Гарадзішча старажытнага Турава і праблемы захавання і музеефікацыі

0
1808
горад Тураў і яго замак

Гарадзішча старажытнага Турава — унікальны археалагічны помнік сярэднявечча еўрапейскага значэння, адзіны на тэрыторыі Беларусі з ліку найстаражытнейшых гарадоў, што захаваўся непашкоджаным. На сённяшні дзень яму рэальна пагражае або поўнае знішчэнне, або такія цяжкія пашкоджанні, якія вывядуць яго з ліку археалагічных помнікаў, і гэта будзе страшэнная страта для беларускага народа, страта найважнейшай крыніцы гістарычных ведаў і матэрыялаў па гісторыі нашага народа, страта найкаштоўнейшага помніка яго самабытнай культуры.

Старажытны Тураў у гісторыі Беларусі і жыцці беларускага народа адыгрываў выключна важную ролю. Па летапісных паведамленнях, яшчэ да ўтварэння адзінай старажытнарускай дзяржавы з цэнтрам у Кіеве (IX ст.). Тураў быў цэнтрам самастойнага племянного княжэння дрыгавічоў. У гэты час дрыгавічы засялялі большую частку Беларусі, і межы іх рассялення прасціраліся ад сучасных межаў Беларусі на поўдні да Заслаўя, Лагойска, Барысава на поўначы, ад Дняпра на ўсходзе і пераходзілі за р. Заходні Буг на захадзе. З канца X ст. Тураў становіцца сталіцай самастойнага Тураўскага княства, палітычным, адміністрацыйным, эканамічным і культурным цэнтрам Паўднёвай Беларусі. У канцы X ст. у Тураве ствараецца самастойная праваслаўная епіскопія і ён становіцца цэнтрам рэлігійнага жыцця. Межы Тураўскага княства ў гэты час прасціраюцца ад Дняпра на ўсходзе да Заходняга Буга на захадзе, на поўначы яно ўключала тэрыторыю з гарадамі Слуцк, Клецк, Рагачоў, а на поўдні ўключала валынскія гарады Пагарыння-Дубровіцу, Сцепань, Чартарыйск, Ковель.

У сістэме княстваў Кіеўскай Русі Тураў у гэты час займаў адно з важнейшых месцаў. Аб гэтым сведчыць яго вылучэнне трэцім па старшынстве сынам кіеўскага князя, што праводзіў падзелы адзінай Кіеўскай Русі (у 988 г. — Святаполку I, у 952 г. — Ізяславу, у 1125 г. — Вячаславу). Гэта падцвярджаецца таксама неаднаразовымі пераходамі тураўскіх князёў на кіеўскі вялікакняжацкі прастол (1015 г. — Святаполк, 1054 г. — Ізяслаў, 1093 г. — Святаполк II, 1154 — Вячаслаў). Гэта падцвярджае і прыналежнасць Турава да старэйшай дынастычнай лініі (Святаполк I, Ізяслаў, Святаполк II), і заснаванне ў Тураве адной з першых епіскопій у Кіеўскай Русі.

Гарадзішча старажытнага Турава знаходзіцца на паўночна-заходняй ускраіне сучаснага гарадского пасёлка Тураў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Старажытны Тураў размяшчаўся на мысе, утвораным правым берагам р. Прыпяць ля яе правага прытока — р. Язда. Гарадзішча складаецца з дзвюх частак — дзяцінца і размешчанага ля яго навакольнага горада. Дзяцінец невялікі (0,75 га), мае форму, што нагадвае трохкутнік. З паўночнага боку ён абмежаваны поймай, а раней — берагам р. Прыпяць, з заходняга — р. Яздай, а з паўднёва-ўсходняга боку — паўкруглым абарончым ровам, што аддзяляе яго ад навакольнага горада. Навакольны горад размешчаны за абарончым ровам і аблягае дзяцінец дугой у чвэрць кальца шырынёй у 60—70 м і даўжынёй каля 150 м. Агульная плошча гарадзішча крыху больш за 2 га.

На сенняшні дзень гарадзішча ўзвышаецца над нізіннай прылеглай поймай Прыпяці і Язды на 3-4 м. Аднак усё гэта ўзвышша гарадзішча складзена з культурнага пласта, што адклаўся тут на працягу стагоддзяў існавання тут паселішча з інтэнсіўным гаспадарчым жыццём, у якім адсутнічала санітарная ачыстка і ўсе бытавыя адыходы накапляліся на падворках і вуліцах. Гэты накоплены культурны пласт мае таўшчыню больш за 3 м і дасягае 4 м. Даследаванні 1993 г выявілі, што горад быў заснаваны на нізкім мысе паміж Яздай і Прыпяццю, які амаль не ўзвышаўся над высокім узроўнем паводкі ў 1993 г.

