Геаграфія і агульныя звесткі Чачэрскага раёна

0
1214
Карта Чечерского района

Пачнем з геаграфіі. Чаму? А таму, каб, перш за ўсё, лакалізаваць наш край у прасторы. Чачэрскі раён размяшчаецца на паўночным усходзе Гомельскай вобласці Рэспублікі Беларусь на мяжы з Расійскай Федэрацыяй. Утвораны ён 8 снежня 1926 года пасля другога ўзбуйнення БССР. Сучасныя межы існуюць з 6 студзеня 1965 года. Плошча 1,23 тыс.км2 . Насельніцтва на 1 студзеня 2005 года 17,1 тыс. чалавек. Па тэрыторыі раён пераўзыходзіць такія невялікія еўрапейскія краіны, як Андорра (0,5 тыс.км2), Ліхтэнштэйн (0,2 тыс.км2), Сан-Марына (0,06 тыс.км2) і Манака (0,002 тыс. км2), разам узятыя.

Землі Чачэршчыны раскінуліся паабапал ракі Сож, якая перасякае раён з поўначы на поўдзень. Раён мяжуе на поўначы з Кармянскім раёнам Гомельскай вобласці і Краснапольскім раёнам Магілёўскай вобласці. На ўсходзе – з Краснагорскім раёнам Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі, на паўднёвым усходзе – з Веткаўскім, на паўднёвым захадзе і захадзе з Буда-Кашалёўскім раёнамі Гомельскай вобласці. Таксама на захадзе, на невялікім участку, Чачэршчына мае мяжу з Рагачоўскім раёнам.

Таксама істотна акрэсліць тыя ўмовы, у якіх жывуць тут людзі. Трэба адзначыць, што геаграфічны пейзаж вельмі і вельмі ўплывае на чалавека. Многія пакаленні людзей змяняюцца, а геаграфічныя ўмовы застаюцца. Як вобразна адзначыў адзін палітолаг: “Міністры прыходзяць і сыходзяць, а горныя вяршыні застаюцца нязменнымі”. На Чачэршчыне гор няма, як канешне і мора. Знаходзіцца яна на тэрыторыі старажытнай Усходне-Еўрапейскай, або Рускай раўніны і поўнасцю размяшчаецца ў межах яе складовай часткі – Чачорскай раўніны. Чачорская раўніна з’яўляецца фізіка-геаграфічным рэгіёнам Перадпалескай правінцыі, знаходзіцца на паўднёвым усходзе Беларусі. Паверхня раўнінная, месцамі дробнаўгорыстая, 73% яе на вышыні 140-160 м над узроўнем Балтыйскага мора, 25% – ніжэй за 140 м. Найвышэйшы пункт – Лысая гара (177 м), знаходзіцца на паўднёвай ускраіне Чачэрска. Агульны нахіл паверхні зямлі з поўначы на поўдзень. Клімат умерана кантынентальны, вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня –7,40С, ліпеня +18,40С. Ападкаў у сярэднім выпадае 637 мм за год. Вегетацыйны перыяд 191 суткі [4, с.267].

Ландшафт, вядома, на працягу стагоддзяў мяняўся пад уздзеянняў як прыродных працэсаў, так і людскога гаспадарання. Аднак у асноўных рысах з часоў сярэднявечча і да нашага часу істотна не змяніўся. Найбольшы ўплыў на гісторыю нашага краю ад каменнага веку да сучаснасці аказалі лясы, рэкі і азёры. Лес быў ахоўнікам і крыніцай дабротаў: ежы, футра, будаўнічых матэрыялаў, паліва і інш. Пад лесам зараз знаходзіцца 46% тэрыторыі, большая іх частка знаходзіцца на ўсходзе, левабярэжжы ракі Сож. Пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, чорна-альховыя лясы, трапляюцца таксама дубовыя, асінавыя, грабавыя і іншыя. Пад балотамі 3% тэрыторыі, раней да меліярацыі было значна больш. У межах раёна знаходзіцца біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння Чачэрскі.

