Формы правядзення вольнага часу жыхарамі Гомеля ў пач. ХХ ст. (па матэрыялах друку)

0
533
Максимовский сквер в Гомеле жыхары Гомеля
Максімаўскі сквер у Гомелі (цяпер на яго месцы — стадыён Цэнтральны

Багатай крыніцай па даследванні жыцця гамяльчан на пач. XX ст. з’яўляюцца матэрыялы мясцовага перыядычнага друку. Гэта газеты “Гомельская копейка”, “Гомельские отклики”, “Полесская мысль” і “Полесская жизнь”. Яны не толькі асвятлялі грамадска-палітычныя падзеі, але і надавалі вялікую ўвагу паказу найбольш цікавых і значных з’яў гарадскога жыцця, у тым ліку паведамлялі пра баўленне вольнага часу гараджан.

У пач. XX ст. Гомель уяўляў сабой тыповы правінцыйны горад на мяжы яўрзйскай аселасці з павольнай плынню жыцця. Манатонным будням правінцыйнага горада, небагатага на бурныя і адметныя падзеі, адпавядалі і тыповыя формы выкарыстання вольнага часу. Апошнія былі неаднолькавыя ў розных сацыяльна-прафесійных асяродках.

Заможныя гамяльчане наведвалі клубы, дзе гулялі ў карты, більярд, танцавалі, бавілі час у буфеце, абменьваліся навінамі. Так, у будынку пажарнага таварыства змяшчаліся купецкі клуб і клуб пажарных дзеячоў1. Прэстыжнай справай быў удзел у працы шматлікіх дабрачынных і дабраахвотніцкіх таварыстваў. У Гомелі існавалі Хрысціянскае і Яўрэйскае таварыствы дапамогі бедным, рымска-каталіцкае прыходскае таварыства, Вольна-пажарнае, Таварыства зубных урачоў, Медыцынскае, Педагагічнае, Музычна-драматычнае, Таварыства аховы жывёл, аматараў палявання і інш. Акрамя аматарскай і дабрачыннай дзейнасці названыя ўстановы вялікую ўвагу надавалі арганізацыі адпачынку сваіх чальцоў, напрыклад, наладжвалі лекцыі, латарэі, сумесныя чытанні, танцы, вечарыны, спектаклі. Частка заможнага насельніцтва па вечарах пастаянна наведвала рэстараны, якія былі не толькі месцам харчавання, але і давалі магчымасць для зносін, гульні ў більярд, карты, слухання музыкі. Гомель меў некалькі рэстаранаў, якія дзейнічалі як паасобку, так і пры гасцініцах. Найбольш папулярнымі з іх былі прыватныя “Медведь” і “Одесса”. Публіка з меншым прыбыткам бавіла час у тракцірах або піўных, дзе часта збіраліся наведвальнікі аднаго сацыяльна-прафесійнага кола.

Вечары гараджане праводзілі, ў асноўным, дома. Пашыраным заняткам было чытанне (сярод пісьменных), музіцыраванне, гульня ў карты, жанчыны займаліся рукадзеллем. Сярод адукаваных чытачоў найбольш папулярнымі выданнямі, на якія падпісваліся, былі: штодзённыя “Биржевые Ведомости”, “Свет”, “Сын Отечества”, “Новое время”, штотыднёвыя — “Нива”, “Родина”, “Могилёвские губернс­кие ведомости”, “Могилёвскіе епархиальные ведомости”, штомесячныя — “Исторический весник”, “Весник иностранной литературы”, “Досуг и дело” і інш2.

Карысталася поспехам і мастацкая літаратура. Гамяльчанам быў добра вядомы кніжны і музычны магазін Я. Сыркіна, дзе прапаноўвалася і музычная літаратура.

На вечарынах, што адбываліся ў дамах заможных гараджан, было прынята спяваць, граць на музычных інструментах, найбольш — скрыпцы, піяніна. Сярод музычных твораў асаблівай сімпатыяй карысгаліся рамансы, у т.л. і мясцовых аўтараў, а найбольш папулярныя тэксты нават друкаваліся на старонках газет. Спевы, танцы пад гармонік мелі месца і ў асяроддзі ніжэйшых сацыяльных слаёў. Для іх таксама былі характерны вечарынкі, у першую чаргу для моладзі.

Адметнай формай адпачынку сярэдніх слаёў гараджан было наведванне рынку, прычым не толькі з мэтай набыць пэўны тавар, але i паглядзець на спектаклі вандроўных акцёраў, дрэсіраваных мядзведзяў, якіх вадзілі цыганы, пачаставацца рознымі ласункамі3. Вялікае значэнне ў баўленні вольнага часу працоўных мела вуліца, дзе збіраліся, звычайна ў сваёй кампаніі, жыхары рознага ўзросту. Аднак адсутнасць належнага культурнага ўзроўню часта прыводзіла да пераўтварэння гулянняў у беспарадкі. Найбольш небяспечнымі ў Гомелі лічыліся раёны ўскраін і месцы пражывання беднаты: “Каўказ”, “Дзедна”, “Кагальны роў”, “Манастырок”. Рэдкі вечар на іх вуліцах абыходзіўся без крадзяжоў і боек. Квітнела і п’янства, асабліва ў час святаў і ўрачыстасцей.