Асноўнымі абарончымі сродками Турава ў старажытнасці, як відаць, былі прыродныя — з поўначы — шырокая плынь Прыпяці, з захаду — нізінная балоцістая пойма Язды. З напольнага боку абарону горада падтрымлівалі штучна. Адкапаныя абарончыя равы, што паўколам аблягалі навакольны горад з усходу і поўдня і аддзялялі дзяцінец ад навакольнага гораду. У далейшым, магчыма, абарончыя сродкі горада ўзмацніліся ўзвядзеннем земляных валоў па краі тэрыторыі горада, на якім узводзіліся дадатковыя ўмацаванні — драўляныя сцены і вежы. У раскопе 1993 г., што быў закладзены блізка ад заходняга краю пляцоўкі навакольнага горада, выяўлена рэзкае і прыкметнае ўзвышэнне пластоў з краю пляцоўкі. Як відаць, тут знаходзяцца рэшткі землянога вала, знівеліраванага ў больш познія часы, ад якога раскопам прарэзана частка ўнутранага схілу. На гэтым схіле выяўлены рэшткі пажарышчаў, што датуюцца сярэдзінай XII і сярэдзінай XIII стст. Магчыма, гэтыя пажарышчы з’яўляюцца слядамі аблогаў Турава ў час мангола-татарскага нашэсця на старажытную Русь і аблогі 1157 г, што вялі кіеўскія князі.

Археалагічныя даследаванні Тураўскага гарадзішча ўпершыню праводзілі ў 1927 г. А. Д. Каваленя і С. С. Шутаў, якія на абедзвюх пляцоўках заклалі невялікія шурфы. Шырокай плошчай дзяцінец Тураўскага гарадзішча пачаў даследавацца ў 1961 г (В. В. Сядоў). У 1962, 1963, 1968 гг. даследаванні Тураўскага дзяцінца працягваў археалагічны атрад Інстытута гісторыі АН БССР (П. Ф. Лысенка). У 1963 г. на тэрыторыі навако­льнага горада Валынскім атрадам ЛАІА (М. К. Каргер) праведзены раскопкі руінаў царквы XII ст. У 1992-1993 гг. раскопкі на пляцоўцы навакольнага горада праводзіць Тураўскі атрад Інстытута гісторыі АН Беларусі (П. Ф. Лысенка).

Археалагічныя даследаванні ўстанавілі, што Тураўскае гарадзішча мае культурны пласт таўшчыней да 3-4 м, у якім практычна адсутнічаюць гідраізалюючыя праслойкі, у выніку чаго дрэнна захоўваюцца рэчы з матэрыялаў арганічнага і неарганічнага паходжання. Даследаванні выявілі рэшткі драўлянай забудовы дрэннай захаванасці. На тэрыторыі дзяцінца ўскрыты рэшткі 35 драўляных пабудоў, што адносяцца да 6 розных будаўнічых перыядаў. Усе яны арыентаваны вугламі па канцах свету, што дазваляе меркаваць аб напрамку на паўночны захад адной з вуліц дзяцінца. На дзяцінцы пабудовы размешчаны вельмі шчыльна, рэштак вулічнай планіроўкі і дваровай забудовы не выяўлена. З выяўленых пабудоў 24 былі жылымі, астатнія — гаспадарчымі. Усе пабудовы наземныя, аднакамерныя, зрубнай канструкцыі, рубленыя ў просты вугал у асноўным з сасновых бярвенняў У некаторых выпадках ніжнія вянкі былі з дубовых бярвенняў. Жылыя пабудовы мелі памеры ў асноўным 16-18 кв.м, а самая буйная — 25 кв.м. У чатырох пабудовах выяўлены рэшткі падлогі з колатых дошак, пакладзеных на лагі. Аднак сустракаюцца і глінабітныя падлогі.

У жылых пабудовах ранняга перыяду выяўлены глінабітныя печы, плінфа (цэгла) выкарыстоўваецца пры будаўніцтве печак з XIII ст. У пабудовах на дзяцінцы выяўлены тры склепы, адзін з якіх быў абшыты дошкамі, а другі меў драўляны зруб. Забудова на пляцоўцы навакольнага горада не мае прынцыповых адрозненняў.

