Этнасацыяльныя і палітычныя аспекты дзейнасці ўлад на Гомельшчыне ў 1930-я гады

0
1043
Гомельшчына і марш народаў СССР

Унутраная палітыка савецкіх улад, якая праводзілася ў 1930-х гадах, мела цяжкія сацыяльныя, эканамічныя, дэмаграфічныя і палітычныя наступствы. Грамадска-палітычнае жыццё і этнасацыяльныя працэсы праходзілі ва ўмовах фарміравання савецкай таталітарнай сістэмы і правядзення рэпрэсіўнай палітыкі. Выкарыстанне жорсткага адміністравання і правядзенне палітыкі «дыктатуры партыі» з’яўляліся неабходным элементам сталінскай сістэмы кіравання пры ажыццяўленні сацыялістычных пераўтварэнняў. Дэнацыяналізаваная частка партыйна-савецкага кіраўніцтва арыентавалася на дзяржаўную форму сацыялізму і камандна-адміністрацыйныя метады ўздзеяння на грамадства, рабіла стаўку на яго люмпенізаваныя слаі, якія ўцягваліся ў пошук «ворагаў народу» і «шпіёнаў».

У сувязі з прызнаннем БССР зонай суцэльнай калектывізацыі мясцовым кіраўнікам дазвалялася прымаць усе неабходныя меры па барацьбе з кулацтвам. Жорсткія рэпрэсіўныя меры прыводзілі да абвастрэння палітычнай сітуацыі на вёсцы. Апраўдваючыся перад сялянствам за дапушчаныя памылкі і «перагібы» пры правядзенні калектывізацыі, вышэйшыя партыйныя органы абвінавачвалі ў гэтым мясцовае кіраўніцтва [1, с. 243-247]. Арганізацыя калгасаў на Гомельшчыне напачатку адбывалася на базе камун і сельскагаспадарчых таварыстваў, а затым з ліку сялян-аднаасобнікаў, пераважна з беднякоў і парабкаў. Такія калгасы былі невялікія і ў эканамічным плане слабыя, што адмоўна адбівалася на іх гаспадарчай дзейнасці. Яны не з’яўляліся прыкладам «сапраўднага сацыялістычнага» гаспадарання.

Партыйна-савецкія структуры з 1931 г. узмацнілі ідэалагічны і эканамічны ціск на сялянства, працягвалі нарошчваць тэмпы калектывізацыі і наступлення на заможных сялян. Аднак нягледзячы на ўказанні «зверху», фарсіравання ў калгасным будаўніцтве на Гомельшчыне ў пачатку 1930-х ггадоў не атрымалася. Так, у Рэчыцкім раёне па стану на 1 студзеня 1933 г. было калектывізавана ўсяго 27 % гаспадарак [2, с. 139]. Амаль столькі ж сялянскіх гаспадарак было калектывізавана і ў Жлобінскім раёне. У інструкцыях, дасланых з кіруючых структур, указвалася на неабходнасць правесці работу па «ачыстцы» калгасаў ад кулацкіх і антысавецкіх элементаў [3, с. 462]. Так, у Веткаўскім раёне за 1931-1933 гг. было «раскулачана» 300 гаспадарак [4, с. 145]. Нярэдка адабраная ў сялян зямля пуставала, не засявалася. Такое становішча адзначалася ў Гомельскім раёне неаднойчы. У вёсцы Прыбыткі адмовіліся ад прапаноў апрацоўваць такія землі 137 сялянскіх гаспадарак, у Старых Цярэшкавічах — 50, у Пясочнай Будзе — 20 гаспадарак [5, с. 158].

