Газета “Гомельская копейка”

0
1946
Гомельская копейка газета

Газета “Гомельская копейка”, інфармацыйна-асветніцая беспартыйная “прагрэсіўная газета”. Выдавалася з 7(20).6.1911 да 10(23).10.1917 у Гомелі на рускай мове. Спачатку выходзіла 3 разы на тыдзень, з 1.9.1914 штодзённа. Рэдактар-выдавец – А.С. Міляеў.

Абяцала служыць усяму мясцоваму насельніцтву, арыентавалася пераважна на сярэднія слаі гараджан яўрэйскай нацыянальнасці. Друкавала інфармацыю пра дзейнасць гарадской думы, рыначную кан’юнктуру, асвятляла праблемы гандлю, прамысловасці, гарадской гаспадаркі, выступала за добраўпарадкаванне горада. Змяшчала рэпартажы пра судовыя справы, злачынствы, надзвычайныя падзеі (пра замах на жыццё П.А. Сталыпіна), няшчасныя выпадкі, друкавала некралогі, спачуванні і да т.п. Зрэдку публікавала спартыўныя паведамленні, пазнаёміла чытачоў з арганізацыяй мясцовай футбольнай каманды, рачнога яхт-клуба. Часам друкавала інфармацыю пра асобныя міжнародныя падзеі, дзейнасць урада і Дзяржаўнай думы. Крытыкавала антысемітызм, друкавала нарысы  пра сіянісцкі рух.

У 1914-1917 інфармавала пра падзеі 1-й сусветнай вайны.  Амаль палова газетнай плошчы запаўнялася камерцыйнай рэкламай, аб’явамі на тэатральныя гастролі, канцэрты, кінематограф, цырк. Вітала Лютаўскую рэвалюцыю 1917, друкавала звароты Часовага ўрада, змясціла матэрыялы пра I. Пляханава і інш. Агітавала за кадэцкіх кандыдатаў у дэпутаты Устаноўчага сходу. У рубрыцы “Тэатр” друкавала інфармацыю і кароткія рэцэнзіі пра спектаклі. Апублікавала артыкул пра М.Ю. Лермантава, А.П. Чэхава, апавяданні Ф. Салагуба, Чэхава, вершы і нататкі мясцовых  аўтараў.

З ліпеня 1914 выдавала дадатак “Телеграммы Петроградского телеграфного агенства и собственных корреспондентов” (1-3 разы на тыдзень), выпускала таксама нерэгулярныя дадаткі.

Аўтар: Уладзімір Конан
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 71.