Гаспадаранне ў палескіх маёнтках Цярэшчанкаў

0
137
Гаспадаранне ў палескіх маёнтках Цярэшчанкаў

У новых гістарычных абставінах усё большая ўвага звяртаецца на прадпрымальнікаў — купцоў і дваран — парэформеннага перыяду ў гісторыі Расійскай імперыі. Гэты перыяд звязваецца з такімі прозвішчамі, як Сава Марозаў, Іван Сыцін, Павел і Мікалай Рабушынкія, Аляксей і Мікалай Пуцілавы, Карл Ярашынскі, Раман Сангушка і многія іншыя. З рамана В.Я. Шышкова «Угрумака» вядомы характэрны легендарны персанаж той бурхлівай капіталістычнай эпохі — купец і прамысловец Прохар Громаў. На фоне гэтых імёнаў не губляюцца і прадстаўнікі роду Цярэшчанкаў.

Апошнім часам ва ўкраінскай гістарыяграфіі шырока асветлена грамадская дзейнасць прадстаўнікоў роду Цярэшчанкаў: у працах А.М. Доніка і В.В. Кавалінскага. Значна менш даследавана эканамічнае жыццё ў іх маёнтках: закраналася ў працах К.Г. Воблага, А.А. Несцярэнкі, Л.Г. Мельніка, Н.Р. Цяміравай, Т.І. Лазанскай, у дысертацыі Р.У. Бураўчанкі [1]. Базавым масівам крыніц для вывучэння жыцця і дзейнасці прадстаўнікоў роду з’яўляецца фамільны фонд 830 (Цярэшчанкі) у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны (г. Кіеў). Ён складаецца з двух вопісаў, што ўтрымоўваюць 2100 адзінак захоўвання. Варта адзначыць, што ў параўнанні з іншымі фамільнымі фондамі дадзенага архіва ён адрозніваецца выразнейшай асаблівасцю — цалкам належыць да парэформеннага перыяду. У той жа час іншыя фонды — звычайна тыя, што належаць дваранскім землеўласніцкім родам — пераважна асвятляюць дарэформенны перыяд у жыцці сваіх фондаўтваральнікаў і толькі каля 5 % адзінак захоўвання ў іх (па назве і архіўным апісанні) датычыцца парэформеннага перыяду1. У фондзе ж Цярэшчанкаў усяго блізу 10 спраў датычаць перыяду 1870-х гг. і толькі асобныя справы — 1850—1860-х гг. Асноўны масіў дакументаў адносіцца да канца XІX і пачатку XX ст. Такім чынам, фонд Цярэшчанкаў асвятляе менавіта той перыяд (1870—1919 гг.), калі яны дзейнічалі як буйныя землеўласнікі і цукрапрамыслоўцы.

Заўважана, што прадстаўлена ў дакументах найперш грамадская, дабрачынная дзейнасць, свецкае жыццё Цярэшчанкаў, а гаспадарчая дзейнасць у іх маёнтках — у адносна малой ступені (каля 1/10 ад усяго масіву дакументаў). Магчыма, апошняе абумоўлівае сітуацыю, што гаспадаранню Цярэшчанкаў ва ўкраінскай гістарыяграфіі не прысвячалася асобных буйных даследаванняў. Разам з тым у канцы XLX — пачатку XX ст. існаваў вялікі інтарэс сучаснікаў да гаспадаркі ў маёнтках Цярэшчанкаў. Гэта адлюстравалася ў тым, што выходзілі друкаваныя апісанні маёнткаў Мікалая і Фёдара Арцем’евічаў Цярэшчанкаў у 1896 і 1900 гг., асобныя артыкулы ў спецыялізаваных часопісах таго часу («Русское сахарное дело», «Земледелие») [2, с. 10, 16].

