Фенікс прызямліўся на Палессі: да праблемы літаратурнага міфа

0
382
Міхальчук Фенікс прызямліўся на Палессі да праблемы літаратурнага міфа

Кожная нацыя заўсёдна імкнецца падкрэсліць сваю старажытнасць. Гісторыя – найлепшы сродак, каб уціснуць нацыю ў прасторава-часавыя межы, бо гісторыя — суцэльны нацыянальны міф, зменлівы, часаадчувальны, рухомы. Міф, які адпавядае настрою грамадства ўцэлым ці жаданням пэўнай суполкі. Міф, які з лёгкасцю мяняе свае формы і напаўняецца новым зместам, калі гэтага запатрабуе адпаведная сітуацыя. Адгукаючыся на патрэбы часу, гісторыя сама спараджае свайго міфатворцу, які становіцца своеасаблівым прадстаўніком народнай самасвядомасці, аднак не абавязкова лічыца з застылымі традыцыйнымі меркаваннямі большасці. Сродкам уцялеснення міфа заўжды была літаратура.  Адной з асноўных крыніцаў —  летапісы.  Сёння  як альтэрнатыва ўзнікаюць містыфікацыі. Аднак сродкі, якія выкарыстоўвае дзеля стварэння літаратурнага міфа Сяргей Балахонаў, сучасны беларускі пісьменнік-містыфікатар, мала чым адрозніваюцца ад сродкаў, якімі некалькі стагоддзяў назад карыстаўся Мацей Стрыйкоўскі, аўтар вядомай “Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі”. 

Летапіс, адлюстроўваючы дзяржаўную палітыку княства, толькі канстатуе, але ніколі не тлумачыць міф. Са зменай палітычнай сітуацыі ў вялікім княстве Літоўскім, міф пра прыход братоў-варагаў Рурыка, Сінеуса, Трыура замяняецца міфам пра прыход рымскага патрыцыя Палямона з пяцістамі сем’ямі рымскай шляхты. Так нараджаецца альтэрнатыўная варажскай сармацкая канцэпцыя паходжання літоўскай шляхты. З лёгкай рукі летапісца і па  жаданню замоўцы летапіс напаўняецца рознымі ідэалагемамі, кшталту “Радзівілы – нашчадкі Ляздзейкі, паганскага біскупа, які раіў заснаваць Вільню”, “ліцвінская шляхта – старажытная, у адрозненне ад польскай”, “Вітаўт – сын напаўбагіні Беруты”. Калі ў другім летапісным зводзе вялікая ўвага надаецца войнам з Маскоўскаю дзяржавай, у трэцім – падкрэсліваюцца сваяцкія адносіны літоўскіх і маскоўскіх князёў,  усе звадкі між ВКЛ і Масквою заканчваюцца палюбоўна, з падпісаннем міру на векі-вечныя. Ужо ў канцы XVI стагоддзя Мацей Стрыйкоўскі, не разумее таго, што імя Палямона згадваецца без ніводнай спасылкі і тлумачэння. Таму, наракаючы на беларускіх летапісцаў за недатаванасць падзеяў у помніках, бяздоказнасць многіх фактаў, павярхоўнае асвятленне розных падзеяў,  называючы іх нябогамі і недалёкімі, спрабуе сам даказаць сапраўднасць таго, што некалі на Літоўскія і Жамойцкія землі прыйшлі італійцы разам з рымскім патрыцыем Палямонам. Дзеля доказу, а па сутнасці стварэння новага міфа, спатрэбіўся агульнавядомы факт, якім стаўся прыход Палямона, і згадкі пра гэтую асобу  і яе сыход з Італіі ў іншых крыніцах. Адзначаючы, што, зразумела, не ва ўсіх выпадках размова ідзе пра аднаго і таго ж Палямона, Стрыйкоўскі абгрунтоўвае свае пошукі наступным: каб людзі, якія не чыталі нічога акрамя “Буколікаў” Вергілія, маглі ведаць з гэтае працы пра сапраўднага літоўскага продка, пра якога так шмат гісторыкаў сведчыць і пра якога таксама сведчаць старажытныя летапісы, якія, напэўна, сабе з пальца так цалкам гісторыі і не выссалі, але з пэўных крыніц  істотныя звесткі пачарпнулі. [5, І, с. 67, пер. Г.М.]. Самы галоўны доказ на карысць існавання Палямона – згадванне ягонага імя ў розных крыніцах, на аснове якіх Стрыйкоўскі сам выводзіць розныя прычыны таго, чаму Палямон пакідае Італію. Побач з прыходам Палямона згадваецца легенда пра забойства адзінаццацці тысячаў паненак – і Стрыйкоўскі знаходзіць розныя звесткі пра гэтыя падзеі.  Таксама як абгрунтоўвае мажлівасць здзейснення падарожжа з Італіі да  Літвы морам. Тут Стрыйкоўскі апелюе да таго, што ўласна сам здзейсніў падарожжа па гэтым маршруце. Яшчэ адным доказам на карысць прыходу італійцаў Стрыйкоўскі лічыць наяўнасць ў мове шматлікіх італійскіх і лацінскіх словаў.