Наогул, у адрозненні ад прывілеяваных слаёў грамадства, асноўнае месца ў выкарыстанні вольнага часу працоўнымі займаў пасіўны адпачынак. Формы гулянняў залежылі таксама і ад сезонаў. Летам большая частка гамяльчан выязджала на дачы, асабліва прэстыжныя з якіх знаходзіліся ў Чонках, Клёнках, каля Навабеліцы. Да Чонак і Клёнак дабіраліся на параходах. Заможная публіка за горадам адпачывала з раскошай: наладжваліся прыёмы і вечары. Летам берагі ракі Сож станавіліся месцам гулянняў і купанняў, для якіх абсталёўваліся купальні. Лепшым месцам для плавання лічыўся затон за “Каўказам”. Узімку вельмі папулярным было наведванне катка.

Для большасці жыхароў Гомеля была ўласціва такая форма баўлення часу, як гулянні па цэнтральнай Румянцаўскай вуліцы, у княжацкім парку і садах. Самым зручным і ўлюблёным месцам гулянняў на парацягу многіх гадоў быў сквер, хоць гамяльчане скардзіліся на ягоную цеснату, пыльнасць і неабсталяванасць. Парк княгіні І. Паскевіч адкрываўся для публікі ўсяго 2 разы на тыдзень, з аплатай за ўваход у памеры 12 кап., трэк можна было наведваць штодзённа, але таксама за даволі вялікую плату — 17 i 22 капейкі, што было не па кішэні людзям сярэдняга прыбытку.

Не адразу гамяльчане ацанілі прывабнасць для гулянняў саду Вольна-пажарнага таварыства. Але ж па апісанні “Полесской мыслі” ён быў “абшырны з вялікай прасторай, прыгожымі алеямі, альтанкамі, куткамі — дзівоснае месца для адпачынку і гуляння. Утрымліваецца сад не па-гомельскі: ахайна, чыста… Там і музыка, грае аркестр музычна-драматычнага таварыства”. Хутка гэты сад стаў адным з улюблёных месцаў адпачынку. Суправаджэнне гулянняў музыкай было тыповай з’явай гарадскога жыцця, гамяльчане мелі магчымасць слухаць розныя аркестры ў гарадскіх садах і княжацкім парку. Адным з лепшых лічыўся ваенны аркестр 160 Абхазскага палка, што быў раскватэраваны ў Гомелі.

Матэрыяльна забяспечаныя гамяльчане — дваране, купцы, чыноўнікі, заможныя мяшчане, выкарыстоўвалі свой вольны час для наведвання тэатра, канцэртаў, кінематографа, а таксама для заняткаў спортам.

Менавіта апошняе ў пач. XX ст. распаўсюдзілася найбольш, знайшло сваіх прыхільнікаў і ў Гомелі. Лічылася модным і прэстыжным удзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах, быць балельшчыкам пэўнай каманды. Гомель меў аматараў футбола, веласпорту, цяжкай атлетыкі, барацьбы. У канцы траўня звычайна адкрываўся сезон веласіпедных гонак. Гамяльчане удзельнічалі ў розных велаэкскурсіях, напрыклад, у Чарнігаў. Футбольныя матчы заўсёды збіралі шмат народу і прыносілі арганізатарам пэўны прыбытак. У Гомелі нават планіравалася стварэнне рачнога яхт-клуба, на старонках гарадскіх газет регулярна паведамлялася пра лодачныя гонкі, якія арганізоўвалі гомельскія аматары рачнога спорту. Папулярнымі былі і розныя конкурсы, звязаныя з атлетыкай. Так, пасля спаборніцтваў па грэка-рымскай барацьбе сярод прафесійных спартсменаў праводзіўся “конкурс прыгажосці атлетычнага целаскладу на прыз “залаты жэтон”.

Наяўнасць дэмакратычнай публікі была адметнай рысай цыркавых праграм. Шмат гамяльчан збіралася паглядзець знакамітых гастралёраў, як, напрыклад, кітайскі прыдворны цырк Мікада ці дрэсіроўшчык Ул. Дураў.

Гарадскія вярхі бавілі час на паляваннях, якія наладжвала Гомельскае Таварыства палявання. Там жа праводзіліся спаборніцтвы па стральбе, што найчасцей праводзіліся на лузе ля Клёнак.

