Фашысцкі генацыд на тэрыторыі Гомеля ў гады Другой Сусветнай вайны

0
430
Фашысцкі генацыд у Гомелі і вайна

У акупаваным Гомелі нацысты ўстанавілі так званы «новы парадак» — рэжым тэрору, які прадугледжваў зняволенне, рабаванне і знішчэнне насельніцтва і самога горада.

Пры ўзяцці і асабліва пры адступленні фашысты падверглі Гомель жудаснаму разбурэнню. Гэта было ўвасабленнем запланаванай праграмы спусташэння акупаванай тэрыторыі. Не выпадкова ў адным з загадаў маршала Рэйхенаў «Аб паводзінах войскаў на Усходзе» прама зазначалася, што «войскі зацікаўленыя ў ліквідацыі пажараў толькі тых будынкаў, якія павінны быць выкарыстаны для стаянак воінскіх частак. Усё астатняе павінна быць знішчана. Ніякія гістарычныя альбо мастацкія каштоўнасці на Усходзе не маюць значэння”1. 7 верасня 1943 г. нямецкае камандаванне выдала загад знішчаць пры адступленні ўсе пабудовы, запасы, жылыя дамы, прадпрыемствы, інш.

Гомель быў разбураны больш чым на 80 %. Гітлераўцы знішчылі больш 5 тыс. будынкаў, зруйнавалі больш 20 вуліц горада. Жылая плошча да вайны складала 670 тыс. кв.м., пасля ж вайны — 290 тыс.  кв.м., г.зн. 43,5%. ад даваеннай. Фашысты разбурылі ў Гомелі гарадскую энергагаспадарку, вадаправодна-каналізацыйную сістэму, моцна пашкодзілі кабельную гаспадарку гарадской сеткі і радыётэлефонную сетку.

Поўнаму знішчэнню падвергліся шматлікія прадпрыемствы горада: былі ўзарваны ўсе цэхі паравоза-вагона-рамонтнага за­вода, станкабудаўнічага імя Кірава, сударамонтнага і аўтарамонтнага заводаў, знішчаны шклозавод і «Чырвоны хімік», тлушча-маргарынавы камбінат, лесакамбінат, запалкавая, парфумавая, шчацінная, абутковая, швейная і трыкатажная фабрыкі, клінкерны і 3 цэглавых заводы, інш. Нямецкія захопнікі падверглі разбурэнню транспартную гаспадарку горада: чыгуначны вузел, рачны порт, аэрадром, аўтабазы, шасейныя дарогі, былі ўзарваны 2 чыгуначных і 1 шасейны мост праз раку Сож, знішчаны 3 пуцяпровады і большая частка шасейных мастоў.

Вялікія страты былі нанесены захопнікамі ўстановам аховы здароўя: у Гомелібылі разбураны 5 бальніц, 3 дыспансеры, 3 паліклінікі, амбулаторыя, дзіцячая здраўніца, 9 дзіцячых ясляў, радзільны дом, станцыя хуткай дапамогі.

Гітлераўцы знішчалі культурный і навуковыя каштоўнасці, помнікі даўніны і архітэктуры. Яны разбурылі драматычны тэатр, усе кінатэатры, дом народнай творчасці, гарадскія клубы, водную станцыю, абсталяванне стадыёнаў. Былі падарваны і спалены 4 інстытуты: педагагічны, лесатэхнічны, настаўніцкі і Навукова-даследчы афтальмалагічны. Не былі пашкадаваны 33 школы, дзіцячыя сады, бібліятэкі. Такі ж лёс напаткаў адзін з прыгажэйшых у краіне гомельскі парк — у ім былі высечаны сотні дрэў. Моцна пашкоджаны быў палацавы комплекс, разрабавана каштоўная маёмасць гістарычнага і антырэлігійнага музеяў, а таксама палаца піянераў. Агульныя страты, нанесеныя гаспадарцы горада, склалі больш за 3 млрд. руб.2.

На працягу ўсяго перыяду акупацыі насельніцтва горада падвяргалася тэрору. Найбольш магутнай карніцкай арганізацыяй у горад­зе з’яўлялася служба бяспекі. У выніку яе дзейнасці загінула да 12 тыс. мірных грамадзян, у т.л. малалетнія дзеці і старыя3.

Такім жа чынам дзейнічала і дзяржаўная тайная паліцыя (гестапа), якая размяшчалася ў будынку дзіцячых ясляў па вул. Палявая 36. Расстрэлы арыштаваных гестапаўцы рабілі адкрыта, на суседніх агародах жыхароў Фіцавых i Канавалавых. Праведзеныя тут даследаванні паказалі, што ў гэтым месцы было знішчана каля 2 тыс. грамадзян4.

Асобым месцам крывавых распраў з’яўлялася турма. Па сведчаннях відавочцаў, яна была настолькі перапоўненая, што зняволеным не было дзе прысесці. Вязням выдавалі 1 л. баланды і 200 г. хлеба з грачанога шалупіння ў суткі5. Перадачы былі катэгарычна забаронены. Катаванні і расстрэлы адбываліся амаль штодзённа.