Заснавальнікам заможнай сям’і цукразаводчыкаў Цярэшчанкаў быў купец Арцемій Якаўлевіч з с. Локаць Глухаўскага павета Чарнігаўскай губерні. Шырока бытавала легенда пра пачатак яго багаццяў: як быццам, пры пабудове дома блізу гарадской сцяны Глухава ён знайшоў скарб. Адсюль паходзіла і яго мянушка «Карбованец» [3, с. 15—16]. Займаўся Арцемій Цярэшчанка гандлем хлебам і лесам. Яго сын Мікалай разбагацеў падчас Крымскай вайны праз тое, што, не без дапамогі хабару, падрадзіўся на пастаўку чумацкімі павозкамі пораху з Шосткінскага завода ў армію. У наступным ён стаў маркітантам пры дзеючай арміі, што таксама прыносіла немалыя прыбыткі. Новыя магчымасці для іх адкрыліся пасля скасавання прыгоннага права. З 1861 г. Мікалай Цярэшчанка разам з братамі Фёдарам і Сямёнам пачалі скупляць вялікія маёнткі [4, с. 20, 24]. Спачатку яны арандавалі зямлю і цукровыя заводы ў Глухаўскім павеце, дзе, у асноўным дзякуючы нястомнай руплівасці Мікалая Цярэшчанкі, наладзілі эфектыўную вытворчасць. Затым пачалі набываць валоданні ў памешчыкаў, якія не здолелі адаптавацца да новых парэформенных умоў гаспадарання, будучы пазбаўленымі права на рабочую сілу сваіх сялян і не здолеўшы рацыяналізаваць свае выдаткі. Такім чынам, у рукі Цярэшчанкаў яшчэ да 1870-х гг. патрапілі маёнтак і цукровы завод князя Качубея ў с. Хутар Мікалаеўскі, графа Рыбап’ера ў с. Цёткіна, князя Баратынскага ў с. Крупцы і с. Шалыгіне, некаторыя іншыя валоданні [3, с. 38].

12 сакавіка 1870 г. пры актыўным удзеле Кіеўскага генерал-губернатара князя Дундукова-Карсакова Арцемію Цярэшчанку і яго нашчадкам было пажалавана спадчыннае дваранства «… для поощрения его благотворительности» (…) «… в ознаменование заслуг его, оказанных делу водворения в Юго-Западном крае русского землевладения» [3, с. 18; 4, с. 46]. У тым жа 1870 г. браты Цярэшчанкі заснавалі «Таварыства цукровых і рафінадных заводаў братоў Цярэшчанкаў» з капіталам у 3 млн руб. Да 1890 г. гадавы абарот гэтага Таварыства дасягнуў 12 млн руб., а справамі яго займаліся 14 кантор у розных гарадах Расійскай імперыі [3, с. 40; 4, с. 46].

Паводле А.А. Доніка, са спасылкай на Т.І. Лазанскую, сцвярджаецца, што ў канцы ХІХ ст. Цярэшчанкам належала 200 тыс. дзес. зямлі [4, с. 34]. Спіс землеўласнікаў з выдання «Вся Россия» 1900 г. паказвае, што 16 прадстаўнікам роду належала 61 465 дзес. зямлі ў 11 паветах 5 губерняў; таксама — 3 вадзяныя і 1 паравы млыны, 3 вінакурныя і 3 цукровыя заводы, 1 смалакурны і 1 цагельны заводы, рыбалоўныя ўгоддзі, сады і іншая маёмасць [5, с. 320]. Калі датычна землеўладання лічба ў 200 тыс. дзес. сумніўная, то лік прадпрыемстваў у спісе 1900 г. заніжаны. А. А. Донік адзначае, што ў 1873 г. Таварыства братоў Цярэшчанкаў мела 6 цукровых заводаў і 1 млын з 376,2 тыс. руб. прыбытку, у 1884 г. — з 738,8 тыс. руб. У пачатку ХХ ст. у Цярэшчанкаў было ўжо 11 цукровых заводаў, у тым ліку буйнейшыя ў Расіі рафінадныя заводы (Міхайлаўскі і Тульскі — 80 % рафінаду ў краіне), і яны кантралявалі вытворчасць 1/10 расійскага цукру (даход не меней 5 млн руб.). Цярэшчанкі былі найбагацейшымі людзьмі на Украіне [4, с. 30—33].

