Уводзіны
…Яшчэ калі я вучылася ў чацвёртым класе, мая старэйшая сястра, якая тады была дзесяцікласніцай, брала ўдзел у маладзёвай археалагічнай экспедыцыі, якая была арганізавана ў Светлагорску, а праводзілася ў Магілёўскай вобласці. Канешне, у яе было шмат уражанняў, якімі яна са мной падзялілася. Мяне гэта вельмі зацікавіла, і ў мяне з’явілася жаданне калі-небудзь паўдзельнічаць у экспедыцыі такога тыпу. У 2005 г. я даведалася пра тое, што ў час летніх канікул плануецца археалагічная экспедыцыя для раскопак каля в. Адрубы Жлобінскага раёна. Я адразу вырашыла ўзяць удзел у экспедыцыі.
Трэба сказаць, што экспедыцыя пакінула ў мяне шмат добрых уражанняў. Таму гэтую маю працу я таксама вырашыла прысвяціць удзелу моладзі ў археалагічных экспедыцыях у нашым краі.
Узяўшы ўдзел у экспедыцыях, я заўважыла дзве цікавыя адметнасці. Першая заключаецца ў тым, што ў экспедыцыях бярэ ўдзел і моладзь з іншых краінаў Еўропы, і можна заўважыць, як у замежных удзельнікаў праяўляецца інтарэс да Беларусі і да яе гісторыі. Беларускія удзельнікі экспедыцый, у сваю чаргу, таксама вельмі цікавяцца культурай іншых еўрапейскіх краін. У экспедыцыях заўважна, што еўрапейцы лічаць Беларусь часткай Еўропы, і беларусы таксама лічаць сябе яе неад’емнай часткай. Другая адметнасць у тым , што у ходзе раскопак можна выявіць такія знаходкі, якія могуць давесці да нас тое, што нават у старажытнасці беларускія землі былі ўключаны ў агульнаеўрапейскія працэсы. Задачамі сваёй працы я лічу: 1) расказаць аб удзеле моладзі з Беларусі і іншых краін Еўропы ў археалагічных экспедыцыях, якія арганізоўваюцца ў Светлагорску; 2) распавесці пра старадаўнія знаходкі, якія зноўдзены ў Светлагорскім раёне і сведчаць аб тым, што ад старажытных часоў беларускія землі былі ўключаны ў агульнаеўрапейскія кантакты.
Выказваю ўдзячнасць старшаму навуковаму супрацоўніку аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, кандыдату гістарычных навук Наталлі Мікалаеўне Дубіцкай, якая аказала мне садзеянне ў падрыхтоўцы гэтай працы.
1. Маладзёвыя археалагічныя экспедыцыі, якія арганізуюцца ў Светлагорску: міжнародны удзел
Палявыя археалагічныя даследванні часта арганізуюцца ў форме археалагічных экспедыцый. Археалагічная экспедыцыя – гэта спецыяльна падрыхтаванае мерапрыемства для археалагічных разведак і раскопак, якое выконвае група людзей. У экспедыцыях абавязкова бяруць удзел спецыялісты па археалогіі, а таксама ў іх могуць працаваць і іншыя ўдзельнікі – напрыклад, студэнты і навучэнцы.
З 1997 г. у горадзе Светлагорску арганізуюцца маладзёвыя археалагічныя экспедыцыі. Іх удзельнікі – ў асноўным навучэнцы старэйшых класаў і студэнты, якія цікавяцца гісторыяй, краязнаўствам і турызмам. Да іх могуць далучацца навучэнцы і студэнты з іншых гарадоў і нават краін. Усе яны бяруць удзел у раскопках дабраахвотна. Першапачаткова экспедыцыі наладжвала філія Нацыянага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, якая дзейнічала ў Светлагорску ў 1993 – 2001 гг. З 2002 года экспедыцыі наладжвае Светлагорская раённая арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
Экспедыцыі, якія фарміруюцца ў Светлагорску, маюць свой лік: 1997 г. – І, ІІ[2]; 1998 г. – ІII, IV; 1999 г. – V; 2000 г. – VI;[3] 2001 г. – VII;[4]2002 г. – VIII[5]; 2004 г. – IX; 2005 г. – Х.[6]
экспедыцыях бяруць удзел і валанцёры з розных краін Еўропы: Бельгіі, Венгрыі, Германіі, Італіі, Нідэрландаў, Францыі, Швейцарыі, Швецыі.
