Фразеалагізмы ў мове рамана I.П. Шамякіна “Снежныя зімы”

0
129
Фразеалагізмы ў мове рамана I.П. Шамякіна Снежныя зімы

Сярод розных моўных адзінак фразеалагічныя адзінкі (далей — ФА) займаюць асобае месца, што тлумачыцца шэрагам узаемазвязаных і ўзаемаабумоўленых прычын. Найперш гэта крыецца ў трапеічнай прыродзе іх унутранай формы, ці вобразнасці. Адметнасць ФА ў сістэме моўных знакаў стала асабліва выразнай, калі іх сутнасць стала раскрывацца даследчыкамі ў русле кагнітывістыкі канца XX ст., калі ідыёмы (менавіта яны складаюць асноўны фонд фразеалогіі) разумеюцца, паводле вызначэння В. Μ. Тэліі, як знакі “з максімальна поўным семантычным наборам, кадыфікаваным у форме значэння ў выглядзе макракампанентаў, што ахопліваюць граматыку, дэнатацыю, ацэнку, матывацыю, эматыўнасць і стылістычную маркіраванасць” [1, с. 17]. ФА называюць і апісваюць аб’екты рэчаіснасці (заўважым, што не ўсе аб’екты, як у лексіцы), ацэньваюць месца гэтых аб’ектаў у каштоўнаснай карціне свету, характарызуюць эмацыянальна-ацэначныя адносіны носьбіта ФА і вызначаюць стылістычную маркіраванасць пры іх выкарыстанні. Асаблівая адметнасць ФА — яго вобраз, які “становіцца тым своеасаблівым правадніком культуры, дзякуючы якому ажыццяўляецца ўзаемапранікненне дзвюх семіятычных сістэм — культуры і мовы” [2, с. 70]. І ФА як моўныя знакі нараджаюцца на перасячэнні мовы і культуры, бо ў аснову ўнутранай формы ФА трапляюць ужо “акультураныя сутнасці”, тыя, што выяўляюць пэўную каштоўнаснасць (вось у чым прычына абмежавання абазначвання аб’ектаў рэчаіснасці ў фразеалогіі).

Зразумелым становіцца, чаму менавіта мастакі слова шырока карыстаюцца ФА, гэтымі залацінкамі мудрасці свайго народа, якія найбольш выразна адлюстроўваюць самабытнасць мовы, яе нацыянальную спецыфіку. 3 мэтай аналізу месца і ролі ФА ў творы, вызначэння майстэрства ix выкарыстання як адлюстравання культуры мовы самота мастака, адной з прыкмет ідыястылю ў межах артыкула абраны раман “Снежныя зімы” I. П. Шамякіна, на матэрыяле якога метадам суцэльнай выбаркі складзена эмпірычная база даследавання ФА [3].

Як вядома, ФА ў маўленчай дзейнасці любога чалавека, тым больш пісьменніка, мастака, выкарыстоўваюцца не столькі для наймення, колькі для эмацыянальна-ацэначнай выразнасці, той вобразнасці, якую яны нясуць з сабой. Іх ужыванне дазваляе без лішніх слоў, сцісла, выразна і вобразна, функцыянальна дакладна ахарактарызаваць абраны аб’ект, тую ці іншую з’яву.

Вось як з дапамогай ФА мастак стварае вобраз свайго галоўнага героя Івана Васільевіча Антанюка, адпраўленага раней часу на пенсію за крытычнасць і адстойванне ўласных поглядаў. І перад чытачом паўстае фізічна моцны чалавек (Антанюк адным махам, з акрабатычнай імклівасцю спусціў ногі, сунуў іх у тапкі, падхапіўся, гатовы, здалося, да бойкі [3, с. 43]; Івану Васільевічу прыемна. Ішлі хутка, плячо ў плячо і ў нагу, як салдаты [3, с. 102]), эмацыянальны і разважлівы (Ох, даводзілі яны ў той вечар мяне [Антанюка] да белага колення, паплечнікі мае! [З, с. 69]; Нявеста лезе над стол. Жаніх скача це раз стол. Чорт ведае што! [3, с. 274]; Іван Васільевіч стрымаўся: на ліха яму лезці на ражон [3, с. 320]; Трэба было аглядзець палі, хоць на вока прыкінуць плошчы перасеваў, каб запланаваць насенне, тэхніку, людзей [3, с. 329]), працавіты (Хіба цяпер сядзіць склаўшы рукі? [3, с. 321]), дружалюбны і адказны (А некаторыя з тых, з кім ён, Антанюк, з’еў не адзін пуд солі, хто не раз кляўся ў дружбе, падкідвалі і такое’, за нязгоду з палітыкай партыі… [3, с. 17]; — Марына Аляксееўна, я [Антанюк] пільнаваў вашых сыноў, трымаў пры сабе. На вачах [3, с. 245]; Але часам, чорт вазьмі, меў сілу і запратэставаць на поўны голас [3, с. 153]).