«Ачыстка» тэрыторыі БССР як пагранічнай прадугледжвала высылку кулакоў і іншы «антысавецкі элемент» за яе межы. У палітыцы савецкай улады ў БССР значную ролю адыгрываў польскі фактар, які накладваў пэўны адбітак як на грамадска-палітычныя, так і сацыяльныя працэсы. Яшчэ 5 сакавіка 1930 г. Палітбюро ЦК УКП(б) прыняло пастанову «Аб польскіх сёлах у пагранічных абласцях», у якой давалася ўказанне выселіць з пагранічных акруг сем’і асуджаных за бандытызм, кантррэвалюцыйную дзейнасць і шпіянаж. У першую чаргу трэба было выслаць кулацкія гаспадаркі асоб польскай нацыянальнасці. Такая задача стаяла перад кіраўніцтвам тых мясцовых органаў, якія знаходзіліся ў прыгранічнай паласе Мазырскай пагранакругі. 11 сакавіка 1930 г. Палітбюро ў сакрэтнай пастанове «Аб Украіне і Беларусі» вызначыла меры па ўзмацненні кантролю ў прыгранічных акругах [6, с. 257].

18 мая 1931 г. ЦК КП(б)Б за подпісамі сакратара ЦК В. Шаранговіча і старшыні СНК М. Галадзеда разаслаў сакратарам райкамаў і старшыням райваканкамаў дырэктыву з грыфам «Совершенно секретно» і «Весьма срочно». У ёй указвалася: «Директивными органами принято решение об очищении территории БССР, как пограничной, от остатков кулачества… Вся работа по выселению кулацких семей возложена на органы ГПУ, которая на местах должна быть непосредственно увязана с секретарем райкома КП(б)Б и председателем РИКа… В течение 19-22 мая с. г. в целях предупреждения бегства кулацких семей, и особенно, работоспособной части их, будет произведено изъятие глав и трудоспособных мужчин всех подлежащих выселению семей» [3, с. 462].

У 1931 г. з Гомельшчыны планавалася выслаць на Урал 875 сем’яў агульнай колькасцю 3 608 чалавек. Найбольшую колькасць аддзелы ДПУ павінны былі адправіць з чыгуначных станцый у Гомелі (926 чал.), у Рэчыцы (1 013 чал.), Калінкавічах (794 чал.) [7, с. 79].

У пачатку 1933 г. ЦК КП(б)Б і СНК БССР прынялі пастанову «О выселении кулачества в 1933 году», у якой было вызначана заданне аб высяленні 500 сем’яў. Такое заданне было сфармулявана і ў інструкцыі ЦК УКП(б) і СНК СССР [3, с. 465].

Спецорганы адзначалі факты адкрытага незадавальнення гвалтоўнай калектывізацыяй і падатковым абкладаннем з боку аднаасобнікаў і калгаснікаў, асабліва ў нацыянальных гаспадарках і сёлах. Найбольш гэта праяўлялася сярод нямецкага насельніцтва, якое не жадала ўспрымаць тыя формы калектыўнага гаспадарання, якія ім навязвала ўлада. У выніку мела месца стыхійнае перасяленне нязгодных з калектывізацыяй сялян у Сібір. У паведамленні супрацоўнікаў Ельскага раённага аддзела ДПУ ў райкам КП(б)Б у пачатку 1933 г. указвалася, што за дзесяць дзён кастрычніка з Роза-Люксембургскага сельсавета добраахвотна выехала ў Сібір 5 нямецкіх сем’яў і рыхтаваліся да пераезду яшчэ 11 сем’яў. Выязджалі раптоўна, ўначы, пакінуўшы сваю нерухомую маёмасць. Акрамя нямецкага насельніцтва, мелі намер выехаць у Сібір і калгаснікі калгаса «Рэвалюцыя». Супрацоўнікі ДПУ прапанавалі райкаму прыслаць у Роза-Люксембургскі сельсавет «бригаду для усиления среди немецкого населения и колхозников интернационального колхоза политико­воспитательной и культурно-массовой работы, дабы приостановить массовый выезд населения» [8, с. 278]. Улады не абмяжоўваліся ўгаворамі. У 1933-1934 гг. у нямецкім калгасе «Інтэрнацыянал» былі «выкрыты» 10 германскіх шпіёнаў, а ў польскім калгасе імя Ландберга Рэчыцкага раёна — 30 польскіх шпіёнаў [2, с. 145].

