Эвалюцыя практыкі варажбы ў знахарстве Беларускага Палесся ў ХХ — пачатку ХХІ ст.

0
125
Эвалюцыя практыкі варажбы ў знахарстве Беларускага Палесся ў ХХ - пачатку ХХІ ст.

У знахарскай практыцы Беларускага Палесся ў большасці выпадкаў патрабавалася прагназаванне будучыні ці прадастаўленне адказу на пытанні, вырашыць якія звычайнаму чалавеку ўяўлялася немагчымым па прычыне адсутнасці ў яго неабходнай інфармацыі і доступу да яе. Таму ў такой сітуацыі і звярталіся менавіта да знахароў як людзей, спецыфічныя здольнасці якіх, па агульным ўяўленні, паходзілі ад падтрымання імі кантакту са звышнатуральнымі істотамі, якія і павінны былі дапамагчы вырашыць пэўную праблему. У такіх выпадках знахарамі звычайна выкарыстоўвалася варажаба як рытуал, накіраваны на ўсталяванне кантакту са звышнатуральнымі сіламі. Важнасць варажбы як знахарскай функцыі падцвярджаецца тым, што яна захавалася да нашага часу, нягледзячы на знікненне многіх знахарскіх функцый на працягу ХХ ст.

Мэта работы — прасочванне эвалюцыі варажбы ў знахарскай практыцы Беларускага Палесся ў ХХ — пачатку ХХІ ст. У навуковай літаратуры дадзеная тэма спецыяльна не разглядалася. Крыніцамі для напісання работы паслужылі матэрыялы палявых этнаграфічных даследаванняў, якія праводзіліся аўтарам на тэрыторыі Беларускага Палесся ў 2004-2011 гг., а таксама апублікаваныя матэрыялы фальклорна-этнаграфічных даследаванняў Беларускага Палесся ў другой палове ХІХ — пачатку ХХІ ст.

Перш чым перайсці непасрэдна да вывучэння тэмы, неабходна адзначыць, што на тэрыторыі Беларускага Палесся ў першай трэці ХХ ст. вылучаліся два асноўныя тыпы «знаючых»: «шаптуны» і «знахары». «Шаптунамі» называлі знахароў, якія нібыта ўспрынялі магічныя здольнасці ад Бога ці хрысціянскіх святых. Іх асноўная функцыя — папярэджанне і лячэнне хвароб людзей і жывёлы, якія мелі натуральныя прычыны ці былі вынікам ненаўмыснага чаравання. Крыніцай магічных ведаў «знахароў» лічылі нячыстую сілу. Апошняя нібыта надавала такім людзям звышнатуральныя здольнасці, якія маглі выкарыстоўвацца як у станоўчым, так і ў адмоўным кірунках. Слова «знахар» было найбольш агульным для другога тыпу «знаючых». Адначасова дадзеная назва мела нейтральна-станоўчы сэнс і абазначала носьбітаў знахарскіх ведаў гэтага тыпу, дзейнасць якіх была накіравана пераважна на дапамогу людзям. Словы «вядзьмар», «чараўнік», «чарнакніжнік» мелі негатыўны сэнс і абазначалі «знахароў», дзейнасць якіх мела пераважна адмоўны характар. Назва «варажбіт» характарызавала спецыялізацыю «знахароў» у адной з іх асноўных функцый — варажбе [1], [2]. У сваёй дзейнасці абодва тыпы «знаючых» практыкавалі варажбу, якая магла быць як самастойным кірункам знахарскай дзейнасці, так і складовай часткай іншага рытуалу. Пры гэтым спосабы варажбы «шаптуноў» і «знахароў» адрозніваліся.

