Гаваркія антрапонімы фаўністычнага паходжання ў “Палескай хроніцы” Івана Мележа

0
449
Гаваркія антрапонімы фаўністычнага паходжання ў Палескай хроніцы Івана Мележа

У “Палескай хроніцы”, кнізе пра роднае Палессе, I. Мележ шырока праявіў сябе як майстар слова. У стварэнні агульнага мастацкага фону тэксту ў трылогіі значную ролю адыгрывае анамастычная лексіка. Пісьменнік умела выкарыстоўвае такія яе складнікі, як гаваркія антрапонімы, якія, акрамя ідэнтыфікуючай (назыўной) функцыі, выконваюць і мастацка-эстэтычную, якая дадаткова характарызуе персанаж, тую ці іншую падзею, з’яву. Гаваркія онімы ў мастацкай літаратуры даследавалі С. Бут-Гусаім, А. Рогалеў, В. Рагаўцоў, В. Шур і іншыя. Непасрэдна вывучэннем антрапанімікону “Палескай хронікі” I. Me лежа займаецца В. Струкаў.

Частка антрапонімаў у раманах трылогіі “Палеская хроніка” I. Мележа ўтворана ад апелятываў — назваў фаўны, сярод якіх можна вылучыць: назвы свойскіх і дзікіх жывёл: Баран, Бугай, Зайчык, Зубрыч; насякомых: Бабура (‘макрыца, сараканожка’, ‘бабачка, матыль’, ‘галавастая рыбка’ [3, с. 30]); дзікіх птушак: Галубовіч, Дзяцел, Сарока, рыб: Карась. Сярод такіх адзінак можна вылучыць прозвішчы: Бабура, Галубовіч, Дзяцел, Зубрыч, Карась, Сарока i мянушкі: Баран, Бугай, Зайчык, утвораныя на падставе метафарызацыі ад назваў дзікіх птушак i жывёл. Пісьменнік, “ствараючы або выбіраючы з рэальнага анамастыкону такую адзінку, ужо самой назвай (без вялікага кантэксту) дае выразнае ўяўленне пра аб’ект (асобу), які ў цэнтры яго ўвагі” [11, с. 156]. Гаваркія онімы могуць па-рознаму праяўляць сваю характарыстычнасць. Паводле класіфікацыі А. Рогалева [8] i В. Шура [11], сярод гаваркіх антрапонімаў можна вылучыць прамагаваркія онімы, якія маюць празрыстую аснову i прама, непасрэдна праз апелятывы ўказваюць на знешнасць, паводзіны, асаблівасці характару персанажаў. Каб зразумець іх мастацка-эстэтычную функцыю, трэба звярнуць увагу на семантыку іх апелятываў, якія характарызуюць персанаж па ўласцівай ім істотнай прыкмеце. Такія онімы ў асноўным утвараюцца лексіка-семантычным спосабам. У скоснагаваркія ўласныя імёны характарызуюць літаратурных персанажаў дзякуючы сувязі з пэўнымі асацыяцыямі, раскрываючы сваю сутнасць праз пэўны кантэкст твора. Схаванагаваркія антрапонімы маюць завуаляванае значэнне, якое выяўляецца, хутчэй за ўсё, праз шырокі кантэкст. Болыпасць онімаў трылогіі “Палеская хроніка” з’яўляюцца прамагаваркімі.

Так, адзін з персанажаў мае мянушку Баран, якую атрымаў, відаць, за тое, што мае нейкае падабенства з гэтай жывёлай: Так і дакаціў да Туманоў. Баран Ігнат — туманоўскі сваяк — быў дома: не ўзрадаваўся, не здзівіўся, але звычаю векавечнага не парушыў дастаў пляшку самагонкі, паставіў на стол. Руды, калматы Ігнат, хутка пасавеўшы, упяўшы дурнаватыя вочыў стол, амалъ увесь час маўчаў недарма далі мянушку Баран! [6, с. 104]. Такія гаваркія онімы ў творах Якуба Коласа (Акула, Кашчэй, Хрушч, Чарнамор і інш.) прааналізаваў В. Шур [12], у творах беларускай драматурги (Абібак, Зносак, Крумкач, Сарока і інш.) — В. Рагаўцоў [7], у творах Янкі Брыля (Варона, Вінтоўка, Салавей і інш.) — А. Каваленка [4] і г. д.