Археалагічныя раскопкі праводзяцца, як правіла, толькі ўручную. Праца на раскопе павінна быць уважлівай і зацікаўленай. Гэтая зацікаўленасць часам можа прывесці да сур’ёзнага навуковага захаплення гісторыяй. Напрыклад, Алена Семянец, з’яўляючыся навучэнкай 10 класа, двойчы брала ўдзел у экспедыцыях і выявіла на гарадзішчы Адрубы рэдкую знаходку – мініяцюрны сасуд са старажытным арнаментам, у якім некаторыя даследчыкі бачаць сімвалічны надпіс. Пасля заканчэння гістарычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Францыска Скарыны А. Семянец рыхтуецца ў Германіі да працягу навучання ў адным з універсітэтаў, дзе мае намер вывучаць егіпталогію (навука аб старажытнаегіпецкай цывілізацыі).
Досвед самастойнасці і самакіравання, які атрымліваюць удзельнікі ў экспедыцыях, а таксама міжкультурныя кантакты паміж беларускімі і замежнымі ўдзельнікамі экспедыцый спрыяюць таму, што многія з беларускіх удзельнікаў экспедыцый у далейшым становяцца студэнтамі універсітэтаў у розных краінах свету. У экспедыцыях бралі ўдзел навучэнцы, якія затым паспяхова сталі студэнтамі ў шэрагу іншых краін, у тым ліку – Алена Калеснікава (універсітэт г. Гановер, Германія), Вольга Кудраўцава (універсітэт шт. Вашынгтон, ЗША), Крысціна Мірчук (універсітэт г. Браўншвайг, Германія), Ганна Трубека (універсітэт Сарбона, Парыж, Францыя) і іншыя.
Некалькі маладзёвых экспедыцый працавалі на раскопках на гарадзішчы Адрубы. Гарадзішча каля вескі Адрубы (Кабанаўскі сельскі Савет, Жлобінскі раён Гомельскай вобласці) выявіў у 1977 г. археолаг У. П. Ксяндзоў. Гарадзішча знаходзіцца прыкладна за 0,5 км на паўночны захад ад вескі, ва ўрочышчы Гарадок, на левым беразе ракі Бярэзіна.
Раскопкі на гарадзішчы Адрубы вядуцца пад навуковым кіраўніцтвам Н. М. Дубіцкай.
2. Як праводзяцца экспедыцыі
Я брала ўдзел у экспедыцыях на гарадзішчы Адрубы, якія праводзіліся ў 2005 і 2006 гг. Вось што можна расказаць пра тое, як звычайна праводзяцца экспедыцыі.
Экспедыцыя пачынаецца з 15-кіламетровай пешаходнай вандроўкі ад бліжэйшай чыгуначнай станцыі (куды ўся група едзе на цягніку) да месца раскопак. Затым – абсталяванне летніку. Намёты і ўсё астатняе ў летніку ставяць самі ўдзельнікі, і нават тым, хто не ўмее гэта рабіць, даводзіцца вучыцца. Сваё жыллё удзельнікі прадумваюць і на выпадак дажджу: для гэтага верх намётаў пакрываюць цэлафанам. Пасля ўсталявання летніку пачынаецца праца над колышкамі, якія патрэбны для разметкі раскопаў. Праз дзень пачынаюцца і самі раскопкі.
Працоўны дзень пачынаецца рана. Пасля сняданку (ежу ўдзельнікі экспедыцыі гатуюць самі) кожны мае трошкі вольнага часу. Затым пачынаюцца раскопкі – самая цікавая і цяжкая частка дня. Хлопцы капаюць, а дзяўчыны перабіраюць культурны слой.
Раскопкі вядуцца па ўчастках – раскопах. Раскопы разбіваюцца на квадраты. На гарадзішчы Адрубы квадраты робяцца памерам 2 х 2 м. З раскопаў вымаецца і ўважліва перабіраецца культурны слой – пласт зямлі, які ўтварыўся ў старажытнасці ў выніку жыцця і дзейнасці людзей. У ім трэба выявіць усе – нават самыя маленькія – прадметы. На кожным квадраце працуюць па 2 – 3 навучэнца, якія звычайна раскопваць квадрат за 1 дзень.