Чытаючы містыфікацыі Сяргея Балахонава пра тое, што Скарына  адваёўваў Гомельскі замак, ліцвінскія князі здзяйснялі падарожжа ў Амерыку за шмат год да таго, як яна была адкрытая Калумбам, а чароўная птушка-фенікс вылечвае раны ў палескіх гушчарах, міжволі заўважаеш, што мастацтва стварэння міфаў цягам стагоддзяў не зазнала істотных зменаў. І сёння міф грунтуецца на пэўным гістарычным факце і пэўных крыніцах, на якія можна спаслацца. Аднак, калі Стрыйкоўскі, абураючыся на ліцвінскіх летапісцаў за няўважлівыя адносіны да гісторыі, высілкоўваецца ў пошуку пераканаўчых сведчанняў, Балахонаў — гуляецца са спадарыняй гісторыяй, вядзе чытача ўсё новымі і новымі сцежкамі, каб канчаткова заблытаць у “інфармацыйна-тэкставым лабірынце”.

Пісьменнік паслядоўна прытрымліваецца ўжо складзеных законаў стварэння міфу: знойдзены помнік звычайна ўтрымлівае ідэю, якая даволі гарманічна дапасоўваецца да настрояў сучаснасці; непасрэдная крыніца, дзе быў запісаны помнік пасля апублікавання звычайна знікае бясследна, найчасцей падчас пажараў. Але адшукваюцца новыя крыніцы, даволі старыя, аўтарытэтныя, нават нікому раней не вядомыя,  а разам з крыніцамі ўзнікаюць розныя спасылы на іх. Найперш да галавы прыходзяць “Слова пра паход Ігара” (спасылы на “Задоншчыну”), а таксама “Хроніка Быхаўца”, якая бясследна знікла пасля апублікавання (спасылы на хроніку Стрыйкоўскага).

Так, адштурхоўваючыся ад слабых згадак пра тое, што Авідзій калісьці нібыта быў на беларускіх землях (а дакладней палескіх, і, па адной з весіяў, пахаваны там) Сяргей Балахонаў ў містыфікацыі “Зямля пад крыламі Фэнікса” стварае новы нацыянальны міф пра птушку-абаронцу, птушку-выратавальніка, птушку-пакаральніка – фенікса, які, аказваецца ёсць ні кім іншым, акрамя як нашым буслом, бацянам, як называюць яго на Палессі і сёння. Такім чынам радзіма фенікса лакалізуецца  на палескіх землях.

На пачатку аўтар канстатуе факт знаходкі і ўмовы, пры якіх помнік быў зноўдзены:  у 1970 годзе падчас раскопак пад горадам Касторыя ў Грэцыі археолаг Мікас Тэлемакас выяўляе фрагмэнты рукапісу ІІ стагоддзя да н.э. Пры больш блізкім азнаямленні высвятляецца, што гэта ўрыўкі з нязведанай паэмы, якая паслужыла ўзорам для рымскага паэта Авідзія ў яго “Метамарфозах”. Першаўзор у пэўных момантах разыходзіцца з класічным тэкстам, і сярод разыходжанняў ёсць удакладненне легенды пра птушку фенікс, дзе згадваюцца Нэўрыда, Барыстэн і Нірэя (сучасныя паўночна-усходняя, усходняя і паўднёвая Беларусь, Днепр і Сож), радзіма фенікса, а таксама, што самае галоўнае, ўзгадваецца як называюць фенікса на радзіме – бацян. У творы падаецца урывак паэмы, перакладзены на беларускую мову і адразу агаворваецца, што арыгінал, “так і ня ўведзены ў шырокі навуковы ўжытак”, згарэў у машыне разам з Мікасам Тэлемакасам, якога нібыта за апазіцыйныя погляды прыбралі спецслужбы грэцкіх фашыстоўцаў. Аўтар не забываецца зазначыць, што фотакопіі знойдзеных фрагмэнтаў былі абвешчаныя фальшыўкай, аднак гістарычная пошукі, сведчаць, што археолаг дакапаўся да праўды.