А вось фразеалагічны “партрэт” зяця Антанюка, Генадзя: І пасля тых сваіх зрываў караў сябе [Антанюк] і прасіў прабачзння — не ў зяця! — у жонкі, бо з Генадзя «што з гусі вада», а Вольга плакала пасля мужавых успышак [3, с. 34]; А ён [Генадзь] без году тыдзень — і ўжо ў інстытут лезе… [3, с. 232]; Лезе хлопец [Генадзь] наражон [3, с. 234]; — Калі сядзеў на маім [Антанюка] карку [Генадзь], тады вы маўчалі пра самастойнасць! [3, с. 232]. I выразна паўстае вобраз прыстасаванца, абыякавага чалавека, якога нічога не хвалюе, акрамя сваей выгады.

Большасць ФА аўтар выкарыстоўвае ў мове сваіх персанажаў, і тады яны выконваюць характарыстычную ролю. Для ілюстрацыі параўнаем толькі фразеалагічны запас Віталіны, дачкі партызанскай сяброўкі Антанюка, што жыве ў вёсцы і працуе, як і яе маці, настаўніцай у школе, і роднай дачкі Антанюка Лады, амаль равесніцы Віты.

У мове першай дзяўчыны, якая сама гаворьщь, што яна “па слова ў кішэню не лезе ”, зафіксавана больш за 50 ФА розных паводле марфолага-сінтаксічнай структуры і семантыкі (ад коркі да коркі; адным махам; адным словам; без роду, без племені; бог з вамі; божа мой; браць голымі рукамі; вокам не маргнуць; вось табе і на; вушы развесіць; выкінуць фартэль; вяроўкі віць; гуляць у жмуркі; даць задні ход; заціснуць рот; і смех і грэх; кавалак хлеба; калі ласка; кідаць вокам; кідаць жабу; косці перамываць; ламаць галаву; лыпаць вачамі; махнуць рукой; мець рацыю; на высокіх нотах; на здароўе; на злосць; на сёмым небе; на сэрцы кошкі скрабуць; на табе; не да твару; ні слова; па інерцыі; поміж кавалдам і молотам; праглынуць пілюльку; прапанаваць руку і сэрца; пусціць на самацёк; пэцкаць рукі; сорок бочак арыштантаў; ставіць кропку; стаць на заднія лапкі; сутыкнуць ілбамі; тлуміць галаву; трымаць у галове; фігавы лісток; хоць бы што; хоць да раны прыкладай; цішэй вады, ніжэй травы; чорт ведае што; чорт з імі; як трусік перад удавам). А ў мове Лады, жыхаркі Мінска, студэнткі, усяго некалькі ФА: к чорту; ліха на іх; на якое ліха; прапанаваць сэрца; прасіць рукі; сам Мефістофель зламае там нагу. Апошняя ФА выкарыстана няўдала: І для гэтага мне не трэба было паліць свой мозг, закручваць звіліны такімі петлямі, што некалі сам Мефістофель зламае там нагу, у маім мозгу [3, с. 31], а большасць — прастамоўныя ФА, якія дзяўчына выкарыстоўвае для выражэння свайго эмацыянальнага стану, негатыўных адносін да прадмета абмеркавання.

Дарэчы, адзначым, што ў творы ўвогуле колькасна прадстаўлены прастамоўныя ФА з кампанентамі чорт, д’ябал, ліха, якія шматразова паўтараюцца ў мове герояў рамана (к чортавай мацеры; к чорту; ні чорта; што за чорт; чорта з два; чорт вазьмі; чорт ведае што; чорт з вамі /з ім /з імі /з табой; чорт на яго /на цябе; чорт яго прынёс; да д’ябла; на д’ябла; на якога д’ябла; ліха на іх; на ліха; на якое ліха), хаця ўвогуле паўтор адных і тых жа ФА для мовы твора не характерны.

Адзначаны адзінкавыя выпадкі ўжывання ў творы варыянтных ФА: выкідваць каленцаў (праўда, з заменай агульнапрынятай формы адзіночнага ліку на множны) і выкінуць коніка (Ён [Пеця] заплакаў ад крыўды, кляўся перад усімі, што больш ніколі не будзе выкідваць ніякіх “каленцаў” [3, с. 121] — Патурай, патурай, дык яна выкіне табе коніка, схопішся пасля за галаву, — пакрыўдзілася на мужа Вольга Усцінаўна [3, с. 32]).

У адным выпадку адзначаны сінанімічныя ФА: хоць да раны прыкладай (І круцілася вакол мяне, добранькая, звышветлівая, далікатная — хоць да раны прыкладай [3, с. 367] і аўтарская ФА хоць на хлеб маж (I Каралькоў адразу зрабіўся — хоць на хлеб яго маж [3, с. 87]), якія супадаюць у значэнні, але адрозніваюцца сваім вобразам і кожная па-новаму характарызуе персанаж.