Мянушку Бугай разглядаў В. Струкаў [10]. Яна дадзена Ларывону, дружбаку Яўхіма Глушака. Утвораная лексіка-семантычным спосабам ад апелятыва бугай, які абазначае самца буйной рагатай жывёлы, мянушка паказвае пэўнае падабенства з гэтай жывёлай, падкрэсліваючы грубую сілу, дзікасць гэтага персанажа: У хане было трое. Адна, старая, сухая, корпалася пры печы. Двое другіх гаспадарылі за сталом, яны найболыи кідаліся ў вочы. Асабліва ўпадаў у вочы той, што быў насупраць: чырвоны, з сальным водбліскам на лбе, на шчоках, здаровы, горбіўся над сталом магутнай глыбай. 3-пад нізкага лба дробныя вочы глядзелі нядобра, тупавата. Башлыкову мімаволі падумалася: сустрэнешся з такім у лесе — аднаго выгляду напалохаешся. Другі на першы пагляд не вылучаўся нічым: нярослы, сухаваты, у старым пінжаку, у расшпіленай сарочцы, здаваўся вельмі звычайным. Заўважаўся хіба позірк: светлыя, з-пад чуба, вочы глядзелі востра, пранізліва.

— Здароў, Ларывон! — сказаў Блушак асобна, калі прывіталіся зусімі. Ларывон зірнуў нібы з недавер’ем, не адказаў. У тулым позірку паявіўся цяжкі роздум.

— Здароў, — выціснуў неахвотна, пільна ўтаропіўся.

Башлыкоўуспомніў мянушку Ларывона, якую яму сказаў Блушак: ‘Бугай ”. Падумаў зухвалай: “Дакладна назвал!. Бугай і ёсць ” [5, с. 141-142].

Васіль Дзяцел — галоўны персанаж трылогіі. Агульным назоўнікам дзяцел называюць птушку сямейства дзятлавых. Паводле беларускіх міфалагічных паданняў вядома, што чорны дзяцел, — гэта пчаляр-бортнік, ператвораны Богам у птушку за тое, што не святкаваў у нядзелю, а выдзёўбваў у сасне борць для пчол, ён выступав сапраўдным працаўніком, які забяспечваў жыццё для пчол [2, с. 169]. Гэта прозвішча, утворанае лексіка-семантычным спосабам, яно падкрэслівае такія рысы характару героя, як працавітасць і ўпартасць. Васіль Дзяцел сапраўды любіць прану, нават у турме не мог сядзець нічога не робячы: Борш за ўсё, самай вялікай накутай было тут [у турме] проста сядзенне, сядзенне без звычайных клопатаў, безпрацы. … Рукі, душа яго [Васіля] прагнулі працы [5, с. 103]. Упартасцъ падкрэслівае I. Мележ пры абмалёўцы партрэта з дапамогай трапнай мастацкай дэталі: У такі час з хаты, недалёка ад той, дзе дзяўчына брала ваду, выйшаў на ганак, пацягваючыся, хлопец з хмурнымі заспанымі вачамі, з калматай ні то русявай, ні то цёмнай чупрынай, з упартымі губамі [5, с. 9]. Трэба адзначыць, што прозвішча Дзяцел у гэтым творы маюць яшчэ некалькі персанажаў, але ў адносінах да іх яно ўжываецца адзінкава і не нясе дадатковай канатацыі: Міканор Дзяцел, Андрэй Дзяцел, Іван Дзяцел, Дамецік Дзяцел, Змітро Дзяцел.

