55];
Пагон м. Палоска зямлі. Паставілі хаткі — на погонах тых. Погоны етые к саснеку былі (Дзяражычы) [5, с. 229];
Складочак м. Невялікая паласа. Картоплі склодочак астаўся (Ручаёўка) [5, с. 327].
Паходжанне лексем гэтай семантычнай групы даволі празрыстае. Так, найменне баразна. — абгонка ўтварылася ад словазлучэння, што тлумачыць яго семантычны змест: абагнаная баразна. Заварат з’яўляецца акцэнталагічным варыянтам слова заварот. Пры ўзнікненні наймення адбылася метанімія: перанос назвы дзеяння на месца гэтага дзеяння. Намінацыі гоні, загонка, пагон узыходзяць да старажытнарускага гони м. мн. ‘вузкая і доўгая паласа зямлі’ [7, I, с. 374], тоеснага з гоны м. мн. ‘адлегласць, якую можна праехаць у адну вупраж’, ‘адлегласць, якую конь з сахой праходзіць у адзін подых’, ‘даўжыня ворнай паласы’ [7, I, с. 374-375] і з гон дыялектнае, “адлегласць, якую араты праходзіць, не паварочваючы плуга” [8, I, с. 436]. Абодва найменні паходзяць ад дзеясловаў гоняти ‘прымушаць да бегу’, ‘прыспешваць’, ‘выжываць’, ‘спяшацца ехаць’ [7, I, с. 374] або гънати [8, I, с. 436]. Прыгадаем, што ад гэтага ж слова, як сведчаць даследчыкі, бяруць вытокі і назвы жніўё, жніво. Такая сувязь падкрэслівае старажытнасць найменняў земляробчай лексікі.
Слова балац’янка можна ўзвесці да старажытнага болото ‘нізкае месца, якое пастаянна заліваецца крыніцамі, таму ўтвараецца асаблівая расліннасць і кіслая глеба’ [7, I, с. 110], а складочак — да складывати ‘сабіраць у адно’, ‘убіраць’ [7, IV, с. 197]. Да агульнаўсходнеславянскай спадчыны прыводзіць і назва аторак, ад старажытнарускага отора ‘хлебны абой, ад малацьбы, мелкая салома’, якое ўтварылася ад дзеяслова отор’яти ‘абмалоць’ [7, II, с. 743].
Асобную групу назваў зямельных кавалкаў складаюць найменні невялікіх асабістых надзелаў, часцей прысядзібных:
Агародзіна ж. Агарод, участак зямлі. Пасажу й арэх у агародзіне (Ручаёўка) [5, с. 18];
Гарод м. Агарод. І гной нада, і вада нада на город (Крупейкі) [5, с. 82];
Гародчык м. 1. Агародчык. Ну, што у том городчыку расце (Пярэдзелка); 2. Кветнік. Півоня зацвіла у городчыку (Дзяражычы) [5, с. 82]; Мы жылі без радзімы, без свае зямлі і мовы, і я ведаю, якая гэта шчымлівая, пякучая і беспрасветная туга па родным гародчыку, па красках на поплаве… Чаромха расцвіла ў гародчыках і садках, стаяла ў паліраваных гладышках ледзь не пакожным акне [6, с. 37];
Дачка ж. Надзел, норма (пры ўборцы бульбы). Расставілі дачкі. Распахуюць конём, а тады дачкі даюць (Пярэдзелка) [5, с. 99];
Двар’эц м. Двор. Двар’эц у мяне добры (Бывалькі). Еты год нікуда не вуйшла, апрочу сваём дварцэ сяду, песеджу (Дзяражычы) [5, с. 99];
Загароддзе н. Зборн. Месца за агародамі. Ён адзін будзе ісці па загароддзі, паўз сасняк фермы і праз алешнік ля раўчака [6, с. 54];
План м. Сядзіба, план. Увесь план у дварэ, а у нас план у полі (Дзяражычы) [5, с. 267];
Прыпланак м. Дадатак да прысядзібнага ўчастка, які размешчан воддаль. Пойдам на прыпланак, там кортошкауся зарасла (Пярэдзелка) [5, с. 288];
Усадзьба ж. 1. Сядзіба. У нас во ета хата, хлевы, город называецца усадьба (Бывалькі); 2. Прысядзібны ўчастак. На ўсадьбі неважне кардоплі (Дзяражычы) памянш. Усадзебка. Усадзебку ім далі, дауродела той год (Дзяражычы) [5, с. 380].
Найменні гэтай групы агародзіна, гарод, гародчык, загароддзе суадносяцца са словам огородъ ‘асобнае і абгароджанае месца, апрацаванае пад пасеў ці пасадку садавіны’ [7, II, с. 647] і ўзыходзяць да старажытнарускага город’ити ‘абнасіць заборам, будаваць’ [7, I, с. 380]. Назва дачка з’яўляецца суфіксальным утварэннем ад даць, а двар’эц — ад двор. Найменні план і прыпланак паходзяць ад дзеяслова планаваць (планировати) ‘раўняць, выраўноўваць’ [7, III, с. 120]. I канешне, не выклікае сумненняў генетычная сувязь назвы усадзьба са словам усаживати ‘запрасіць, прымусіць сесці, пасадзіць’ [7, IV, с. 510].