У пачатку 1880-х гг. Андрушэўскі і Чэрвонскі заводы ў Жытомірскім павеце, што належалі Фёдару Арцем’евічу Цярэшчанку, уваходзілі ў чацвёрку буйнейшых цукровых заводаў імперыі. Апрача таго, у Ноўгарад-Валынскім павеце быў буйны Андрушэўскі цукровы завод, які належаў Мікалаю Арцем’евічу Цярэшчанку. На фоне іншых прадпрыемстваў «Таварыства братоў Цярэшчанкаў» гэтыя заводы адрозніваліся адноснай інтэнсіўнасцю. Разам з тым якасць сыравіны на Каравінецкім заводзе была мінімальная, што непасрэдна адбівалася на коштах цукру. Да прыкладу, гэты кошт на 1/10 перавышаў сярэдні паказчык па прадпрыемствах сям’і Цярэшчанкаў: 1,95 руб. за 1 пуд цукру ў сярэднім па 11 прадпрыемствах і 2,1 руб. на Каравінецкім, 2,08 руб. на Чэрвонскім заводах [6, л. 1 адв. — 4]. Адрознівалася сітуацыя на Андрушэўскім заводзе, дзе 1 пуд цукру каштаваў 1,88 руб. Апошняе тлумачылася высокай якасцю сыравіны і адносна нізкай энергаёмкасцю вытворчасці: калі на Андрушэўскім заводзе ішло 8,65 куб. сажняў дроў на апрацоўку 1000 беркаўцоў2 буракоў, то, напрыклад, на Варонежскім цукровым заводзе — 11,5 куб. сажняў дроў. Сітуацыя тлумачылася размяшчэннем завода на спрыяльнай лесастэпавай паўднёвай ускраіне Ноўгарад-Валынскага павета, якую варта адрозніваць ад уласна Палесся: утрыманне цукру ў бураках тут было істотна вышэйшае. Таксама сітуацыю тлумачыць адносна больш высокі тэхналагічны ўзровень вытворчасці на Андрушэўскім заводзе.

Пацвярджаецца меркаванне аб выключнай ролі сыравіны ў фарміраванні кошту прадукцыі цукровых заводаў на падставе параўнаўчай ведамасці па выдатках цукровых заводаў Ф.А. Цярэшчанкі за 1890—1891 гг. Выяўлена, што менавіта выдаткі на сыравіну дамінавалі сярод усіх эканамічных расходаў на цукровых заводах (40 %), уплываючы, такім чынам, у найбольшай ступені на кошт прадукцыі. У той жа час выдаткі на рабочую сілу складалі ўсяго 2 % [7, л.1-2]. Забяспечвала эфектыўнасць, датычна Каравінецкага і, у меншай меры, Чэрвонскага заводаў, пры адносна дрэннай сыравіне, — наяўнасць уласнай паліўнай базы (дровы) у маёнтках, што складала 7—9 % эканамічных выдаткаў і саступала па значэнню толькі сыравіне, тэхнічнаму аснашчэнню (да 25 % выдаткаў) і акцызу на цукар (14 % выдаткаў).

Цукровыя заводы былі засяроджаннем гаспадарчага жыцця двух буйных маёнткаў Ф.А. Цярэшчанкі: Каравінецкага (16,6 тыс. дзес., 9 эканомій) і Чэрвонскага (16,2 тыс. дзес., 17 эканомій) [8, с. 4]. Маёнткі ўтвараліся паступова, па меры прыкупкі зямлі ў 1878—1889 гг. [8, с. 3]. Разам з германскімі падданымі Вільгельмам Рау (Сцепанскі маёнтак з 40 тыс. дзес.) і князем Фердынандам Радзівілам (блізу 30 тыс. дзес.) усе Цярэшчанкі з 45 тыс. дзес. былі буйнейшымі землеўласнікамі на Валынскім Палессі, саступаючы толькі латыфундыстам з беларускага Палесся: князю Ф.І. Паскевічу (84,5 тыс. дзес.), графу Ф.В. Пуслоўскаму (117 тыс. дзес.), графу К.К. Патоцкаму (137,3 тыс. дзес.) [9, с. 32, 41; 10, с. 65-66, 69-70]. Эканамічнае жыццё, што паказальна, засяроджвалася ў больш паўднёвым і спрыяльным Чэрвонскім маёнтку. У паўночным жа Каравінецкім маёнтку 59 % плошчы займаў лес, а з планаў валодання бачна, што сядзібы ў маёнтку былі аддалены ад раскіданых і церазпалосных угоддзяў, не хапала ворыва і пад яго засвойваліся сухадольныя сенакосы, а ў многіх эканоміях захоўвалася трохполле [8, с. 4, 17].

У маёнтках былі разнастайныя пабудовы, замежны і лепшы расійскі гаспадарчы інвентар (плугі Сака, Экерта, брабантскія і простыя бароны, сеялкі Эльворці і Мендэля, інш.) [8, с. 6— 7]. У валоданні было 10 малацілак, з якіх 7 і спецыяльная майстэрня для інвентару засяроджваліся менавіта ў Чэрвонскім маёнтку. Таксама было да 1,5 тыс. валоў і 1 тыс. коней, існаваў конны завод з чыстакроўнымі рысакамі [8, с. 8]. Характэрна, што валы не вырошчваліся ў маёнтках, а набываліся ў суседніх губернях. За 4 гады іх рэсурс выпрацоўваўся, і яны год адкормліваліся на забой пры вінакурнях, што існавалі пры цукровых заводах.