Сапраўднае прозвішча Зайчыка-Дзяцел. Мянушку Зайчык ён, відаць, атрымаў паводле пэўнага падабенства з гэтай жывёлай. Вядома, што такую мянушку звычайна даюць чалавеку, калі а) ‘вялікія зубы’ б) ‘касавокі’ в) ‘палахлівы’ г) ‘паляваў на зайцоў ’ [1, с. 38]. У народнай міфалогіі заяц з’яўляецца сімвалам палахлівасці, баязлівасці і пладавітасці, а ў Зайчыкаў, як вядома, дзяцей была поўна хата. Магчыма, гэтая акалічнасць і лягла ў аснову мянушкі. — Чутно, жонка зноў скора рассыплецца? — сказаў Глушак, які даўно прыкмеціў, што Зайчыха цяжарная [5, с. 302]. Дзяцей у Зайчыка і праўоа поўная хата, голыя, галодныя, і сам ён хваравіты, худы, аж шчокі ўваліліся… [5, с. 138]. Памяншальна-ласкальны суфікс -чык у дадзеным выпадку праяўляе адценне грубаватай фамільярнасці. Хітрага Зайчыка, жартаўніка, ніхто не ўспрымае ўсур’ёз, нездарма да яго мянушкі далучаецца часам дадатак “штукар”: Дураслівае пытанне гэта абазвалася смешкамі, асабліва сярод моладзі, дзе Зайчык-гнтукар быў у не абы-якой пашане. Смяяліся не толькі таму, што ён ужо сказаў, але загадзя і тому, што яшчэ выкіне: ведалі, што Зайчык вымудрыў нешта\ [5, с. 318]. … у купку ўбіўся гарэзны Зайчык, закруціўся, чапляючыся да кожнай… [5, с. 138].

Прозвішча Сорока мае ўдава Аўдоцця, якая нечым падобна на гэту птушку. Звычайна ў соцыуме сарокай называюць чалавека, які шмат гаворыць, а таксама непаседлівага. Удава Аўдоцця сапраўды сваёй гаварлівасцю нагадвае гэту птушку: 3 гэтага неразборлівага гуду час ад часу вырываўся задзёрысты галасок гаварлівай удавы Сарокі, дужай, вяртлявай жанчыны, якая перамаўляючыся, кідала вострыя позіркі на мужчынскія купкі, на ўсё, што ні рабілася ў хаце. Вочы яе проста бегалі, лавілі, праглі чаго-небудзь цікавага!.. Часта цётка Сорока забівала сваёй гаворкай астатніх чатырох, якія нямелі ад патоку дасціпных прымавак і жартаў. Прымаўкі вязала яна легка, спрытна, без утомы… [5, с. 137]. Ледзъ яны ўвайшлі ў хату, Сорока ўскочыла, закруцілася, засакатала… [5, с. 250]. Так, гаваркі онім Сорока выкарыстаў Янка Купала ў сваёй камедыі “Паўлінка” для наймення настаўніка Якіма Сарокі, які быў шчодры на словы.

Пад прозвішчам Зубрыч на пасадзе загадчыка райза хаваецца атаман бандытаў Маслак. Ён працягвае варожую дзейнасць пад маскай барацьбіта за савецкую ўладу. Прозвішча, як мы мяркуем, можна разгледзець як ускоснагаваркое, бо яго ўтваральнай асновай, мабыць, з’яўляецца апелятыў зубр, а сваю семантыку i мастацка-эстэтычную функцьпо яно тлумачыць праз слова зубы: Няпростая сітуацыя, — і выходзіць, што нейкая нікчэмнасць, як Башлыкоў, Апейка, Харчаў, быццам дужэй за яго [Зубрыча]. I ён павінен хіліцца перад імі, лісліва круціць хвостом, сведчыцъ сваю любоў, адданасцъ ім, бальшавіцкай справе. Поўзаць і штохвіліны аглядвацца, як бы не заўважылі, што ён час ад часу выпускав зубы, точыцъ іх. Трывожыцца, як бы раптам не вылезла наверх старанна зацертае калісьці, засыпанае пылом гадоў… [6, с. 428]. Дарэчы, на гэта звярнуў увагу В. Струкаў, які адзначыў, што “слова зубы, не з’яўляючыся ўтваральнай асновай оніма, а толькі яго этымонам, пралівае святло на семантычную значымасць прозвішча” [9, с. 25]. Узнікаюць гукавыя асацыяцыі ca словам зубы.