Спосабы варажбы, якімі карысталіся «шаптуны», не патрабавалі прамога кантакту са звышнатуральнымі сіламі. У большасці выпадкаў іх варажба мела на мэце пастаноўку дыягназу пры лячэнні на аснове маніпуляцый з рознымі прадметамі, самаадчування і паводзін «шаптуна» і яго пацыента пры лячэнні, сноў і т. п. Таму варажба гэтага тыпу «знаючых» у асноўным складалася з дыягназу і вызначэння прычын хвароб. Напрыклад, Драцэвіч Марыя Фамінічна (1928 г.н., в. Баландзічы Іванаўскага раёна) прывяла наступны спосаб выяўлення «сурокаў» у чалавека: «На воду шчэ кыдаюць, это ўродзе, кубок змеш воды, а жэр там у пэчы, чы ў грубэ, чы шчо. Да трэба зноў, это од урокаў, это ўродзе помыслы такіе. То трэба кыдаты чы там ложкою, чы ножыком дзеўяць жарынок такых, о у воду там, у кубок чы ў шчо. Кыдаеш у воду, то кажуць, як потонуць, то ныхто нэ сурочыў, а як плавае там скылько, то это тыі ўрокы» [3, арк. 101]. У выпадку, калі дыягназ паставіць не атрымлівалася, нездаровы стан пацыента тлумачылі «сурокамі» і т. п. Э. Яленьска, апісваючы практыку адной са знахарак вёскі Камаровічы, адзначае: «Калі не можа пазнаць, якая хвароба, прыпісвае гэта ўрачэнню» [4, с. 62]. Семіход Марыя Антонаўна (1928 г.н., в. Губічы Буда-Кашалёўскага раёна, да 1986 г. пражывала ў в. Міхалёўка Брагінскага раёна) гаварыла, што «калі плоха станавілась, цемпература падымалась невядома ад чаго, дак казалі, што гэта мо ад людзей» [3, арк. 1]. Аналагічнымі былі спосабы варажбы «шаптуноў», якія выконваліся з іншай мэтай. Напрыклад, бабуля Цярлецкай Валянціны Антонаўны (1930 г.н., в. Дубае Пінскага раёна), каб вызначыць, ці падыходзіць яе ўнучцы шлюбны партнёр, кідала ў ваду хлеб, загадваючы пры гэтым, ці цяжарная першая жонка гэтага чалавека: «Моя стара бувало, вона хлеб кыдае, ну гэто можне хліб, вона ў воду кыдае <…>. Ну вона ў воду ўкідала, кажа: “Чы берэменна, чы будэ дэтына”? Ну то вона була берэменна, тая, яго перша жонка. То хлеб ўсплёў навэрх. А як патонэ, то кажэ, то нэма нычого, то нэма ныц» [3, арк. 109].

Варажба «знахароў» адбывалася нібыта з дапамогай непасрэднага кантакту з нячыстай сілай. У крыніцах у якасці спосабаў усталявання такіх кантактаў згадваюцца сны, назіранне за зорамі, маніпуляцыі з рознымі прадметамі і рэчывамі. А.К. Сержпутоўскі наступным чынам апісвае варажбу «знахароў»: «І вось прымхлівы беларус пры кожным няшчасці ідзе да “ведзьмака” па параду і дапамогу. Той ламаецца, і толькі пасля моцнай просьбы налівае з бутэлькі шклянку вады, і ўважліва глядзіць у яе, як бы жадаючы ў шклянцы вады ўбачыць разгадку няшчасця чалавека. Доўга разглядвае, варочае шклянку, качае галавой для большай важнасці, і, нарэшце, аб’яўляе, што “вельмі моцно ўздзеяно”, і што, маўляў, у полі завіта “заломка”. Глядзіць яшчэ ў шклянку і кажа, у колькіх кроках стаіць “заломка” ад той ці іншай дарогі ці мяжы. Некаторыя “ведзьмары” вядуць прасіцеля ноччу ў лес, разводзяць там вогнішча, прамаўляючы адпаведныя замовы, і глядзяць то ў вогнішча, стараючыся разгадаць лёс гэтага чалавека» [5, с. 4]. Яшчэ адным спосабам варажбы з’яўляліся сны. П.В. Шэйн паведамляе наступныя звесткі аб варажбе «знахара» ў Мазырскім павеце: «Калі ўжо нарэшце знахар дасць згоду дапамагчы каму-небудзь, то бярэ ад яго хусту ці шалік і кладзецца спаць у асобным ад усіх пакоі. Праспаўшы гадзіну, дзве ці тры, ён устае і пачынае даваць парады і настаўленні звярнуўшымся да яго» [6, с. 259]. Так званая «саламяная баба» з вёскі Сярэднія Печы Лельчыцкага раёна варажыла на печы з дапамогай саломы. Юшкевіч Марыя Андрэеўна (1927 г.н., в. Сярэднія Печы Лельчыцкага раёна) успамінае: «У нас у дзярэўні было й баба-ворожка ворожыла і на солому гадала, і ворожыла, і воду давала. А яна салому набярэ таку жменьку і круціць… і бачыць, шо ты… твою дзеўку тобе назове як яе зваць, на салому гледзячы» [3, арк. 37].