Шкада толькі, што не заўсёды ФА, выкарыстаныя ў творы без змен, адпавядаюць кантексту. Напрыклад: Аднак Валянцін Адамавіч зусім не збіраўся ламаць галаву нават над самым элементарным ураўненнем, бо даўно прывык усё атрымліваць у гатовым выглядзе [3, с. 278], дзе ўжыванне ФА ламаць галаву ‘напружана думаць, задумвацца, стараючыся зразумець, разгадаць што-н.’ не да месца: па-першае, прэпазіцыя дзеяслова збіраўся адносна ФА разбурае яе вобразнасць, па-другое, ФА не адпавядае зместу, паколькі ламаць галаву можна над чымсьці складаным, а тут элементарнае ўраўненне, а яшчэ вядома, што Будыка — вучоны, вынаходца, дырэктар навуковага інстытута. Не да месца ўжыта і ФА на ходу ў наступным кантексце: Не згінаемся. Паміраем на хаду [З, с. 216].

І ўсё ж найбольшую цікавасць пры аналізе мовы мастацкага твора ўяўляюць пераўтвораныя і дастасаваныя да моўнай тканіны твора ФА як адзін з яркіх вобразна-выяўленчых сродкаў, як крыніца маўленчай экспрэсіі, паколькі менавіта яны дазваляюць мастаку слова прыцягнуць увагу, надаць новую экспрэсіўную афарбоўку, узмацніць іх выразнасць. І ў мове рамана прадстаўлены розныя прыёмы змен ФА.

Асабліва выразна і да месца ў творы адзначаецца ўжыванне ФА з заменай кампанентаў. Так, аўтар свайго галоўнага героя абазначвае ФА стары воўк ‘вельмі вопытны, спрактыкаваны чалавек’, але больш свежа, нават арыгінальна выкарыстана ФА з заменай назоўнікавага кампанента стары зубр: Але такі стары зубр, як ён, Антанюк, не можа не ведаць, што і за глыбакадумным маўчаннем часам хаваецца пустэча [3, с. 189]. Прыцягвае ўвагу і ФА не нюхаць агранаміі, створаная паводле агульнавядомай не нюхаць пороху і абноўленая фармальна і сэнсава: Нямала і ён, Антанюк, аграном, рабіў глупства, выконваючы ўказанні людзей, якія не нюхалі агранаміі [3, с. 153]. Цікава і па-новаму загучалі ФА прадзяўбці макаўку (Каб я была, як іншыя жонкі, то прадзяўбла б табе макаўку за такія “конікі”… [3, с. 321]), што лапаць перад ботам (Як многія прафесійныя ваенныя, ганарыста лічыў, што адзін ён [Каткоў] умее камандаваць, і я [Антанюк] перад ім — што лапаць перад ботам [3, с. 138]). Да месца ўспрымаецца і пазнаецца ФА ставіць палкі ў кола ў сваім скарочаным выглядзе (Не паспелі мы падумаць пра ваша назначэнне, як нехта — палку ў кола [3, с. 49]) і інш.

На жаль, у мове рамана адзначаюцца розныя змены ў структуры ФА (замена кампанента ці яго граматычнай формы, пашырэнне кампанентнага складу, кантамінацыя), якія скажаюць сэнс выразу, сведчаць пра недакладнае веданне адзінкі, выяўляюць уплыў рускай мовы і інш. Так, замест ФА з пляча ‘адразу і занадта рэзка (гаварыць)’ чытаем з-за пляча (Віталія секла з-за пляча. Віталія здзекавалася [3, с. 195]); замест высмоктваць з пальца ‘гаварыць, сцвярджаць што-н. без належных падстаў; выдумваць’ — высмоктваць з пальцаў (Безумоўна, калі там, у інстытутах, будуць высмоктваць вывады з пальцаў… [3, с. 331]); замест ад дошкі да дошкі — ад коркі да коркі (І статут, канечне, выштудзіравала ад коркі да коркі [3, с. 354]); замест як апараная ‘вельмі рэзка, імкліва (выскачыць, ускочыць і пад.)’ — ФА як абвараная (Тады і я [Віта] узлавалася, нагаварыла чорт ведае што і выскачыла, як абвараная [3, с. 339]; замест не на жарт — не ў жарт (..ён [Антанюк] увайшоў у більярдную з рашучым намерам прадоўжыць размову пра аўтаматычныя лінії ўжо не ў жарт, а выказаць водгукі [3, с. 23]); замест мышыная мітусня — мышыная валтузня (Але не дазволю, каб нехта матляўся пад нагамі, пачынаў мышыную валтузню… [З, с. 224]); замест заступаць дарогу ‘перашкаджаць дзейнасці каго-н.’ ці перабягаць дорогу ‘перашкаджаць каму-н., апярэджваючы ў чым-н. і перахопліваючы тое, на што разлічваў іншы’ — дарогі не пераступіць (Былы партызан, цяпер — проста вартаўнік, у сяле ягоўсе паважаюць, нікому чалавек дарогі не пераступіў [3, с. 350]); замест біць ногі ‘хадзіць куды-н. доўгі час’ — убіць не адны ногі — Але ж вы, Сяргей Пятровіч, убілі не адны ногі [3, с. 13]); замест востры на язык ‘знаходлівы ў размове, дасціпны’ — востры на слова (Госць нахмурыўся, зразумеўшы, што гэты нізкі і рухавы чалавек, востры на слова, здзекліва забаўляецца з ім, як з няўмекам [3, с. 24]) і інш.

