Ня так даўно ў Гомелі адбылася прэзентацыя Еўрапейскага клуба – грамадскай пляцоўкі, якая мае на мэце наблізіць Еўропу да жыхароў Гомеля ды Гомельшчыны.
У межах дзейнасці Еўраклуба будуць адбывацца адкрытыя культурніцкія мерапрыемствы: сустрэчы з цікавымі людзьмі, якія маюць досьвед вучобы ці пражывання ў Еўропе, сэмінары, экскурсіі ў Еўразьвяз. Прадугледжана стварэнне вялікай інфармацыйнай базы пра Еўропу: бібліятэкі ды фільматэкі. Гомельскі еўраклуб ужо мае ўласны сайт ды друкаваны штомесячны бюлецень з інфармацыяй пра самыя разнастайныя бакі жыцця Еўропы: навучанне, турызм, візавая падтрымка, культурніцкае жыццё, еўрапейскія амбасады ў Беларусі і беларускія амбасады ў краінах Еўропы, карта еўрапейскіх распродажаў ды інш.
“Мэта клуба – зрабіць еўрапейскія каштоўнасці, лад жыцця і культуру на крок бліжэй да нас – кажа старшыня клуба Пётр Філон – паводле статыстыкі, каля 60 % жыхароў Беларусі ніколі не былі ў Еўропе. З другога боку, ўсё тая ж статыстыка цвердзіць, штогод няўхільна расце колькасць прыхільнікаў інтэгравання ў Еўропай”.
Актывісты еўраклуба плануюць стварыць мінімум у трох раённых цэнтрах Гомельшчыны свае філіялы. У будучыні яны маюць вельмі амбітыня планы зрабіць еўраклуб інфармацыйным, адукацыйна-асветніцкім, турыстычна – кансультатыўным цэнтрам для ўсіх людзей, якіх цікавіць Еўропа.
“Я перакананы, што калісьці нашая краіна прыме рашэнне далучыцца да Еўразьвязу” – кажа старшыня грамадскай арганізацыі ГДФ Пётр Кузняцоў – “і гэтае рашэнне будзе прынята на рэферэндуме. У тым ліку, гэта адбудзецца, дзякуючы намаганням еўраклубаў.
Беларусы стаяць зараз перад выбарам: ці далучыцца да ўсходняй цывілізацыі ці да заходняй. У нашым разуменні, еўрапейскі выбар – гэта, перадусім, каштоўнасны выбар, калі краіна свядома далучаецца да тых народаў, дзе шануюцца правы чалавека, дзе годнасць вера і сумленне маюць першаснае значэнне. Добрыя перспектывы Беларусі звязаны з прыналежнасцю да еўрапейскай цывілізацыі”.
Еўрапейскія клубы- ініцыятыва, якая мае распаўсюд па ўсёй Беларусі. Ужо паўсталі еўраклубы ў Магілеве, Гародне ды Берасці.
Аўтар: Ларыса Шчыракова