Храм XII ст., раскапаны ў 1963 г. М. К. Каргерам, належаў да ліку шырока распаўсюджаных у XII ст. трохнефных трохапсідных шасцістоўпных храмаў, характэрных для архітэктурных традыцый гэтага часу на землях усходніх славян. Размешчаны ён у паўночнай частцы навакольнага горада, яго памеры — 29 х 17,4 м (самы буйны на Беларусі), арыентаваны апсідамі на ўсход з адхіленнем на поўнач, складзены з плінфы метадам парадавай кладкі з тоўстымі пластамі вапнавай цэмянкі. Храм меў падлогу з керамічных плітак і не быў распісаны фрэскамі. Як мяркуе даследчык, храм напаткала будаўнічая катастрофа, з прычыны чаго былі праведзены дадатковыя будаўнічыя работы па яго ўмацаванні. М.К. Каргер адзначае асобныя своеасаблівасці ў архітэктуры тураўскага храма, слабасць фундаментаў, што паслужыла прычынай разбурэння храма ў XIII ст., пасля якога ён ужо не аднаўляўся. У час раскопак у храме былі выяўлены тры пахаванні ў шыферных (валынскі сланец) саркафагах. У час раскопак 1992 г. ля паўднёвага фасада храма былі выяўлены таксама тры такія ж пахаванні ў шыферных саркафагах. Як можна меркаваць па выніках даследванняў 1992 г., разбурэнне храма адбылося ў выніку землятрусу 1230 г., пад час якога паўднёвая сцяна будынка лягла плазам на поўдзень ад пабудовы. Знаходкі прадметаў матэрыяльнай культуры ў раскопках сведчаць аб тым, што Тураў быў буйнешым эканамічным цэнтрам Паўднёвай Беларусі.

Культурны пласт мае высокую насычанасць прадметамі матэрыяльнай культуры. Адметнасцю ўсёй калекцыі рэчавых знаходак з’яўляецца вялікая колькасць прадметаў імпартнага паходжання і вялікая колькасць знаходак высокамастацкай апрацоўкі і прадметаў рэлігійнага прызначэння.

Пад час раскопак сабрана вялікая колькасць роз­ных прадметаў гаспадарчага ўжытку і штодзённага побыту. З прылад працы знойдзены сякеры, долата, зубілы, шылы, сярпы, нарогі на сохі, ювелірныя пінцэты, ліцейныя тыглі і льячкі, каменныя ліцейныя формачкі, каменныя жорны. З прадметаў узбраення знойдзены наканечнікі дзідаў, стрэлаў, жалезныя і свінцовыя булавы, касцяныя дэталі складанага лука і касцяныя наканечнікі стрэлаў для палявання. Да забеспячэння коннага воіна належалі абломкі дзвюх шпор.

З прадметаў штодзённага ўжытку знойдзены вялікая колькасць нажоў (больш за 60), калачападобныя крэсівы, ціліндрычныя вісячыя замкі, ключы, спружынныя нажніцы. Знойдзены рыбалоўныя прылады — бляшня, кручкі, абломкі восцяў.

З каляровых металаў выраблены жаночыя ўпрыгажэнні — бранзалеты, пярсцёнкі, скроневыя кольцы, прывескі, спражкі. З каляровых металаў выраблены абломкі бронзавых колтаў, дэкаратыўныя разеткі, кніжныя засцежкі. З каляровых металаў таксама выраблена вялікая колькасць прадметаў царкоўнага ўжытку. Сярод іх варта назваць вялікі абломак царкоўнага звана і некалькі меншых, свінцовыя іконкі святых з выявамі Багародзіцы, Вялікапакутніцы (Варвары), прападобнай (Ефрасінні), святара (Кірілы Тураўскага), што паходзілі з напрастольнага крыжа, свінцовую пячатку кіеўскага мітрапаліта Кіріла II (1225—1232 ), крыжыкі, падвескі, панікадзіла і г.д.

Шмат знаходак, вырабленых з косці. Гэта розныя праколкі, рукаяткі, накладкі, гузікі, іголкі, грабенчыкі, сякеркі, падшыпнік (падпятнік). З косці выраблены шахматныя фігуркі каня і слана, вертавушка з навершам у выглядзе сабакі, ігральныя косці і амулеты.