Восенню 1941 г. нацысты стварылі ў Гомелі 4 габрэйскіх гета (па вул. Быхаўскай, Нова-Любенскай, у раёне Манастырка і ў Навабеліцы). Сюды былі сагнаны больш за 4 тыс. чалавек, у т.л. старыя, жанчыны і дзеці. Абстаноўка ў гета характарызавалася празмернай скучаннасцю, адсутнасцю санітарна-гігіенічных умоў, прадукты харчавання не дастаўляліся. Пад пагрозай расстрэлу зняволеным забаранялася пакідаць тэрыторыю зоны. У пач. лістапада 1941 г. жыхары ўсіх гомельскіх гета былі расстраляны6.

Гомельскі лагер ваеннапалонных быў размешчаны ў былых канюшнях кавалерыйскага палка без падлог, столі і вокнаў. Умовы утрымання тут былі не лепшымі за гета. Празмерная скучанасць i антысанітарыя, адсутнасць вады для піцця і ўмывання, выключна дрэннае і мізэрнае харчаванне з эрзацаў, адсутнасць элементар­най медыцынскай дапамогі i, як вынік, эпідэмічныя захворванні на тыф, дызентэрыю, сухоты — усё гэта разам прыводзіла да каласальнай смяротнасці ваеннапалонных. Штодзённа тут памірала 300-500 чалавек, а ў марозныя зімы 1941-1942 гг. смяротнасць даходзіла да 1 тыс. чалавек за суткі. Фактарам смяротнасці з’яўлялася таксама знясільваючая праца, катаванні і расстрэлы ваеннапалонных7.

Разам з масавым знішчэннем людзей значную частку насельніцтва гітлераўцы гналі на работы ў Германію. Для гэтага бы­ла створана «біржа працы», якая адбірала найбольш працаздольных, здаровых людзей. З Гомеля на прымусовыя работы было адпраўлена звыш 5 тыс. жыхароў8. Лёс многіх з іх невядомы, па сканчэнні вайны не ўсе вярнуліся да дому. У архіве захаваліся лісты да родных, якія паказваюць, што прымусова выгнаныя на работу часта жылі ў турэмных умовах, у лагерах за калючым дротам, многія мелі нагрудныя знакі аб нацыянальнай прыналежнасці і прысвоеныя нумары9.

Яшчэ лепшым сведчаннем рабскага існавання нашых суграмадзян у Германіі былі тыя, хто вярнуўся ў родныя мясціны бязногімі, безрукімі, звар’яцелымі, хворымі на сухоты. Перад адступленнем з гораду гітлераўцы праводзілі пагалоўную прымусовую эвакуацыю насельніцтва. Людзей зганялі на зборныя пункты, т.зв. перасыльныя лагеры, адкуль у калонах гналі на захад. Дзеля выяўлення тых, хто спрабаваў пазбегнуць эвакуацыі, гітлераўцы праводзілі аблавы, знойдзеных расстрэльвалі на месцы. Адначасова праводзілася рабаванне кватэр і разбурэнне яшчэ цэлых будынкаў. Вызначыўся ў гэты перыяд 229 сапёрны батальён 229 нямецкай пяхотнай дывізіі. Толькі дзве роты гэтага батальёну за адзін тыдзень лістапада 1943 г. знішчылі ў час аблаваў каля 500 мірных жыхароў, узарвапі ў горадзе 90 шматпавярховых будынкаў і спалілі больш за 100 дамоў10.

Вышэй пададзеныя факты ўзяты з дакументаў Надзвычайнай камісіі Гомельскай вобласці па выяўленні і даследванні злачынстваў фашыстаў і іх памагатых і прычыненых імі страт грамадзянам і ўстановам г. Гомеля.

Камісія працавала па гарачых слядах, адразу пасля вызвалення Гомеля, выкарыстала сведчанні пацярпелых, матэрыялы судова-медыцынскіх экспертных камісій аб раскопках магіл масавага пахавання грамадзян. Камісія прыйшла да высновы, што за час акупацыі ў Гомелі было знішчана да 110 тыс. ваеннапалонных i больш за 55 тыс. мірных жыхароў11.

Прозвішчы большасці загінулых ваеннапалонных і жыхароў не высветлены, у архіве ёсць спісы толькі 323 знішчаных цывільных грамадзян i 534 вывезеных на прымусовыя работы ў Германію. Камісія высветліла таксама прозвішчы 139 гітлераўцаў, адказных за ваенныя злачынствы ў Гомелі12.

Літаратура

  1. Нюрнбергский процесс. Сборник материалов. Т.Ш. М. 1958. С.528.
  2. ДАГВ. Ф. 1345. Воп. 1. Спр.9. Арк. 1-3.
  3. Там жа. Арк.79-82.
  4. Там жа. Арк. 105-107.
  5. Там жа. Арк. 157-159.
  6. Там жа. Арк.181-183.
  7. Там жа. Воп.2 Спр.5. Арк.71 -84.
  8. Там жа. Воп. 1. Спр. 9. Арк.261-264.
  9. Арк.261-264. 9. Там жа. Ф.2821. Воп. Спр. 1.
  10. Там жа. Ф. 1345. Воп. 1. Спр.9. Арк.292-296.
  11. Філіял ДАГВ. Ф.265. Воп. 1. Спр.21. Арк.39.
  12. ДАГВ. Ф. 1345. Воп. 1. Спр.9. Арк. 12-37.
     

Аўтар: В.А. Лугаўская
Крыніца: Гомельшчына: старонкі мінулага. II выпуск. — Гомель, 1996. Ст. 153-158.