Рэкі Чачэршчыны… Менавіта на іх берагах з’явіліся першыя паселішчы. Яны таксама былі крыніцай ежы, гандлёвымі артэрыямі. Пойменныя землі найбольш урадлівыя, але іх вельмі мала. Менавіта на пойменных землях і з’явілася ў нас земляробства. Спачатку яно было матычнам. Усе рэкі нашага раёну адносяцца да Чарнаморскага басейну. Найбольшая рака Сож з прытокамі Покаць, Чачора. Разліў ракі Сож доўжыцца амаль 100 дзён. Разліваючыся ў канцы сакавіка, або ў пачатку красавіка, яна пераўтварае пойму і плоскія міжрэччы ў суцэльныя водныя прасторы і толькі ў чэрвені вада паступова сыходзіць. На паўночным усходзе працякае Каўпіта (прыток Беседзі). Азёры: Святое, Коўпін, Старое, Стаячае; шмат азёр-старыц: Вілія (мясцовыя жыхары называюць яго Вялля), Вір, Асіннае, Старасожжа і іншыя.

Глебы ў асноўным малаўрадлівыя: дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя. Ёсць таксама тарфяна-балотныя і, як адзначалася вышэй, пойменныя. Наогул, Чачэршчына знаходзіцца ў зоне рызыкоўнага земляробства. У недалёкім мінулым (ад сярэднявечча да пачатку ХХ стагоддзя) сярэднія ўраджаі складалі сам 3 – сам 5 (гэта значыць на адно пасеянае зерне вырастала тры – пяць). А ў Егіпце, напрыклад, у старажытныя часы ўраджай быў сам 40. Вось і прычына хуткасці развіцця цывілізацыі.

Карысныя выкапні: торф, мел і мергель, пяскі, гліна и суглінкі. Мясцовыя пяскі вельмі прыдатныя для вырабу высокаякаснага шкла. У першай палове ХІХ стагоддзя на ўсю Расійскую імперыю грымела слава Чачэрскага шклозавода, вырабы яго былі вядомы і ў Еўропе. Размяшчаўся шклозавод у Засажэўі непадалёк ад вёскі Новая Гута (зараз выселена). Таксама на берагах Сожа было вельмі шмат крэмня, з якога ў каменным веку выраблялася большасць прылад працы. Менавіта наяўнасць крэмня не ў апошнюю чаргу прываблівала сюды людзей. Па свядчанні краязнаўцы А.Ганжына нават у пачатку ХХ стагоддзя (у 1920-24гг.) чачэрскія сяляне сабралі некалькі тысяч пудоў крэмня. Яго збіралі дзеля налівання жорнаў. Прадавалі ў той час 1 пуд крэмня за 1 пуд жытняй мукі [5, c.61]. І зараз гэты камень сустракаецца даволі часта. Адзін з раёнаў Чачэрска ля берага ракі Сож, дзе калісь была прыстань мае назву Крэмень.

Знаходжанне на працягу стагоддзяў на мяжы вялікіх дзяржаў: Вялікага Княства Літоўскага і Вялікага Княства Маскоўскага (Літвы і Масквы), потым Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі таксама наклалі свой непаўторны адбітак на лёсы жыхароў нашага краю. Былі часы, калі частка Чачэршчыны была ў складзе Літвы, а частка – Масквы. Знаходжанне на вялікім гандлёвым шляху (водным і сухапутным – праз Чачэрск да сярэдзіны ХІХ стагоддзя ішла вялікая дарога, у часы Вялікага Княства Літоўскага існавала мытня) было выгадным. Але, як трапна адмеціў У.Караткевіч, “дзе выгоднае становішча, дзе зручныя шляхі, там і вораг”. [6, c.7]. Так што ніводная вайна, якая грымела ва ўсходняй Еўропе, не мінула Чачэршчыну. Але, як бы там ні было, жыхары горада і навакольных вёсак кожны раз адбудоўвалі сваё жыццё, не скараліся навалам, а жылі і працавалі далей. Лёгкіх часоў наогул ніколі не было. Але працавітасць, жыццёвы аптымізм, вера ў сябе і ў лепшую долю дапамагалі тутэйшым жыхарам. Так і нам сёння, відаць, не трэба наракаць на цяжкасці часу, а сумленна працаваць, будаваць саю дзяржаву, ведаць сваю гісторыю, традыцыі, не забываць мову, паважаць суседзяў. Гэта значыць не страціць сябе, сувязь з роднай зямлёй ва ўмовах глабалізацыі і націску масавай культуры.