Эўфанічныя сродкі выяўленчай выразнасці: рыфма ў каляндарна-абрадавых песнях Гомельшчыны

0
878
Эўфанічныя сродкі выяўленчай выразнасці рыфма ў каляндарна-абрадавых песнях Гомельшчыны

Народнапесенная творчасць з’яўляецца вышэйшым узроўнем вобразна-паэтычнага адлюстравання аб’ектыўнай рэчаіснасці. У абрадавых песнях, як у люстэрку, адбіліся паўсядзённыя клопаты нашага народа, святочныя ўрачыстасці, важнейшыя падзеі сямейнага жыцця. Меладычныя і пявучыя, вобразныя і яскравыя, выразныя і эмацыянальныя, народнапесенныя творы не страчваюць сваёй актуальнасці і ў наш час і з’яўляюцца багатай крыніцай для даследавання. Іх вобразы абапіраюцца на разнастайныя моўныя сродкі выяўленчай выразнасці, першаступеннае месца ў складзе якіх займае гукапіс. Важнейшая роля эўфанічнага афармлення песні заканамерна абумоўлена яе арганічнай сувяззю з мелодыкай, таму што «народнае вершасказанне, як вядома, грунтуецца на меласе, і ўсе гукавыя паўторы падпарадкаваны музычным заканамернасцям» [1, с. 204].

У сістэму эўфанічных сродкаў выяўленчай выразнасці ўваходзіць таксама рыфма-паўтаральная сугучнасць асобных слоў ці частак на адных і тых жа месцах у вершаваных радках, якая адрозніваецца ад іншых гукавых паўтораў усталяванасцю пазіцыі [2, с. 301].

Аб’ектам нашага даследавання з’яўляюцца каляндарна-абрадавыя песні, прадметам вывучэння — рыфма як сродак выяўленчай выразнасці, крыніцай фактычнага матэрыялу — запісы, зробленыя на тэрыторыі Гомельскай вобласці.

Як адзначаюць даследчыкі рытмічнай структуры верша, у народным вершаскладанні рыфма не адыгрывае колькі-небудзь значнай рытмаўтваральнай і арганізуючай ролі. Слабасць рыфмы з дастатковай паўнатой кампенсуецца іншымі відамі гукавых паўтораў [1, с. 204; 3, с. 114]. Тым не менш фактычны матэрыял каляндарна-абрадавай песеннай творчасці Гомельшчыны паказвае багацце, разнастайнасць і значны экспрэсіўны патэнцыял рыфмоўкі народнапаэтычнага слова.

У каляндарна-абрадавых песнях сустракаюцца амаль усе тыпы рыфм. Часцей за ўсё рыфма бывае ў канцы радкоў. Як адзначае В. П. Рагойша, сугучнасць слоў у канцы вершаваных радкоў — адзін з галоўных рытмастваральных кампанентаў верша [4, с. 26].

Як сведчыць фактычны матэрыял, словы, што рыфмуюцца ў песні, найбольш важныя ў змесце, нярэдка яны вызначаюць тэму верша, падкрэсліваюць яго асноўную ідэю, вылучаюць ключавыя паняцці, ствараюць пэўныя сэнсава-лагічныя асацыяцыі з іншымі лексічнымі кампанентамі твора: «Ні ў царскіх палатках ляжыць то дзіцятка, / А ў пяшчэры ў яслях, а з ім Божа Матка» [6, с. 53]; «Скажы нам, сыночак, а што з намі будзе, /Калі на суд грозны ўстануць усе людзі? / Будзема маліці і цябе прасіці: / — Дай нам у тваім царстве вякі вечна жыці» [6, с. 54].

Вызначальную ролю ў стварэнні рыфмы адыгрывае ў першую чаргу супадзенне націскных галосных. Рыфму, якая трымаецца на супадзенні націскных складоў з абавязковым зычным гукам, называюць апорнай [1, с. 268]:

Вазьміце сярпочкі І сажніце каласочкі.
Сажніце каласочкі І пакладзіце ў снапочкі [5, с. 181].

Як адзначаюць даследчыкі, менавіта апорны (моцны) склад стаў арганізуючым рытмічным пачаткам народнага верша [7, с. 11].