Часта сустракаюцца шкляныя ўпрыгажэнні (бран­залеты), абломкі шклянога посуду. Скураныя і драўляныя вырабы сустракаюцца радзей. Больш за ўсё — абломкаў глінянага посуду.

Як можна меркаваць на падставе знаходак, насельніцтва Турава займалася разнастайнай вытворчай дзейнасцю. У Тураве быў развіты мясцовы выраб розных жалезных прадметаў у тым ліку і высокаякасных прылад працы. Аб гэтым гавораць знаходкі сыравіны (крыц, вытворчага кавальскага жужла), кавальскіх прылад (зубіла), сапла ад кавальскіх мяхоў, паўфабрыкатаў для вырабу сталі. Гэта пацвярджаюць знаходкі тыгелькоў, льячак, пінцэтаў, каменных формачак, кавалкаў сыравіны — свінца і розных вырабаў. Высокага ўзроўню дасягнулі мясцовыя касцярэзы. Аб іх дзейнасці сведчаць знаходкі загатовак, паўфабрыкатаў і гатовых вырабаў з косці. Несумненна, мясцовае насельніцтва займалася апрацоўкай скуры і шавецкім рамяством, апрацоўкай дрэва і вырабам розных драўляных прылад. Была развіта і апрацоўка каменю, аб чым сведчаць кавалкі неапрацаванага шыферу, жорны і брускі. Несумненна, былі развіты прадзенне і ткацтва, аб чым сведчаць знаходкі шматлікіх прасніц. Таксама было развіта і ганчарства.

Жыхары старажытнага Турава былі цесна звязаны з сельскім наваколлем і самі займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. У ніжніх пластах знойдзены абвугленыя зярняты жыта, пшаніцы, чачавіцы, ільну, проса. Сярод астэалагічнага матэрыялу пераважаюць косткі свойскіх жывёл.

Знаходкі імпартных вырабаў (шыферныя прасніцы, амфары, шкляныя бранзалеты, бурштын) сведчаць аб гандлёвых сувязях Турава з Кіевам, Валынню, Прычарнамор’ем, Візантыяй, Сірыяй, Прыбалтыкай.

Старажытны Тураў быў буйнейшым культурным цэнтрам паўднёвай Беларусі. Пра гэта сведчыць распаўсюджанне ў ім пісьменнасці, аб чым можна меркаваць па знаходках пісалаў (стыляў) і кніжных зашчапак. Гэта ж пацвярждаюць і знаходкі ў Тураве ў другой палове ХІХ ст. рэштак (10 аркушаў) старажытнага (сярэдзіна XI ст.) Тураўскага евангелля, самага старажытнага пісьмовага дакумента на Белару­сь Магчыма, тут існавала і мясцовае летапісанне. Тураўскі князь Ізяслаў Яраславіч быў адным з найбольш адукаваных людзей свайго часу і разам з братамі склаў збор юрыдычных нормаў, вядомы як “Праўда Яраславічаў”. Яго сын Святаполк II, князь тураўскі і вялікі князь кіеўскі, уразіў сучаснікаў і летапісца тым, што “…Читаль книг и памятен зело, за многая лета бывше помнил, яко написанное.”. Яго жонка грачанка Варвара, як відаць, прывезла з сабой з Візантыі адукаваных духоўнікаў і прыбліжаных, што стварылі ў Тураве кола адукаваных людзей, якія сталі той глебай, на якой вырасла найбольш яркая зорка старажытнарус-кага сярэднявечча, што асвятліла сабой і ўпрыгожыла небасхіл усходнееўрапейскай культуры. У Тураве нарадзіўся, атрымаў адукацыю і развіў свой незвычайны талент наш славуты земляк Кірыла Тураўскі, гонар і слава нашага народу. Па ўзроўні свайго развіцця, дасведчанасці, шырыні поглядаў і ўплываў ён ня меў сабе роўных у межах старажытнай Русі, і слава аб ім распаўсюдзілася па навакольных краінах праваслаўнага свету. Творца прытчаў, сказанняў, малітваў, арыгінальных твораў, пісьменнік, паэт, філосаф, царкоўны, палітычны і грамадскі дзеяч, красамоўца ён атрымаў міжнароднае прызнанне, і творы яго ўключаны ў міжнародныя анталогіі праваслаўнага красамоўства — т.зв. “торжественники”. “Златоуст, паче всех нам восшявший на Руси”. Так ацанілі яго сучаснікі, параўноўваючы са славутым папярэднікам IV ст.