Наяўныя дамовы на куплю зямлі паказваюць, што Ф. А. Цярэшчанка прыкупаў у свой час зямлю ў ваколіцах заводаў дзеля іх забеспячэння сыравінай і не лічыўся пры гэтым з выдаткамі. Так, з дамоў бачна, што ім праплочвалася запазычанасць па залогу памешчыкам, а сялянам пры размежаванні даваліся адступныя так, што тыя нават адмаўляліся на карысць новага ўласніка ад сваіх пасеваў [11, л. 1; 12, л. 2—12; 13, л. 1—4].

У той жа час ведамасць па паляводству за красавік — май 1889 г. паказвае, што ўласнік аддаваў перавагу іспольшчыне пры апрацоўцы палёў, бо яна патрабавала на 1/3 менш выдаткаў, чым арганізацыя працы эканоміяй (з прыцягненнем сеялак і іншага перадавога інвентару) [14, л. 1]. Выяўляецца, што, у цэлым, пры Ф. А. Цярэшчанку ў Каравінецкім маёнтку трохполле было распаўсюджана на 80 %, у Чэрвонскім — на 64 % поля [15, л. 43 адв. — 46]. Усё гэта кажа аб перавазе ў гаспадарчай практыцы маёнткаў менавіта апрацоўкі зямлі сялянамі

3 характэрнай для іх адсталай агракультурай. Апрача таго, заўважана, што агульная плошча паказана на 6,8 % меншая за наяўную па асобных эканоміях Каравінецкага маёнтка, і тое, што 68 % ворыва ў гэтым маёнтку здавалася ў арэнду сялянам. Характэрна, што датычна канкрэтных умоў Каравінецкага маёнтка цяжка ўстанавіць, што першасна: альбо церазпалосіца і раздробленасць угоддзяў у сілу спецыфікі палескіх ландшафтаў, альбо тое, што большая частка зямлі маёнтка знаходзілася ў карыстанні сялян. Мяркуем, што спецыфічныя ўмовы мясцовасці ўсё-такі мелі вызначальны ўплыў, інакш Ф.А. Цярэшчанка, які, як мы бачылі, не лічыўся з памерамі выдаткаў, паспрабаваў бы пашырыць землекарыстанне эканоміі ў рамках свайго землеўладання. Не аправяргае дадзенага меркавання і тая акалічнасць, што было выгадна з пункту гледжання максімалізацыі прыбытку здаваць зямлю ў арэнду сялянам, якія пакутавалі ад «зямельнага голаду». У такім разе, самі ўмовы мясцовасці стваралі вострую патрэбнасць ва ўгоддзях, фарміруючы высокі попыт і арэндныя кошты.

Арэндныя дамовы за 1880—1881 гг. паказваюць, што ў той час цукрапрамысловец імкнуўся заахвоціць сялян да вытворчасці цукровых буракоў: за кожную адданую пад буракі дзесяціну давалася прэмія ў 10 руб. як задатак. Разам з тым нарміравалася ўзнагарода ў 1,2 руб. за 12 пуд. здадзеных буракоў. Заўважана, што арандатары-пасэсары заахвочваліся лепш: прэмія за 1 дзес. складала 15 руб., а ўзнагарода за 12 пуд. — 1,25 руб. [16, л.1—33]. Ужо нашчадкі Ф.А. Цярэшчанкі (ён памер 15 чэрвеня 1894 г.) аддавалі перавагу дамовам менавіта з пасэсарамі ці памешчыкамі, асабліва з Бярдзічаўскага павета, дзе ўраджайнасць буракоў была вышэйшаю, чым у Жытомірскім павеце (130 і 108 ц./га) [17, л. 1—75 адв.]. Паказальна, што акцэнт у дамовах рабіўся на тое, каб падрадчыкі своечасова (да 20 кастрычніка) і менавіта Цярэшчанку, а не іншым скупшчыкам, прадавалі сыравіну па агавораных коштах. Яшчэ А.І. Ярашэвіч у пачатку ХХ ст. адзначаў, што на мяжы ХІХ—ХХ ст. адбылася «эмансіпацыя цукровых заводаў ад даўшых ім жыццё латыфундый». З-за ненадзейных паставак буракоў сялянамі па дамовах і аграрнага руху галоўную ролю ў забеспячэнні заводаў сыравінай пачалі адыгрываць менавіта плантацыі падрадчыкаў. Звычайна імі былі пасэсары [18, с. 5, 10, 20]. Было вядома, што па кантрактах Каравінецкага завода сяляне замест 1005 дзес. засеялі 580 дзес., ды і вырашчаны ўраджай, у абыход дамоваў, збывалі камісіянерам з суседніх заводаў, а не на «свой» завод, які выплочваў досыць малую ўзнагароду за буракі [18, с. 20]. Пры ненадзейнасці знешніх крыніц сыравіны Цярэшчанкі, між тым, не вырашыліся і не здолелі стварыць уласную сыравінную базу. Аднак вядома, што нават у абмежаваных маштабах (738 дзес. або 7,5 % ад 9834,5 дзес. пасяўной плошчы ў абодвух маёнтках у 1889 г.) плантацыі цукровых буракоў Ф. А. Цярэшчанкі, разам з зерневай гаспадаркай, былі важнейшым лакальным цэнтрам вытворчасці і прыцягнення рабочай сілы на Палессі (штогод болей 500 чал.) [8, с. 13, 17, 38; 19, с. 77]. Дадзеныя паказваюць скарачэнне ўраджайнасці і пасеваў цукровых буракоў, але прагрэс у вытворчасці пшаніцы (табл. 1).