Рыфма ў каляндарна-абрадавых песнях надзвычай разнастайная паводле граматычнага афармлення. У складзе аднародных рыфм даволі часта рыфмуюцца дзеяслоўныя формы, што абумоўлена накіраванасцю песні на пэўнае абрадавае дзеянне або працэс, які яго суправаджае: «У той рэчачцы / Сам Гасподзь купаўсь, / У рызы адзяваўсь» [6, с. 45]; «Дзе каза бывае, / Там шчасце вітае» [6, с. 19].

Упрыгожвае паэтычны радок каляндарна-абрадавага песеннага дыскурсу і субстантыўная рыфма, якая накіроўвае ўвагу на суб’ект або аб’ект выкананага дзеяння («Дзе каза хвастом, / Там жыта кустом, / Дзе каза нагой, / Там жыта капой» [6, с. 19]), а таксама стварае фігуру рытарычнага воклічу, ажыўляе паэтычнае апавяданне і надае выказванню характар непасрэднай гутаркі («Ой, венча, мой венча, / Прашчай, бярвенча, / Я ж цябе віла, пляла, /Як малодзенька була» [6, с. 98]).

Ужываецца ў каляндарна-абрадавых песнях і неаднародная рыфма, калі сугучнымі з’яўляюцца словы рознай часцінамоўнай прыналежнасці, якія спрыяюць павелічэнню рознабаковай характарыстыкі апісваемых з’яў:

— дзеяслоў і назоўнік — «Дайце сала, / Каб хазяйка не крычала» [6,

с. 55];

— прыметнік і назоўнік — «Ой, па моры, па сінему, / Шчодры вечар Васілю [6, с. 32];

— назоўнік і прыслоўе — «Ты селязенька, я — вутачка, / Ты паляцела, я — тутачка» [6, с. 100].

Паводле месца націску ў рыфме адносна парадку складоў ад канца слова ў каляндарна-абрадавым дыскурсе вылучаюцца рыфмы з націскам на апошнім складзе — мужчынскія («Рэчачка бяжыць, кладачка ляжыць. / Святы вечар. / На той кладачцы Дзімачка стаіць» [5, с. 60]); з націскам на перадапошнім складзе — жаночыя («Там нарэчцы /Ды на гібкай дошцы, / Там дзяўчына бела плацце мыла. /Прыехаў хлапчына» [6, с. 37]).

Упрыгожваюць радкі каляндарна-абрадавай песні дактылічныя рыфмы з націскам на трэцім складзе ад канца сугучных слоў: «Муж жану вучыць, / Штоб яна яму пакарылася, / Нізка ў ножанькі пакланілася» [6, с. 163]; «Самая работніца, /На вуліцу ахотніца» [6, с. 208].

Як адзначыў Н. С. Гілевіч, дактылічныя рыфмы ў народных песнях абавязаны сваім існаваннем памяншальным і ласкальным формам слоў [1, с. 277]. У каляндарна-абрадавых песнях большасць з іх утворана на аснове форм з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі, што ўзмацняе эмацыянальна-ацэначную канатацыю паэтычнага слова, спрыяе напеўнасці і задушэўнасці вершаванага радка: «Не ўцякай, дзядулечка, / Не ўцякай, зязюлечка!» [6, с. 61]; «Як спляснулі, як спляснулі / Дзевачкі ў ладонечкі, / Ой, люлі, ой, люлі, / Залаты пярсцёначкі» [6, с. 211].

У асобных выпадках у песнях выкарыстоўваецца гіпердактылічная рыфма з націскам на чацвёртым (і далей) ад канца складзе, якая яшчэ больш узмацняе напеўнасць песеннага дыскурсу:

Ой, спасіба, Ванечка,
За тваё бялілечка, за беленькае,
За тваё славечка, за верненькае [6, с. 163].

Паводле характару канцавога гуку ў рыфме ў каляндарна-абрадавых песнях найчасцей сустракаюцца адкрытыя рыфмы, якія заканчваюцца на галосныя або нескладовыя ў і й, і гэта абумоўлена іх сувяззю з мелодыяй, паколькі яны валодаюць большай напеўнасцю ў параўнанні з зычнымі:

О, божаму нараджэнню,
Божая сіла,
Што спарадзіла Дзева Марыя Свайго сына [6, с. 25].