Завязка цалкам кладзецца на вышэйзгаданую схему:

  1. помнік мае пэўную нацыянальную ідэю: ў “Метамарфозах” Авідзія згадваецца менавіта бусел (можна дапусціць, што, меркаванні, паводле якіх Авідзій быў на нашых землях маюць пад сабой падставу; можна радавацца, што менавіта наша зямля з’яўляецца радзімай легендарнага птаха; можна цешыцца, што пра нашыя землі ведалі нават у Італіі і ўзгадвалі іх у сваіх творах);
  2. помнік не захаваўся, захаваліся толькі фотакопіі;
  3. пры гістарычных росшуках знаходзяцца розныя ўскосныя крыніцы, спасылаючыся на якія, можна давесці рацыю Мікаса Тэлемакаса;
  4. сюды можна дадаць стварэнне праблемнай сітуацыі: аўтар не забывае згадаць, падкрэсліваючы, што сам гэтага не прыймае, што помнік быў абвешчаны фальшыўкай.

Асноўная частка і ёсць уласна доказам. Праўда, доказы, хутчэй, вырашаюць не праблему сапраўднасці – несапраўднасці помніка, але: ці насамрэч птушка фенікс ёсць нашынскім буслом?

Спосаб доказу нагадвае спосаб Стрыйкоўскага: прыводзяцца і цытуюцца розныя крыніцы, у якіх хоць якім чынам згадваецца неабходны аб’ект. Стрыйкоўскі не мае на мэце высветліць сапраўднасць фактаў, якія падаюцца ў летапісах. Ягоны аб’ект – Палямон, згадкі пра якога творца вышуквае ў розных крыніцах. Балахонаў, як і Стрыйкоўскі,  які “з запалам гісторыка кідаецца бараніць Палямона, у поце чала вышуквае і гартае мноства кніжак; адусюль, адкуль хоць слабы адгалосак пра Палямона далятае, вырывае усё гэта, каб аздобіць свайго героя, нарэшце з трыумфам радуецца, што яго атрымаў”, таксама “з запалам гісторыка” кідаецца бараніць, што фенікс – гэта і ёсць бацян, бусел, таксама прагортвае шэраг кніжак, адкуль хоць слабы адгалосак далятае пра фенікса, таксама аздабляе гэтымі звесткамі птушку, радуючыся сваім поспехам.  Аднак для Балахонава крыніцы – гэта перлы, што лёгка счапляюцца ў суцэльны ружанец, які чытач прагна перабірае да канца, намацваючы  дзесьці і калісьці пачутыя імёны ці факты. У якасці крыніцаў са згадкамі аўтар прыводзіць пратограф “Аповесці мінулых гадоў”, “Другую інфляндзкую рыфмаваную хроніку” Дытлеба фон Альпэнштока (ХІІІ стагоддзе), прыпіску да “Наваградскага евангелля”, зборнік павучальных карацелек Івана Касабокага “Літуанскі дзесяцідзён” (к.XIV – пач. XV ст.), “Дзённік караімаў” (XV – XVІ ст.), філаматаўскія чарнавыя запісы і інш. Твор напоўнены  спасылкамі на шматлікія ўспаміны і згадкі, дзе вымалёўваецца вобраз птушкі-выратавальніка, падкрэсліваецца ягоная дапамога ў самыя важныя гістарычныя моманты: мангола-татарскія нашэсці, ваенныя ліхалецці XVІІ стагоддзя, дзеі 1831 года, паўстанне 1863-1864 гадоў, 1905-1906 гады, калі растралялі мірную маніфестацыю ля Віленскага вакзала ў Менску. Па загадзе Вітаўта колькі феніксаў прыручаюць да дзяржаўных патрэбаў і наладжваюць недалёка ад Вільні адмысловы гадавальнік; феніксы ідуць ў ваенны паход разам з войскамі Рэчы Паспалітай пад загадам Яна Сабескага да аўстрыйскай Вены; фенікс выратоўвае цягнік, у якім ехалі віленскія дзеячы ад нападу злодзеяў, чым спрыяе працы над Трэцяй Устаўной Граматай БНР; агромністая птушка паглынае радыяктыўныя аблокі, што былі скіраваныя на Беларусь; вялікая чорная птушка, перад самалётам Гастэлы падае на калону немцаў. Не забыўся аўтар згадаць пра Акадэмічную канферэнцыю, дзе, паводле звестак агента ГПУ “Каці”, доўга вырашалася якое напісанне слова “фэнікс” прыняць за норму і Вацлавам Ластоўскім была ўнесена прапанова лексему “фенікс” заманіць на лексему “бацян”.