Органы пільна сачылі не толькі за вясковым насельніцтвам, але і за інтэлігенцыяй, якую абвінавачвалі ў шпіянажы на карысць Польшчы. Так была сфабрыкавана справа «Беларускага нацыянальнага цэнтра», па якой праходзілі былыя ўдзельнікі нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. Хваля выкрывання ворагаў савецкай улады працягвала пашырацца. Структурамі АДПУ была ліквідавана Польская вайсковая арганізацыя (ПАВ), створаная, як адзначалася ў дакументах спецорганаў, 2-м аддзелам Польскага генеральнага штаба. Галоўнай мэтай ПАВ, як сцвярджалася ў дакументах, было аднаўленне Польшчы ў межах 1772 г. і далучэнне БССР да Польшчы. Для гэтага быццам праводзілася работа па дэзарганізацыі калгасаў і нацыянальных польскіх сельсаветаў, па стварэнні ячэек ПАВ на буйных прамысловых прадпрыемствах і чыгуначных вузлах.

Органамі АДПУ былі «выяўлены» ячэйкі гэтай арганізацыі на Г омельскім і Жлобінскім чыгунасных вузлах, у зоне ўмацаванай паласы Мазырскага пагранічнага раёна, на заводах Гомсельмаш і імя Ланцуцкага. Сярод арыштаваных за «ўдзел» у ПАВ, як сведчыць абвінаваўчае заключэнне, былі кантррэвалюцыйныя часткі польскай інтэлігенцыі, каталіцкія святары і касцёльны актыў, «кулацка-шляхецкія элементы» [9, с. 354-355]. Па рашэнні «тройкі» АДПУ БССР найбольш актыўныя, па меркаванні следчых, ўдзельнікі ПАВ былі прыгавораны да розных тэрмінаў зняволення. Як «кіраўнік» Гомельскага філіяла ПАВ ксёндз К.А. Андрэкус у лютым 1934 г. атрымаў 10 гадоў лагераў [9, с. 361]. У кастрычніку 1937 г. 17 чалавек з гэтага «філіяла» былі расстраляны [10, с. 377].

Па рашэнні Бюро ЦК КП(б)Б і ЦВК БССР была абмежавана дзейнасць каталіцкіх касцёлаў, частка з іх была зачынена і перададзена пад зернясховішчы і клубы. Прэзідыум ЦВК БССР прыняў рашэнне аб закрыцці ў 1937 г. касцёлаў у Гомелі, Рагачове і ў вёсцы Шацілкі Парыцкага раёна. Каб зменшыць напружанасць сярод насельніцтва ў сувязі з гэтымі дзеяннямі ўлад, было прапанавана паказаць грамадству, што гэта было зроблена па хадайніцтву саміх вернікаў, дзеля чаго быў арганізаваны збор подпісаў сярод палякаў і беларусаў-католікаў у падтрымку закрыцця касцёлаў [9, с. 382].

У ліпені 1938 г. на аператыўнай нарадзе ў Рэчыцы начальнік Гомельскага абласнога аддзела УДБ НКУС БССР паставіў перад супрацоўнікамі органаў дзяржбяспекі задачу па пошуку грамадзян, якія з’яўляліся шпіёнамі капіталістычных дзяржаў (палякаў, латышоў, немцаў і інш.). Рэчыцкаму раёну было ўстаноўлена канкрэтнае заданне выявіць і арыштаваць 300 чалавек гэтых нацыянальнасцей [11, с. 75]. У тым жа годзе «за прыналежнасць да польскіх разведорганаў» былі расстраляны 6 жыхароў в. Балашаўка Рэчыцкага раёна, таксама была ліквідавана «шпіёнска-паўстанцкая арганізацыя» ў Хойніцкім раёне [9, с. 394­395]. Калегія Вярхоўнага суда СССР вынесла «расстрэльны» прысуд супрацоўніку Гомельскага гарадскога аддзела НКУС Э.А. Мілеру за ўдзел у «латышскай шпіёнска-тэрарыстычнай арганізацыі» [10, с. 375]. Беспадстаўнасць такіх рашэнняў часам прызнавалі і самі кіраўнікі. У дакладзе П. Панамарэнку ў студзені 1939 г. Пракурор БССР С.Я. Новік адзначыў, што «арестовывались не по конкретным фактам совершенных ими преступлений, а в зависимости от их национальности» [11, с. 75].

