Феномен шматмоўнай літаратуры Гомельшчыны

0
173
Шматмоўная літаратура Гомельшчыны

Гомельшчына займае своеасаблівае месца на літаратурнай і культурнай карце славянскага свету. Ад IX ст. землі радзімічаў з’яўляліся транзітнай тэрыторыяй на шляху “з варагаў у грэкі”. Геаграфічнае і геапалітычнае становішча рэгіёна на перакрыжаванні культур сфарміравала самабытную мастацкую традьщыю, для якой характэрны шматмоўнасць, поліканфесійнасць і поліэтнічнасць.

Акадэмік М.І. Талстой называў наш рэгіён “ідэальным палігонам, запаведнікам для даследчыка старажытнаславянскай эпохі”. Аналагічныя высновы зроблены ў работах вядомага фалькларыста Чэслава Пяткевіча “Рэчыцкае Палессе” (1928), Казіміра Машынскага (Moszyński, 1887-1959) польскага і беларускага этнографа, фалькларыста, мовазнаўца “Усходняе Палессе. Этнаграфічныя матэрыялы” (1928).

Беларускія культуролагі, пачынаючы ад Ігната Канчэўскага (псеўданім І. Абдзіраловіч, эсэ “Адвечным шляхам”, 1921, Вільня), пішуць пра памежнае геапалітычнае і культурнае становішча Беларусі (У. Самойла, І. Бабкоў, П. Рудкоўскі, І. Чарота, А. Разанаў), пра транскультурнасць беларускай сітуадыі. Так, І. Бабкоў адзначае: “Прыстаўка транс пазначае пэўную дынаміку, рух праз альбо паўз пэўную прастору; у дачыненні да культуры гэта можа значыць безліч усялякіх рэчаў: функцыянаванне знакаў, паўсталых у адной культуры — у іншай, культурнай прасторы, размаітыя практыкі пераходу культурных межаў, шматполюсную ідэнтычнасць, якая апэлюе да розных культурных традыцыяў, самі традыцыі, якія складаюцца з гетэрагенных, а часам і ўзаемавыключальных элемэнтаў і г.д.” [1, с. 69].

У беларускай традыцыі — мірнае суіснаванне розных канфесій, як хрысціянскіх (гіраваслаўе, каталіцызм, пратэстантызм), так і не хрысціянскіх (іудаізм, мусульманства).

Гістарычна літаратура на землях Гомельшчыны развівалася на стараславянскай (Кірыла Тураўскі), беларускай, польскай, рускай, украінскай, яўрэйскай мовах. З Гомельшчыны паходзяць народныя пісьменнікі Беларусі Іван Мележ, Іван Шамякін, Андрэй Макаёнак, Іван Навуменка. Нездарма наш край называюць Іван-градам беларускай літаратуры. На Гомельшчыне нарадзіліся, жылі ці працавалі такія знакавыя беларускія пісьменнікі, як В. Казько, Б. Сачанка, М. Мятліцкі, М. Башлакоў, А. Грачанікаў, І. Сяркоў, Ул. Верамейчык, A. Казлоў, А. Сыс, М. Грамыка, М. Даніленка, П. Прануза, М. Сурначоў, А. Дудар, B. Якавенка, А. Наўроцкі, А. Федарэнка, А. Бароўскі, Н. Шклярава, М. Ткачоў, Т. Мельчанка і многія іншыя.

На Гомельшчыне нарадзіўся, жыў і пахаваны рускі празаік, літаратурны крытык, публіцыст, мастацтвазнаўца Ул. Л. Кінг-Дзедлаў (1856-1908). 3 Гомельшчыны паходзіць Іосіф Гашкевіч, складальнік першага руска-японскага слоўніка. На Гомельшчыне жывуць і працуюць такія цікавыя рускамоўныя аўтары, як І. Катляроў, Ю. Фатнеў, К. Гарбунова, М. Расолаў, М. Круглякова, І. Спасібіна, Б. Сасноўская, Э. Усціновіч і іншыя.

Многія аўтары пішуць на дзвюх мовах: беларускай і рускай. Наш зямляк, адзін з заснавальнікў беларускай прозы і крытыкі Сяргей Палуян пісаў на роднай і ўкраінскай мовах. На Гомельшчыне нарадзіліся такія ўкраінскія літаратары, як Расціслаў Самбук, драматург і раманіст Юры Буракоўскі, Рыгор Кішка, аўтар шматлікіх твораў для дзяцей.

Гомельшчына — радзіма яўрэйскіх паэтаў Рыгора Добіна, Зіновія Вагера, Самуіла Галкіна, М. Дзегцяра, Самуіла Ляўчука і інш. (Яўрэі з’яўляліся адной з асноўных этнічных груп Беларусі пачатку і сярэдзіны 20-га стагоддзя, стала пражывалі на тэрыторыі Беларусі з 14 стагоддзя).

У розныя часы на Гомельшчыне нарадзіліся, жылі ці пісалі пра яе польскамоўныя аўтары: І. Будзіла, Г. Клімашэўскі, А. Гзоўскі, Э. Дмахоўская, І. Быкоўскі, Ф. Карпінскі, Ч. Пяткевіч, К. Машынскі.