Не ўзбагачаюць мову твора і ФА, створаныя ў выніку збліжэння дзвюх ФА з агульным кампанентам ці блізкім значэннем. Так, відавочна, сумяшчэнне ФА бог ведае што ‘штосьці надзвычайнае’ і бог яго ведае ‘невядома’ прывяло да ўтварэння бог яго ведае што (Смактала нейкая незразумелая трывога, ці боязь, ці бог яго ведае што [З, с. 87], а на аснове смажаны певень клюнуў <у зад, у азадак> ‘хто-н. сустрэўся з сапраўднымі жыццёвымі цяжкасцямі, зведаў нягоды жыцця’ і савы смоленой не бачыў ‘не сустракаўся з жыццёвымі цяжкасцямі, не зведаў нягод у жыцці’ — Смаленая сава не клюнула цябе [Будыку] у тоўстуюТрагедыя ў яго! [З, с. 310] і інш.

Як відаць, аналіз ФА, выкарыстаных пісьменнікам у мове рамана “Снежныя зімы”, паказвае, з аднаго боку, іх багацце — выдзелена каля 300 ФА, у пэўнай ступені майстерства пісьменніка ў іх скарыстанні, асабліва аўтарскія пераўтварэнні, у выніку чаго ўзнікаюць арыгінальныя слоўныя выразы, узмацняецца іх выразнасць, дасягаецца большая сіла ўздзеяння. З другога боку, з дапамогай ФА як магутнага сродку кампрэсіі інфармацыі, як самых “культураносных” адзінак мовы і “праваднікоў” культурнай семантыкі пісьменнік раскрывае сваю культурную пазіцыю, свае каштоўнасна-эмацыянальныя адносіны да жыцця. І калі выбар ФА з запасаў мовы, іх выкарыстанне ў мове любога чалавека — гэта, як адзначае даследчыца рускай фразеалогіі Μ. Л. Каўшова, “не з’яўляецца аўтаматычным працэсам — выбар таго ці іншага фразеалагізма не выпадковы, а абумоўлены яго моўнай і культурнай, глыбіннай, семантыкай” [2, с. 168], то тым больш гэта важна для мовы мастацкага твора, для мастака, які нясе адказнасць за дакладнае выкарыстанне ФА і асабліва пры іх апрацоўцы і ўвядзенні ў моўную тканіну твора. Бо ў выніку мастацкі твор, увогуле прызначаны масаваму чытачу, служаць узорам для яго. Адносна выбару пісьменнікам, мастаком слова ФА з запаснікаў роднай мовы адзначым, што гэты аспект вывучэння фразеалогіі ў мове абранага намі твора толькі закрануты, але яшчэ не стаў прадметам вывучэння з-за абмежаванага аб’ёму артыкула, а ў мове ўсёй творчасці ён чакае поўнага і ўсебаковага даследавання.

Літаратура

  1. Телия, В. Н. Русская фразеология. Семантический, прагматический и лингвокультурологический аспекты / В. Н. Телия. — Μ.: Школа «Языки русской культуры», 1996. — 288 с.
  2. Ковшова, Μ. Л. Лингвокультурологический метод во фразеологии: Коды культуры / Μ. Л. Ковшова. — Μ.: Книжный дом ЛИБРОКОМ, 2012. — 456 с.
  3. Шамякін, I. П. Снежныя зімы / I. П. Шамякін // Шамякін Іван. Збор твораў у шасці тамах. Т. 5. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1979. — С. 7-380.

Аўтар: В.А. Ляшчынская
Крыніца: Міжнародныя Шамякінскія чытанні “Пісьменнік — Асоба — Час”: матэрыялы III Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Мазыр, 27 верасня 2013 г. / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Установа адукацыі “Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна”; [рэдкалегія: А. У. Сузько (адказны рэдактар) і інш.]. — Мазыр: МДПУ імя І. П. Шамякіна, 2013.