У сувязі з правядзеннем у студзені 1937 г. Усесаюзнага перапісу насельніцтва ў многіх населенных пунктах Гомельшчыны былі зафіксаваны факты адмовы жыхароў даваць асабістыя звесткі і асабліва аб веравызнанні. Спецорганы кваліфікавалі гэта як кантррэвалюцыйную дзейнасць. Яны адсочвалі негатыўныя выказванні людзей і бралі іх «на катроль». Так, у даведцы Мазырскага акруговага аддзела ДПУ адзначалася, што жыхар Роза-Люксембургскага сельсавета Ельскага раёна нямецкай нацыянальнасці гаварыў: «Савецкая ўлада праводзіць перапіс насельніцтва выключна для таго, каб высветліць колькасць немцаў, палякаў і чэхаў, а потым іх будуць высяляць з пагранічных раёнаў» [8, с. 96]. Уладамі былі зафіксаваны і адмоўныя стаўленні людзей у сувязі з абмеркаваннем праекта новай Канстытуцыі СССР. Напрыклад, равін М. Мядзвецкі з Турава гаварыў: «Хаця і абвешчаны ўсеагульныя, роўныя выбары пры тайным галасаванні, але партыя зможа правесці выбары так, што ўсякім косвенным шляхам усё ж будуць абраны ў саветы толькі камуністы і тыя асобы, якіх выставіць партыя» [8, с. 192]. Сустракаліся і даволі рэзкія выказванні ў адносінах да ўлад. Аб гэтым сведчаць звесткі, сабраныя супрацоўнікамі оранаў дзяржбяспекі. Так, калгаснік з вёскі Ляскавічы Петрыкаўскага раёна гаварыў: «Довольно они нам дурили голову, никакая конституция нам хорошего ничего не даст, скорее бы была война, мы разогнали бы эту банду» [8, с. 193]. У палітыцы ўлад адбыўся перагляд адносін да этнакультурнага і сацыяльнага развіцця. Этнічныя супольнасці, дзейнасць якіх, на думку партыйных кіраўнікоў, не адпавядала «лініі партыі» на пабудову сацыялізму, абвяшчаліся «нацыяналістычнымі» і варожымі. Калі ў пачатку 1930-х гадоў партыйныя і савецкія органы яшчэ неяк прытрымліваліся тых прынцыпаў і напрамкаў у нацыянальна-культурнай справе, якія ў асноўным адпавядалі інтарэсам пэўных этнічных груп насельніцтва, то паступова нацыянальная палітыка ва ўмовах ўмацавання таталітарызму ўжо стала праводзіцца ў рэчышчы так званай інтэрнацыяналізацыі. Пры гэтым абмяжоўвалася выкарыстанне нацыянальных моў — як беларускай, так і моў іншых нацыянальнасцей — у сферы адукацыі і культуры. Так, аргбюро ЦК УКП(б) сваім рашэннем ад 28 студзеня 1938 г. прапанавала ўвядзенне ў школах выкладання толькі на рускай мове або мове адпаведнай рэспублікі. У гэтай сувязі ЦК КП(б)Б у ліпені 1938 г. прыняў пастанову аб рэарганізацыі ўсіх нацыянальных школ на тэрыторыі БССР у беларускія і рускія [11, с. 81]. Рэалізацыя гэтых указанняў суправаджалася прыпыненнем дзейнасці нацыянальных камісій пры выканкамах і нацыянальных сельскіх саветах, якія павінны былі забяспечваць гаспадарчае і культурнае развіццё адпаведнага этнасу на тэрыторыі рэгіёна. Ліквідаваліся польскія, нямецкія, украінскія і іншыя нацыянальныя школы, адбываўся працэс іх інтэрнацыяналізацыі.

