Газета “Гомельский вестник”

0
1833
Газета Гомельский вестник

Пад дадзенай назвай выходзілі дзве газеты:

1) штодзённая газета ліберальна-асветнага кірунку. Выдавалася з 28.12.1908 (10.1.1909) да 23.4(6.5).1909 у Гомелі на рускай мове. Рэдактар-выдавец Г.А. Казакоў. Арыентавалася на мясцовю інтэлігенцыю, вучнёўскую моладзь, друкавала матэрыялы пра гарадскія навучальныя ўстановы, дзіцячыя прытулкі, садзейнічала дабрачыннай дзейнасці.

У перадавым артыкуле “Гомель, 16 студзеня” выступіла за нацыянальнае самавызначэнне Польшчы. Апублікавала цыкл нарысаў М. Бахціна “На мясцовыя тэмы”, “На дне Гомеля”. У газеце друкаваў свае нарысы мясцовы юрыст і літаратар М. Кулябка-Карэцкі. Публікавала нататкі пра тэатральнае і музычнае жыццё Гомеля. Змясціла матэрыялы, прысвечаныя стагоддзю з дня нараджэння М.В. Гогаля, яго жыццё і творчасць тлумачыла трагічнымі супярэчнас-цямі паміж дэспатычным самадзяржаўем і духоўнымі пошукамі расійскай інтэлігенцыі. Друкавала вершы, нарысы, карэспандэнцыі мясцовых аўтараў, пераклады з яўрэйскай літаратуры.

 

2) Палітычная, грамадская і літаратурная газета афіцыёзнага кірунку. Выдавалася з 26.2(11.3) да 25-5(7.6).1914 у Гомелі на рускай мове. Рэдактар-выдавец А.М. Ляшэнка заявіў, што яго выданне не мае нічога агульнага з былым у 1909 г. “Гомельским вестником” (4.3.1914).

Газета абяцала аб’ектыўна інфармаваць пра ўсе бакі гарадскога жыцця. Друкавала гаспадарчыя справаздачы, абвесткі, агітавала за афіцыйны спіс кандыдатаў у гарадскую думу. Пасля спынення выхаду газеты Ляшэнка сцвярджаў, што фактычным кіраўніком яе быў гарадскі галава У.В. Даброўскі, які выкарыстоўваў газету як трыбуну для агітацыі за сваіх кандыдатаў у гарадскую думу (“Гомельская мысль”, 24.6.1914).


Аўтар:
Уладзімір Конан
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 80.