Табліца 1

Гаспадаранне ў Каравінецкім і Чэрвонскім маёнтках

Катэгорыя ўліку / год 1889 г. 1898 г. Змены да 1889 г. (у %)
дзес. пасеву збор, пуд. з 1 дзес. ц./га дзес.

пасеву

збор, пуд. з 1 дзес. ц./га дзес. пасеву збор, пуд. з 1 дзес. ц./га
Пшаніца (азімая) 851,5 51,6 7,7 1086 116 17,4 + 28 + 125 + 125
Жыта 41 57 8,6 ? 102 15,3 I + 79 + 79
Авёс 36,28 24,5 3,7 35,04 44,58 6,7 – 3 + 82 + 82
Цукровыя буракі 738 708 106,2 650 80 12 – 12 – 89 – 89
Р азам (пасевы); сярэдняе (ураджай зерневых) 1666,8 44,4 6,7 1771,0 87,5 13,1 + 6,3 + 97,3 + 9,37

 

Адзначана, што плошча ўгнойваемага поля ў маёнтках (1030 дзес.) суадносілася менавіта з пасевамі пшаніцы [8, с. 18]. Разам з тым ураджайнасць зерневых, што вырасла амаль удвая, заставалася досыць нізкай, асабліва аўсу. У той жа час прыбытковасць гаспадаркі зазнала рост у 1,4 раза і рост рэнтабельнасці на 1/3 (табл. 2) [8, с. 36].

Табліца 2

Даходы Чэрвонскага і Каравінецкага маёнткаў у 1890-я гг.

Катэгорыя ўліку 1890 г. 1892 г. 1895 г. 1897 г. 1899 г. Змены: 1899 г. да 1890 г. (у %)
Валавы даход 393 946,7 435 421,5 370 191,7 472 692,7 685 426,3 + 74,0
Выдаткі 276 279,1 292 024,4 286 655,6 349 937,3 403 877,7 + 46,2
Прыбытак 117 667,7 143 397,1 83 535,0 122 754,5 281 548,5 + 139,3
Рэнтабельнасць (у %) 29,9 32,9 22,6 26,0 41,1 + 11,2

 

Такім чынам, назіраўся ўжо ў 1880-я гг. крызіс росту ў цукровай галіне, які — на прыкладзе палескіх прадпрыемстваў Цярэшчанкі — не ў малой ступені залежаў ад крызісу паставак сыравіны. Па часе тое супала з крызісам перавытворчасці ў галіне ў рамках усёй Расійскай імперыі. Як вынік, у красавіку 1887 г. В.А. Бабрынскі, А.М. Патоцкі, І.М. і Ф.А. Цярэшчанкі, І.М. Бродскі — цукровыя магнаты Паўднёва-Заходняга краю — ініцыявалі стварэнне Саюза цукразаводчыкаў. Гэта была першая манаполія ў Расіі. Да 1895 г. яна ахапіла 227 цукровых заводаў, або 92,5 % прадпрыемстваў галіны. У аснове манаполіі ляжала жорсткае нарміраванне аб’ёмаў вытворчасці, увесь лішак павінен быў экспартавацца. Апошняе пры тым, што на сусветным рынку на той час кошты на прадукцыю былі ніжэйшыя, чым на ўнутраным расійскім рынку. Толькі з 1890 г. была ўведзена невялікая штогадовая норма прыросту да квотаў вытворчасці. «Дадатковая дамова» Саюза цукразаводчыкаў у 1888 г. гарантавала вядучым у той момант вытворцам захаванне заваёваных пазіцый у галіне, высокую норму прыбытку і закрывала доступ новым прадпрымальнікам. Таму выснова І. М. Камянецкай, што манаполія стала перашкодай у далейшым развіцці галіны, падаецца слушнай [20].