Яшчэ адным распаўсюджаным спосабам была варажба на картах. Фіцнер Вольга Іосіфаўна (1929 г.н., в. Грэбені Лельчыцкага раёна. Нарадзілася ў в. Жмурнае Лельчыцкага раёна) так апісвае варажбу «знахара» на картах: «Вот колісь у Добровэ чэловек быў, еслі с коровой, то он просто гадаў, гадаў. І кажэ, ну он знаў багато шота, дед і гоўорыў і он кажэ, шо вот хто зробіў, яка масць корові, што і хто зробіў, ето вон усе кажэ. І вон даваў воду. І ета, я ходіла до ёго, до того деда Піліпа, ну ўжэ его даўно нема. І вон і помогаецца. Я стояла, вон там гадаў, ён на карты, раскінуў карты, на карты, потом кніжку чытае, доўго кніжку чытаў» [3, арк. 29].

Пры гэтым лічылі, што паколькі «знахарам» у варажбе нібыта дапамагае нячыстая сіла і чакалі іх, што яны могуць бачыць, напрыклад, будучыню без усялякіх маніпуляцый. П.В. Шэйн прыводзіць гісторыю, запісаную ў Мазырскім павеце Мінскай губерніі, згодна з якой два браты паехалі да «знахара», каб даведацца, дзе лепш будаваць новую хату. Не застаўшы яго дома, яны засталіся яго чакаць, прычым малодшы залез на печ пагрэцца, а старэйшы застаўся за сталом. Калі «знахар» прыехаў, то, пасля таго як згадзіўся дапамагчы, адправіў старэйшага на вуліцу не ведаючы, што малодшы застаўся ў хаце. Далей П.В. Шэйн піша: «раптам за свістам знахара ўваходзіць у пакой, дзе ён знаходзіўся, малады чалавек, даволі прыстойна апрануты, з тросцю ў руках, але з хвастом ззаду і з рагамі на галаве, па ўсяму бачнаму, гэта быў нячысты дух (“анцыхраст”) і пытае знахара: што яму трэба? Знахар паведамляе, што прыйшоў чалавек і пытае яго, дзе пабудаваць хату. Нячысты кажа знахару, што на агародзе ў гэтага чалавека стаяць дзве ігрушы, адна з іх дае салодкія плады, а другая кіславатыя; няхай гэты гаспадар ссячэ лепшую ігрушу і там пабудуе дом. І будзе шчасліва і весела жыць. “А цану якую ўзяць з яго за параду?” пытае знахар у д’ябла. “Вазьмі 2 залатых (трыццаць коп.) і падзелім папалам”, — сказаў д’ябл і пайшоў» [6, с. 259]. Уласенка Наталля Рыгораўна (1944 г.н., в. Чамярысы Брагінскага раёна) у маладосці шмат хварэла. Па словах інфарманткі, яе муж стаў часта ёй здраджваць. Інфармантка так апісала сваю сустрэчу са «знахаркай», да якой яе прывёз муж: «Ох, а тая баба во такенная во, таўсценая, да, за етае, за качаргу, да ўслед за мною як пабяжыць, а ён сеў наўпроці двара, а яна бяжыць, а ў мяне ногі баляць, куды я пабягу? Я кажу: “Хоць, бабка, ўбівайце мяне, — кажу, — я, — кажу, — нікуды не пайду”. — “Дак ты, — кажа, — сюды ка мне, — кажа, — прывезла, блядуна, да й пасадзіла шчэ, — кажа, –ў мяне шчэ наўпроці двара”. — А адкуль яна знала (У.Г.)? — А яна ж знахарка!» [3, арк. 121]. У Нараўлянскім раёне аўтарам быў запісаны аповяд, згодна з якім маці і дачка пайшлі да мясцовай «знахаркі», каб даведацца, калі дачка выйдзе замуж. У якасці аплаты яны ўзялі сала і каўбасу. Але па дарозе дачцэ стала шкада каўбасы і яна схавала яе. Як толькі яны зайшлі да «знахаркі» ў хату, тая прагнала іх са словамі: «Пайшлі прэч! Не трэба мне вашай каўбасы»!