Іосіф Будзіла — вайсковы дзеяч Рэчы Паспалітай, мазырскі харунжы, пісьменнік- мемуарыст (“Дзённік падзей, што адносяцца да смутнага часу” (1603-1613)). Абуховіч Піліп Казімір — мемуарыст, аўтар польскамоўнага “Дыярыуша” (ахоплівае падзеі 1630-1654).

Б.К. Маскевіч — грамадскі дзеяч і пісьменнік-мемуарыст 17 ст. Ён з’яўляецца аўтарам двух “Дыярыушаў”, напісаных на польскай мове.

Міхаіл Абуховіч паходзіў з мазырскай шляхты, дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага княства Літоўскага, аўтар успамінаў пра жыццё ў Маскве (1660-1662), дыярыуша (апісваюца падзеі 1654-1667 гадоў), апублікаваных ў 1859 годзе М. Балінскім, а таксама панегірычных вершаў.

Эма Яленская (па мужу Дмахоўская) — аўтар аповесці “Паненка”, кніг “Матка”, “Двор у Галінішках”, “Ад кахання”, “Бацяны”, драматычных твораў (“Сын”, “Крыўда”, “Хвіля”), якія ставіліся на тэатральных сцэнах буйных гарадоў. Таксама Эма Яленская — аўтар фальклорна- этнаграфічнага даследавання “Веска Камаровічы ў Мазырскім павеце”.

Супрацоўнікамі кафедры беларускай літаратуры Гомельскага ўніверсітэта праводзіцца значная работа па зборы, сістэматызацыі і вывучэнню творчасці пісьменнікаў Гомельшчыны. Карысным для настаўнікаў і школьнікаў вобласці стаў дапаможнік В.I. Смыкоўскай і В.С. Генаш “Літаратурная Гомельшчына” (Гомель, 1991). У 2004 годзе супрацоўнікамі кафедры вялася пленная работа па зборы і асэнсаванню матэрыялаў, звязаных з традыцыйнай культурай, літаратурнымі здабыткамі Мазыра. Быў падрыхтаваны зборнік эсэ і навуковых артыкулаў, прысвечаных увасабленню Мазыра і Прыпяці ў мастацкай літаратуры, песнях і дакументальнай прозе (“Мазыр літаратурны”).

У 2007 пабачыў свет двухтомнік “Речыца. Литературно-духовное наследие региона”, у 2009 — зборнік эсэ “Дняпроўскія матывы”, у 2010 — “Прыпяцкая рапсодыя” і “Сожскі карагод”.

Перспектыўным уяўляецца дследаванне выяўлення вобраза “малой радзімы”, у дадзеным выпадку Гомельшчыны, у творах пісьменнікаў, якія пісалі на розных мовах і ў розныя часы. Тут трэба мець на ўвазе, што паняцце “малой радзімы” ўключае не толькі месца нараджэння, але і дзіцячыя ўспаміны, месца нараджэння продкаў і т п. То бок тое, што адыгрыла значную ролю ў фарміраванні асобы.

У навуцы існуюць розныя падыходы да вызначэння паняцця “малой радзімы”. Так, М. П. Крылоў у артыкуле “Руская культурна-гістарычная прастора. ГІраблема рэгіянальнай ідэнтычнасці” падае наступнае вызначэнне паняцця “малой радзімы”: “Малая радзіма” — гэта ўспрыманне індывідам свайго асяродцзя пражывання як асаблівай, нейкай умоўнай цэласнасці, якая валодае ўнутранай культурнай і прасторавай логікай, і якая прадстаўляе сукупнасць прасторавых ідэнтычнасцяў у межах рэгіёну, уключаючы ідэнтычнасці населеных пунктаў і мясцовыя праявы ідэнтычнасці” [2, с. 188]. Лакальная ідэнтычнасць асобнага пісьменніка можа выяўляцца ў тым, што ён усведамляе сябе перш за ўсё прадстаўніком пэўнай мясцовасці, а ўжо пасля прадстаўніком краіны ці нацыі, паколькі на фарміраванне асобы творцы значны ўплыў маюць сацыякультурныя традыцыі “малой радзімы”.

Такім чынам, нягледзячы на такі значны аб’ём праведзенай работы, літаратура Гомельшчыны патрабуе далейшага ўдумлівага асэнсавання.

Спіс літаратуры

  1. Бабкоў, I. Этыка памежжа: транскультурнасць як беларускі досвед. / I. Бабкоў // Анталогія сучаснага беларускага мыслення. — Санкт-Петербург: “Невский простор”, 2003. — С. 64-78.
  2. Крылов, М. П. Российское культурно-историческое пространство. Проблема региональной идентично­сти / М. П. Крылов // Мир психологии. — 2005, — №3. — С. 187-198.

Аўтар: А.М. Мельнікава
Крыніца: Славянские народы и их культуры: традиция и современность : сб. науч. статей / редкол.: В. И. Коваль (отв. ред.) [и др.]; М-во образования РБ, Гомельский гос. ун-т им. Ф. Скорины. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2013. — 310 с. — Ст. 272-274.