Экспедыцыя доўжыцца 15 дзён. Ва усіх, хто бярэ ўдзел у раскопках, яна пакідае добрыя ўражанні.
3. Некаторыя навуковыя вынікі экспедыцый
Практычным унёскам беларускіх і замежных удзельнікаў экспедыцый у даследаванне гістарычнай спадчыны Беларусі з’яўляецца выяўленне індывідуальных (найбольш адметных) масавых знаходак. Каб паказаць гэты ўнёсак, коратка спынімся на навуковых выніках экспедыцый у Адрубах.
Усе знаходкі, якія выяўлены ў ходзе раскопак, археолагі па ступені важнасці падзяляюць на 2 групы: індывідуальныя (найбольш істотныя) і масавыя. Знаходкі з гарадзішча Адрубы захоўваюцца ў фондах Інстытута гісторыі.Паспрабуем зрабіць высновы аб тым, пра што сведчаць вынікі раскопак гарадзішча Адрубы.
Па рэдкіх знаходках крэмневых рэчаў можна меркаваць аб тым, што ўпершыню пасяленне ўзнікла на гэтым месцы ў ранні перыяд бронзавага веку. Гэта паццвярджаецца і знаходкамі некалькіх фрагментаў глінянага посуду эпохі бронзы. Значыць, у той час тут было невялікае неўмацаванае паселішча, яго культурны слой практычна не захаваўся.
Значна пазней – у ранні перыяд жалезнага веку, прыблізна ў VI–V ст.ст. да н. э. – сюды прыйшлі людзі мілаградскай культуры, і гэтае месца было заселена ў другі раз. Затым яны збудавалі тут гарадзішча. Натуральнае ўзвышша, якое з паўднёвага боку абаронена ракой, а з усходняга і заходняга – ярамі, было ўмацавана наступным чынам. З паўночнага (напольнага) боку прарылі глыбокі роў, які з абодвух канцоў злучылі з ярамі. Яры, верагодна, паглыбілі. Такім чынам, вакол гарадзішча утварыўся суцэльны роў, які, відавочна, запаўняўся з ракі вадой самацёкам. Адхілы ўзвышша зрабілі больш адвеснымі. Зямлю з ірва і адхілаў паднялі наверх і выкарысталі для насыпкі валу, які быў узведзены з усіх бакоў, акрамя рачнога. Верагодна, па валу была ўзведзена абарончая сцяна ў выглядзе частаколу з дубовых бярвенняў. У адным месцы з напольнага боку быў зроблены ўезд праз роў па мосце (які мог падымацца на канатах) і вароты.
На гарадзішчы звычайна жыў адзін род – 50–75 чалавек.[8] Культурны слой найбольш глыбокі ва ўсходняй (верхняй) частцы гарадзішча – верагодна, тут і знаходзіліся жылішчы і іншыя пабудовы. Заходняя (ніжняя) частка, дзе культурны слой меньш, магла быць своеасаблівай плошчай, на якой, напрыклад, рабіліся розныя працы, альбо праводзіліся сходы: значныя памеры гарадзішча, на меркаванне Н. М. Дубіцкай, сведчаць аб тым, што яно магло быць цэнтрам тэрыторыі племені.
Мяркуючы па знаходках, жыхары гарадзішча займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Аб земляробстве сведчаць адбіткі зерня на гліняных вырабах. Вырошчвалі, прынамсі, проса, ячмень і бабы. Занятак земляробствам паццвярджае і знаходка нажа, які мае серпападобную форму. Выяўлены косці свойскіх жывёлаў. Жыхары гарадзішча мелі буйную рагатую жывёлу, коняў, авечак і коз.
Тут развіваліся такія рамёствы, як ганчарства (на гарадзішчы выяўлены разнастайныя фрагменты гліняных вырабаў), прадзіва і ткацтва (аб гэтым сведчаць знаходкі вераценных грузікаў), металургія (знаходка тыгеляў і мноства шлаку) і металаапрацоўка (знаходкі жалезных вырабаў).