Можна гаварыць аб існаванні пэўнай мадэлі арганізацыі менеджменту ў маёнтках Ф.А. Цярэшчанкі. Выявілася, што ў Каравінецкім і Чэрвонскім маёнтках мелася агульная кантора ўпраўлення ў Чэрвонскім маёнтку, якая, у сваю чаргу, падпарадкоўвалася Галоўнай канторы ў Кіеве. Паводле апісання маёнткаў вялася строгая і разгалінаваная (табелі рабочых, падзёншчыкаў, нарад працам, прыходаў і расходаў, інш.) бухгалтарская справаздачнаць [8, с. 35—36]. Толькі мізэрная частка гэтага дакументаабароту захавалася. Якасць гэтага ўліку, на прыкладзе справаздачы бухгалтара Галоўнай канторы К.П. Кардаса 1882 г., была досыць сумніўная: лагічная непаслядоўнасць, рознасць і супярэчнасці ў рахунках, прыблізныя лічбы апошніх [21, л. 1—2]. Сам Фёдар Арцем’евіч унікаў у справы сваіх маёнткаў і прадпрыемстваў. Напрыклад, ён рэгламентаваў, як адбіраць племянных бычкоў і авёс для пасеву, якім павінен быць абед рабочых, як карміць жывёлу [15, л. 1—2, 31—32].

Толькі яго асабістымі якасцямі і руплівасцю гэты гіперцэнтралізаваны механізм працаваў дастаткова эфектыўна. Пункты яго «Правіл для Чэрвонскай Галоўнай канторы» патрабавалі ад служачых своечасовага, дакладнага і падрабязнейшага ўліку па гаспадарцы, а таксама строгай службовай субардынацыі: 1) першым абавязкам служачых з’яўляецца своечасовае і дакладнае вядзенне справаздачнасці і рахункаводства; 2) распараджэнне па справах у канторы і над служачымі прадстаўляецца галоўнаўпраўляючаму і бухгалтару; 3) прыём на працу адбываецца толькі па распараджэнню Галоўнай канторы і галоўнаўпраўляючага, звальненне — таксама, але па заяве бухгалтара; 4) штат служачых зацвярджаецца толькі Галоўнай канторай; 5) служачыя абавязаны хадзіць у царкву; 6) галоўнаўпраўляючы можа пры неабходнасці прыцягнуць служачых да працы ў святочныя і выхадныя дні; 7) адзін раз у месяц галоўнаўпраўляючы павінен правяраць прыход і не меней двух разоў — расход; 8) рахункі павінны правярацца бухгалтарам, які адказваў за ўвесь улік; усе выдаткі павінны зацвярджацца ў Галоўнай канторы ў Кіеве па прадстаўленню з месцаў [15, л. 18—18 адв.].

Болей таго, менавіта Галоўная кантора ў Кіеве павінна была санкцыянаваць продаж і пакупку ўсіх тавараў у маёнтках [6, л. 9]. Цікава, што падобныя ж «купецкія» рысы былі ўласцівы іншым паспяховым цукрапрамыслоўцам-украінцам таго часу — Яхненка і Семірэнка. Паводле В. Г. Сарбея, менавіта рэлігійная маральная працоўная этыка, цяга да перадавых тэхналогій, цяга да ведаў — забяспечылі поспех прадпрымальнікаў [22].

Тую ж тэндэнцыю да падрабязнага і ўзаемнага кантролю розных службаў вотчыннай адміністрацыі адлюстроўваў і штат службы 1886—1887 гг. у маёнтках Цярэшчанкі, дзе не былі ўлічаны рабочыя на заводах, у эканоміях і Чэрвонскім цукровым заводзе [8, с. 35; 15, л. 12— 17]. Усяго налічваецца 193 служачых. Разгалінаваная структура (упраўляючы і яго памочнік, касір, рахункаводы, «старшыя» па аб’ектах і справах, наглядчыкі, вартаўнікі) былі ва ўсіх маёнтках і заводах. Суадносячы лічбы, можна ацаніць агульны штат службы ў абодвух маёнтках у 250 чалавек. Заўважым малую ролю лясной службы — 18—23 % ад ліку служачых. Вядома, што ў Чэрвонскім маёнтку лес і хмызняк складаў 27,5 % плошчы, у Каравінецкім — 59 % [8, с. 4]. Такім чынам, лясная плошча ў абодвух маёнтках складала 43 % або 14,2 тыс. дзес. Значыць, на кожнага служачага лясной адміністрацыі прыходзілася да 320 дзес. або да 400 дзес. на кожнага ляснога вартаўніка. Вядома, што гэта ў 2,2 раза пераўзыходзіла сярэднія паказчыкі для еўрапейскай часткі Расіі таго часу (850 дзес. на лясны абход) [23, с. 54]. Таму зразумела, чаму ў апісанні маёнткаў і ў дакладзе ляснічага Клімашэўскага прадстаўлены дрэнны стан лясоў у Цярэшчанкаў [8, с.34; 24, л.1 адв. — 5].