Спасыл на лексічнае багацце – яшчэ адзін цалкам сфармаваны прыём стварэння міфу. Да наяўнасці лацінізмаў у мове апелюе Стрыйкоўскі, таксама як і Балахонаў падкрэслівае знанасць і распаўсюджанасць лексемы “бацян”, а ў містыфікацыі “Наша Амэрыка” выводзіць індзейскія і познаўтвораныя амерыканскія тапонімы ад беларускіх словаў: Minnesota – “Менеск ото!”; “Colorado – кола радасці (ці, можа рады)”. Для большай пераканальнасці творца  звяртаецца да фальклёру, прыгадвае звычаі, легенды.

Адчуванне аб’ектыўнасці і навуковасці Балахонавым дасягаецца дзякуючы прыхаванасці аўтарскага “я”.  Вельмі дарэчны падбор фактаў, да якіх апелюе аўтар, не вымагае ад яго ўкладання ў тэкст адкрыта выражанных эмоцыяў. З іншага боку такая паслядоўнасць  твора і выглажанасць кампазіцыі спараджае пачуццё штучнасці, выклікае недавер. Таксама як і падзеі, узятыя з далёкай гісторыі выклікаюць большы давер, чым  падзеі, якія адбываліся, калі не за нашай памяццю, то даволі нядаўна. Чамусьці хутчэй верыцца ў тое, што фенікс прылятаў на банкет да Вітаўта, чым у тое, што ён мог паглынаць радыёактыўныя хмары. Вялікая колькасць крыніцаў, на якія спасылаецца Балахонаў, спараджаюць недавер. Як і кідаецца ў вочы выбарнасць падзеяў і асобаў, да якіх прывязаны вобраз птушкі-ахоўніцы: большасць з іх вядомыя даволі шырокаму колу грамадства. На стварэнне пачуцця аб’ектыўнасці ўплывае форма твора – навуковае даследаванне, і форма падачы матэрыялу — карткавая.

Безумоўна, Сяргей Балахонаў, не з’яўляецца наватарам. “Зямля пад крыламі фэнікса” – удалая спроба стварэння новага нацыянальнага міфа, якая даволі лёгка падпадае пад пэўныя правілы міфатворчасці. Наколькі прыжывецца гэты міф залежыць ад таго, ці гатовы час і грамадства яго прыняць і  наколькі гатовыя адрэагаваць на яго. Бо мэтай міфа з’яўляецца не толькі прымусіць паверыць, але і выклікаць супярэчлівасці, даць падставы для разваг. 

А мы, нібы па лабірынтах Полацкага княства, крочым услед за птушкай-феніксам, спадзеючыся, што яна ненадоўга прыхавалася ў палескіх лясах і калі-небудзь распрастае крылы над нашаю зямлёю.

Спіс літаратуры

  1. Акудовіч В. В. Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці./Акудовіч Валянцін. – Мн.: Логвінаў, 2007
  2. Балахонаў С. Зямля пад крыламі фэнікса // Arche. 2004. №5
  3. Жукоўскі Даніла У лабірынце з постмадэрнізмам //Arche. 2004. №1
  4. Полное собрание русских летописей. М., 1981. Т.32
  5. Stryjkowski Maciej Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiej Rusi. – wyd. nowe. — Warszawa, 1846

Аўтар: Ганна Міхальчук
Крыніца: Міфалогія – фальклор – літаратура: праблемы паэтыкі: зб. навук. прац / склад. Т.І. Шамякіна; пад агул. рэд. В.П. Рагойшы. – Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2007. – Вып. 5. – С. 96-100.