Жыццё і дзейнасць Кірылы Тураўскага, як і іншыя праявы культурнага жыцця (будаўніцтва цэркваў і манастыроў, развіццё пісьменнасці, існаванне летапісаў, асвечанага асяроддзя, вялікай калекцыі высокамастацкіх рэчаў і вырабаў імпартнага паходжання і мясцовай вытворчасці) сведчаць аб тым, што ў старажытнасці Тураў быў буйнейшым цэнтрам культурнага развіцця Паўднёвай Беларусі.

Такім паўстае перад намі Тураў у старажытнасці — па матэрыялах пісьмовых крыніц і археалагічных даследаванняў. І ў гэтай характарыстыцы асноўную новую інфармацыю па асвятленні жыцця, развіцця і сапраўднай ролі старажытнага Турава нам даюць дадзеныя новых археалагічных даследаванняў для якіх невычэрпнай крыніцай з’яўляецца Тураўскае гарадзішча. Бо пісьмовыя крыніцы, па-сутнасці, ўжо вывучаны і вычарпаны і цяжка ў іх здабыць штонебудзь новае. А гэты новы археалагічны матэрыял дадае нам ведаў аб сапраўдным узроўні развіцця аднаго з найста-ражытнейшых гарадоў Беларусі, на прыкладзе якога можна прасачыць працэс станаўлення і развіцця ранніх гарадоў Беларусі і вызначыць сапраўдны ўзровень развіцця грамадства. Бо ў старажытнасці, як і цяпер, гарады былі асяродкамі канцэнтрацыі вышэйшых дасягненняў эканомікі і культуры. Не вывучыўшы яго, немагчыма скласці правільнае ўяўленне аб эканамічным і культурным развіцці нашай радзімы ў пэўны перыяд. Асноўнай крыніцай нашых ведаў з’яўляецца археалагічны помнік — Тураўскае гарадзішча. Таму такое вялікае стаіць яго значэнне, як крыніцы гістарычных ведаў гістарычнай памяці нашага народа. Улічваючы, што на тэрыторыі Беларусі гэта апошні непашкоджаны помнік старадаўніх гарадоў, можна ўявіць сабе яго унікальную каштоў-насць і найвялікшае значэнне для гісторыі і культуры нашага народа.

Між тым, над існаваннем Тураўскага гарадзішча павісла страшэнная пагроза. У цяперашні час з дазволу Міністэрства культуры РБ праводзіцца распрацоўка праекту забудовы Тураўскага гарадзішча. Праект будаўніцтва новай царквы на гарадзішчы насуперак закону ігнаруе яго статус і недатыкальнасць, як помніка гісторыі і культуры, яго унікальнасць і каштоўнасць, як крыніцы гістарычных ведаў і неабходнасць яго зберажэння, як гістарычнай памяці нашага народа. Праект прадугледжвае недарэчныя памеры вялізнага і несуразмернага храма-новабудоўлі, што патрабуе правесці земляныя работы велізарных памераў, якія могуць або поўнасцю знішчыць, або нанесці такія страшэнныя страты Тураўскаму гарадзішчу, што звядуць на нішто яго каштоўнасць, як помніка гісторыі і культуры, Між тым, існуюць іншыя магчымасці і альтэрнатыўныя прапановы, пры якіх будзе забяспечана будаўніцтва новага храма вялікіх памераў (памераў і архітэктуры старажытнага храма ХІІ ст.), зусім дастатковых для забеспячэння духоўных патрэбаў веруючых тураўцаў, і якія ў шмат разоў памяншаюць пашкоджанні старажытнага гарадзішча і выдаткі на яго будаўніцтва (у 5-6 разоў).

Навуковая грамадскасць Беларусі, Украіны, Расіі ўстрывожана пагрозай разбурэння унікальнага археалагічнага помніка еўрапейскага значэння. Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры прымае пастанову аб неабходнасці забяспечыць яго захаванне. Навуковая грамадскасць Беларусі таксама прымае заходы да яго захавання. Справа ў пазіцыі Міністэрства культуры і дзяржаўнай інспекцыі па захаванні гістарычных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.


Аўтар:
П.Ф. Лысенка
Крыніца: Матэрыялы па археалогіі Беларусі: Навук. збор. / Рэд. : А.М. Мядзведзеў. — Мінск:: «ННАЦ імя Ф. Скарыны», 2003 — № 7. — 168 с., ілл. — Бібліяграф. у канцы артыкул. Ст. 14-16.