Пачынаючы з 1930-х гг. у знахарстве Беларускага Палесся пад уплывам сацыяльна-эканамічных, культурных працэсаў, пачынаюць адбывацца змены, вынікам якіх стала змяншэнне ролі знахарства ў жыцці грамадства, звужэнне знахарскай сферы дзейнасці. Моладзь у новых умовах часта не жадала пераймаць знахарскія веды, асабліва звязаныя з усталяваннем кантакту з нячыстай сілай. Напрыклад, Заяц Лукер’я Філіпаўна (1936 г.н., в. Буда-Сафіеўка Лельчыцкага раёна) адмовілася вучыцца спосабу варажбы, таму што пры гэтым неабходна было выклікаць душы няхрышчаных дзяцей: «Раньшэ есці ездзілі етые… ну не було ж ні пісем, ні ціліфоноў, яе мужык паехаў плавіць лес. Это ўжэ па рэчке. Гаворыць няма й няма месяц і другі, значыць мо ўтонуў ці ніхто нічого не сообшчае. А яе навучылі. Ты здзелай так. Я говору: “Вы мне тыя слава ўжэ не кажыце, я іх не хочу”. — Дак вы не ведаеце словы (У.Г.)? — Не, я іх не запамінала і не хацела. Ана гаворыць: “Мне такэ і такэ слава прымерно сказалі”. Я не знаю акія слава. І гаворыць: “Ляж на лаві такой пустой і этыя слава скажы і табе прыляцяць дзеткі няхрышчаныя, няхрышчаныя глаўно? і скажуць на славах: жывы ілі не”. Дак ана гаворыць: “Я это дзелала, ана мне сказала, і легла на лаві пустой, ано як начало шумець, як начало раўці над окнамі бура якая-то. А я, — гаворыць, — нічого не спутала, да спугалася, да пабегла, да ў дзеці легла спакойно. Да думаю: о, зрабіла! О, навучылі! Што сарвало цяпер крышу і сада ўсяго змотало”. Но я ёй… она мне это говорыла. А я говору: “Вы мне этыэ слава не паўтарайце, я іх не хочу панімаць ”. Вот это было. “А я, — кажа, — ўстала, нідзе не тронку… ні ветачка ні адна не ўпата, ні крыша ні снята, нічого”. Вот это ана мне расказала, і вот это ёй было у жызні. Ну ёй было ето, яна ўжэ не ўрала мне. Она это говорыла і понімала» [3, с. 57].

Так, у выніку практычна поўнага знікнення «знахароў» як асобнага тыпу «знаючых» у рэгіёне, звужэння знахарскіх функцый, а таксама негатыўнага стаўлення многіх «шаптух» да гэтага кірунку дзейнасці, варажба ў знахарскай практыцы Беларускага Палесся ў канцы ХХ — пачатку ХХІ ст. выкарыстоўваецца пераважна для пастаноўкі дыягназу пры лячэнні хвароб, што вызначае асноўныя спосабы варажбы, якія захоўваюцца ў знахарстве. Некаторыя «шаптухі» ўвогуле адмаўляюць наяўнасць у іх спецыяльных спосабаў пастаноўкі дыягназу, а вызначаюць праблему, напрыклад хваробу, па апісанні сімптомаў самім хворым і па сваіх назіраннях. Напрыклад, Семіход Марыя Антонаўна (1928 г.н., в. Губічы Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці, да 1986 г. пражывала ў в. Міхалёўка Брагінскага раёна) паведаміла: «Прыходзяць і кажуць: “Вот, палячы мне руку, ці зляк, я спужаўся”» [3, арк. 1]. Аднак большасць знахароў маюць пэўныя спосабы вызначэння дыягназу. Адным з найбольш распаўсюджаных з’яўляецца чытанне знахарамі замоў, якія яны ведаюць, над хворым. Лічаць, што на якой замове «шаптуха» пачынае моцна пазяхаць («аж рот раздзірае»), ад той хваробы і неабходна лячыць чалавека. Скачок Кацярына Рыгораўна (1936 г.н., в. Старая Буда Буда-Кашалёўскага раёна. Да 1986 г. пражывала ў в. Міхалёўка Брагінскага раёна) гаворыць наступнае: «Яно як іспужаецца або ўрок, дак міне тады да тых пор пазяхаецца, мне плоха самой, і пазяхаецца, няльга слова сказаць» [3, арк. 11]. Асобныя знахары, у прыватнасці Краўчэня Галіна Ігнацьеўна (1939 г.н., в. Чырвонабярэжжа Лельчыцкага раёна. Нарадзілася ў в. Храпунь Столінскага раёна), прытрымліваюцца думкі, што пазяхаць павінен не знахар, а пацыент: «Онэ ўжэ я там бачу, чоловек еслі йе ў яго ета болезнь, то ён начынае пазяхаць, пацягваццаўжэ, это вонаў его йе. Еслі не будзе так, тоў его нема ее» [3, арк. 65].