Знаходжанне Беларусі на мяжы СССР і Захаду адбівалася не толькі на палітычнай сітуацыі, але і на ўсіх баках жыцця насельніцтва рэспублікі. Адной з галоўных задач, якія былі пастаўлены савецкім кіраўніцтвам, было забеспячэнне надзейнай аховы заходніх межаў. Яшчэ ў верасні 1935 г. выйшла пастанова СНК БССР і ЦК КП(б)Б «Аб вярбоўцы 2 000 калгаснікаў у пагранраёны» з ліку камуністаў, камсамольцаў і калгасных актывістаў. З Гомельшчыны ў 8 памежных раёнаў павінны былі накіраваць 820 калгаснікаў. Па стане на 23 сакавіка 1936 г. мясцовыя органы здолелі накіраваць 732 калгаснікаў і іх сем’і. Абяцанні, якія даваліся пры вярбоўцы перасяленцаў, не выконваліся. Некаторыя з іх вымушаны былі самавольна пакінуць новыя месцы жыхарства [7, с. 119-121].

У апошнія перадваенныя гады аргнабор не прыпыняўся. Пры СНК БССР і аблвыканкамах у 1939 г. былі створаны перасяленчыя аддзелы, на якія ўскладваліся абавязкі па кантроли за перасяленнем і яго фінансаваннем. Ва ўсходнія раёны СССР — Навасібірскую, Омскую, Чалябінскую, Сахалінскую і Яўрэйскую аўтаномную вобласці па стане на 1 кастрычніка 1940 г. было накіравана з Гомельскай і Палескай абласцей 3 219 гаспадарак. У Карэла-Фінскую ССР з гэтых жа абласцей было адпраўлена 2 162 сям’і калгаснікаў. Перасяленне ў «шматзямельныя» раёны СССР працягвалася і ў 1941 г. Па дадзеных на 28 мая 1941 г. з Гомельшчыны было пераселена 643 гаспадаркі [7, сс. 49, 50]. Аднак абяцанні вярбоўшчыкаў і мары часткі перасяленцаў аб лепшым жыцці на новым месцы не спраўдзіліся. Не хапала жылля, матэрыяльнае становішча іх пагоршылася, суровы клімат Сібіры не ўсе маглі вытрымаць. Ужо на пачатку снежня 1940 г. з усходніх рэгіёнаў СССР вярнуліся 369 сем’яў з Гомельскай вобласці і 359 з Палескай. У Журавіцкі раён вярнулася 61 сям’я, у Церахоўскі — 64, у Рэчыцкі — 99 [7, с. 47-48].

Адной з складаных сацыяльных праблем, якая закранула аднаасобныя гаспадаркі, было перасяленне хутароў у калгасы. Па меркаванні савецкіх кіраўнікоў хутары былі перашкодай для развіцця калгаснага будаўніцтва. Хутары і невялікія пасёлкі складалі ва ўсходніх абласцях БССР амаль пятую частку ад агульнай колькасці сялянскіх гаспадарак. Пасля выступлення на XVII з’ездзе КП(б)Б у чэрвені 1938 г. члена Палітбюро ЦК УКП(б) А. Андрэева работа па ліквідацыі хутароў у Беларусі набыла значныя маштабы [12, с. 469]. Усе вобласці БССР актывізавалі работу па «сцягванні» хутароў, перавыканалі планавыя заданні, якія ім даводзілі «зверху». Па стане на 1 ліпеня 1939 г. у Гомельскай вобласці пры плане 7 000 з хутароў былі пераселены 7 790 двароў (113 %). Прымусовае высяленне часам выклікала супраціўленне хутаран. У дакладной запісцы, пададзенай на імя І. Сталіна і В. Молатава ў ліпені 1939 г., быў адзначаны выпадак збройнага супраціўлення калгасным актывістам, што ажыццяўлялі высяленне хутаран у Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці [13, с. 448]. Нярэдка хутаран вымушалі да перасялення ў калгасы шляхам поўнага разбурэння жылля і гаспадарчых пабудоў. Адначасова, перасяленцы з хутароў частакроць не атрымоўвалі належнага жылля і зямельнага ўладкавання для вядзення гаспадаркі ў складзе калгасаў [13, с. 468-469]. Масавае перасяленне хутароў працягвалася і ў 1940 г., план якога таксама быў перавыкананы [7, сс. 67, 68]. У выніку вялікая колькасць хутарскога насельніцтва была пераселена ўладамі ў вёскі і ўключана ў працэс «сацыялістычнай перабудовы» сельскай гаспадаркі.

