У гаворках Гомельшчыны, як і іншых дыялектах, поруч з прозвішчамі шырока ўжываюцца мянушкі. Прозвішчы ў штодзённым быту вёскі не з’яўляюцца прывычнымі, агульнаўжывальнымі. Іх функцыю звычайна выконваюць тут вельмі пашыраныя розныя мянушкі. У якасці мянушкі практычна магло ўжывацца любое слова, якое вядома ў мове вяскоўцаў. Імёны-мянушкі, як слушна заўважае Усціновіч А.К., надаваліся людзям па самых разнастайных прыкметах і ў розныя перыяды жыцця чалавека: а) па асацыяцыі з якімі-небудзь жывёламі, птушкамі, прадметамі; б) па фізічных недахопах; в) па занятках, прафесіях, пасадах; г) па падзеях у жыцці чалавека ці калектыву; д) па чарговасці нараджзння, па адносінах бацькоў да факта паяўлення дзіцяці ці інш. [1]. Гэтыя групы лексікі былі блізкімі да практычнага паўсядзённага жыцця людзей і вызначаюцца шматпланавасцю зместу.
Сваёй арыгінальнасцю і адметнасцю ў гаворках Гомелыпчыны сярод імён-мянушак вызначаюцца фауністычныя назвы, у аснове якіх ляжыць лексічнае значэнне апелятыва:
- Назвы хатніх жывел: Баран а) “упарты” (в.Уборкі Лоеўск., в. Чорнае Рэч.); б) “разумова абмежаваны” (в. Майскае Жлоб.); в) “кучаравы” (в. Церахоўка Добр); Бык “дужы, працавіты” (в. Карпаўка Лоеўск., в. Хальч Ветк.); Бычок “шмат трымаў быкоў” (в. Ляхавічы Жытк.); Жарабец “жанчыналюб” (в. Рудня Целяшоўская Гом.); Кабан а) “дужы” (в. Хальч Ветк.); б) “з вялікім жыватом” (в.Церахоўка Добр.); Кабыла “неахайная” (в. Церахоўка Добр.); Каза (Коза) “ сварлівая, склочная” (в. Карпаўка Лоеўск.); Казёл а) “упарты” (в. Майскае Жлоб., в.Сямурадцы Жьггк., в. Целяшы Гом.); б) “драчун” (в. Рудня Целяшоўская Гом.); Конь а) “смяецца раскацістым смехам” (в. Рэпішча Ветк.); б) “вельмі дужы” (в. Конкавічы Петр.); Кот а)“шкадлівы” (в. Алексічы Хойн.); б) “малы ростам і з вусамі” (в.Церахоўка Добр., г.п. Касцюкоўка Гом.); Коцік “вельмі худы” (в. Рэпішча Ветк.); Кролік “вялікія пярэднія зубы” (в. Церахоўка Добр.); Овечур “пасвіў авечак” (в.Ляхавічы Жытк.); Свіння “брудны, неахайны” (в.Конкавічы Петр.); Храк “вельмі дужы” (в. ГлушыцаЖлоб.).
- Назвы дзікіх жывёл і грызуноў: Абезьяна “неахайная” (в. Чорнае Рэч.); Белка а) “спрытная, рухавая” (в.Карпаўка Лоеўск.); б) “ca светлымі валасамі” (в. Ліпнякі Лоеўск); Барсук “вастраморды” (в. М. Малешаў Жытк.); Бобр “вастразубы” (в. М. Малешаў Жытк); Воўк а) “з вял і кім і зубамі” (в. Карпаўка Лоеўск.); б) “нелюдзімы характар” (в. Сямурадцы Жытк.); Вожык (Ёжык) а) “ходзіць кароткім, дробным крокам (в. Карпаўка Лоеўск., в. Майская Жлоб.); б) “жыў адзін” (в. Рудня Целяшоўская Гом.); Заяц (Заец) а) “вялікія зубы” (в. М. Малешаў Жытк.); б) “касавокі” (в. Церахоўка Добр.); в) “палахлівы” (в. Рудня Целяшоўская Гом.); г) “паляваў на зайцоў” (в. Хальч Ветк.); Крот а)“чорны колер валасоў” (в. Радуга Ветк.); б) “дрэнна бачыць” (в. Зяцькавічы Карм.); Леў “пышная шавялюра” (в.Уборкі Лоеўск.); Ліса (Лісіца) “хітры, ліслівы” (в.Церахоўка Добр., в. Аціркі Петр.); Лось “дужы, здаровы, поўны” (в. Аціркі Петр.); Малпа “неахайная” (в. Конкавічы Петр.); Рысь “драпежны характар” ( в. Церахоўка Добр.); Суслік “палахлівы” (в. Аціркі Петр.); Хамяк “тоўсты, надзьмуты” (в. Уборкі Лоеўск.).
