«Голос Полесья» — штодзённая грамадска-палітычная газета, орган Рэчыцкага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Выдавалася ў красавіку-жніўні 1917 у Рэчыцы на рускай мове.
Пад загалоўкам газеты змяшчаліся лозунгі РСДРП і партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» і «Зямля і воля». Заклікала да падтрымкі Часовага ўрада, у тым ліку яго палітыкі працягу вайны. Друкавала афіцыйныя ўрадавыя дакументы, звесткі з міжнароднага жыцця, ваенную хроніку. Шмат увагі аддавала мясцоваму грамадскаму і прафсаюзнаму руху, арганізацыі самакіравання. Змяшчала дакументы і адозвы Сялянскага саюза Палескага раёна. Перадрукоўвала артыкулы з петраградскіх і маскоўскіх выданняў, змяшчала прыватныя аб’явы. У сувязі з пераабраннем Савета ў канцы жнінўня 1917 выхад газеты спыніўся.
Аўтар: Мікалай Сяменчык
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 58-59.