Разгледжаныя лексічныя адзінкі сведчаць аб значнай колькасці найменняў поля і зямельных надзелаў у гаворках Гомельшчыны і іх дастатковай семантычнай разгалінаванасці, што вынікае са старажытнасці гэтых лексем і прадуктыўнасці іх выкарыстання ў шматвяковай штодзённай працы беларускага селяніна.
Большасць з прааналізаваных лексем генетычна звязана з дзеясловамі, што называюць дзеянне, якія праводзілі на гэтай зямлі (агарод, гоні, завараць, залеж, пагон, талака). Хаця для ўстанаўлення генезісу асобных з іх неабходна спецыяльнае гісторыка-этымалагічнае даследаванне (аторак, гоні, залеж, заялавіна, талака).
Частка ўказаных назваў утварылася ад назваў сельскагаспадарчых культур, якія вырошчваліся на гэтых зямельных участках (грэчышча, ільнішча, пшанічнішча). Некаторыя з такіх найменняў існуюць у некалькіх варыянтах (ільнішча — ільнянішча, пшанічнішча — пшанічышча). Назіраюцца таксама і семантычныя адрозненні ў асобных лексемах (заварат), што ўказвае на рэальнае жыццё і існаванне ў маўленні гэтых слоў і развіццё ў іх новых значэнняў.
Асобныя словы з даследаванага лексіка-тэматычнага аб’яднання яскрава матывуюцца ўласцівасцямі рэалій, што яны называюць (пагуляўшая, пусташ, пустыня). Асобныя з намінацый перажылі метафарызацыю і набылі другасную матывацыю, увайшоўшы ў сельскагаспадарчую лексіку (дачка, план, пустыня). Для высвятлення крыніц прычын узнікнення і паходжання іншых найменняў зямельных участкаў патрэбны гістарычна-параўнальны аналіз (гоні, два, заялавіна, калення, прыпар, складочак).
Гісторыка-этымалагічнае даследаванне найменняў поля і зямельных участкаў гаворак Гомельшчыны паказала старажытнасць адзінак указанай лексіка-семантычнай групы. Большасць з іх з’яўляецца ў гаворках Гомельшчыны агульнаўсходнеславянскай спадчынай або інавацыямі перыяду самастойнага існавання беларускай мовы, утворанымі па прадуктыўных словаўтваральных мадэлях ад старажытнарускіх каранёў.
Літаратура
- Матэрыялы для дыялектнага слоўніка Гомельшчыны / склад. B.I. Мядзведзева, Л.В. Цэхановіч, В.А. Горленка, Д. А. Лявончанка, У.В. Анічэнка, А.П. Бадалей // Беларуская мова і мовазнаўства. Міжвузаўскі зборнік. — Выпуск 4. — 1976. — С. 134-272.
- Станкевіч, А.А. Назвы адзення, абутку і галаўных убораў у гаворках Гомельшчыны: этналінгвісгычны аналіз / А.А.Станкевіч, А.М.Воінава. — Гомель: УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”, 2004. — 213 с.
- Тураўскі слоўнік: у 5 т. / склад. А.А.Крывіцкі, Г.А.Цыхун, ГЯ. Яшкін. — Мн.: Навука і тэхніка, 1982-1987. Т.1. — А — Г, 1982. — 255 с. Т.2. — Д — К, 1982. — 271 с. Т.3. — Л — О, 1984. — 311 с. Т.4. — П — Р, 1985. — 360 с. Т.5. — С — Я, 1987. — 423 с.
- Фальклорны слоўнік Гомельшчыны / У.А.Анічэнка [і др.]; навуковы рэдактар А.А. Станкевіч. — Гомель: УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”, 2003. — 346 с.
- Янкова, Т.С. Дыялектны слоўнік Лоеўшчыны / Т.С. Янкова. — Мн.: Навука і тэхніка, 1982. — 432 с.
- Народная лексіка Гомельшчыны ў фальклоры і мастацкай літаратуры: слоўнік / пад рэд. У.В.Анічэнкі. — Мн: Выд-ва БДУ, 1983.
- Даль, Владимир. Толковый словарь живого великорусского языка: в 4 т. / Владимир Даль. — М.: Русский язык, 1978-1980. Т. 1. — А — З, 1978. — 779 с. Т. 2. — И — О, 1979. — 779 с. Т. 3. — П, 1980. — 555 с. Т. 4. — Р — Y, 1980. — 683 с.
- Фасмер, М. Этимологический словарь русского языка: в 4 т. / М.Фасмер. — М.: Прогресс, 1986-1987. Т. 1. — А — Д, 1986. — 576 с. Т. 2. — Е — Муж, 1986. — 671. Т. 3. — Муза — Сят, 1987. — 831 с. Т. 4. — Т — Ящур, 1987. — 862 с.
- Советский энциклопедический словарь / гл. ред. А.М.Прохоров. — 3-е изд. — М.: Сов. энциклопедия, 1985. — с 1600 с., ил.
Аўтар: К.Л. Хазанава
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. – 2010. – № 4 (61). – С.136-141.