Некаторыя знахары, у прыватнасці Касцючэнка Ніна Іванаўна (1944 г.н., в. Губічы Буда-Кашалёўскага раёна, да 1986 г. пражывала ў в. Кулажын Брагінскага раёна), вызначаюць хваробу, прыклаўшы рукі да цела пацыента: «Ну, ва-первых, я ачушчаю рукамі. Вот, бальное места я ачушчаю рукамі. Еслі я вот чалавека начынаю лячыць, і рукамі сваімі датрагуюся, ён вот тожа ачушчае, вот, гаворыць “лёгкасць такая, харашо ”, другія спаць хочуць. А другія гавораць мурашкі ідуць, калючачкі такія вот» [3, арк. 8]. Існуюць спосабы пастаноўкі дыягназу, якія прымяняюцца падчас вызначэння асобных хвароб. У гэтым выпадку яны складаюць частку непасрэдна абраду лячэння. Напрыклад, пры лячэнні «рожы» знахарка сочыць, як будзе гарэць падпалены лён, які выкарыстоўваецца ў лячэнні. Калі попел ад ільну ляціць уверх, лічаць, што чалавек хворы на «рожу». У адваротным выпадку прычына хваробы іншая. Краўчэня Галіна Ігнацьеўна (1939 г.н., в. Чырвонабярэжжа Лельчыцкага раёна. Нарадзілася ў в. Храпунь Столінскага раёна) гаворыць наступнае: «І вонэ як рожа есцека, вона эта рожа дзейсцвіцельна, вонэ этэ зназу понесе ўгору, ўгору ўсе эта пыль полеціць, но як нема рожы, то вонэ не будзе, будзе лежаць у мене на месці» [3, арк. 65].

Аднак да пачатку ХХІ ст. захавалася варажба і як самастойная знахарская функцыя. У пераважнай большасці працягваюць існаваць тыя яе спосабы, якія не патрабуюць, на думку інфармантаў, непасрэднага выклікання нячыстай сілы. Найбольш распаўсюджанай на тэрыторыі Беларускага Палесся ў канцы ХХ — пачатку ХХІ ст. з’яўляецца варажба на картах [3, арк. 27], а таксама «залажванне на сон». Пры «залажванні на сон» знахар пераказвае перад сном спецыяльную замову, у якой загадвае даведацца аб пэўнай з’яве, напрыклад, пра зніклага чалавека. Пасля тлумачыць чалавеку, які да яго звярнуўся, убачанае ў сне і дае далейшыя рэкамендацыі. Кудзінь Ядвіга Іванаўна (1925 г.н., г.п. Лельчыцы Лельчыцкага раёна. Нарадзілася ў в. Заходы Лельчыцкага раёна) так «залажвае на сон»: «На сон так нада. Памаліцца Очэ наш, лажыцца спаць з ні кім ні гаварыць. Самаму. Еслі хто обозвецца, значыцца не спраўдзіцца». Далейшы ўрывак, у якім інфармантка распавядае як яна варажыла з мэтай знайсці мужчыну, які паехаў на заробкі ў Санкт-Пецярбург і знік, раскрывае працэс тлумачэння сну і рэкамендацый па далейшых дзеяннях: «Вот. Сніцца, я залажую на сон, сніцца мне, так, дай Божа памяць правільно скозаць. А, сніцца мне много-много людзей, большэство мужчын. Мужчыны, мужчыны такія вот, много-много. С ніх адзін мужчына такой, харошы такой, сімпацічны, усё ка мне, как будта бы сімпацізіруе мне, тот мужчына, как будто бы што-та такое хоча мне сказаць, но што. Ну, на етом я і проснулася. Я проснулась, подумала, значыцца он жывой, а дзе-то бомжом. Это ў Ленінградзе бомжом. Ілі можа этыя, он у армян, у армян там зарабатваў, арбузы там прадаваў немного ўсе, эта, работал там. Можа быць аны яго, а ў яго дакумэнтаў нікакіх няма. Можа быць аны яго забраліз сабою. Гавораць: “От, паработай. Му цябе тое, другое”» [3, арк. 22].