Такім чынам, сацыяльна-палітычныя працэсы на Гомельшчыне ў 1930-я гг. адлюстроўвалі жорсткі рэпрэсіўны курс савецкіх уладаў, накіраваны на вынішчэнне самастойнага заможнага сялянства як сацыяльнай з’явы і замену яго цалкам падкантрольным уладзе калгасным сялянствам. Правядзенне маштабных акцый супраць прадстаўнікоў розных нацыянальных меншасцяў з’яўлялася часткай палітыкі партыйна-савецкіх органаў і сведчыла аб сур’ёзных парушэннях імі канстытуцыйных правоў грамадзян.

Літаратура

  1. О коллективизации: Постановление ЦК КП(б)Б, 17 апреля 1930 г. // Коммунистическая пар­тия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. — Т. 2 : 1928-1932. — Минск : Бела­русь, 1984. — 511 с.
  2. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Рэчыцкага раёна: у 2 кн. — Мінск : Беларусь, 1998. — Кн. 1. — 504 с.
  3. История Беларуси в документах и материалах / ред. : И.Н. Кузнецов, В.Г. Мазец. — Минск : Амалфея, 2000. — 672 с.
  4. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Веткаўскага раёна: у 2 кн. — Мінск : БЕЛТА, 1997. — Кн. 1. — 376 с.
  5. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Гомельскага раёна: у 2 кн. — Мінск: БЕЛТА, 1998. — Кн. 1. — 378 с.
  6. Нарыс гісторыі беларускай дзяржаўнасці: ХХ стагоддзе / М.П. Касцюк [і інш.]. — Мінск : Беларуская навука, 2008. — 615 с.
  7. Процька, Т. Вынішчэнне сялянства: вёска Усходняй Беларусі пад цяжарам бальшавіцкіх рэпрэсіяў 30-х гадоў / Т. Процька. — Мінск : БГАКЦ, 1998. — 136 с.
  8. Конфессии на Гомельщине в 1920-1930-е годы. Документы и материалы / под ред. В.П. Пичукова. — Минск : НАРБ, 2013. — 386 с.
  9. Лебедев, А.Д. Костел и власть на Гомельщине: (20-30-е годы ХХ в.) / А.Д. Лебедев, В.П. Пичуков, кс. С. Лясковски. — Варшава — Люблин — Гомель : Ин-т Центрально-Восточной Европы, 2009. — 470 с.
  10. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Гомеля: у 2 кн. — Мінск : БЕЛТА, 1998. — Кн. 1. — 608 с.
  11. Малые диаспоры Гомельщины в 20-30-е годы ХХ века : аналитические материалы и доку­менты // Гос. Архив Гомел.обл. — Гомель : ГГТУ им. П.О. Сухого, 2003. — 250 с.
  12. Гісторыя Беларусі: у 6 т. / А. Вабішчэвіч [і інш.]. — Мінск: Экаперспектыва, 2006. — Т. 5. Бе­ларусь у 1917-1945 гг. — 613 с.
  13. Трагедия советской деревни. Коллективизация и раскулачивание. 1927-1939 : Документы и материалы: в 5 т. / под ред. В. Данилова. — М. : «Российская политическая энциклопедия». РОС- СПЭН, 2006. — Т. 5. 1937-1939, кн. 2. 1938. — 704 с.

 

Аўтары: М.Н. Мурашка, В.А. Міхедзька
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины : Сер.Гуманитарные науки. — 2017. — № 1 (100). Ст. 55-58.

The main aspects of the political events of the Soviet power in the territory of the Gomel region during the 1930s are shown. The repressive nature of the government’s actions during the collectivization and liquidation of farms is reflected. Particular attention is paid to the activities of the authorities to resettle a number of community groups, which were carried out for ideological, national and military-political reasons. The examples of the reaction of different groups of the Gomel region government policy are given.