Датычна ж нашчадкаў Ф.А. Цярэшчанкі заўважым, што магчымасці манапольна атрымоўваемага прыбытку спынілі прагрэс у палявой гаспадарцы іх маёнткаў. Бюджэтная ведамасць па Галоўнаму ўпраўленню за 1911 г. паказвае, што менавіта цукровыя заводы прыносілі ў Каравінецкім і Чэрвонскім маёнтках 1/2—3/4 даходаў уласнікам. Пры гэтым даходы ад арэнды зямлі сялянамі ў Чэрвонскім маёнтку (спадчына Ф.Ф. Цярэшчанкі) у 3 разы перавышалі даходы ад гаспадаркі эканоміі, а ў Каравінецкай эканоміі (уласнасць усіх 4 спадкаемцаў Ф.А. Цярэшчанкі) вотчынная гаспадарка зусім адсутнічала [25, л. 1 адв. — 10]. Падобным жа чынам характарызаваліся і іншыя маёнткі Цярэшчанкаў. Як вынік, можна гаварыць аб тым, што нашчадкі Ф.А. Цярэшчанкі згубілі той прадпрымальніцкі імпэт, што меў іх родзіч. Дабрабыт нашчадкаў Ф.А. Цярэшчанкі ў значнай меры следаваў з «інерцыі» гаспадарчага механізму, закладзенага іх папярэднікам. Той высокі ўзровень выдаткаў, які гэтыя спадкаемцы сабе дазвалялі, не мог мець іншай перспектывы, як крызіс і падзенне гаспадаркі.

1 Заўвага. Разлікі ажыццёўлены на падставе выбаркі з 18 вопісаў 17 фондаў, што датычацца землеўласніцкіх родаў з Правабярэжжа Украіны: ф. 48, 49, 236, 239, 240, 249, 241, 243, 257, 259, 741, 748, 960, 2216, 2217, 2219 ЦДІАК (Центральний державний юторичний архів Украши у м. Киш).

2 Заўвага. 1 беркавец складаў 12 кг у Кіеўскай, Палтаўскай, Чарнігаўскай, Падольскай губернях на той час.