Некаторыя інфарманты ўсё ж прызнаваліся ў валоданні спосабамі варажбы, характэрнымі для «знахароў». Напрыклад, Васкалей Ерына Аляксандраўна (1941 г.н., в. Чорнава Пінскага раёна), якую вучыў «знахар», варожыць наступным чынам: «Я выйду, ў тээ вокно (маецца на ўвазе адно з вакон хаты, на якое выходзіць глядзець «знахарка».У.Г.), я ўсігда выходжу ў двенаццаць часоў, і я бачу, чы вона жыты мэ з ім, чы він другу мае» [3, арк. 112]. Кузьміч Фядора Мартынаўна (1923 г.н., в. Баландзічы Іванаўскага раёна) знайшла цела патануўшага чалавека з дапамогай свечкі і хлеба. Інфармантка стаяла на беразе, трымаючы свечку ў руках, і шаптала спецыяльную замову. У гэты час з лодкі пускалі хлеб, які павінен быў спыніцца на тым месцы, дзе знаходзіўся тапелец: «Я свечку ў руках дзержала, а хлеб пускала» [3, арк. 98]. Па словах інфарманткі: «Гэто молітва плохая», у ёй неабходна выклікаць нячыстую сілу [3, арк. 98].

Такім чынам, варжба з’яўлялася важным кірункам дзейнасці ў знахарскай практыцы Беларускага Палесся ў першай трэці ХХ ст. Варажбу ў сваёй практыцы выкарыстоўвалі як «шаптуны», так і «знахары»: першыя пераважна як спосаб пастаноўкі дыягназу пры лячэнні хвароб, другія — таксама для парадказання будучыні і адказу на розныя пытанні. Аднак у выніку эвалюцыі знахарства з 1930-х гг. сфера прымяненя варажбы ў знахарскай практыцы Беларускага Палесся звузілася. У выніку гэтых працэсаў, у канцы ХХ — пачатку ХХІ ст. варажба выкарыстоўваецца ў знахарскай практыцы пераважна з мэтай пастаноўкі дыягназу пры лячэнні хвароб. Захавалася варажба і як асобная функцыя. Пры гэтым захоўваюцца пераважна рытуалы, якія, на думку насельніцтва, не патрабуюць непасрэднай сувязі з нячыстай сілай.

Літаратура

  1. Ганчар, У.А. Тыпы «знаючых» у Беларускім Палессі і іх змены ў ХХ — пачатку ХХІ ст. / У.А. Ганчар // Весці Палесскага дзяржаўнага універсітэта. Сер. грамад. і гуманітар. навук. — 2011. — № 1. — С. 20-26.
  2. Ганчар, У.А. Эвалюцыя знахарства ў Беларускім Палессі ў ХХ — пачатку ХХІ ст.: аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук: 07.00.07 / У.А. Ганчар; ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі». — Мінск, 2013. — 22 с.
  3. Архіў аддзела Народазнаўства «Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы» (філіял дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»). — Фонд 6. — Воп. 14. — Спр. 152.
  4. Jelenska, E. WiesKomarowiczewpowiecieMozyrskim / E. Jelenska. — Warszawa: J. Jezynski, 1892. — 83 s.
  5. Сержпутовский, А.К. О завитках в Белоруссии: очерк из жизни крестьян южной полесской части Слуцкого уезда, Минской губернии / А.К. Сержпутовский. — СПб.: Т-во И.Н. Кушнерев и К. Тип. М-ва путей сообщенения, 1909. — 6 с.
  6. Шейн, П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-западного края, собранные и приведенные в порядок П.В. Шейном / П.В. Шейн. — СПб.: Тип. Имп. Акад. Наук, 1887-1902. — Т. 3: Описание жилища, одежды, пищи, занятий; препровождение времени, игры, верования, обычное право; чародейство, колдовство, знахарство, лечение болезней, средства от напастей, поверья, суеверья, приметы и т.д. — 1902. — 535 с. — (Сборник Отделения русского языка и словесности Академии наук; Т. 72, № 4).


Аўтар:
У.А. Ганчар
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, Гуманитарные науки, № 4 (91), 2015, С. 32-36.