Фестываль турыстычных аб’ектаў плануюць правесці ў красавіку 2019 года ў Гомельскай вобласці

0
758
Першы фестываль турыстычных аб'ектаў плануюць правесці 27-28 красавіка 2019 года ў Гомельскай вобласці, паведаміла сёння журналістам кіраўнік каворкінг-цэнтра майстроў і рамеснікаў

Першы фестываль турыстычных аб’ектаў плануюць правесці 27-28 красавіка 2019 года ў Гомельскай вобласці, паведаміла сёння журналістам кіраўнік каворкінг-цэнтра майстроў і рамеснікаў “Свая палiчка” Лілія Калюжная на рэгіянальным семінары “Культурная спадчына Гомельшчыны і магчымасці развіцця аграэкатурызму”.

Плануецца, што фестываль, які арганізуе каворкінг-цэнтр, аб’яднае прадстаўнікоў бізнэсу, аграэкатурыстычных аб’ектаў, фермерскіх гаспадарак, рамеснікаў, хлебапёкаў і сыравараў ды іншых майстроў, а таксама турыстычных кампаній, грамадскіх аб’яднанняў з усёй вобласці. Мяркуецца, што пляцоўкай стане адзін з гасцінічна-забаўляльных комплексаў паблізу Гомеля.

Кожнаму ўдзельніку прапануюць прадставіць сябе і сваю прадукцыю на крэатыўным дворыку. Па словах Ліліі Калюжнай, праграма фестывалю яшчэ распрацоўваецца, аднак яна будзе ўключаць шмат складнікаў. “Ёсць задумкі арганізаваць спаборніцтвы, батлы падворкаў, напрыклад, гастранамічныя, танцавальныя. Будуць спартовыя, забаўляльныя праграмы”, — распавяла кіраўнік каворкінг-цэнтра. Яна дадала, што дата правядзення фестывалю абрана невыпадкова: у гэты час адкрываецца новы веласезон, і ўдзельнікі веларуху таксама змогуць прыняць удзел у мерапрыемстве.

У далейшым падобныя фестывалі плануюць праводзіць рэгулярна ў розных кропках рэгіёну. “Важна, каб тыя магчымасці, прывілеі, якія дае дзяржава аграэкатурыстычным аб’ектам, маглі па поўнай праграме даваць вынік. А на фестывалях уладальнікі такіх аб’ектаў змогуць распавесці пра свой досвед, пазнаёміць са сваім унікальным прадуктам”, — лічыць Лілія Калюжная.

Акрамя таго, “Свая палічка” плануе распрацаваць турыстычныя маршруты: гастранамічныя, этнаграфічныя, экалагічныя, гісторыка-краязнаўчыя, што папулярызуюць ручную творчасць.

Каворкінг-цэнтр “Свая палічка” аб’ядноўвае каля 200 рамеснікаў, спецыялістаў, творчых людзей, прадстаўнікоў аграэкатурыстычнай сферы, фермерскіх гаспадарак, бізнэсу. “Наша творчая пляцоўка вырасла з актыўных удзельнікаў, матываваных на самазанятасці, творчасці, самаразвіцці. І сёння ўжо ёсць планы зарэгістраваць яе ў якасці грамадскага аб’яднання”, — падзялілася Лілія Калюжная.

На семінары, які арганізавала кіраўніцтва спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама, прадстаўнікі аграэкатурызму, бізнэсу, рамесніцтва сёння абмеркавалі пытанні развіцця турызму ў рэгіёне, шляхі яго маркетынгавага прасоўвання, магчымасці і механізмы ўзаемадзеяння, вызначылі планы далейшага супрацоўніцтва.