Радзей у каляндарна-абрадавых песнях адзначаюцца закрытыя рыфмы, якія заканчваюцца на зычныя гукі: «На вуліцы хлопцы рагочуць, / За чуб маю курачку валочуць» [6, с. 51].

У адным вершы могуць спалучацца адкрытая і закрытая рыфмы, што робіць больш разнастайнай яго гукавую інструментоўку:

А гаспадыня ідзе,
Каляду нясе.
На рожанькі — Два пірожанькі,
А на хвасточак — Сала кусочак [6, с. 31].

Акрамя канцавой, у каляндарна-абрадавай песеннай творчасці часта ўжываецца своеасаблівая рыфма (адно з сугучных слоў знаходзіцца ў сярэдзіне, а другое — у канцы аднаго і таго ж радка), якая ў навуковай літаратуры кваліфікуецца як унутраная рыфма [1, с. 212; 2, с. 301].

Унутраная рыфма ў каляндарна-абрадавых песнях, як правіла, аднародная, яна ўяўляе сабой сугуччы аднолькава граматычна аформленых слоў — іменных форм («А было ў Галачкі тры дачкі… / Тры дачкі — тры красачкі» [5, с. 42]); дзеяслоўных («Ты расхадзіся, старшаму хазяіну ў ногі пакланіся» [5, с. 73]).

Унутраная рыфма павышае выразнасць і маляўнічасць выказвання, надае радкам асаблівую змястоўнасць, узмацняе вобразную характарыстыку апісаных асоб («Даставалася да доч купецкая / Парню браваму да кучараваму. / Ой, люлі, люлі, / Наравістаму да кудравістаму») [5, с. 69]); дзеянняў («Мелі казу ўбіць, шкуру аблупіць, / Шкуру прадаці, грошы забраці» [5, с. 73]); прадметаў («Каза-казіца — ваўковая псіца, / Узяла б сярпок, нажала б снапок» [5, с. 37]).

Пры ўнутранай рыфме могуць рыфмавацца два суседнія словы ўнутры аднаго і таго ж радка, што садзейнічае іх лагічнаму выдзяленню і павышае выразнасць выказвання: «Ходзя Ілля на Васіля, / Нося пугу дрэцяную, плецяную» [6, с. 72]; «На ём шуба, / Шуба люба» [6, с. 65].

Паводле дакладнасці сугуччаў вызначаюцца рыфмы дакладныя, або поўныя [2, с. 303], калі супадаюць націскныя галосныя і ўсе наступныя гукі («А мілка прыбягала, / За ручаньку падзяржала» [6, с. 42]) і недакладныя (няпоўныя, прыблізныя), калі супадаюць толькі галосныя або зычныя гукі («Сёння ва ўсім свеце нова навіна: /Прасвятая Дзева сынарадзіла» [6, с. 53]; «Сею, сею, засяваю, / З Новым годам паздраўляю» [6, с. 70]).

Недакладнасць рыфмы ў многіх народнапесенных творах, як адзначаюць даследчыкі, кампенсуецца гукавымі паўторамі [1, с. 206]. У каляндарна-абрадавых песнях сярод недакладных рыфм найчасцей сустракаюцца асанансныя з сугучнымі галоснымі гукамі: «Там дзяўчына бела плацце мыла. / Прыехаў хлапчына» [6, с. 37]; «Вось табе, курачка, за тоя, /Не хадзі ў гумно чужоя» [6, с. 51].

Асананснае сугучча ў недакладнай рыфме часта падмацоўваецца алітэрацыйнымі паўторамі, што павялічвае эўфанічную выразнасць верша:

«Што ты, цётачка, пякла, / Паднясі нам да акна. / Покуль цётка данясла, / Рукі, ногі апякла» [6, с. 72]; «Ты, цыганачка Ганна, / Тваё лічанька гарна, / А ці цябе цыган маляваў, / Чорныя бровачкі дараваў» [6, с. 51].

