Гастролі БДТ-2 і БДВТ па Гомельшчыне i Мазыршчыне ў 1920-я гады

0
1320
Гастролі БДТ-2 і БДВТ па Гомельшчыне i Мазыршчыне ў 1920-я гады

Тэатральнае жыццё Гомельшчыны ў 1920-я гг. было даволі насычаным, хоць уласнага прафесійнага тэатра не існавала. У Гомелі працавалі драматычныя гурткі. Іх рэпертуар складалі п’есы “Лес”, “Позняе каханне” А. Астроўскага, “Каварства і каханне” Ф. Шылера, “Беспрацоўныя” С. Белай, “Дні нашага жыцця” Л. Андрэева, “Патанулы звон” Г. Гаўптмана, “Сценька Разін” Каменскага. Рэпертуар і змест п’ес узгадняліся з рэпертуарнай камісіяй, якая працавала пры губпалітасвеце. Падводзячы вынікі дзейнасці тэатральных калектываў Гомельшчыны ў першае паслярэвалюцыйнае дзесяцігоддзе газета “Полесская правда” пісала: ”Савецкім тэатрам зацікавіліся партыйныя колы. Тэатр — рупар, праз які максімальна зручна размаўляць з масамі і праводзіць у масы здаровыя і свежыя думкі” [1, с. 14].

Часта на Гомельшчыне праходзілі гастролі тэатральных калектываў з Масквы, Кіева, Ленінграда і іншых гарадоў. Насельніцтва з вялікай цікавасцю ставілася да пастановак. Пасля праглядаў наладжваліся дыспуты, канферэнцыі гледачоў. “Палеская праўда” змяшчала пісьмовыя водгукі гледачоў.

У 1925 г. знакамітая трупа беларускага дзяржаўнага вандроўнага тэатра пад кіраўніцтвам У. Галубка гастралявала па Мазыршчыне. У справаздачы аб паездцы Уладзіслаў Галубок адзначаў, што гледачы з вялікім задавальненнем успрымалі пастаноўкі БДВТ на роднай мове: “Трупа ў ліку 20-ці асоб паехала на гастролі па Мазыршчыне. Першым пунктам быў Мазыр, потым Нароўля. Як у Мазыры, так і ў Нароўлі беларускімі спектаклямі цікавіліся ўсе, асабліва сяляне” [2, с. 580]. Уздымаў Уладзіслаў Галубок і пытанні антырэлігійнай прапаганды, якая актыўна праводзілася савецкай уладай у тыя часы. У справаздачы ён адзначаў, што “Селянін, нягледзячы на свой клерыкальны быт, ахвотна бываў на антырэлігійных спектаклях і слухаў антырэлігійныя прамовы, якія аказваліся заўжды перад пастаноўкай такога зместу п’есы” Жыхары Мазыра і Нароўлі моўчкі слухалі прамоўцу, які казаў, што бога няма, а царква ўжо аджыла сваё, але з вялікай зацікаўленасцю ўспрымалі навіну, што на змену ёй ідуць артысты, усюды будуюцца клубы і тэатры. Іншае становішча было ў Петрыкаве і Тураве. “Прыехаўшы туды, трупа затрымалася на большы час і распачала працу. Дармовыя спектаклі, антырэлігійныя п’есы. Сяляне слухалі ўсё, што ім казалі, адны толькі бабы моршчыліся, калі казалі, што бога няма” [2, с. 581]. Пасля трупа пабывала ў Караліне, Жыткавічах, Капцэвічах і Калінкавічах. Сяляне запрашалі тэатр да сябе ў вёскі, выказваючы вялікае задавальненне ад усяго, што бачылі і чулі. Падводзячы вынікі вандроўкі, Уладзіслау Галубок падкрэсліваў, што “на Палессі пануе цемра. Сяляне ахвотна ідуць у тэатр. Лягчэй за ўсё можна з’яднаць вёску, калі на дапамогу прыйдзе тэатр. Трупа, не пакладаючы рук, працавала ў Мазыршчыне 45 дзён, даўшы 40 спектакляў. Праехалі 1500 вёрст жалезнай дарогай, 300 коньмі, 250 параходам, 50 працэнтаў было дармовых спектакляў”. “Але гэтага мала”, — зазначаў У. Галубок. “Беларусь вялікая, і поле для працы вялікае. Трэба спяшыць, пакуль ёсць сіла і натхненне, бо нас чакаюць” [2, с. 582].

Наведаль Гомель трупе БДВТ удалося толькі ў чэрвені 1926 г., дзякуючы прынцыповай пазіцыі загадчыка беларускага бюро Гомельскага губкама П. Шчарбінскага [3, а. 156].