На маё меркаванне, тутэйшыя жыхары вялі абмен (гандаль) з плямёнамі суседніх зямель. На гарадзішчы выяўлены бронзавыя вырабы, а, як вядома, бронза на тэрыторыі Беларусі не здабываецца – яна мае азіяцкае паходжанне. Шкляная пацерка, верагодна, выраблена ў Прычарнамор’і.
Пасля сыходу мілаградскага насельніцтва гарадзішча было паўторна заселена людзьмі зарубінецкай культуры. На гарадзішчы не выяўлена слядоў разбурэнняў ці пажараў, таму, верагодна, змена насельніцтва адбылася мірна. Калі і як гэта адбылося, магчыма, будзе высветлена ў ходзе будучых раскопак.
4. Сведчанні аб еўрапейскіх кантактах беларускіх зямель у старажытнасці.
Як я адзначыла ва ўводзінах да гэтай працы, другой адметнасцю археалагічных даследванняў з’ яўляецца тое, што сустракаюцца знаходкі, якія сведчаць: беларускія землі былі ўключаны ў агульнаеўрапейскія кантакты ад старажытных часоў. Раскажу аб дзвюх рэдкіх знаходках на тэрыторыі нашага раёна за апошнія два гады. Абедзве знаходкі – наканечнікі халоднай зброі.
У в. Якімава Слабада быў выяўлены жалезны наканечнік кап’я. У выніку даследвання ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі было вызначана, што гэта – першая знаходка такога тыпу ў нашай краіне. Дадзены наканечнік адносіцца да франкскага тыпу. Вядома, што наканечнікі такой формы ўпершыню сталі вырабляць у ІV – V стагоддзях у Заходняй Еўропе, на франкскіх землях. Адтуль гэты тып перанялі ў Цэнтральнай Еўропе. Дагэтуль бліжэйшы аналагічны наканечнік быў выяўлены ў Літве, пры археалагічных раскопках каля населенага пункта Каштаўналяй. Наканечнік, які выяўлены ў в. Якімава Слабада, адносіцца прыкладна да VІІ – VІІІ стагоддзяў. Выраблены ён спосабам коўкі, дастаткова добра захаваўся і можа быць рэстаўраваны.[9].
VІІ-VІІІ стагоддзі ў гісторыі Беларусі былі адносна мірным часам. У гэтыя стагоддзі набліжаўся да заканчэння перыяд жалезнага веку – апошні перыяд эпохі першабытнаабшчыннага ладу. На поўдні краіны ў гэты час пачала складвацца славянская супольнасць – плямёны дрыгавічоў (якія пазней – у X стагоддзі – утварылі Тураўскае княства)[10]. Можна меркаваць, што падобныя коп’і ў той час уваходзілі ва ўзбраенне мясцовых воінаў – мужчын-супляменнікаў, якія абаранялі свой край ў выпадках ваеннай небяспекі.
У 2005 г. ў Светлагорскім раёне быў выяўлены яшчэ адзін старадаўні наканечнік кап’я. І гэтую знаходку перадалі для вывучэння ў Інстытут гісторыі. Яе абследвалі спецыялісты па старадаўняй зброі з розных аддзелаў гэтага Інстытута. Навукоўцы зрабілі сэнсацыйную выснову: гэтая рэч – таксама наканечнік кап’я франкскага тыпу, але больш позні – VIII – IX стагоддзяў. Падобнага яму ні ў Беларусі, ні ў шэрагу суседніх краінаў дагэтуль не выяўлялі. Бліжэйшыя 2 падобныя наканечнікі захоўваюцца ў музеі ў Ноўгарадзе (Расія) і ў музеі горада Ужгарад (Закарпацкая вобласць, Украіна).
Як лічыць Н. М. Дубіцкая, дадзены наканечнік кап’я выраблены ў нашым краі. VIII – IX стагоддзі – гэта час, калі на тэрыторыі нашага краю завяршалася фарміраванне старажытнаславянскага саюза плямён дрыгавічоў[11]. Нагадаем, што першыя летапісныя звесткі аб Тураве – цэнтры дрыгавічоў – адносяцца да Х стагоддзя (980 г.). Наканечнік кап’я мае высокую для таго часу якасць, выраблены з добрай сталі – аб гэтым сведчыць тое, што ён выдатна захаваўся. Відавочна, кап’ё мае дрыгавіцкае паходжаньне. Знаходка значна дапаўняе зьвесткі па матэрыяльнай культуры беларускіх зямель таго часу.