- Назвы хатніх птушак: Вутка (Качка) “ходзіць уразвалку” (в. Глушыца Жлоб., в. Хальч Ветк.); Гусак “доўгі нос” (в. Чорнае Рэч.); Гусь а) “важная паходка” (в.Церахоўка Добр.); б) “п’яны размахвае рукамі , як крыллямі” (в. Аціркі Петр.); в) “выцягвае шыю пры хадзьбе” (в. Зяцькавічы Карм.); Індык “моцна размаўляе” (в. Уборкі Лоеўск.); Кура “неакуратная” (в. Ліпнякі Лоеўск.); Курына а) “шмат размаўляе” (в. Целяшы Гом.); б) “прадае проса курам” (в.Церахоўка Добр.); Певень а) “задзіра” (в. Навасёлкі Петр.); б) “важны, ганарысты” (в. Апексічы Хойн.); в)“прадаваў салодкія пеўнікі” (в. Глушыца Жлоб.).
- Назвы ДЗІКІХ птушак: Верабей а) “палахлівы” (в. Алексічы Хойн.); б) “малы ростам” (в. Рудня Целяшоўская Гом.); Буслік а) “доўгі нос” (в. Чкалава Гом.); б) “доўгія ногі” (в. Карпаўка Лоеўск.); в) “адна нага карацей” (в. Алексічы Хойн.); Барона а) “чорныя валасы” (в. Церахоўка Добр.); б) “картавы голас” (в. Новамаркавічы Жлоб.); Дрозд “прыгожы голас” (в. Новамаркавічы Жлоб.); Дзяцел “доўгі нос” (в. Алексічы Хойн.); Каршак (Коршак) “сквапны” (в. Рудня Целяшоўская Гом., в. Чорнае Рэч.); Кукушка “непаседа” (в. Рудня Целяшоўская Гом.); Кулік “з вялікім носам” (в. Уборкі Лоеўск.); Кажан “з вялікімі вушамі” (в. Свяцілавічы Ветк.); Курапатка “малая ростам” (в. Радуга Ветк.); Перапёлка “шмат крычыць” (в. Свяцілавічы Ветк.); Сініца а) “прыгожы голас” (в. Хальч Ветк.); б) “сінія губы” (в. Глушыца Жлоб.); Сава “вялікія вочы” (в. Церахоўка Добр.); Сарока а) “шмат гаворыць” (в.Ляхавічы Жытк., в. Чорнае Рэч.); б) “непаседа, пабягуха” (в. Глушыца Жлоб., в. Конкавічы Петр.); Удод “разумова абмежаваны” (в. Конкавічы Петр.); Цапля “вялікі, худы” (в.Церахоўка Добр.); Цяцера “ някемлівы, разява” (в.Навасёлкі Петр.); Чайка “мітуслівая, неспакойлівая” (в.Сямурадцы Жытк.); Шпак а) “малы ростам” (в. Церахоўка Добр.); б) “пастаянна адкрыты рот” (в. Рудня Целяшоўская Гом.).
Фактычны матэрыял сведчыць, што фауністычныя назвы ў мянушках Гомельшчыны складаюць значны пласт лексікі. Гумар, народная дасціпнасць і назіральнасць носьбітаў гаворкі з’яўляюцца рашаючымі фактарамі іх ўтварэння і ўжывання. Яны з’яўляюцца натуральнымі прадуктамі жывога ўжывання і на канкрэтных прыкладах дэманструюць шырокія словаўтваральныя магчымасці народна-дыялектнай мовы.
- Усціновіч А.К. Антрапанімія Гродзеншчыны і Брэстчыны (XIV-XVIII стст.) – Мн., 1975 – С. 107.
Спіс умоўных скарачэнняў (раёнаў):
Б-Каш. – Буда-Кашалёўскі; Браг. – Брагінскі; Ветк. – Веткаўскі; Гом. – Гомельскі; Добр. – Добрушскі; Жлоб. – Жлобінскі; Жытк.- Жыткавіцкі; Карм. – Кармянскі: Лоеўск. – Лоеўскі; Петр. – Петрыкаўскі; Рэч. – Рэчыцкі; Хойн. -Хойніцкі.
Аўтар: У.А. Бобрык
Крыніца: Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гомель, 20-21 мая 2004 г.): У 2-х ч. Ч 2. / Гал. рэдактар А.А. Станкевіч. – Гомель: УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”, 2004. — С. 16-19.