Асаблівае месца ў тэатральным жыцці Гомельшчыны другой паловы 1920-х гг. занялі гастролі Другога Беларускага дзяржаўнага тэатра і Беларускага дзяржаўнага вандроўнага тэатра. Раней, у час знаходжання Гомельшчыны ў складзе РСФСР, кіраўніцтва Гомельскай губерні сцвярджала, што невядома як прымуць жыхары беларускія тэатры. Напрыклад, дырэктар тэатраў і загадчык губпалітасветы адзначалі: “Які будзе збор — невядома, і можна пацярпець поўны правал” [4, а. 65]. Аднак, па афіцыйных дадзеных, сярэдняе наведванне спектакляў БДТ-2 складала 80% пры наяўнасці шэрагу аншлагаў (асобныя п’есы ставіліся па 5-6 разоў). У гомельскай афішы БДТ-2 значыліся п’есы “Сон у летнюю ноч” У. Шэкспіра, “Гаявата” Г. Лангфела, “Разлом” Б. Лаўранёва, “Каля тэрасы” М. Грамыкі. Менавіта ў Гомелі адбылася прэм’ера спектакля па п’есе У. Кіршона “Рэйкі гудуць” — першы ў гісторыі калектыву твор аб жыцці савецкага рабочага класа. П’еса не вызначалася мастацкімі вартасцямі, але ўзнёслая ігра акцёраў, яркае знешняе афармленне спектакля (што было характэрна для БДТ-2), даступнасць зместу садейнічалі поспеху прэм’еры. На працягу гастроляў тэатра “Палеская праўда” змяшчала водгукі гледачоў. Яны ў асноўным былі станоўчымі, неаднаразова гучала думка аб неабходнасці пастаяннага знаходжання падобнага тэатра ў Гомелі.

БДВТ гастраляваў па Гомельшчыне і Мазыршчыне ў 1927 і 1929 гадах. Мастацкі калектыў наведаў Гомель, Добруш, Рэчыцу, Навазыбкаў. У рэпертуары пераважалі п’есы У. Галубка: “Пан Сурынта”, “Плытагоны”, “Бязродны”, “Госць з катаргі”, “Бабы-ліхадзейкі”, “падкідыш” і іншыя. Акрамя творчай, тэатр вёў яшчэ і прапагандысцкую дзейнасць. У час гастроляў па Мазыршчыне У. Галубок прачытаў 12 дакладаў на тэму: “Мастацтва — працаўнікам: шляхі беларускага тэатра”. Спектаклі БДВТ прайшлі з вялікім поспехам, выклікалі цікавасць і актыўнае эмацыянальнае суперажыванне гледачоў. Спрыяльным фактарам было сцвярджэнне са сцэны высокіх маральных каштоўнасцей дабра і справядлівасці, што цалкам адпавядала ментальнасці беларусаў, іх уласным уяўленням аб хрысціянскіх законах жыцця. Зразумелымі былі тэатральныя сродкі і прыёмы выразнасці. Вялікае значэнне мела і тое, што гледачы чулі са сцэны родную мову.

У гонар 10-годдзя БДВТ (1929 г.) правёў яшчэ адну вялікую паездку па Гомельшчыне (Гомель, Рэчыца, Добруш, Ветка, Хойнікі, Чачэрск, Лоеў, Камарын і інш.). Пастаноўкі тэатра наведала значная колькасць гледачоў, аб чым сведчаць наступныя дадзеныя: колькасць спектакляў — 54, колькасць гледачоў — 32 500 [5, с. 91].

У час гастроляў 1929 г. быў значна пашыраны і рэпертуар тэатра. Разам з п’есамі У. Галубка ў яго ўвайшлі: “На стыку” Ц. Гартнага, “Босыя на вогнішчы” М. Чарота, “Гірт з Воўчага логу” Я. Райніса, “Будні” І. Гурскага, “Галубка і сын” В. Сташэўскага, “Ашукаліся” М. Крапіўніцкага, “Кастусь Каліноўскі” Е. Міровіча.

Дзяржаўнае кіраўніцтва спадзявалася, што нацыянальны тэатр адыграе значную ролю ў “перабудове на вёсцы, у справе калектывізацыі”. Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр з 1 студзеня 1932 г. пастановай СНК БССР быў перайменаваны ў БДТ-3 са сталай базай у Гомелі.

Нягледзячы на фармальнае стаўленне да нацыянальнай работы з боку кіраўніцтва Гомельскай акругі, пэўную інертнасць насельніцтва, гастролі БДТ-2 і БДВТ аказалі значны уплыў на фарміраванне нацыянальнай свядомасці жыхароў Гомельшчыны і Мазыршчыны.

Літаратура

  1. Рабочий досуг // Литературный, общественно-бытовой и научно-популярный иллюстрированный журнал (Приложение к «Полесской правде»). — 1926. — № 1. — 21 с.
  2. Галубок Уладзіслау. Аб гастролях у Мазырскай акрузе // Уладзіслау Галубок. Творы, публіцыстыка. — Мінск, 1983. — С. 579-582.
  3. Дакладная запіска загадчыка беларускага бюро Гомельскага губкама П. Шчарбінскага. 1926 г. // Нацыянальны архіу Рэспублікі Беларусь. — Фонд 4. — Воп. 21. — Спр. 107.
  4. Паведамленне загадчыка белсекцыі Гомельскага губана С. Грамыка у БЦБ НКА РСФСР. 1923 г. // Дзяржауны архіу Гомельскай вобласці. — Фонд 60. — Воп. 1. — Спр. 1546.
  5. Зеленкова А.І. Тэатральнае жыіццё Гомельшчыны (другая палова 1920-х гадоу) // Краеведение — основа духовного и нравственного возрождения общества. материалы Международной научно-практической конференции. — Гомель, 1997. — С. 89-92.

Аўтары: А.І. Зеленкова, М.П. Савінская
Источник:
Мозырщина: люди, события, время: материалы Междунар. науч.-практ. конф., Мозырь, 23-24 мая 2014 г. / УО МГПУ им. И. П. Шамякина; редкол.: Т. Н. Сыманович (отв. ред.) [и др.]. — Мозырь, 2014. — 295 с. С. 48-51.