Літаратура

  1. Буравченко, Р. В. кторични умови становлення та розвиток цукровоп промисловосп в Украпні (XLX — початок XX ст.).: дис. … канд. істор. н.: 07.00.01 / Р. В. Буравченко; Черкаськй держ. технолог. ун-т. Черкаси, 2005. 200 арк.
  2. Указатель русской литературы по описанию отдельных русских частновладельческих хозяйств. 1765—1902 гг. / сост. П. Богданов. СПб.: Тип. В. Киршбаума, 1904. 116 с.
  3. Ковалинский, В. В. Семья Терещенко / В. В. Ковалинский. Киев: Пресса Украины, 2003. 388 с.
  4. Доник, О. М. Родина Тереіценків в історіі’ доброчинносп / О. М. Доник. Кив: институт історіі НАН Украши, 2004. 314 с.
  5. Вся Россия. Русская книга промышленности, торговли, сельского хозяйства и администрации. Адрес-календарь Российской империи: в 2 т. [СПб.]: Изд-во А. С. Суворина, 1900. Т. 2. Отдел VI.С. 163—350.
  6. Центральной державний кторичний архів Украши у м. Кипв (ЦДІАК). Ф. 803. Воп. 1. Спр. 834. Описание заводов и имений Н.А. Терещенко и наследников Ф. А. Терещенко. 1894—1903 гг.
  7. ЦДІАК. Ф. 803. Воп. 1. Спр. 441. Сравнительная ведомость расходов на производство сахара сахарными заводами Ф. А. Терещенко за 1890—1891 гг.
  8. Описание имений наследников Ф. А. Терещенко. Киев: Тип. П. Барского, 1900. 91 с.
  9. Краткое описание части Западного Полесья / сост. капит. Забелиным. Киев: Тип. Окружного штаба Киевского военного округа, 1883. 67 с.
  10. Минарик, Л. П. «Статистика землевладения 1905 г.» как источник по изучению крупного помещичьего землевладения в России в начале ХХ века / Л. П. Минарик // Малоисследованные источники по истории СССР XIX — начала ХХ в. (Источниковедческий анализ). М.: Наука, 1964.С. 56—73.
  11. ЦДІАК. Ф. 803. Воп.1. Спр. 251. Копия приговора сельского схода временнообязанных крестьян м. Червонное Житомирского уезда Волынской губернии об отказе от дополнительной пахотной земли и пользования помещичьим лесом. 1862 г.
  12. ЦДІАК. Ф. 830. Воп.1. Спр. 256. Дело о покупке имения в с. Большие Машковцы Житомирского уезда Волынской губернии. 1872 г.
  13. ЦДІАК. Ф. 803. Воп.1. Спр. 286. Дело о покупке имения в с. Княжине Житомирского уезда Волынской губернии. 1881—1882 гг.
  14. ЦДІАК. Ф. 830. Воп.1. Спр. 404. Сведения об обработке свекловичных полей и плантаций, пахоте земли и посеве зерновых культур. 1872 г.
  15. ЦДІАК. Ф. 803. Воп.1. Спр. 370. Правила ведения делопроизводства и хозяйства в имениях и заводах Ф. А. Терещенко. 1886— 1887 гг.
  16. ЦДІАК. Ф. 803. Воп. 1. Спр. 280-а. Условия, заключаемые с помещиками и крестьянами о посеве сахарной свеклы Червонского сахарного завода Ф. А. Терещенко. 1880—1881 гг.
  17. ЦДІАК. Ф. 803. Воп. 1. Спр. 710. Условия, заключенные с помещиками и крестьянами о посеве и поставке сахарной свеклы для сахарных заводов наследников Ф. А. Терещенко. 1894 г.
  18. Ярошевич, А. И. Очерки экономической жизни Юго-Западного края: в 5 вып. Вып. 5 / А. И. Ярошевич. Крестьянские плантации сахарной свеклы. Киев: Печатня С. П. Яковлева, 1912. 42 с.
  19. Мельник, Л. Г. Про розвиток капитализму у великих помщицьких господарствах Правобереж-ноі’ Украши (60—90-ті роки ХІХ ст.) / Л. Г. Мельник // Укра’нський кторичний журнал. 1988. №. 10. С. 73—78.
  20. Каменецкая, И. М. Возникновение монополии в свеклосахарной промышленности / И. М. Ка­менецкая // История СССР. 1965. №> 6. С. 110—121.
  21. ЦДІАК. Ф.803. Воп.1. Спр. 300. Доклад бухгалтера Главной конторы Кардаса К. П. о стоимости производства сахарного песка на Коровинецком и Червонском сахарных заводах. 1881—1882 гг.
  22. Сарбей, В. Г. Начало украинского производственно-коммерческого предпринимательства. Фирма «Братья Яхненко и Семиренко» / В. Г. Сарбей // Экономическая история России ХІХ—ХХ вв.: современный взгляд. М.: РОССПЭН, 2000. С. 417— 432.
  23. Денисов, В. И. Леса России, их эксплуатация и лесная торговля / В. И. Денисов. СПб.: Тип. В. Киршбаума, 1911. 168 с.
  24. ЦДІАК. Ф. 830. Воп.1. Спр. 65. Доклады лесничего В. И. Климашевского о состоянии лесничеств А. Н. Терещенко. 1910 г.
  25. ЦДІАК. Ф. 830. Воп.1. Спр. 978. Счет прибыли и убытка имений, заводов и контор наследников Ф. А. Терещенко за 1911 г.

Summary

In this article investigate economic activity in estates «Czervonskoje» and «Korovineckoje» of Fedor Artem Tereshzenko and his successors at 1870-s — begin. of 20th cent. Following particular qualities of the estates management and business, modifications at economical specialization. General resume about that off transformation in large landowner and creation sugary monopoly be observed bias to stagnation in economy. Gradually business activity descend, instead of hers by show of rentier.

Аўтар: В.А. Кахновіч
Крыніца: Гаспадаранне ў палескіх маёнтках Цярэшчанкаў / Кахновіч. В. А. // Российские и славянские исследования: Сб. науч. статей. Вып. 5 /Редкол.: О. А. Яновский (отв. ред.) и др. — Мн.: БГУ, 2010. — С. 106-112.