Заключэнне.
Такім чынам, археалагічныя экспедыцыі – гэта адна са справаў, якая дапамагае ўбачыць, што яшчэ ад старажытных часоў беларускія землі з’яўляліся часткай агульнай еўрапейскай прасторы.
Другой высновай, якую можна зрабіць: моладзь краінаў Еўропы прыязджае браць удзел у беларускіх археалагічных экспедыцыях у якасці валанцёраў, і ў гэтым праяўляецца інтарэс да беларускай гісторыі і культуры. У міжнародных экспедыцыях заўважна тое, што ў беларускай і еўрапейскай моладзі ёсць шмат агульнага ў поглядах на сучасны свет.
Відавочна, што і ў старажытнасці, і ў нашыя часы Беларусь з’яўляецца неад’емнай часткай Еўропы.
Дадаткі
Фота 1. Агульны выгляд раскопа у час працы экспедыцыі.
Фота 2. Сумесная праца беларускіх і замежных валанцёраў; у цэнтры: Алена Калеснікава, цяпер – студэнтка універсітэта г. Гановер, Германія.
Фота 3. Валанцёры з розных краінаў у летніку экспедыцыі.
Фота 4. Пачатак аднаго з раскопаў.
Фота 5. У час працы на раскопе.
Літаратура
- Дайнека І. Два тыдні далёка ад цывілізацыі// Регион-вести. 2002. № 24. С. 3.
- Загорульский Э. М. Начало формирования населения Беларуси. Мн. 1996.
- Зыкун Н. Дакрануліся да гісторыі // Ранак-плюс, 2006, № 35. Гл. таксама: http://www.ranak.by/plus/viewrp.php?id=1522
- Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі. Мн. 1995.
- Каваленка А. Дзве экспедыцыі //Светлагорскія навіны, 2006, 26 верасня, ст. 3.
- Kараткевіч М. Лета, вандроўка, гісторыя // Свабода, 2006, № 15, с. 8.
- Кузьміна Г. Адчуць сябе даследчыкам// Регион-вести. 2001. № 23. С. 2.
- Мірчук М. На раскопках// Светлагорскія навіны. 2005. № 125 – 126. С. 6.
- Пуцейка А. Міжнародная валанцёрская экспедыцыя// Вячэрняя газета. 1997. № 27. С. 3.
- Раманцоў В. Краязнаўчыя экспедыцыі маюць патрыятычнае значэнне// Ранак-плюс. 2004. № 29. С. 7.
- Раманцоў В. Сенсацыйная знаходка ў Якімавай Слабадзе// Ранак-плюс. 2005. № 21. С. 4.
- Рогалев А. Ф. Белая Русь и белорусы (в поисках истоков). Гомель. 1994.
- Русенка А. Разам з сябрамі// Регион-вести. 2003. № 30. С. 2.
- Гарадзішча Адрубы, ці падарожжа на 2500 гадоў таму назад // Новы дзень, 2006, 29 жніўня, с. 2. Гл. таксама:Краязнаўчая газета, 2006, № 32.
- Шчыракова Л. Раскопкі на Бярэзіне // Грамадзянскія ініцыятывы, 2006, № 7 – 8, с. 7, 8.
[1] Раманцоў В. Краязнаўчыя экспедыцыі маюць патрыятычнае значэнне// Ранак-плюс. 2004. № 29. С. 7.
[2] Пуцейка А. Міжнародная валанцёрская экспедыцыя// Вячэрняя газета. 1997. № 27. С. 3.
[3] Кузьміна Г. Адчуць сябе даследчыкам// Регион-вести. 2001. № 23. С. 2.
[4] Дайнека І. Два тыдні далёка ад цывілізацыі// Регион-вести. 2002. № 24. С. 3.
[5] Русенка А. Разам з сябрамі// Регион-вести. 2003. № 30. С. 2.
[6] Мірчук М. На раскопках// Светлагорскія навіны. 2005. № 125 – 126. С. 6.
[7] Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць. Мн. 1985. С. 172.
Аўтар: Мірчук Марыяна