У асобных выпадках у каляндарна-абрадавых песнях з канцавой рыфмай адбываецца змена націску для ўтварэння сугучнасці, што надае арыгінальнасць выказванню і стварае своеасаблівую гульню слоў: «Дайце, дзядзька, пір0га, / Вывідзем вала за р0га» [6, с. 48]; «А на нашай вуліцы / Да ўсі хлопцы — мал0дцы, / Да ўсі хлопцы — мал0дцы, / Убілі жабку на кал0дцы» [6, с. 93]; «Пасядзі, дзядзька, на печы ў кутку, / Пакуль я палатно вытку» [6, с. 61].

У каляндарна-абрадавых песнях нярэдка назіраецца таўталагічная рыфма — паўтарэнне аднаго і таго ж слова ў канцы суседніх радкоў, якое садзейнічае лагічнаму вылучэнню паўтораных слоў:

На граной нядзелі русалкі сядзелі,
Ой, рана-рана, русалкі сядзелі.
Русалкі сядзелі, халадок капалі,
Лой, рана-рана, халадок капалі.
Халадок капалі, ножычак зламалі,
Ой, рана-рана, ножычак зламалі [6, с. 160];

Сарву цвяток,
Ды саўю вянок,
Ды саўю вянок,
Пайду ў танок,
Пайду ў танок [5, с. 66].

Зрэдку можна сустрэць у разгледжаных песнях і каламбурную рыфму, заснаваную на аманімічных лексічных адзінках:

Шчодры, бодры,
Пабіліся вёдры.
Клёпачкі ў печ,
Пара бліны печ [6, с. 55].

Як паказвае аналіз фактычнага матэрыялу, рыфмарый каляндарна-абрадавай песеннай творчасці Гомельшчыны вызначаецца надзвычайным багаццем і разнастайнасцю. Рыфма з’яўляецца важным эўфанічным сродкам выяўленчай выразнасці песеннага дыскурсу, яго рытміка-інтанацыйнага афармлення і гукавой інструментоўкі. Яна кампазіцыйна арганізуе верш, указвае на месца міжрадковай паўзы. Рыфма выконвае ў вершы таксама сэнсава-выяўленчую ролю: садзейнічае ўзнікненню лагічнага націску на слове, якое рыфмуецца, з іншымі намінатыўнымі адзінкамі, інтанацыйна вылучае найбольш важныя ў знакавых адносінах пэўныя найменні, падкрэслівае ключавыя словы, асацыятыўна звязвае або адасабляе асобныя паняцці. Рыфма, акрамя таго, садзейнічае лепшаму запамінанню верша, яго засваенню і больш хуткаму ўзнаўленню ў памяці.

Такім чынам, рыфма адыгрывае ў каляндарна-абрадавым паэтычным дыскурсе важную рытміка-інтанацыйную, кампазіцыйна-арганізацыйную, сэнсава-вылучальную і мнеманічную функцыі.

Літаратура

  1. Гілевіч, Н. С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі: Слова і вобраз. Паэтычны сінтаксіс. Гукапіс і рыфма / Н. С. Гілевіч. — Мінск: Вышэйшая школа, 1975. — 288 с.
  2. Рагойша, В. П. Паэтычны слоўнік / В. П. Рагойша. — 3-е выд., дапрац. і дап. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с.
  3. Гончаров, Б. П. Звуковая организация стиха и проблемы рифмы / Б. П. Гончаров. — М.: Наука, 1973. — 275 с.
  4. Рагойша, В. П. Беларускае вершаванне: вучэбны дапаможнік для студэнтаў ВНУ па філалагічных спецыяльнасцях / В. П. Рагойша. — Мінск: БДУ, 2010. — 150 с.
  5. Вечнае: фальклорна-этнаграфічная спадчына Веткаўскага раёна / аўт.-уклад.: І. Ф. Штэйнер, В. С. Новак. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2003. — 362 с.
  6. Новак, В. С. Каляндарна-абрадавая паэзія Гомельшчыны (да праблемы лакальнага, рэгіянальнага, агульнанацыянальнага ў фальклоры) / В. С. Новак. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2001. — 233 с.
  7. Рагойша, В. П. Народнае вершаванне / В. П. Рагойша // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск, 1986. — Т. 4. — 742 с.

Аўтар: А.А. Станкевіч
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 24 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. — Мінск: Права і эканоміка, 2018. — 448 с. С. 336-340.