Наведванне сеансаў кінематографа, першыя з якіх адбыліся ў Гомеліў 1909 г., вельмі шанаваліся гараджанамі. Пра адкрыццё ілюзіёну заўсёды пісалі мясцовыя газеты. Вось адна з вытрымак: “Ля вакзала ў памяшканні чыгуначнай школы наладжаны новы ілюзіён… Пад’езд да ілюзіёну вельмі прыгожы і эфектны. Карціны вельмі цікавыя. Экран вельмі добры (6×5 аршынаў). Апарат найноўшай канструкцыі і немагчыма заўважыць якое небудзь міганне”.

У 1911 г. у Гомелі адчыніўся “Тэатр мастацтваў” з канцэртнай залай, кінематографам, трох’яруснай залай на 800 месцаў і электрычным асвятленнем. Частка гамяльчан наведвала канцэрты рознага характару: цыганскага рамансу, класічнай музыкі і г.д., падрыхтаваныя мясцовымі артыстамі, аматарамі і гастралёрамі, сярод якіх, па сведчанні газет, не заўсёды былі высокія прафесіяналы. Папулярнымі з’яўляліся і спектаклі, кошт білетаў на якія быў даступны шырокай публіцы: напрыклад, у тэатры на трэку ён складаў ад 7 кап. да 1 руб. На канцэрце або спектаклі гамяльчанін акунаўся ў атмасферу свята, але і сам мог дыктаваць настрой, у залежнасці ад уласнага выхавання i культуры. “Публіка ў тэатры паводзіць сябе немагчыма. Увесь час стаіць нейкі шум, што перашкаджае слухаць”, — скардзіўся аматар тэатральнага мастацтва.

Распаўсюджанай формай выкарыстання вольнага часу жыхарамі горада былі вечарыны, якія праводзіліся для невялікага кола сваякоў, сяброў, знаёмых у дамах гараджан, а пры вялікай колькасці ўдзельнікаў — у залі грамадскага сходу, клубах, памяшканнях таварыстваў. На ўрачыстасцях такога кшталту праводзіліся латарэі, конкурсы, частавалі гарбатай, марожаным, прахаладжальнымі напоямі. Завяршаліся такія імпрэзы танцамі. Вечарыны найчасцей прымяркоўваліся да розных святаў — Новага году, каляд і г.д. Поспехам карысталіся маскарады, на якіх весялілася заможная частка гараджан. Напрыклад, 4 студзеня 1910 г. у памяшканні грамадскага сходу адбыўся баль-маскарад на карысць Вольна-пажарнага таварыства. “Маскарад гэты сабраў масу публікі. Натоўп стаяў у залі, на хорах, у праходах… Каля 3 гадзін уначы быў праведзены падлік картак, пададзеных за “прыгажэйшую гамяльчанку”. Праводзіліся дамскія вечарыны з картачнымі гульнямі і невялікімі аматарскімі канцэртамі. Папулярнымі былі і т.зв. сямейныя вечарыны, спецыяльныя дзіцячыя святы і гулянні.

Мела свае забавы ў вольны час i моладзь горада. Звычайнай справай былі студэнцкія вечарыны. Іх праграма ўключала прагляд спектакля, гулянне ў садзе пры ваенным аркестры і феерверку і на заканчэнне танцы. Дарэчы, існаваў шэраг правілаў паводзін моладзі ў публічных месцах і хатнім жыцці. Так, акрамя традыцыйнай забароны курэння і ўжывання алкаголю, забаранялася нашэнне тростачак і хлыстоў, азартныя гульні, гульня на іпадромах, язда на ліхачах-рамізніках, наведванне кавярняў і гульня ў більярд. Вучні сярэдніх навучальных установаў не павінны былі з’яўляцца на вуліцах і бульварах пасля 20 гадзін, а выхаванкі гімназій — заставацца на балях ці спектаклях пасля 24 гадзін.

Такім чынам, на пач. XX ст. жыхары Гомеля мелі магчымасць праводзіць свой вольны час рознымі спосабамі, сярод якіх вылучаліся звычайныя і святочныя формы. Маючы стракаты склад на-сельніцтва горад з’явіўся глебай для развіцця форм адпачынку, якія былі ўласцівыя для пэўных груп гараджан. Культурна-забаўляльнае правядзенне вольнага часу жыхарамі горада было тыповым для побыту гарадскога насельніцтва беларускіх губерняў пач. XX ст.

Літаратура

  1. Жудро Ф.А., Сербов І.А., Довгялло Д.І. Город Гомель географическо-статистический очерк // Записки Северо-Западнаго отдела Императорского Русского Географического общества. Вильно, С.304.
  2. Памятная книжка Могилёвской губернии на 1901 г. Могилёв,
  3. Грамадскі быт і культура гарадскога насельніцтва Беларусі. Мн., 1990. С.67; Белоруссия в эпоху капитализма. Сборник докумен­тов и материалов. Т.2. Мн. 1990. С.54.


Аўтар:
А.Р. Яшчанка
Крыніца: Гомельшчына: старонкі мінулага. II выпуск. — Гомель, 1996. Ст. 166-172.