Такім чынам, паводзіны, уласцівасці птушак і жывёл сталі асновай для ацэначнай характарыстыкі пэўных якасцяў персанажаў раманаў трылогіі “Палеская хроніка” I. Мележа, што выражаецца з дапамогай удала падабраных онімаў. Як правіла, пісьменнікі мэтанакіравана ажыццяўляюць падбор онімаў для персанажаў, выражаючы сваё стаўленне да іх.

Спіс літаратуры

  1. Аляхновіч, М. М. Лінгвакультуралогія: даведнік для студ. філал. фак. / М. М. Аляхновіч, Л. В. Леванцэвіч; Брэсц. дзярж. ун-т імя А. С. Пушкіна. — Брэст: Выд-ва БрДУ, 2007. — 71 с.
  2. Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік. / С. Санько [і інш.]; склад. I. Клімковіч. — 2-ое выд., дап. — Мн.: Беларусь, 2006. — 599 с.
  3. Бірыла, М. В. Беларуская антрапанімія. Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі / М. В. Бірыла. — Мінск: Навука і тэхніка, 1969. — 508 с.
  4. Каваленка, А. М. Онімы як аб’ект этымалогіі: цытатныя і дэскрыпныўныя назвы / А. М. Каваленка // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусь — 2005. — Серыя гуманітарных навук № 4. — С. 108-114.
  5. Мележ I. Збор твораў. У 10 т. / І. Мележ / рэдкал. Ю. С. Пшыркоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Т 5. Людзі на балоце: Раман з “Палескай хронікі”. — Мінск: Маст. літ., 1981.-415 с.
  6. Мележ, I. Збор твораў. У 10 т. / І. Мележ / рэдкал. М. I. Мушынскі (гал. рэд.) [і інш.]. — Т 6. Подых навальніцы: Раман з “Палескай хронікі”. — Мінск: Маст. літ., 1982. — 573 с.
  7. Рагаўцоў, В. I. Вербальныя сродкі камічнага ў беларускай драматургіі: канец XVI — пачатак XX стагоддзя: манаграфія / В. I. Рагаўцоў. — Магілёў: УА “МДУ імя А. А. Куляшова”, 2012. — 260 с.
  8. Рогалев, А. Ф. Имя и образ: Художественная функция имен собственных в литературных произведениях и сказках / А. Ф. Рогалев. — Гомель: Барк, 2007. — 224 с.
  9. Струкаў, В. В. Мянушка ў мове раманаў Івана Мележа / В. В. Струкаў // Роднае слова. — 2004. — № 6. — С. 22-24.
  10. Струкаў, В. В. Экспрэсіўна-ацэначныя прозвішчы герояў “Палескай хронікі” I. Мележа / В. В. Струкаў // Роднае слова. — 2005. — № 11. — С. 24-26.
  11. Шур, В. В. Уласнае імя ў мастацкім тэксце: манаграфія / В. В. Шур. — Мазыр: УА МДПУ імя I. П. Шамякіна, 2010. — 207 с.
  12. Шур, В. В. Онім у мастацкім тэксце: манаграфія / В. В. Шур. — Мінск: Бел. кнігазбор, 2006. — 216 с.


Аўтар:
М.У. Канцавая
Крыніца: “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час”, IV міжнародная навук. канф. (2013; Гомель). IV Міжнародная навуковая канферэнцыя “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння i захавання ў постчарнобыльскі час”, 31 мая 2013 г. [Тэкст]: матэрыялы / рэдкал.: А. А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2013. — С. 182-185.